ШКАЛА́ЕВА-АПІЁК (Тамара Іванаўна) (н. 18.3.1943, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). У 1966—74 працавала ў Гродзенскім абл. драм. т-ры. З 1975 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. роляў. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца тонкім пранікненнем у псіхалогію характару, яркім тэмпераментам, жаночай пяшчотай і мужнасцю, спалучэннем глыбокіх пачуццяў з мяккім лірызмам. Сярод роляў: у Гродзенскім т-ры — Надзя («Трыбунал» А.Макаёнка), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Наташа («104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага), Турандот («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Кацярына («Навальніца» А.Астроўскага), Алена Тальберг («Дні Турбіных» М.Булгакава), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана) і інш; у т-ры імя Я.Купалы — Наталля Мікалаеўна і Тамара Паўлаўна («Пагарэльцы» і «Верачка» Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Каця («Эшалон» М.Рошчына), Шындзіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана), сакратарка («Святая святых» І.Друцэ), Яна («Віват, імператар!» Э.Іанеска), Ала Кастрова («Курыца» М.Каляды), маці Гаральда («Гаральд і Мод» К.Хігінса, Ж.К.Кар’ера), генеральша Крахоткіна («Вечны Фама» У.Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага) і інш.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст. ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл. драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна паводле бел. нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.Галубка і Л.Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш. Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.Янчанкі, а таксама бел. нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).

А.В.Скорабагатчанка.

Т.Р.Мархель.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. драматург. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал. рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг. Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац. т-ра імя Я.Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст. Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).

Тв.:

П’есы. Мн., 1979;

Минск. М., 1982;

Мудрамер: Выбр. п’есы. Мн., 1989;

Апошняя інстанцыя. Мн., 1996.

С.С.Лаўшук.

М.Я.Матукоўскі.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ (Яўген Дзмітрыевіч) (26.12.1913, Мінск — 30.12.1978),

бел. тэатр. мастак. Нар. маст. Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). З 1933 у Бел. т-ры імя Я.Коласа (з 1944 гал. мастак). Творчасці ўласцівы вобразнасць маст. мыслення, арыгінальнасць формы, рэжысёрскае бачанне сцэн. пляцоўкі, уменне выявіць рысы нац. спецыфікі твора, пачуццё сучаснасці. Аформіў спектаклі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1936), «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка (1939), «Ірынка» К.Чорнага (1941), «Лес» (1940), «Позняе каханне» (1944) і «Багна» (1972) А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля (1945), «Авадзень» паводле ЭЛ.Войніч (1948), «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага (абодва 1949), «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1950), «Простая дзяўчына» Губарэвіча (1952) і інш. Значнае месца ў творчасці займала афармленне спектакляў на тэму Вял. Айч. вайны: «Партызаны ў стэпах Украіны» А.Карнейчука. «Рускія людзі» К.Сіманава (абодва 1942), «Той, каго шукалі» А.Раскіна і М.Слабадскога (1943). Праўдай жыцця адметныя дэкарацыі да спектакляў «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1951), «У пушчах Палесся» (1957) і «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1958), «Лявоніха» П.Данілава (1960). Яскравасцю выяўл. мовы, выразнасцю кампазіцыі вызначаюцца дэкарацыі да спектакляў «Крэпасць над Бугам» С.Смірнова (1956), «Крыніцы» (1961), «Сэрца на далоні» (1966) паводле І.Шамякіна, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча (1967) і інш. Глыбокім разуменнем сутнасці твора, выразнасцю кампазіцыйнага вырашэння вылучаюцца дэкарацыі пастановак «Выбачайце, калі ласка!» (1953) і «Трыбунал» (1970) А.Макаёнка, «Улада цемры» Л.Талстога (1969), «Амністыя» М.Матукоўскага (1971), «Энергічныя людзі» В.Шукшына (1975), «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, «Апошняя інстанцыя» Матукоўскага (абедзве 1976) і інш. У т-ры імя Я.Купалы аформіў спектаклі «На крутым павароце» Губарэвіча (1956), «Жывы труп» Талстога, «Гаспадар» І.Собалева (абодва 1961). Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

Літ.:

Карнач П. Я.Дз.Нікалаеў. Мн., 1975.

