АБ’ЯДНА́НАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ пры СНКСССР
(АДПУ),
орган па ахове дзярж. бяспекі ў СССР у 1923—34. Створана 2.11.1923 у выніку рэарганізацыі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення РСФСР і ДПУ саюзных рэспублік у сувязі з утварэннем СССР. Паводле Палажэння аб АДПУ ад 15.11.1923 яно стваралася «з мэтай аб’яднання рэв. намаганняў рэспублікі па барацьбе з паліт. і эканам. контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам». Узначальвалі АДПУ Ф.Э.Дзяржынскі, з 1926 В.Р.Мянжынскі. АДПУ кіравала ДПУ саюзных рэспублік і асобымі аддзеламі, а таксама трансп. органамі, аховай граніц СССР, аператыўнай работай у агульнасаюзным маштабе, мела ў распараджэнні асобыя войскі. У 1923 паводле пастановы ЦВКСССР пры АДПУ створана Калегія, або асобая нарада, якая без суда разглядала справы і выносіла рашэнні аб накіраванні ў канцлагеры або расстрэле асоб, прызнаных вінаватымі. Загадам старшыні АДПУ ад 2.2.1930 пры паўнамоцных прадстаўніцтвах АДПУ у рэспубліках і абласцях былі сфарміраваны «тройкі» з такімі ж паўнамоцтвамі. АДПУ скасавана ў выніку рэарганізацыі дзярж. апарату СССР. Замест яго ў сістэме НКУС створана Гал. ўпраўленне дзяржбяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНДЖЭРЫ, рэйнджэрс (ад англ. rangers асобы, якія рабілі вялікія пешыя пераходы, — егеры, леснікі і інш.),
асобая катэгорыя ваеннаслужачых армій ЗША і некат. інш. дзяржаў, падрыхтаваныя для дыверсійна-развед. дзейнасці на тэр. праціўніка. Як спец. фарміраванні склаліся ў перыяд каланізацыі еўрапейцамі Паўн. Амерыкі (першыя падраздзяленні створаны ў брыт. каланіяльнай арміі ў 2-й пал. 1750-х г. для дзеянняў супраць індзейскіх плямён). У арміі ЗША падраздзяленні Р. сфарміраваны ў чэрв. 1942. Аналагічныя часці і падраздзяленні меліся ў інш. краінах, войскі якіх у час 2-й сусв. вайны вялі баявыя дзеянні ў складзе англа-амер. кааліцыйных сіл супраць Германіі, Італіі і Японіі. У пасляваен. час Р. некат. краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.), якія уваходзяць у склад войск спец. прызначэння, удзельнічалі ў шэрагу лакальных войнаў і ваен. канфліктаў. Р. таксама называюць членаў паліцэйскіх фарміраванняў у ЗША (штат Тэхас), створаных для падтрымання законнасці і правапарадку на рэдканаселеных тэрыторыях на мяжы з Мексікай.
асо́бага прызначэ́ння zur besónderen Verwéndung;
асо́бым зага́дам auf besónderen Beféhl;
асо́быя паўнамо́цтва Sóndervollmachten pl;
асо́бая ду́мка besóndere [ábweichende] Méinung
Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)
ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),
у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл.Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСУДО́ВЫЯ О́РГАНЫ,
дзяржаўныя органы ў СССР, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм. 21.2.1918 СНК РСФСР даў Усерас. надзвычайнай камісіі (ВЧК) і яе органам права пазасудовага разгляду спраў за контррэв., службовыя і інш. агульнакрымінальныя злачынствы з вызначэннем меры пакарання аж да расстрэлу на месцы злачынства, 5.9.1918 — права знявольваць «класавых ворагаў» у месцы пазбаўлення волі, а асоб, якія ўдзельнічалі ў белагвардзейскіх арг-цыях, змовах і мяцяжах, — расстрэльваць. Пасля ліквідацыі ВЧК і ўтварэння 6.2 1922 Дзярж.паліт. ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС РСФСР (гл.Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР) органы ДПУ былі пазбаўлены права пазасудовага разгляду спраў. Але 16.10.1922 паводле пастановы ВЦВК РСФСР ім зноў дадзена права «пазасудовай расправы аж да расстрэлу ў адносінах да ўсіх асоб, злоўленых з доказамі на месцы злачынства пры бандыцкіх налётах і ўзброеных грабяжах». Асобай камісіі НКУС па высылках дазвалялася высылаць і знявольваць у лагеры прымусовых работ дзеячаў антысав. паліт. партый і рэцыдывістаў. 