АКРЭ́ЙЦ (Станіслаў Станіслававіч) (літ. псеўданім Арліцкі; 25.8.1836, г. Арол ?, Расія — пасля 1918),
бел. і рус. журналіст, мемуарыст, белетрыст. Скончыў Віцебскую гімназію (1856), быў вольным слухачом Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Служыў у Магілёве ў палаце дзярж. маёмасцяў, уваходзіў у гурток перадавой моладзі. Дасылаў заметкі ў пецярб. час. «Искра» і «Экономический указатель». Рэдакцыя «Современника» ўхваліла яго праект выдання ў Магілёве час. «Белорусский вестник» (не выходзіў). Удзельнік паўстання 1863—64. З 1868 у Пецярбургу. Выдаваў час. «Дешевая библиотека», «Всемирный труд», «Луч» і інш. У рамане «Апошнія язычнікі» (1871—72), кн. «Старасвецкія памешчыкі. Нарысы Заходняга краю» (1885), мемуарах расказвае пра Беларусь 1850—60-х г., паўстанне 1863—64.
т. 1, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАНО́МНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,
аб’яднанне бел. епархій абнаўленчай царквы (гл. ў арт. Абнаўленцы). Існавала ў 1924—34. Утворана ў маі 1924 на чале са Свяшчэнным сінодам і мітрапалітам магілёўскім і беларускім на 1-м Бел. абласным царк. саборы ў Магілёве. Падзялялася на 5 епархій, налічвала каля 500 парафій (пераважна ва ўсх. рэгіёне; у снеж. 1924 прыходы Дубровенскага р-на абвясцілі ўласную незалежнасць). Выдавала час. «Белорусский православный вестник» (Магілёў, 1924—27). Мітрапаліты Уладзімір (1924—26), Іосіф (І.П.Крачатовіч; 1926—34). З пач. 1930-х г., ва ўмовах пераходу сав. дзяржавы да жорсткай антырэліг. палітыкі і агульнага крызісу абнаўленства, аўт. царква пачала траціць пазіцыі і спыніла існаванне. Парафіі вярнуліся пад уладу Маскоўскага патрыярхату.
т. 2, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЭ́НКА (Алена Мікалаеўна) (н. 6.10.1961, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2000). Скончыла БДУ (1985). З 1985 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1989 у Мінскім лінгвістычным ун-це, з 1995 — у БДУ. Даследуе пытанні сучаснай бел. літ. мовы, яе гісторыю, этымалогію лексікі, слав. мовы, агульнае мовазнаўства. Аўтар кн. «Інтэлектуальныя абазначэнні: функцыянаванне і матывацыя» (1994, з А.А.Кожынавай), «Сістэмны рух і гуманітарныя навукі» (1996, з М.А.Сакаловай), «Дзеясловы з семантыкай разумовых працэсаў у беларускай мове» (2000), падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па бел. мове для школы і інш.
Тв.:
Белорусский язык для русскоязычных. Мн., 1994 (разам з А.А.Кожынавай, А.Г.Тарасевіч).
М.Н.Крыўко.
т. 13, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЗІКАЎ (Міхаіл Іосіфавіч) (14.9.1806, г. Шклоў Магілёўскай губ. — 27.10.1837),
бел. музыкант, віртуоз-ксілафаніст. Іграў на флейце і цымбалах у нар. інстр. ансамблях. У пач. 1830-х г. на аснове ўдасканалення нар. муз. інструмента брусочкаў распрацаваў сучасную канструкцыю ксілафона. З 1833 выступаў з канцэртамі, у т. л. ў Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Францыі. Выконваў уласныя транскрыпцыі твораў К.М.Вебера, І.Гумеля, Н.Паганіні, папуры і варыяцыі на папулярныя оперныя мелодыі, імправізацыі, апрацоўкі бел., рус., укр., яўр. песень і танцаў. Артыкулы пра яго змяшчалі муз. слоўнікі 19 ст. Яму прысвечана брашура З.Шлезінгера «Іозеф Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы» (Вена, 1836).
Літ.:
Ямпольский И. Первый виртуоз на ксилофоне // Сов. музыка. 1959. №11;
Тищенко И.К. Белорусский Орфей // Неман. 1983. № 5.
т. 5, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУ́МАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (21.8.1907, Масква — 5.9.1944),
бел. кампазітар, піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934, клас Г.Нейгаўза), кампазіцыі вучыўся ў М.Гнесіна. У 1937—41 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртна-выканальніцкую дзейнасць, аддаваў перавагу творчасці кампазітараў-рамантыкаў. Аўтар аднаго з першых бел. фп. канцэртаў (1940), які значна паўплываў на развіццё гэтага жанру ў бел. музыцы. З інш. твораў: муз. камедыя «Прыгоды Фрыца» (лібр. А.Астрэйкі і У.Няфёда, 1944), «Беларуская танцавальная сюіта» і Варыяцыі для фп., капрычыо на тэму бел. нар. песні «Чаму ж мне не пець» для фп., апрацоўкі бел. нар. песень для хору. Дыпламант Усесаюзнага конкурсу піяністаў (1938).
