ту́былец, ‑льца, м.

Тое, што і туземец. Другія за шмаццё, за ром, За шкло, люстэркі, фарбы У тубыльцаў і ў іх багоў Выманівалі скарбы. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

антрапамарфі́зм, ‑у, м.

1. Адна з форм анімізму — перанясенне псіхічных уласцівасцей чалавека на з’явы і прадметы прыроды.

2. Уяўленне багоў у выглядзе людзей, якое ўласціва для многіх рэлігій.

[Ад грэч. ánthrōpos — чалавек і morphe — від.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэлі́гія, -і, ж.

1. Адна з форм грамадскай свядомасці — сукупнасць духоўных уяўленняў, што грунтуюцца на веры ў звышнатуральныя сілы і істоты (багоў, духаў), якія з’яўляюцца прадметам пакланення.

2. мн. -і, -гій. Адзін з напрамкаў такой грамадскай свядомасці.

Сусветныя рэлігіі (будызм, іслам, хрысціянства).

|| прым. рэлігі́йны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БЭЛ, Бел,

у акадскай міфалогіі абазначэнне некат. багоў, найперш Энліля. У г. Пальміра (Сірыя) — вярхоўнае бажаство, уладыка свету, галава трыяды багоў, часам эпітэт бога зямлі Арцу ці Арду. У грэч. міфалогіі — цар Егіпта, сын Пасейдона і німфы Лівіі. Належыць да персанажаў, якія не маюць развітой міфалагічнай біяграфіі, але з’яўляюцца родапачынальнікамі пакаленняў будучых герояў.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕФІ́Р,

у грэчаскай міфалогіі бог зах. ветру, вястун багоў; сын тытана Астрэя і багіні ранішняга світанку Эас, брат багоў-вятроў Барэя і Нота, зорнай дзевы Астрэі і зорак. Разам з гарпіяй Падаргай нарадзіў коней Ахіла. З., які дзьме з захаду, прыносіць буры, на адных казачных астравах ён пяшчотны і цёплы, а на іншыя прыносіць прахалоду.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРО́ЗІЯ (грэч. ambrosia),

у грэчаскай міфалогіі — нектар, ежа багоў, якая забяспечвала вечную маладосць і прыгажосць.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

алі́мп, ‑а, м.

1. (З вялікай літары). Гара ў паўночнай Фесаліі, на якой, паводле вераванняў старажытных грэкаў, жылі багі; зборышча багоў.

2. Жарт. і іран. Пра абраннікаў якога‑н. грамадства. Літаратурны алімп.

[Грэч. Olympus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗЕЎС,

у грэч. міфалогіі вярхоўны бог, уладар багоў і людзей. Месцам знаходжання З. лічыўся Алімп. Яго атрыбутамі былі эгіда (шчыт), скіпетр і арол. Першапачаткова З. — бог маланкі, грому і дажджу, пазней аб’яднаў рысы інш. багоў. Паводле міфаў, З., малодшы сын Кронаса і Рэі, брат і муж Геры, пасля перамогі над бацькам, тытанамі і гігантамі пачаў правіць светам разам з братамі Пасейдонам і Аідам. З. — бацька многіх багоў і багінь, у т.л. Апалона, Арэса, Дыяніса, Афіны, Афрадыты, герояў Геракла, Персея і інш. У Рыме культ З. зліўся з культам Юпітэра.

Зеўс (Зеўс Атрыколі). Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

праро́цтва, ‑а, н.

1. Паводле некаторых рэлігійных вераванняў — прадказанне, якое з’яўляецца адкрыццём волі бога, багоў.

2. Прадказанне, прадбачанне будучага. [Альбіна Сільвестраўна] лагодненька, са старэчай хітрынкай, усміхалася свайму прароцтву, якое выказвала некалі наконт маёй жаніцьбы... Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕНАТЭІ́ЗМ [ад грэч. hen (henos) адно + тэізм],

форма рэліг. веравання, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярхоўным богам, вакол якога засяроджаны рэліг. культ; пераходная форма ад монатэізму да політэізму. Тэрмін уведзены ў 1878 англ. гісторыкам рэлігіі і санскрытолагам М.Мюлерам. Ім ён абазначаў характэрную форму стараж.-інд. рэлігій, калі з мноства багоў (Індра, Агні, Сур’я і інш.) той, да якога звяртаецца вернік з малітвай, сумяшчае для яго атрыбуты ўсіх іншых і ўяўляецца ў гэты момант найвышэйшым божаствам. Часам прыхільнікі розных веравызнанняў у якасці гал. разглядалі не толькі нябесных багоў, але і зямных. Так, гімны Вед упамінаюць пра багіню зямлі Прытхіві, а служыцелі ведычнай рэлігіі звяртаюцца і да Бацькі-неба, і да Маці-зямлі. У стараж. Кітаі ў адным шэрагу такіх божастваў былі Цянь (неба) і Ту (зямля), у стараж. грэкаў — адпаведна Уран і Гея. У славян дахрысц. часоў генатэізм таксама быў звязаны з пакланеннем божаствам, якія ўладарылі на небе і на зямлі. Ва ўяўленнях беларусаў вярх. бажаством быў Пярун — магутны цар нябесны (адпавядаў Індры — цару багоў у індыйцаў; Зеўсу — бацьку ўсіх багоў і людзей; галава алімпійскай сям’і багоў у грэкаў). У паданнях беларусаў захавалася памяць пра гал., добрага Белабога, бацьку Перуна. Нярэдка вернікі вылучалі як асн. апекуноў Вялеса, Жыжаля, Ярылу і інш. багоў з уласна бел. пантэона, часам звярталіся з малітвамі да Дажбога — сына Перуна, унукамі якога лічыліся ўсе, хто загінуў на ратным полі. Пакланенню божаствам асаблівае значэнне надавалі ў час спусташальных войнаў, пры аб’яднанні стараж. плямён у племянныя саюзы, калі на чале політэістычнага пантэона аказваўся бог племені-гегемона.

Літ.:

Мюллер М. Религия как предмет сравнительного изучения: [Пер. с англ.]. Харьков, 1887;

Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;

Живописная Россия: Отечество наше в зем., ист., плем., экон. и быт. значение: Литов. и Белорус. Полесье. Репринт. 2 изд. Мн., 1994.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)