П.А.Карнач.

Я.Дз.Нікалаеў.
Я.Нікалаеў. Дэкарацыя да спектакля «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. 1951.

т. 11, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЧЫН (Сямён Уладзіміравіч) (Вульфавіч; 6.1.1915, Мінск — 1.8.1993),

бел. артыст балета і балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1933—41 і 1944—59 саліст, у 1950—59 таксама балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1942—44 саліст Вял. т-ра СССР. У 1959—64 і 1980—90 працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Малдовы. У 1971—73 маст. кіраўнік Дзярж. ансамбля танца БССР, у 1973—80 балетмайстар Дзярж. т-ра муз. камедыі БССР. Першы вядучы класічны танцоўшчык на бел. сцэне. Выканальніцкую манеру Д. вызначалі мужнасць і драм. экспрэсіўнасць танца, высокі артыстызм, пластычнасць, абаяльнасць, сцэнічны тэмперамент. Сярод лепшых партый: нацыянальна самабытныя вобразы Сымона («Салавей» М.Крошнера), Васіля («Князь-возера» В.Залатарова, Дзярж. прэмія СССР 1950), Янкі («Палымяныя сэрцы» на тую ж музыку); у класічных балетах — Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.Гліэра), Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Конрад («Карсар» А.Адана), Клод («Эсмеральда» Ц.Пуні), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.Штрауса). Сярод пастановак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі: балеты «Іспанскае капрычыо» на музыку М.Рымскага-Корсакава (1949), «Чырвоны мак» (1950), «Эсмеральда» (1951), «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955), «Карсар» (1957), «Блакітны Дунай» (1958), танцы ў операх «Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ (1957), «Зорка Венера» Ю.Семянякі (1970) і інш. У Дзярж. ансамблі танца БССР паставіў фальклорную праграму («Вянок беларускіх народных танцаў», «Купальская ноч», «Янка», «Лявоніха»), кампазіцыі «Хатынь», «У Белавежскай пушчы»). Балетмайстар спектакляў «Паўлінка» Ю.Семянякі (1973), «Несцерка» Р.Суруса (1979), «Рэвю-канцэрта» (1976), рэвю-мазаікі «Вакол кахання» (1991) і інш. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі. Ставіў танцы да драм. пастановак, у т. л. «Зацюканы апостал» А.Макаёнка (1971), «Амністыя» М.Матукоўскага (1970), «Памінальная малітва» Р.Горына (1990) у Бел. т-ры імя Я.Купалы і інш.

Літ.:

Модэль М. Сямён Дрэчын // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 29—36.

Л.М.Ражанава.

