тэатр баявых дзеянняў англа-амер. войск у Зах. Еўропе супраць фаш. Германіі ў 1944—45 другую сусветную вайну 1939—45. Ідэя яго адкрыцця ўзнікла пасля нападзення Германіі на СССР, калі І.В.Сталін у лісце да прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ад 18.7.1941 прапанаваў брыт. боку пачаць ваен. дзеянні ў Паўн. Францыі і Арктыцы з мэтай адцягнуць з сав.-герм. (усх.) фронту 30—40 ням. дывізій. Чэрчыль адхіліў прапанову, спасылаючыся на недахоп сіл і сродкаў. Дасягнутыя пазней дамоўленасці з урадамі Вялікабрытаніі і ЗША аб адкрыцці Д.ф. ў Зах. Еўропе ў 1942—43 з-за рознагалоссяў бакоў (напр., Чэрчыль выступаў за адкрыццё фронту на Балканах) не былі рэалізаваны. У 1942 англа-амер. войскі высадзіліся ў Паўн. Афрыцы, у 1943 на в-ве Сіцылія і ў Паўд. Італіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 Чэрчыль і прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт абавязаліся адкрыць Д.ф. у маі 1944 (пазней тэрмін перанесены на чэрв. 1944). 6.6.1944 англа-амер. войскі (43 дывізіі) высадзіліся ў Паўн. Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944). Дзейнасць Д.ф. (існаваў 11 месяцаў) паскорыла разгром фашызму. Гл. таксама Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945, Квебекскія канферэнцыі, Другая сусветная вайна 1939—45.
Літ.:
Ржешевский О.А. История второго фронта: война и дипломатия. М., 1988;
Хастингс М. Операция «Оверлорд»: Как был открыт второй фронт: Пер. с англ.М., 1989.
Да арт.Другі фронт. Высадка англа-амерыканскіх войск у Нармандыі (Францыя, 6.6.1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НТАСА ПАЎСТА́ННЕ,
узброеная барацьба старажытных прусаў у 1260—73 пад кіраўніцтвам князя племя натангаў Геркуса Мантаса супраць Тэўтонскага ордэна. Першае паўстанне 1243, нягледзячы на падтрымку яго Міндоўгам і войскамі ВКЛ, было безвыніковым. Штуршком для новага выступлення прусаў стала паражэнне ў 1260 крыжакоў у бітве каля воз. Дурбе (цяпер Латвія). 22.1.1261 войска Мантаса нанесла паражэнне крыжакам каля Пакарбена, аднак двухгадовая аблога замка Кёнігсберг (засн. у 1255) поспеху не мела. Апошняй буйной перамогай Мантаса была бітва пад Любавай (1263). Дапамога крыжакам з ням. зямель, гал. чынам з Брандэнбурга, змяніла суадносіны сіл. У 1273 войска Мантаса было разбіта, а ён сам узяты ў палон і павешаны. У 1275 узята апошняе ўмацаванне прусаў Каменівіке (у раёне сучаснага г. Чарняхоўск у Калінінградскай вобл. Расіі). Прусы масава сыходзілі ў Жамойць, Літву, слав. землі, у т. л. сяліліся каля Гродна, Слоніма (у 1283 ад’ехаў са сваімі воінамі апошні князь Скурда). Лаўрэнцьеўскі летапіс 1276 і інш. тагачасныя крыніцы адзначаюць мужнасць прусаў у дружынах князёў ВКЛ, у т. л. ў Гродне, Слоніме і інш. гарадах. М.п. і наступная барацьба прусаў адыгралі важную ролю ў супраціўленні крыжовым паходам супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993.
