АБО́Л (грэч. obolos),

1) у Стараж. Грэцыі вагавая адзінка серабра, сярэбраная, потым медная манета (складала ​1/6 драхмы).

2) У Зах. Еўропе ў 2-й пал. 8—10 ст. вагавая адзінка серабра і сярэбраная манета (​1/2 дэнарыя), у 12—15 ст. сярэбраная, у 16—18 ст. білонная або медная манета (​1/2 дэнарыя).

3) У ВКЛ намінал у ​1/2 дэнарыя, чаканены Віленскім манетным дваром у 1545—47, 1554.

Сярэбраны абол 1546 Жыгімонта II Аўгуста (ВКЛ).

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАЗІ́НСКІ (Бжэскі) Адам

(1768?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У 1778 саліраваў у школьным спектаклі «Сялянскага балета» Г.​Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. З 1785 саліст трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да 1794 выступаў на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Сярод партый: Парменон («Шлюб самнітаў»), адзін з міністраў («Каралева Ванда»), Актавіян («Клеапатра»). У 1794—97 у прыватных трупах у Вільні, Варшаве, Гданьску.

Г.​І.​Барышаў.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1633—1832 у Гродне. Засн. літ. падкаморыем Фрыдрыхам Сапегам і яго жонкай Крысцінай. Мураваны, з 2-вежавым фасадам, касцёл Дзевы Марыі Ружанцавай асвячоны ў 1726. У храме было 8 разьбяных алтароў, арган на 10 галасоў, бронзавы бюст караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У мураваным 2-павярховым корпусе кляштара размяшчаліся школы. Сярод прыбораў кабінетаў былі 5 электрычных машын, магнітныя вагі, тэлескоп, мікраскоп, барометры і інш. Мелася хімічная лабараторыя, у б-цы было больш за 10 тыс. тамоў. У 1832 кляштар закрыты, будынкі не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 5, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЗЕ́ТА ГРОДЗЕ́НЬСКА»

(«Gazeta Grodzieńska»),

першае перыядычнае выданне на тэр. сучаснай Беларусі. Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) у Гродне на польск. мове раз на тыдзень на 2 старонках фарматам 15 × 20 см. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-паліт. праблемы (на той час унікальная з’ява). Па патрабаванні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада цэнзара, па загадзе якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з інш. выданняў. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе, аб’явы. Апошні выяўлены нумар газеты датаваны 28.12.1780.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й ДАМА́СКІ (Nikolaos Damaskēnos; 64 да н.э., Дамаск — пач. 1 ст. н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык і філосаф. Быў саветнікам цара Іудзеі Ірада I, пасля смерці якога жыў пры імператарскім двары ў Рыме. З твораў М.Д. захаваліся ў фрагментах «Гісторыя» (у 144 кнігах, першыя кнігі пра гісторыю і міфалогію краін Усходу, апошнія пра падзеі 7—4 да н.э. ў Міжземнамор’і), «Жыццё Цэзара» (адзіная крыніца пра дзяцінства і юнацтва Аўгуста), «Збор выдатных звычаяў» (звесткі пра побыт і прававыя адносіны стараж. народаў). Творы М.Д. выкарыстоўвалі Страбон, Іосіф Флавій і інш.

т. 10, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́Л (партуг. portuguer),

1) залатая манета каралеўства Партугалія 1499—1557 (з перапынкам) вартасцю ў 10 крузада (лігатурная маса 39,9 г).

2) Назва ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст. залатых манет з масай, большай за масу дуката. Першы 10-дукатавы П. 1562 ВКЛ выпусціў Жыгімонт II Аўгуст, апошні — у 1661 Ян II Казімір Ваза. Апошнія П. — каронныя 1794 3-дукатавы і 1,5-дукатавы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. П. часта прызначаліся не для абарачэння, а даваліся манархамі як узнагарода або на памяць, таму выконваліся на высокім маст. узроўні.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ЖЫГІМО́НТА І БАРБА́РУ РАДЗІВІ́Л»,

гісторыка-літаратурны твор, складзены ў сярэдзіне 16 ст., напэўна, у Вільні і змешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» пад 1545—48 (Пазнанскі спіс). У аповесці апісана гісторыя кахання і шлюбу вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія, ідучы насустрач сваім пачуццям, патаемна павянчаліся ў Вільні. Невядомы аўтар з сатырычным адценнем намаляваў усеагульнае грамадскае асуджэнне ў ВКЛ і Польшчы шлюбу караля з жанчынай-удавою некаралеўскага роду. Аднак каханне перамагло, Жыгімонт Аўгуст не адмовіўся ад Барбары і застаўся верны сваёй абранніцы.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯМБЛО́ЎСКІ (Юзаф) (каля 1804, Мінск — 27.8.1878),

мастак-графік. У пач. 1830-х г. вучыўся ў Я.Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню, дзе ілюстравалі свае кнігі Ю.​Крашэўскі, Т.​Нарбут, Ф.​Бохвіц, Ю.​Струміла, Я.​Шымлер і інш. Сярод твораў Азямблоўскага — пейзажы, віды Вільні, літ. і бел. гарадоў, жанравыя замалёўкі, партрэты Рустэма, Ю.​Франка, вял. князёў ВКЛ Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста і інш.; літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб», 1840-я г.), якую А.​Міцкевіч выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі.

В.​Ф.​Шматаў.

Ю.Азямблоўскі. Славянскі нявольнік (Беларускі раб). Літаграфія 1840-я г.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛО́ТА ((Bellotto) Бернарда) (30.1.1720, Венецыя — 17.10.1780),

італьянскі жывапісец, афартыст. Пляменнік і вучань К.Каналета. Працаваў у Венецыі, Дрэздэне, Вене, Мюнхене; у 1767—80 у Варшаве, прыдворны мастак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Майстар ведуты — дакументальна дакладнага арх. пейзажа. Аўтар серабрыстых па каларыце, крыху сухіх па малюнку відаў Венецыі, Дрэздэна, Варшавы і інш. гарадоў: «Від на Турын» (каля 1745), «Від на Дрэздэн з правага берага Эльбы ніжэй Аўгустусбруке» (1748), «Від на замак Кёнігштайн» (1764), «Від на мост Наві ў Вероне» (каля 1770), «Від на Варшаву» (1779) і інш.

Б.Белота. Від на мост Наві ў Вероне. Каля 1770.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЧЫ ((Gucci) Санці) (каля 1530, г. Фларэнцыя, Італія — да 3.2.1600),

італьянскі архітэктар і скульптар позняга Адраджэння. Да 1558 прыехаў у Польшчу як прыдворны архітэктар. Кіраваў у г. Пінчаў скульпт. майстэрняй. Асн. творы: надмагіллі караля Жыгімонта II Аўгуста (1573), каралевы Ганны Ягелонкі (1574—75), Стафана Баторыя (1594—95) — усе ў каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве, капэла і надмагілле Гучы і А.​Браніцкіх у касцёле ў Непаламіцах (1596; Кракаўскае ваяв.). Удзельнічаў у буд-ве замкаў у Непаламіцах (1567—68) і Баранаве-Сандамерскім (1579—1602; Жэшаўскае ваяв.), палаца «Міраў» у Ксёнжы-Велькім (1585—95).

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)