С.У.Дрэчын.
С.Дрэчын у ролях Янкі (зверху) і Гірэя.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны на базе пераведзенага ў Магілёў Пінскага абласнога драматычнага тэатра. Адкрыты ў 1954 у будынку Магілёўскага гарадскога тэатра. У канцы 1950-х — 1960-я г. ў рэпертуары пераважала рус. драматургія («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага, «Тры сястры» А.Чэхава, «Жаніцьба Бальзамінава», «Беднасць не загана» А.Астроўскага, «Грошы для Марыі» паводле В.Распуціна, «Фантазіі Фарацьева» А.Сакаловай, «Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава, «Таня» А.Арбузава і інш.). Сярод п’ес замежных аўтараў «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Замак Броўдзі» паводле А.Кроніна, «Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса, «Візіт дамы» («Візіт старой дамы») Ф.Дзюрэнмата і інш. Да пач. 1980-х г. ставіліся і бел. п’есы: «Паўлінка» Я.Купалы, «Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.Губарэвіча, «Дні нашага нараджэння» І.Мележа, «Лявоніха на арбіце», «Не сумуй, Верачка» («Верачка») А.Макаёнка, «Сотнікаў» паводле В.Быкава, «Пад адным небам» А.Маўзона, «Тры дні і тры ночы», «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Аперацыя «Мнагажэнец» А.Дзялендзіка і інш. Упершыню на бел. сцэне пастаўлены «Тутэйшыя» Я.Купалы. У 1970—80-я г. ўвага аддавалася выразнасці сцэнаграфіі і муз. афармлення, разнастайнасці выяўл. сродкаў. Пастаўлены: «І смех і грэх» («Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча і «Прымакі» Я.Купалы), «Клоп» У.Маякоўскага, «Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.Баравіка, «За ўсё добрае — смерць» Р.Ібрагімбекава, «Каханне, джаз і чорт» Ю.Грушаса, «Каса марэ» І.Друцэ, і інш. Сярод пастановак 1990-х г.: «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна, «Шалёныя грошы» Астроўскага, «Сніўся мне сад у шлюбным уборы» Чэхава, «Вянчанне» Ж.Анжуя, «Школа блазнаў» М. дэ Гільдэрода, «Тарцюф» Мальера, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Вынаходлівыя закаханыя» Лопэ дэ Вэгі і інш. Ставяцца спектаклі для дзяцей: «Па зялёных хвалях акіяна» С.Казлова, «Зайчык-зазнайчык» С.Міхалкова, «Пунсовая кветачка» паводле С.Аксакава, «Чараўнік ізумруднага горада» паводле А.Волкава і інш. У творчасці т-ра значную ролю адыгралі рэжысёры Б.Валадарскі, Я.Вялкаў, А.Дольнікаў, У.Караткевіч, В.Маслюк, Ю.Міроненка, В.Шутаў. У розны час у ім працавалі нар. арт. СССР Я.Палосін, засл. артысты Беларусі Р.Белацаркоўскі (маст. кіраўнік), Ю.Гальперына, А.Даніловіч, Г.Качаткова, Н.Караткевіч, З.Малчанава, А.Раеўскі (рэжысёр), Ю.Труханаў, Н.Фядзяева, С.Яворскі, А.Яфрэменка, засл. арт. Расіі Э.Міхайлава. У складзе трупы (1999): нар. арт. Расіі М.Радзівонаў, засл. арт. Расіі А.Палкін, засл. арт. Башкортастана С.Кліменка, артысты Я.Белацаркоўская, В.Галкін, З.Гурцава, Л.Гурына, А.Дудзіч, Н.Калакустава, Г.Лабанок, А.Печнікава, К.Печнікаў, А.П’янзін, У.Пятровіч, У.Саўчыкаў, Г.Угначова, А.Чарнякова, А.Шапавалава. Рэж. М.Лашыцкі (з 1997), гал. мастак М.Волахаў (1956—98).

Т.В.Пешына.

Да арт. Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Тарцюф».

т. 9, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАКАМЕ́ДЫЯ,

жанр кінамастацтва, творы якога адлюстроўваюць камед. характары і сітуацыі, выклікаюць смех гледачоў; адносяцца да эстэт. катэгорыі камічнага. Бывае эксцэнтрычная, лірычная, сатыр., фантаст., абсурдная, парадыйная, кінавадэвіль, кінафарс, трагікамедыя і інш.