28.3.1924 у сувязі са стварэннем Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ЦВКСССР усклаў на Асобую нараду пры АДПУ вынясенне пастаноў пра адм. высылкі, ссылкі і зняволенні ў канцэнтрацыйны лагер. Адначасова ажыццяўляла пазасудовую дзейнасць і калегія АДПУ. Цыркулярамі АДПУ ад 29.10.1929 і 8.4.1931 у цэнтр. апараце створаны «тройкі» для папярэдняга разгляду закончаных следчых спраў і наступнага іх дакладу на суд. пасяджэннях калегіі ці Асобай нарады. 3.2.1930 Прэзідыум ЦВКСССР даў АДПУ права на час правядзення кампаніі па «ліквідацыі кулацтва» перадаваць свае паўнамоцтвы па пазасудовым разглядзе спраў паўнамоцным прадстаўнікам (ПП) АДПУ у рэспубліках, краях і абласцях. 10.7.1934 АДПУ скасавана і ўтворана НКУССССР. Пры наркоме ўнутр. спраў створана Асобая нарада, якой давалася права выносіць прыгаворы пра зняволенне ў папраўча-працоўныя лагеры, ссылцы і высылцы да 5 гадоў ці высылцы па-за межы СССР асоб, якія «прызнаваліся грамадска небяспечнымі». У наступныя гады паўнамоцтвы Асобай нарады значна пашыраны. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны ад 17.11.1941 ёй дадзена права па справах «аб контррэвалюцыйных злачынствах і асабліва небяспечных дзеяннях супраць парадку кіравання СССР» вызначаць меру пакарання аж да расстрэлу. Асобая нарада існавала і пры МУССССР. 27.5.1935 загадам НКУССССР у НКУС рэспублік, упраўленнях НКУС па краях і абласцях арганізаваны «тройкі» НКУС, на якія пашыраліся правы Асобай нарады. «Тройкі» прымалі рашэнні пра высылку, ссылку ці зняволенне ў лагеры на тэрмін да 5 гадоў. У сувязі з правядзеннем масавых аперацый у адносінах да «былых кулакоў, членаў антысавецкіх партый, белагвардзейцаў, жандараў і чыноўнікаў царскай Расіі, бандытаў, рээмігрантаў, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, царкоўнікаў і сектантаў, крымінальнікаў-рэцыдывістаў» загадам НКУССССР ад 30.7.1937 створаны рэсп., краявыя і абл. «тройкі» для разгляду спраў на названых асоб, якія па мерах пакарання разбіваліся на 2 катэгорыі: да 1-й адносіліся тыя, хто падлягаў расстрэлу, да 2-й — тыя, хто падлягаў зняволенню ў лагеры або турме на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. У пасяджэннях Асобай нарады і «троек» прадугледжваўся абавязковы ўдзел пракурора. У адпаведнасці з загадамі НКУС ад 11.8 і 20.9.1937 спісы асоб, якія падлягалі рэпрэсіям палітычным, разглядаліся таксама «двойкамі» — наркомамі ўнутр. спраў рэспублік і начальнікамі УНКУС сумесна з адпаведнымі пракурорамі. Адначасова існаваў парадак разгляду спраў без выкліку абвінавачваемага і сведкаў у суд т.зв. «вышэйшай двойкай» у складзе Старшыні Вярх. суда і Пракурора СССР. Пастановы гэтага органа пры наяўнасці падстаў маглі адмяняцца і пераглядацца пленумам Вярх. суда СССР. З мэтай выканання пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 17.11.1938 «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» 26.11.1938 загадам НКУССССР «тройкі» і «двойкі» пры НКУС скасаваны. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 1.9.1953 скасавана Асобая нарада пры МУС. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.1.1989 «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў», зацверджаным Вярх. Саветам СССР 31.7.1989, усе грамадзяне, за выключэннем здраднікаў Радзімы і карнікаў перыяду Вял.Айч. вайны, нацысцкіх злачынцаў, удзельнікаў бандфарміраванняў і іх памагатых, фальсіфікатараў крымінальных спраў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці П.о., былі рэабілітаваны, а згаданыя вышэй П.о. названы антыканстытуцыйнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЭ́НЗІЯ (ад лац. recensio разгляд, ацэнка),