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
РУМЯ́НЦАЎ-ЗАДУНА́ЙСКІ (Пётр Аляксандравіч) (15.1.1725, Масква — 19.12.1796),
расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф (з 1744), ген.-фельдмаршал (1770). Бацька М.П.Румянцава. Сын ген. А.І.Румянцава, пад кіраўніцтвам якога набыў ваен. вопыт. Удзельнік рус.-швед. вайны 1741—43 і вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. У Сямігадовую вайну 1756—63 камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам, вызначыўся ў бітвах пад Грос-Егерсдорфам (1757) і Кунерсдорфам (1759); у 1757—58 фарміраваў кавалерыю ў г. Стоўбцы. У 1764—96 прэзідэнт Маларасійскай калегіі і ген.-губернатар Маларосіі. У рус.-тур. вайну 1768—74 камандаваў арміяй, паспяховыя дзеянні якой прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір; за перамогі каля Рабой Магілы, Ларгі, Кагула (усе 1770) і інш. атрымаў ганаровае найменне Задунайскі. У рус.-тур. вайну 1787—91 камандаваў арміяй, галоўнакаманд. рас. войскамі ў час задушэння паўстання 1794. З 1776 валодаў г. Гомель, пачаў будаўніцтва Гомельскага палаца (гл.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Распрацаваў новыя формы бою, у т. л. шырокае выкарыстанне дывізійных і палкавых карэ; аўтар ваен. твораў («Абрад службы», «Думкі», «Інструкцыі»), якія выкарыстаны пры распрацоўцы статутаў рас. арміі, у арг-цыі, абучэнні і выхаванні войск у 2-й пал. 18 ст.
Літ.:
П.А.Румяниев, А.В.Суворов, М.И.Кутузов: Док. и материалы. Киев, 1974;
Золотарев В.А., Межевич М.Н., Скородумов Д.Е. Во славу Отечества Российского: (Развитие воен. мысли и воен. искусства в России во второй половине XVIII в). М. 1984;
Петелин В.В. Фельдмаршал Румянцев: Док. повествование. М., 1989.
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,
баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш.тэр., а таксама Суэцкі канал і англ.ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл.Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр.Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс.чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;
Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1967—70;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЕРУСІ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі ў 19 — пач. 20 ст. Быў пашыраны сярод гар. насельніцтва (інтэлігенцыя, дзярж. служачыя, правасл. духавенства і інш.), пераважна на У Беларусі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку З. (К.Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам польска-каталіцкага ўплыву, які перашкаджаў аднаўленню «спрадвечна-рускага характару краю». Прыхільнікі ліберальна-памяркоўнага кірунку З. (М.Каяловіч, А.Пшчолка) прызнавалі гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але адмаўлялі магчымасць яе нац.-культ. і дзярж. самавызначэння. За беларусамі прызнавалася толькі права на этнаграфічнае развіццё — на «мясцовы дыялект, на народную песню, і, наогул, на вясковы быт». Найб. сістэматызаванае абгрунтаванне З. атрымаў у працах М. Каяловіча «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя рускай самасвядомасці» (1884). Арыентацыі на З. ў пытаннях нац.-культ. развіцця Беларусі, неабходнасці яе «больш цеснага яднання з астатняй Руссю» прытрымліваліся Л. і І.Саланевічы, І.Бажэлка, Л.Паеўскі, часткова А.Сапуноў, Я.Карскі, Е.Раманаў і інш. Праваднікамі З. былі час.«Вестник Западной России», газеты «День», «Минское русское слово» (1912—13) і інш. Ідэалогія З. была пакладзена ў аснову практычнай дзейнасці такіх грамадскіх аб’яднанняў, як «Селянін», «Беларускае таварыства», «Саюз беларускай дэмакратыі», «Беларускі народны камітэт», «Рускае ўскраіннае таварыства» і інш., а таксама мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка», дзейнасць якіх была накіравана супраць бел.нац.-вызв. руху. У сваіх друкаваных органах — час.«Крестьянин», газеты «Окраины России» (1906—12), Масква, «Белорусский вестник» — яны імкнуліся паказаць неаддзельнасць гісторыка-культ. лёсу Беларусі ад лёсу Расіі.