Першыя К. — «Паліты палівальшчык» (1895, Францыя, рэж. Л.Люм’ер). Распрацоўка жанру К. звязана з дзейнасцю франц. (М.Ліндэр, Р.Клер, Фернандэль, Бурвіль, Ж.Таці, П.Этэкс, Л дэ Фюнес, П.Рышар), амер. (М.Сенет, Б.Кітан, Г.Лойд, браты Маркс, М.Брукс, В.Ален і асабліва Ч.Чаплін, які аб’яднаў эксцэнтрыку з лірыка-рамант. і трагікамічнымі элементамі), італьян. (П.Джэрмі, В. Дэ Сіка, Тато, А.Сордзі, М.Мастраяні, А.Чэлентана) камед. школ. Для сав. К. характэрна ўзмацненне сац. функцый. Вял. ўклад у яе развіццё зрабілі рэж. Я.Пратазанаў, Б.Барвет, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, А.Мядзведкін, Э.Разанаў, Л.Гайдай, Г.Данелія, акцёры І.Ільінскі, В.Марэцкая, Э.Гарын, Л.Арлова, М Кручкоў, М.Жараў, Ф.Ранеўская, С.Марцінсон, Р.Плят, М.Пугаўкін, Г.Віцын, Л.Гурчанка, Р.Быкаў, Ю.Нікулш, Я.Лявонаў, А.Міронаў, А.Папанаў, Л.Кураўлёў, Л.Ахеджакава і інш.

У бел. кіно канца 1920—30-х г. створаны быт. і сатыр. К.: «Джэнтльмен і певень» (1929, рэж. У.Балюзак), «Паручнік Кіжэ» (1934, рэж. А.Файнцымер), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936, рэж. М.Вернер); лірычныя К.: «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940, абедзве рэж. У.Корш-Саблін), «Маска» і «Мянтуз» (1938, рэж. С.Сплашноў), «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939, рэж. І.Аненскі; апошнія 4 паводле А.Чэхава). Экранізаваны камед. спектаклі па творах бел. драматургаў: Я.Купалы «Паўлінка» (1952) і В.Вольскага «Несцерка» (1955; рэж. А.Зархі), К.Крапівы «Пяюць жаваранкі» (1953, рэж. Корш-Саблін і К.Саннікаў) і «Хто смяецца апошнім (1954, рэж. Корш-Саблін), А.Макаёнка «Лявоніха на арбіце» («Рагаты бастыён», 1975, рэж. П.Васілеўскі), М.Матукоўскага «Амністыя» («Траянскі конь», 1980) і «Мудрамер» (1988; рэж. В.Панамароў) і інш. Шмат створана дзіцячых эксцэнтрычных, муз., прыгодніцкіх К.: «Па сакрэту ўсяму свету» (1976, маст. кіраўнік І.Дабралюбаў, рэж. Ю.Аксачанка, У.Папоў, Дз.Міхлееў, В.Канеўскі), «Капітан схлусі-галава» (1979, рэж. М.Лук’янаў), «Ціхія троечнікі» (1980, рэж. В.Нікіфараў), «Як я быў вундэркіндам» (1983, рэж. Я.Маркоўскі), «Не забудзьце выключыць тэлевізар» (1987, рэж. Лук’янаў), серыя кароткаметражных фільмаў «Кешка і іншыя» (1991—93, рэж. Б.Берднер) і інш. Сярод бел. К. апошніх дзесяцігоддзяў: «Белыя росы» (1983, рэж. Дабралюбаў), «Не разумею» (рэж.

Н.Шылок) і «Філіял» (рэж. Маркоўскі), 1988; «Чырвоны востраў» (1991, рэж. А.Фянько), «Хачу ў Амерыку» (1992, рэж. С.Ніканенка), «Кааператыў «Палітбюро» (1993) і «Гульня ўяўлення» (1995, рэж. М.Пташук).

Літ.:

Юренев Р.Н. Советская кинокомедия. М., 1964;

Комики мирового экрана. М., 1966;

История белорусского кино. Кн. 1—2. Мн., 1969—70;

Волков А.А. Эксцентрическая кинокомедия. М., 1977;

Кушниров М.А. На экране — кинокомедия. М., 1983;

Трауберг Л.З. Мир наизнанку: Соц.-критич. мотивы в американской кинокомической 1910—1930-х гг. М., 1984.

Л.М.Зайцава.