артыкул-даследаванне адлюстраванай рэчаіснасці, у якім ацэньваецца маст. (літ., муз., кінематаграфічны, тэатр. і інш.), навук. ці навук.-папулярны твор, разглядаюцца вартасці і недахопы яго зместу і формы; аналіт. жанр газетна-часопіснай публіцыстыкі, літ., маст., навук. крытыкі. Галоўнае ў Р. — ацэнка важкасці аўтарскіх канцэпцый і правільнасці меркаванняў, вывадаў, рэкамендацый. Рэцэнзент ацэньвае тэарэт. і практ. значнасць новых ідэй, сац. мадэлей, тэхн. навінак, падмацоўваючы свае вывады сістэмай аргументаў і тэкставых вытрымак. Вылучаюць некалькі асн. відаў Р.: невял. крытычны або публіцыстычны артыкул (часта палемічнага характару), у якім выказаны адносіны да пэўнага твора ці вынаходніцтва; разгорнутая анатацыя, якая раскрывае змест твора; маст.-публіцыстычная інтэрпрэтацыя твора (эсэ) з роздумам-ацэнкай; аўтарэцэнзія, у якой аўтар выкладае погляд на свой твор ці палемізуе з крытыкам адносна тлумачэння гэтага твора ў друку. Адметнасць Р. як жанру: своеасаблівыя стыль, прыёмы распрацоўкі і трактоўкі тэмы, спецыфічныя сюжэтныя і кампазіцыйныя сродкі. Р. як асобая форма літ.-маст. крытыкі ўключае логіка-вобразную карціну ўспрымання твора, сістэму ўспрымання і пазнання навакольнай рэчаіснасці, засн. на ўласным вопыце рэцэнзента. Рэцэнзент выкарыстоўвае аўтарскія канцэпцыю выкладу і думку, таму Р. не прэтэндуе на поўную самастойнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДРУ́ЖНАСЦЬ, Садружнасць нацый (англ. Commonwealth, Commonwealth of Nations; да 1947 Брытанская садружнасць нацый),
аб’яднанне ў складзе Вялікабрытаніі і яе былых калоній і дамініёнаў. Юрыдычна аформлена Вестмінстэрскім статутам 1931 (удакладнены ў 1947). Першапачаткова ўключала Вялікабрытанію, Канаду, Аўстрал. Саюз, Новую Зеландыю, Паўд.-Афр. Саюз, Ньюфаўндленд і Ірландыю; уяўляла сабой асабістую унію, кіраўніком кожнай дзяржавы лічыўся брыт. манарх, якога прадстаўляў прызначаны ім ген.-губернатар. Пасля 2-й сусв. вайны з уступленнем у С. былых калоній-рэспублік (першая Індыя з 1949) манархічны характар аб’яднання страчаны. У 2000 аб’ядноўвала 53 краіны з рознымі формамі праўлення. Існуюць Сакратарыят С., праводзяцца штогадовыя канферэнцыі краін С. на ўзроўні прэм’ер-міністраў і міністраў фінансаў. У Вялікабрытаніі ёсць мін-ва па справах С. Гал. мэты С. — развіццё эканам., культ., навук., адукацыйных і інш. сувязей на базе традыцый агульнай мінулай гісторыі. Аднак на міжнар. арэне С. не выступае як адзінае цэлае. Кожная краіна мае права аднабаковага выхаду з С. [напр., у 1948 выйшла Бірма (М’янма), у 1949 — Ірландыя]. З 1995 у С. уваходзіць Мазамбік, які не быў брыт. калоніяй. Асобая роля Вялікабрытаніі вызначаецца не юрыд. нормамі, а эканам., фін. і паліт. адносінамі паміж Вялікабрытаніяй і інш. краінамі С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ПРА́ВАпублічнае,
сукупнасць юрыд. норм і прынцыпаў, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі і паліт. ўтварэннямі дзярж.-прававога характару. Гал. суб’ектамі М.п. з’яўляюцца дзяржавы. М.п. як асобая сістэма прававых норм не ўваходзіць у якую-н. нац. сістэму права і не ўключае ў сябе нормы нац. права. Аднак пачынаючы з 1920-х г. шэраг дзяржаў абвясцілі прамое дзеянне агульнапрызнаных норм М.п. на іх тэрыторыі і прыярытэт такіх норм над нац. заканадаўствам. У іншых краінах нормы М.п. ўключаюцца апасродкавана. Крыніцамі М.п. з’яўляюцца міжнар. дагаворы і міжнар.-прававыя звычаі, дапаможнымі крыніцамі — акты міжнар. арг-цый, рашэнні міжнар. судовых і арбітражных органаў, міжнар.-прававая дактрына.