Літ.:
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд.Мн., 1993;
Самбук С.М. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛАДНА́Я АПО́ВЕСЦЬ,
адзін з асноўных жанраў старажытнабеларускай літаратуры 15—17 ст., які аб’ядноўвае розныя апавядальныя творы замежнай літаратуры, перакладзеныя на бел. мову. Вядома з часоў Кіеўскай Русі (гл.Аповесць старажытнаруская); яе ўзнікненне звязана з пашырэннем культ. узаемасувязей Беларусі з замежнымі краінамі і з завяршэннем фарміравання ў 15 ст. старабел. літ.пісьмовай мовы. Большасць П.а. паявілася на Беларусі з заходнееўрап. узораў праз зах.-слав. і паўд.-слав. пасрэдніцтва. Вылучаюць рэлігійныя і свецкія П.а. Рэлігійныя падобныя да апокрыфаў («Страсці Хрыстовы», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Аповесць пра трох каралёў», «Аповесць пра Таўдала»). Да свецкіх належаць рыцарскія раманы, якія на Беларусі называліся аповесцямі («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), гіст. аповесці («Александрыя», «Гісторыя пра Атылу», «Мамаева пабоішча», «Троя»), дыдактычныя і жартоўныя маст. творы. Змяшчаліся ў зб-ках «Вялікае зярцала» і «Рымскія дзяянні» (напр., «Гісторыя пра Апалона Цірскага»), у хроніках-зводах і хранографах (гл.«Вялікая хроніка», «Хроніка ўсяго свету»), У П.а. часам свядома пашыраўся ці скарачаўся тэкст, уключаўся мясцовы матэрыял, узмацняліся ідэі гуманізму, беларусізаваліся імёны і інш. (напр., «Аповесць пра Трышчана» — варыянт рыцарскага рамана пра Трыстана і Ізольду). П.а. лічацца некат. біблейскія кнігі, перакладзеныя і выдадзеныя Ф.Скарынам («Юдзіф», «Эсфір», «Руф» і інш.). П.а. напісаны жывой гутарковай мовай. Яны ўзбагацілі і паўплывалі на развіццё арыгінальнай бел. л-ры (асабліва празаічных жанраў), на станаўленне бел. белетрыстыкі. Некат. аповесці пранікалі праз бел. пасрэдніцтва на Украіну і ў Расію, што ўмацоўвала культ. ўзаемасувязі паміж народамі.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Пг., 1921;
Кузьмина В.Д. Рыцарский роман на Руси. М., 1964;
Кривчик В.Ф. О словарном составе белорусских переводных повестей второй половины XVI в. // Уч. зап. БГУ. Сер. фил. Мн., 1956. Вып. 27;
Гісторыя беларускай літаратуры: Сгаражытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІЯ ПЕРАГАВО́РЫ 1939аб заключэнні дагавора пра ўзаемадапамогу. Адбыліся ў Маскве 12—25.8.1939 паміж ваен. дэлегацыямі
(місіямі) СССР (кіраўнікі дэлегацыі нарком абароны К.Я.Варашылаў і нач. Генштаба РСЧА Б.М.Шапашнікаў),
Вялікабрытаніі (адм. Р.Дракс) і Францыі (ген. Ж.Думенк) ва ўмовах пагрозы развязвання 2-й сусв. вайны нацысцкай Германіяй. Ініцыіраваны сав. урадам пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі (сак. 1939), папярэднія кансультацыі бакоў праходзілі ў крас.—ліп. 1939. Да лета 1939 брыт. ўрад адмаўляўся заключыць прапанаваны Сав. Саюзам Траісты пакт аб узаемадапамозе, гарантаваць у выпадку герм. агрэсіі бяспеку прыбалт. дзяржаў, якія межавалі з СССР, не прымаў інш.сав. праекты; франц. ўрад у асн. пагадзіўся з сав. прапановамі. У чэрв.—жн. Вялікабрытанія адначасова вяла тайныя перагаворы з Германіяй (гл.Лонданскія перагаворы 1939). У канцы ліп. 1939 брыт. і франц. ўрады пагадзіліся на перагаворы ў Маскве сваіх ваен. прадстаўнікоў (прыбылі 11 жн.) для выпрацоўкі канкрэтных захадаў па ўзаемадзеянні ўзбр. сіл бакоў. На перагаворах ключавым было пытанне аб праходжанні сав. войск для ўдзелу ў адбіцці магчымай герм. агрэсіі праз тэр. саюзных Вялікабрытаніі і Францыі Польшчы і Румыніі, бо СССР не меў агульнай мяжы з Германіяй. Брыт. і франц. ўрадам не ўдалося атрымаць згоду польск. і рум. ўрадаў на пропуск сав. войск. 21 жн. Думенк атрымаў радыёграму Э.Даладзье аб прызнанні Францыяй права на праходжанне войск СССР праз Польшчу, аб чым ён 22 жн. паведаміў Варашылаву. Сав. ўрад з-за адсутнасці рэакцыі Вялікабрытаніі і Польшчы палічыў франц. адказ малазначным, 23 жн. прыняў прапанову Германіі і заключыў з ёй дагавор аб ненападзе (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Узаемныя падазронасць і недавер бакоў перагаворнага працэсу завялі М.п. ў тупік (апошняя сустрэча трох дэлегацый адбылася 25 жн.), што ў значнай меры садзейнічала развязванню Германіяй другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Ширер У. Англо-французские переговоры с Советским Союзом летом 1939 г. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НХЕНСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1938па Чэхаславакіі.
