АНДРЭ́Й (свецкае Крыт Аляксандр; ? — 21.5.1983),

бел. рэлігійны дзеяч. Да 2-й сусв. вайны жыў у Зах. Беларусі. Пасля вайны ў Германіі, Англіі: святар у прыходах, адміністратар Вікарыяльнай управы Беларускай аўтакефальнай правасл. царквы ў замежжы (БАПЦ). З 1961 у ЗША: настаяцель прыхода св. Жыровіцкай Маці Божай у Кліўлендзе (ініцыятар рэліг. навучання дзяцей-беларусаў, у т. л. па гісторыі царквы на Беларусі). У 1969 епіскап, з 1970 архіепіскап епархіі БАПЦ у Паўн. Амерыцы. З 1972 мітрапаліт БАПЦ.

Л.​У.​Языковіч.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

архірэ́й

(гр. archiereos)

асоба, якая належыць да вышэйшых свяшчэннаслужыцеляў у праваслаўі (епіскап, архіепіскап, мітрапаліт).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

«ЧУ́МНЫ БУНТ»,

паўстанне ў Маскве ў вер. 1771 у час эпідэміі чумы. Малаэфектыўныя проціэпідэмічныя захады ўлад (прымусовыя каранціны, знішчэнне заражанай асабістай маёмасці) выклікалі неразуменне, страх і незадаволенасць насельніцтва. Каб прадухіліць новую ўспышку масавага заражэння, маскоўскі архіепіскап Амбросій спрабаваў з дапамогай вайск. каманды перашкодзіць шматтысячным натоўпам збірацца каля «цудатворнага» абраза Варварскай брамы. У адказ 26 вер. пачалося паўстанне рамеснікаў, рабочых мануфактур, дваровых людзей, аброчных сялян і інш.: разгромлены каранцінныя заставы, забіты Амбросій. «Ч.б.» падаўлены войскамі: 4 чал. павешаны, 173 пакараны бізунамі і сасланы на катаргу.

т. 17, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБКО́ Антоній (1797, с. Белае Полацкага пав. Беларускай губ. — 1884),

рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1882). Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію са ступенню кандыдата філасофіі, семінарыю пры Віленскім ун-це (1822). Выкладаў у Полацкай семінарыі. З 1824 святар Полацкага уніяцкага кафедральнага сабора. З 1828 першы рэктар заснаванай ім Жыровіцкай семінарыі. У 1833 епіскап брэсцкі, вікарый Літоўскай уніяцкай епархіі. Пазнаёміўся з І.Сямашкам і стаў яго прыхільнікам. На Полацкім царкоўным саборы 1839 падпісаў акт пра аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай. З 1840 правасл. мінскі епіскап, з 1845 — архіепіскап. Аўтар працы «Аб грэка-уніяцкай царкве ў Заходнім краі» (1864).

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НТЭРБЕРЫ (Canterbury),

горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на У ад Лондана, у графстве Кент. Узнік у 1 ст. н.э. на месцы кельцкага паселішча, якое змяніў рым. лагер. У 6—8 ст. сталіца англа-саксонскага каралеўства Кент. 131 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Невялікія прадпрыемствы гарбарнай, харч., электратэхн., паліграф. прам-сці. Ун-т. У К. самая стараж. ў краіне епіскапская кафедра і абацтва (засн. ў 597). Архіепіскап Кентэрберыйскі — кіраўнік англіканскай царквы. У К. Каралеўскі музей (маст. галерэя, старажытнасці Кента). Кентэрберыйскі сабор (1070—1503), абацтва св. Аўгусціна і царква св. Марціна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РЫЯС III [Makarios; свецкае Мускас (Muskos) Міхаіл Хрыстодулас; 13.8.1913, Ана-Паная, Кіпр — 3.8.1977],

царкоўны і дзярж. дзеяч Рэспублікі Кіпр. Скончыў багаслоўскія факультэты Афінскага (Грэцыя, 1943) і Бостанскага (ЗША, 1948) ун-таў. З 1948 епіскап, з 1950 архіепіскап, кіраўнік аўтакефальнай Кіпрскай правасл. царквы і лідэр грэч. абшчыны вострава. Напачатку выступаў за далучэнне (энозіс) Кіпра да Грэцыі, за што ў 1956 высланы брыт. калан. ўладамі на Сейшэльскія а-вы. У 1957—59 жыў у Грэцыі. Узначальваў дэлегацыю грэкаў-кіпрыётаў на перагаворах пра будучыню Кіпра ў Цюрыху і Лондане, афіцыйна адмовіўся ад энозіса. У 1959—77 прэзідэнт Рэспублікі Кіпр.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЛАА́М (свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),

праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.

В.​В.​Антонаў.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСКО́НЦІ (Viskonti),

знатны род ламбардскіх (італьян.) феадалаў. Вядомы з канца 10 ст. У 1277—1447 тыраны Мілана. Атон (каля 1207—95), з 1262 архіепіскап Мілана, з 1277 уладар горада. У 13 ст. Вісконці далучылі да сваіх уладанняў П’ячэнцу, Бергама, Крэмону, Верчэлі, Брэшыю, Парму, на кароткі час Балонню (1350—54) і Геную (1353—56). Джан Галеаца (1351—1402), герцаг Мілана (з 1395) і Ламбардыі (з 1397), яго ўладанні ахоплівалі значную частку Паўн. Італіі. Пры Джавані Марыя [1402—12] б.ч. заваяваных тэр. была страчана. Філіпа Марыя [1412—47] у працяглых войнах з Венецыяй і Фларэнцыяй часткова аднавіў тэр. Міланскага герцагства. З 1447 дынастыя Вісконці перастала існаваць.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСІ́Й II (да пастрыжэння ў манахі Рыдзігер Аляксей Міхайлавіч; н. 23.2.1929, г. Талін),

патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Скончыў ленінградскія духоўную семінарыю (1949) і духоўную акадэмію (1953) са ступенню кандыдата багаслоўя. З 1950 свяшчэннік і настаяцель царквы ў г. Іыхві Талінскай епархіі, з 1957 настаяцель Успенскага сабора г. Тарту. У 1961 пастрыжаны ў манахі, узведзены ў сан архімандрыта, потым епіскапа Талінскага і Эстонскага. З 1964 архіепіскап, з 1968 мітрапаліт. З 1964 кіраўнік справамі Маскоўскай патрыярхіі, з 1986 мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі. У 1990 выбраны патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі.

Г.​М.​Шэйкін.

Аляксій II на плошчы Перамогі ў Мінску. 1991.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАХО́ЎСКІ Цыпрыян (Кіпрыян, каля 1635, Полацкае ваяв. — кастр. 1693),

уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Д-р тэалогіі. Вучыўся ў Грэчаскім калегіуме ў Рыме (1658—64). Архімандрыт шэрагу манастыроў, у 1671—74 каад’ютар (памочнік-намеснік) пры мітрапаліце Г.​Календзе. Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі (1674—93), адначасова архіепіскап полацкі. Для пашырэння уніі выкарыстоўваў адм. сродкі. Удзельнік склікання ў 1680 у Любліне з’езда уніятаў і праваслаўных, які апісаў у кнізе «Люблінскі калёквіум...» (Замосце, 1680, на польскай мове). Імкнуўся абмежаваць у царкве ўплыў базыльян, што выклікала з імі канфлікт. У пач. 1690-х г. заснаваў Супрасльскую друкарню. Ахвяраваў сродкі на рамонт храмаў у Вільні, Навагрудку, Полацку.

С.​В.​Казуля.

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)