Асн. прынцыпы М.п. замацаваны ў Статуце ААН. 25-я сесія Ген. Асамблеі АА́Н (1970) прыняла Дэкларацыю аб прынцыпах М.п. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 8) прызнала прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў М.п. і абвясціла, што адпаведнасць нац. заканадаўства нормам М.п. будзе забяспечана. Выкананне М.п. яго суб’ектамі забяспечваецца індывідуальным або калектыўным прымусам з боку ўсяго міжнар. супольніцтва, межы і формы якога вызначаюцца ў працэсе сумеснай нарматворчасці. Нормы М.п. рэгулююць адносіны дзяржаў ва ўмовах і ў сферы як супрацоўніцтва, так і барацьбы. Да гэтай галіны адносін належаць нормы і прынцыпы, якія рэгулююць парадак вырашэння спрэчак, паводзіны дзяржаў у час узбр. канфліктаў, і ўстанаўліваюць формы і віды адказнасці за правапарушэнні, і да т.п. Гл. таксама Міжнароднае прыватнае права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1929,
канфлікт з-за Кітайскай Чанчуньскай чыгункі (КЧЧ). Паводле сав.-кіт. пагаднення 1924 (гл.Савецка-кітайскія пагадненні) КЧЧ знаходзілася ў сумесным валоданні СССР і Кітая, але фактычна кіравалася сав. бокам. Пасля пашырэння ўлады Нац.кіт. ўрада ў Нанкіне да 1929 на тэр. Маньчжурыі (гл.Рэвалюцыя 1925—28 у Кітаі) ён запатрабаваў усталявання над КЧЧ кіт. суверэнітэту, лічачы гэта часткай барацьбы Кітая супраць няроўных дагавораў і пагадненняў. 10—11 ліп. войскі ваен. правіцеля Маньчжурыі маршала Чжан Сюэляна ў аднабаковым парадку захапілі КЧЧ, адхіліўшы ад працы сав. работнікаў. У адказ урад СССР разарваў дыпламат. адносіны з Кітаем. 6 жн. была створана Асобая Далёкаўсх армія (АДУА) на чале з В.К.Блюхерам. 17 ліст. часці АДУА на чале з С.С.Вастрацовым перайшлі сав.-кіт. граніцу ў раёне станцыі Маньчжурыя. У 3-дзённых баях яны разбілі 2 брыгады кіт. арміі (20 тыс.чал.), узяўшы ў палон больш як палавіну іх асабовага складу. У баявых дзеяннях на р. Сунгары ўдзельнічала Амурская ваен. флатылія, якая разграміла Сунгарыйскую флатылію праціўніка. 21 ліст.кіт. бок прапанаваў пачаць перагаворы. З снеж. быў падпісаны пратакол у Нікольску-Усурыйскім з прадстаўнікамі Чжан Сюэляна, а 22 снеж. — у Хабараўску з прадстаўнікамі Нац.кіт. ўрада пра аднаўленне на КЧЧ статус-кво Канчаткова канфлікт урэгуляваны з аднаўленнем сав.-кіт.дыпламат. адносін у 1932.
Літ.:
Кулагин В.М., Яковлев Н.Н. Подвиг Особой Дальневосточной. М., 1970;
Конфликт на КВЖД: Из истории Сов. Вооруж сил. Хабаровск, 1989.