Заключана 29 вер., падпісана 30 вер. ў г.Мюнхен (Германія) на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў фаш. Германіі (А.Гітлер) і Італіі (Б.Мусаліні), Вялікабрытаніі (Н.Чэмберлен), Францыі (Э.Даладзье). Было вынікам прэтэнзій Германіі на Судэцкую вобл. Чэхаславакіі (яе ўрад не быў запрошаны на канферэнцыю), населеную пераважна немцамі, і палітыкі «прымірэння» з Германіяй Вялікабрытаніі і Францыі перад 2-й сусв. вайной. Пасля аншлюсу Аўстрыі (сак. 1938) урад Гітлера пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Ён падштурхнуў сваіх прыхільнікаў генлейнаўцаў (судэтанямецкую партыю, лідэры К.Генлейн і інш.) высунуць патрабаванні поўнай аўтаноміі Судэцкай вобл. і правядзення там плебісцыту па яе самавызначэнні. Гэта абвастрыла адносіны судэцкіх немцаў з урадам Чэхаславакіі (Судэцкі крызіс). У сярэдзіне мая пачалося перамяшчэнне герм. войск да мяжы з Чэхаславакіяй. Урад апошняй 20 мая абвясціў частковую мабілізацыю. Зах. саюзнікі Чэхаславакіі Вялікабрытанія і Францыя, імкнучыся ўрэгуляваць свае адносіны з Германіяй, настойвалі на прыняцці патрабаванняў генлейнаўцаў. Пасля некалькіх дыпламат. місій, у т. л. сустрэч Чэмберлена з Гітлерам 15 і 22 вер., і па просьбе Мусаліні Гітлер пагадзіўся абмеркаваць чэхаславацкае пытанне на канферэнцыі ў Мюнхене. Паводле М.п. Чэхаславакія пад націскам Вялікабрытаніі і Францыі на працягу 10 дзён (1—10 кастр.) мусіла перадаць Германіі Судэцкую вобл. з усімі наяўнымі там збудаваннямі (каля ¼ насельніцтва, амаль ⅕ тэрыторыі, палавіна цяжкай прам-сці, значныя ваен. ўмацаванні). М.п. наблізіла акупацыю герм. войскамі ўсёй Чэхаславакіі (сак. 1939) і развязванне 2-й сусв. вайны Германіяй. 30 вер. падпісана таксама англа-германская дэкларацыя 1938 аб ненападзенні. Пасля вайны Судэцкая вобл. вернута Чэхаславакіі. Канчаткова юрыд. нязначнасць М.п. замацавана паводле дагавора паміж Чэхаславакіяй і ФРГ ад 11.12.1973.
Літ.:
Документы по истории мюнхенского сговора, 1937—1939. М., 1979;
Мюнхен — преддверие войны: (Ист. очерки). М., 1988;
Борисов А.Ю. Мюнхенская трагедия: (Размышления спустя полвека). М., 1988;
Тейлор Т. На пути к Мюнхену: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны. М., 1992;
Ширер У. Капитуляция в Мюнхене: Пер. с англ. // Там жа.