вы́штукаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Разм. Змайстраваць што‑н., разумна камбінуючы, эканомна выкарыстоўваючы матэрыял; выгадаць, выкраіць. Выштукаваць цацку. □ Разам з тым Лапко ўмудрыўся выштукаваць тут і цэлы пакой для галоўнай свінаркі. Колас. Быў Сахрон майстра на ўсе рукі — ён мог зляпіць печ і грубку, падбіць чаравікі, пашыць боты, выштукаваць раму, пашкліць вокны. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спи́нка в разн. знач. спі́нка, -кі ж.; пле́чкі, -чак ед. нет; портн. пле́чы, род. плячэ́й мн.;

спи́нка ребёнка спі́нка (пле́чкі) дзіця́ці;

спи́нка кре́сла спі́нка крэ́сла;

вы́кроить спи́нку портн. вы́краіць спі́нку (пле́чы).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.

2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.

3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ува́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уварыць.

уварва́ць, ‑рву́, ‑рве́ш, ‑рве́; ‑рвём, ‑рвяце́; зак., што і чаго.

1. Вырваць хуткім рухам невялікую частку чаго‑н. Уварваць жменю сена. // перан. Здабыць, прысвоіць сабе нейкую колькасць чаго‑н. [Уладзік:] — Я грошы не збіраю і не кладу ў паклад. Што ўварву — прагуляю. Крапіва. [Стэфа:] — Усё выведаў [Юхім], усё выглядзеў і з’явіўся. Як груган, каб сабе што ўварваць. Савіцкі.

2. перан. З цяжкасцю вылучыць, выкраіць (пра час). Часамі можна і ўдзень часіну ўварваць. Чорны. У мяне зусім не стала вольнага часу, рэдка калі ўварвеш якую гадзіну, каб пайсці ў кіно ці парк. Ус.

3. Разм. Заставіць каго‑н. патраціць час, энергію, сілы і пад. Колькі ён мне здароўя ўварваў!

4. Укусіць. Сабака ўварваў за нагу.

•••

Уварваць кусок (кавалак) — захапіць сабе частку якога‑н. багацця, атрымаць прыбытак з чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́браць, ‑беру, ‑бераш, ‑бера; зак.

1. што. Беручы адно за адным, дастаць, выняць усё да апошняга; зрасходаваць. Выбраць ваду са студні. Выбраць сала з кубла. Выбраць ліміты. □ На балоце калісьці капалі торф, і, дзе яго выбралі, стаяла вада. Чорны. // Сабраць ураджай бульбы, агуркоў і пад. Выбраць бульбу ў полі. □ Восень дажджлівая прыйдзе Яблыкі ў садзе атрэсці, Выбраць цыбулю ў гародзе. Танк.

2. каго-што. Параўноўваючы наяўнае, аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. Выбраць спадарожніка. Выбраць месца для начлегу. Выбраць занятак па душы. □ Затое ж дзядзька хват і дока, Набіў на косах сваё вока, І калі выбера ён коску — Не пара іншаму падоску. Колас.

3. што. Адабраць што‑н. па якой‑н. прыкмеце. Выбраць дзесятак спелых яблык. □ [Люба:] — Вось намалоцім новага жыта ў цапы, выберам саломы, тады на лета і [страху] перакрыем. Васілевіч.

4. каго. Абраць галасаваннем для выканання якіх‑н. абавязкаў. Выбраць прэзідыум сходу. □ Позна ноччу новы прафком выбраў сваім старшынёй Грушэўскага. Карпюк.

5. што. Разм. Знайсці неабходны час для ажыццяўлення чаго‑н.; выкраіць. Выбраць зручны момант. □ І ўспомніў.. [Сцёпка] свайго настаўніка. Выбраў вольную часіну і пайшоў у школу. Колас.

