ляту́чы, -ая, -ае.
1. Здольны лятаць, насіцца ў паветры.
Лятучыя воблакі.
Лятучае насенне.
2. Здольны хутка перамяшчацца з месца на месца.
Л. атрад.
3. спец. Які хутка выпараецца, хутка праходзіць.
Лятучыя кіслоты.
Л. вірус.
4. перан. Які праводзіцца тэрмінова і хутка.
Л. сход.
Л. рэйд.
|| наз. ляту́часць, -і, ж. (да 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ВО́СПА ВЕТРАНА́Я, вятранка,
масавая востразаразная інфекц. хвароба чалавека. Узбуджальнік — фільтроўны вірус — перадаецца ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд 13—17 дзён. Павышаецца т-ра, на скуры з’яўляецца высыпка, у поласці рота і глоткі — язвачкі, запаленне дыхальных шляхоў. У перахварэлых на воспу ветраную выпрацоўваецца стойкі імунітэт.
т. 4, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАНО́ЎСКІ (Георгій Дзмітрыевіч) (1875—1950),
савецкі мікрабіёлаг, імунолаг. Чл.-кар. АН СССР (1929). Засл. дз. нав. Расіі (1935). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1899). Вучань І.І.Мечнікава, С.П.Боткіна. Навук. працы па хіміявакцынатэрапіі, вывучэнні клетачнага імунітэту. Прапанаваў метад імунізацыі супраць шкарлятыны (1927), вызначыў, што ўзбуджальнікам грыпу з’яўляецца вірус (1918).
Тв.:
Динамика иммунитета. М.; Л., 1944.
т. 2, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНДРО́М НАБЫ́ТАГА ІМУНАДЭФІЦЫ́ТУ,
СНІД, вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем імуннай сістэмы; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб. Як самаст. хвароба выяўлены ў 1981 у ЗША. Найб. пашыраны ў краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Узбуджальнік — вірус (ВІЧ — вірус імунадэфіцыту чалавека), які разбурае Т-лімфацыты і макрафагі. Узбуджальнік не перадаецца паветрана-кропельным шляхам, пры быт. кантактах, праз посуд. Заражэнне адбываецца пры палавых кантактах, праз кроў і яе прэпараты, органы, тканкі інфіцыраванага донара. Магчыма ўнутрывантробнае заражэнне плода праз плацэнту і ў час родаў.
Групы павышанай рызыкі — наркаманы, гомасексуалы, хворыя на венерычныя захворванні. СНІД уключае разнастайныя другасныя інфекцыі, неўралагічныя парушэнні, злаякасныя новаўтварэнні. Першасныя праявы СНІДу (ліхаманка, павелічэнне лімфавузлоў і інш.) узнікаюць у перыяд ад 3 сут да некалькіх месяцаў, другасныя, абумоўленыя непасрэдна дзеяннем ВІЧ (гнойна-запаленчыя працэсы, пнеўманіі і інш), цягнуцца ад некалькіх месяцаў да 8—10 гадоў.
Літ.:
Покровский В.В. Эпидемиология и профилактика ВИЧ-инфекции и СПИД. М., 1996;
ВИЧ-инфекция: клиника, диагностика и лечение. М., 2000.
М.З.Ягоўдзік.
т. 14, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІНГАЭНЦЭФАЛІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка + enkephalos галаўны мозг),
запаленне мазгавых абалонак і галаўнога мозга чалавека і жывёл. Узбуджальнікі: пнеўмакокі, гемафільная палачка, вірус простага герпеса, амёба і інш. Этыялогія, як пры менінгіце. Прыкметы: узбуджэнне, парушэнне прытомнасці, сутаргі, пашкоджанне чарапных нерваў з развіццём парэзаў і паралічоў, паталаг. рэфлексы і інш. Пры М. бывае высокая смяротнасць. Лячэнне тэрапеўтычнае.
А.А.Астапаў.
т. 10, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́СК КАНТАГІЁЗНЫ,
хвароба скуры, пераважна ў дзяцей ва ўзросце да 9 гадоў. Узбуджальнік — вірус Molitoz hominis. Інкубацыйны перыяд ад 10 дзён да некалькіх месяцаў. Прыкметы М.к.: безбалючыя вузельчыкі шчыльнай кансістэнцыі, паўшарападобнай формы, памерамі ад шпілечнай галоўкі да сачавіцы, з маленькай адтулінай у цэнтры. Пры сцісканні папулы пінцэтам выдзяляецца тварожыстая маса. Лячэнне: выцісканне папул і змазванне 10%-ным растворам ёду.
М.З.Ягоўдзік.
т. 10, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІЛО́МА (ад лац. papilla сасок + ...ома),
дабраякасная пухліна, якая развіваецца з покрыўнага эпітэлію. Бывае на скуры, слізістых абалонках поласці рота, глоткі, галасавых звязак, мочавывадных шляхоў. Выклікаецца вірусам П. чалавека (дробны, ДНК-змяшчальны вірус). Паверхня П. часцей з сасочкавых разрастанняў. Складаецца са злучальнатканкавай стромы (рыхлай ці шчыльнай) і эпітэлію. Можа нагнойвацца, кроватачыць і інш. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.
М.К.Недзьведзь.
т. 12, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сыпнатыфо́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сыпнога тыфу. Сыпнатыфозны вірус. // Які перадае сыпны тыф. Сыпнатыфозная вош.
2. Хворы на сыпны тыф. Сыпнатыфозны хворы. / у знач. наз. сыпнатыфо́зны, ‑ага, м.; сыпнатыфо́зная, ‑ай, ж. // Прызначаны для хворых на сыпны тыф. Сыпнатыфозная палата.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МУЦЫ́НЫ,
складаныя бялкі (прыродныя глікапратэіды), якія ўваходзяць у састаў сакрэтаў слізістых залоз. Змяшчаюць пераважна кіслыя паліцукрыды, злучаныя з бялком іоннымі сувязямі. Адрозніваюць фукамуцыны (у большасці сакрэтаў слізістых залоз страўнікава-кішачнага тракту) і сіяламуцыны (у сліне падсківічнай і пад’язычнай залоз). Фалікулы яечніка маюць у сабе фукамуцыны ці сіяламуцыны. М. выконваюць ролю змазкі, якая ахоўвае эпітэліяльныя клеткі страўнікава-кішачнага тракту, дыхальных і мочапалавых шляхоў ад мех. пашкоджання, прыгнечваюць зліпанне эрытрацытаў, якое выклікае вірус грыпу.
т. 11, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕУ́ЦКАЯ ХВАРО́БА норак, вірусны плазмацытоз,
хранічная кантагіёзная вірусная хвароба норак і трусоў. Пашырана ў Паўн. Амерыцы і Еўропе. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус, няўстойлівы ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца аліментарным, унутрывантробным шляхам і праз скуру пры ўкусах. Перадаецца праз кармы, прадметы догляду, мяса хворых жывёл. Прыкметы: прагрэсіўнае пахудзенне, крывацёк з носа і рога, смага, запаленне нырак і печані. У халодны перыяд смяротнасць звяроў да 90%. Імунітэт не выпрацоўваецца. Інкубацыйны перыяд ад 10—15 сутак да некалькіх месяцаў.
т. 1, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)