т. 8, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны ў вер. 1947 на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра. У станаўленні творчага калектыву значную ролю адыгралі адзін з заснавальнікаў т-ра і маст. кіраўнік (да 1950) М.Кавязін, рэжысёры А.Міронскі і І.Папоў. У першыя гады ў рэпертуары пераважалі п’есы сав. драматургаў, ставіліся творы замежнай класікі. У пач. 1950-х г. пастаўлены п’есы бел. драматургаў: «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Гэта было ў Мінску» В.Кучара, а таксама творы рус. і замежнай класікі. У ліку лепшых спектакляў 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. «Нявольніцы» А.Астроўскага, «Іспанцы» М.Лермантава, «Улада цемры» Л.Талстога, «У добры час!» В.Розава, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Юстына» Х.Вуаліёкі. У 2-й пал. 1960 — пач. 1970-х г. рэпертуар характарызаваўся пэўнай эклектычнасцю, нераўназначнасцю маст. якасці пастановак. У 1970-я г. пастаўлены бел. п’есы: «Трыбунал» А.Макаёнка, «Пад зоркамі» паводле рамана П.Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», «Апошні шанц» В.Быкава, «Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча, «Амністыя» М.Матукоўскага, п’есы рус. і замежных аўтараў — «Навальніца» А.Астроўскага, «Акіян» А.Штэйна, «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана, «Дом на скале» Вуаліёкі і інш. Станоўчыя зрухі ў творчасці калектыву адбыліся ў 2-й пал. 1970-х г., калі яго ўзначаліў У.Караткевіч. Рэпертуар т-ра вылучаўся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Вял. ўвага аддавалася бел. драматургіі: «Паўлінка» Я.Купалы, «Мілы чалавек» К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага, «Трывога» і «Францыск Скарына» Петрашкевіча; пастаўлены п’есы Астроўскага, М.Горкага, А.Вампілава, І.Друцэ, А.Арбузава, А.Гельмана, Т.Уільямса і інш. Сярод лепшых спектакляў 1980-х г.: «Князь Навагрудскі» Л.Пракопчыка і Дз.Кальчанкі, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Стары» М.Горкага, «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева, «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» і «Лаліта» (паводле У.Набокава) Э.Олбі. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» У.Рудава (паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча), «Сонейка, свяці» У.Ягоўдзіка (па матывах бел. казачнага фальклору), «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава, «Нора» Г.Ібсена, «Дарагая Памэла» Дж.Патрыка, «Беззаганнае забойства» Ж.Рабера, «Карсіканка, або Ад’ютантша яго імператарскай вялікасці» І.Губача, «Сейлемскія ведзьмы» А.Мілера і інш. З 1979 працуе малая сцэна.

Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі нар. артысты Беларусі Г.Дубаў, Я.Кімберг, Ю.Сідараў, засл. арт. Беларусі С.Аляксандраў, З.Асмалоўская, М.Астанкава, А.Бірычэўскі, Г.Глінаецкі, В.Грачынскі, С.Іванова, М.Кавязіна, Н.Караткевіч, У.Мішанчук, Ю.Нікіцін, Т.Нікалаева, Г.Панкрат, Л.Сторажава, П.Філіпаў, Т.Шашкіна, засл. арт. Расіі А.Лявонаў і Н.Меліхава, засл. арт. Малдавіі І.Таран. У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі А.Гайдуліс, Л.Дзяменцьева, М.Емяльянаў, А.Марцінюк, В.Смачнеў, засл. арт. Расіі Л.Рудой, засл. арт. Абхазіі У.Шакала. Гал. рэжысёр М.Разцоў (з 1991), гал. мастак Ф.Розаў (з 1991).

Т-р працаваў у будынку былога т-ра А.Тызенгаўза (гл. ў арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек), з 1984 — у новым (арх. Г.Мачульскі). Будынак складаецца з 6-граннага асн. аб’ёму (з гал. глядзельнай залай на 700 месцаў) і П-падобнага 3-павярховага адм.-службовага корпуса (на 1-м паверсе малая глядзельная зала на 200 месцаў).