6. Спец. Зняць, састругаць рубанкам ці якім‑н. іншым інструментам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць што‑н. цераз каго‑, што‑н. Прайшоўшы некалькі крокаў, белабрысы [хлопчык] спыніўся, азірнуўся, пасля падбег да высокага плоту і, размахнуўшыся, перакінуў бант цераз плот. Арабей. // Штуршком, махам перамясціць цераз што‑н. — Дзядзька Сцяпан! — ускрыкнуў я і, перакінуўшы цераз драбіны ногі, саскочыў з воза. Брыль. Русаковіч прыпыніўся, дастаў з меха нямецкі аўтамат і перакінуў яго рэмень цераз галаву. Паслядовіч. // Імклівым рухам перамясціць якую‑н. рэч на другое месца або з месца на месца, перавесці ў іншае становішча. Перакінуць мяшок з аднаго пляча на другое. □ [Міхаська] нагнуўся і выхапіў з прыску бульбіну, перакінуў яе з далоні на далонь, здзьмухнуў попел, пачаў абіраць. Сіняўскі. Віцька зачыніўся, намацаў на дзвярах ручку і перакінуў яе на скабу. Паўлаў. // перан. Накіраваць, звярнуць (погляд, зрок, гнеў і пад.). Галілей борздзенька перакінуў свой погляд з акна на печку. Зарэцкі. — Не перабівай! — грозна крыкнуў дзед, падкідаў ламачча на агонь і далей баяў, не збаўляючы грознага тону, нібы гнеў свой перакінуў з унука на герояў байкі. Бядуля. // цераз што. Павесіць так, каб канцы чаго‑н. свабодна звісалі; перавесіць. Скуратовічык ірвануў пастушка за плечы, дэманстрацыйна і злосна перакінуў цераз сваё плячо, галавой назад, нагамі сабе ў рукі, і панёс. Чорны. Канстанцін Пятровіч узяў сваё паліто, але не стаў надзяваць яго, а проста перакінуў цераз руку. Васілёнак.

2. Закінуць далей, чым трэба.

3. Перамясціць, адправіць на новае месца. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Сабаленка. [Оберст] перакінуў у раён бою ўсю тэхніку, амаль усе падначаленыя яму часці. Шахавец. // Накіраваць, перавесці на другое месца працы, для выканання іншага задання. Вера сказала, што яе перакінулі на работу на камбінат у якасці табельшчыка. Мікуліч. // Перавезці, даставіць. [Мікола] пачаў расказваць мне пра .. партызанскі бой, пра самалёт, які перакінуў яго пасля ранення цераз фронт. Брыль. Раніцай партыя геолагаў пачне работу і трэба паспець за ноч перакінуць ёй усё неабходнае. «Звязда».

4. Палажыць што‑н. упоперак чаго‑н. для пераправы, пераходу. Перакінуць кладку цераз ручай. □ Рэчка там звужвалася, можна было нават жэрдкі з берага на бераг перакінуць. Кулакоўскі. // перан. Пралажыць, пракласці што‑н. над чым‑н., цераз што‑н. Над возерам перакінула сваё каляровае каромысла радуга, але вясёлы, бліскучы грыбны дожджык усё яшчэ ішоў. В. Вольскі.

5. Разм. Рэзка перавярнуць што‑н. на бок, перакуліць. // Хутка перагарнуць, перабраць (старонкі кнігі, рукапісу і пад.). Пісар тым часам борзда перакінуў паперы, спыніўся. Колас.

6. і чаго. Даць, перадаць, пераслаць што‑н. Язэп памагаў нам сім-тым, — то солі выкраіць якое кіло, то з харчоў што-кольвечы перакіне. Сачанка. — Можа калі па-суседску і нам якога дэфіцыту перакіне, — жартаўліва гаварыў я агрэсіўна настроенай Соні. Даніленка.

7. Даць больш, чым патрэбна, перадаць.

8. Тое, што і перакуліць (у 2 знач.). Ідзе ён [Міхал] смела, не баіцца Праборкі дома за гарэлку: Вяліка важнасць, што кватэрку Ён з гора тога перакінуў! Колас. [Казік:] — Пасля ўсяго страху варта было б перакінуць чарку. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)