Літ.:
Назина И.Д. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977. С. 11—16.
т. 8, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МДЫВА́НІ (Таццяна Герасімаўна) (н. 20.9.1947, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. музыказнавец, педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1972, клас Г.Куляшовай). З 1967 выкладала ў Маладзечанскім муз. вучылішчы, з 1972 — у Бел. кансерваторыі. З 1989 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы сучаснай бел. і зах.-еўрап. музыкі. Выступае як муз. крытык. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
К. Пендерецкий. «Заутреня»: Вопр. композиции // Laudamus. М., 1992;
Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96 (у сааўт.);
Э.Денисов. «Пять историй господина Кейнера по Бертольду Брехту»: Вопр. композиции // Теоретические проблемы современной музыки. Мн., 1992;
Кампазітары Беларусі. Мн., 1997 (разам з Р.І.Сергіенка);
Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музыкальный словарь русско-белорусский. Мн., 1999 (у сааўт).
т. 10, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДЗІ́НСКАЯ (Ніна Фёдараўна) (10.8.1905, С.-Пецярбург — 3.6.1995),
расійская і бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Петраградскае харэаграфічнае вучылішча (1923, клас А.Ваганавай). З 1923 салістка Ленінградскага імя Кірава, з 1941 Свярдлоўскага т-раў оперы і балета, у 1947—57 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1949—91 выкладала ў Бел. харэаграфічным вучылішчы. Танцоўшчыца лірычнага плана, валодала высокай культурай акад. танца, элегантнасцю, тонкім густам. Сярод партый: Ванда («Салавей» М.Крошнера), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Адэта («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Флёр дэ Ліс і Цар-дзяўчына («Эсмеральда» і «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні). Сярод яе вучаніц І.Душкевіч, Н.Філіпава, С.Масанёва.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983. С. 49, 51.
Ю.М.Чурко.
т. 10, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА, Белорусское общество,
групоўка інтэлігенцыі, чыноўнікаў, прадстаўнікоў заможнай часткі бел. сялян, якія арыентаваліся на саюз з царскім урадам. Існавала ў 1908 — 1-й пал. 1910-х г. Узнікла ў Вільні на аснове т-ва «Селянін» («Крестьянин»). Дзейнасць т-ва ўзначальвала праўленне (10 чал.). Старшыні Л.М.Саланевіч, з жн. 1911 П.В.Каранкевіч. Друкаваныя органы — газ. «Белорусская жизнь», «Северо-Западная жизнь», «Белорусский вестник». Т-ва стаяла на пазіцыях заходнерусізму, атрымлівала субсідыі ад урада, падтрымлівала сувязі з правымі дэпутатамі 3-й Дзярж. думы. Спрабавала дыскрэдытаваць бел. нац.-вызв. рух, выклікаць рэпрэсіі супраць газ. «Наша ніва». Падтрымлівала сталыпінскую агр. рэформу. Сумесна з дэпутатамі Думы склікала з’езд прадстаўнікоў вёскі Паўн.-Зах. краю (канец 1908 — пач. 1909). Да пачатку 1-й сусв. вайны сышло з паліт. арэны.
М.М.Забаўскі.
т. 2, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЫШКІЛІЯ́НІ (Натэла Атараўна) (н. 2.12.1960, г. Чэлябінск, Расія),
артыстка бел. балета. Засл. арт. Беларусі (1990). Дачка А.Дадышкіліяні. Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1979). З 1979 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Танцоўшчыца класічнага плана. Найб. блізкія ёй партыі ў пастаноўках В.Елізар’ева: Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага). Сярод інш. партый: Маша, Адэта—Адылія, фея Бэзу і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Сільфіда («Сільфіда» Х.Левенскольда), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Уладарка дрыяд («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Дзяўчына («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Магнолія («Чыпаліна» К.Хачатурана).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 151—156.
А.І.Калядэнка.
т. 6, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКАЯ (Раіса Ермалаеўна) (н. 12.1.1935, Мінск),
бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1953). Працавала ў т-рах оперы і балета Чэлябінска і Баку. З 1960 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1975 балетмайстар-рэжысёр, з 1989 кіраўнік эстр.-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Танцоўшчыца пераважна характарнага плана. Яе выкананне вызначалася высакароднасцю пластычнай формы, знешняй стрыманасцю пры ўнутр. тэмпераменце. Сярод партый у спектаклях бел. кампазітараў: Марта, Цыганка («Святло і цені», «Пасля балю» Г.Вагнера), Мадэрнісцкая танцоўшчыца, Карчмарка («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава). З інш. партый: фея Карабос («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Мерседэс («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Каляровая дзяўчына («Сцежкаю грому» К.Караева). Выканала шэраг характарных танцаў у балетах і операх.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983. С. 83, 87, 91.
Л.М.Ражанава.
т. 8, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)