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ДЫЯ (лац. comoedia, грэч. komōdia ад kōmos вясёлая працэсія + oidē песня),

адзін з жанраў драмы, у якім характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага» жанру проціпастаўлялася «высокаму» жанру — трагедыі. Мае разнавіднасці: сатыр., лір., сац.-бытавая, памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, жарт, фарс, буфанада, скетч. Выкарыстоўвае маст. сродкі выразнасці (гратэск, алагізм, пародыю, іронію, гумар, сарказм і інш.), высмейвае негатыўныя з’явы сац. жыцця, заганы чалавечых характараў, сцвярджае станоўчы ідэал, носьбітам якога можа быць персаніфікаваная асоба або смех.

Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі. «Бацькам» К. лічаць АрыстафанаСтараж. Рыме вылучаліся камедыёграфы Ц.М.Плаўт і П.Тэрэнцый (3—2 ст. да н.э.). У сярэднія вякі К. развівалася ў больш прымітыўных формах фарса, інтэрлюдыі і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона (Іспанія), У.Шэкспіра (Англія), Н.Макіявелі (Італія), Мальера (Францыя). Вял. ўплыў на зах.-еўрап. К. зрабіла італьян. камедыя дэль артэ. У 18 ст. значны ўклад у развіццё жанру зрабілі П.Бамаршэ (Францыя), Г.Лесінг (Германія), Г.Філдынг і Р.Шэрыдан (Англія), К.Гальдоні і К.Гоцы (Італія), Дз.Фанвізін, І.Крылоў (Расія). Высокіх узораў, сац. глыбіні і маштабнасці дасягнула рус. К. ў 19 ст. (А.Грыбаедаў, М.Гогаль, А.Астроўскі, А.Сухачо-Кабылін, Л.Талстой, М.Салтыкоў-Шчадрын). У канцы 19 — пач. 20 ст. вылучыліся «К. ідэй» Б.Шоу, «К. настрояў» А.Чэхава, адметныя павышаным псіхалагізмам, шматграннасцю раскрыцця характараў. Стылёвымі пошукамі адзначаны творы Б.Брэхта, І.Л.Караджале, А.Фрэдра, Б.Нушыча, К.Чапека, Л.Пірамдэла, Э. Дэ Філіпа, Ж.Ануя, Э.Іанеска. Папулярнасцю карыстаюцца камедыйныя творы У.Маякоўскага, М.Булгакава, М.Пагодзіна, А.Карнейчука, В.Розава і інш.

На Беларусі К. развіваецца з глыбокай старажытнасці. Яе элементы праяўляліся ў нар. рытуалах, гульнях, святах, тэатралізаваных паказах, у батлейцы. У кананічныя тэксты школьнага тэатра, народнай драмы як інтэрмедыі ўключаліся камедыйныя сцэнкі, якія давалі магчымасць нар. творцам іранізаваць над чалавечымі недахопамі, сатырай і смехам кляйміць прыгнятальнікаў. Нар. камедыйныя сцэнкі карысталіся поспехам ў гледачоў, спрыялі дэмакратызацыі сцэнічнага мастацтва. К. фальклорнага т-ра дасягнула ідэйна-маст. вышынь і паўплывала на бел. прафес. драматургію («Камедыя» К.Марашэўскага). На высокі прафес. ўзровень жанр К. ўзнялі творы В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты» (2-я пал. 19 ст.), у якіх яркі, спецыяльна падкрэслены камізм становішчаў і сітуацый спалучаўся з сац. зместам. У пач. 20 ст. гэту традыцыю прадоўжыў К.Каганец (п’еса «Модны шляхцюк»). Класічным узорам бел. К. стала «Паўлінка» Я.Купалы, а таксама яго вадэвіль «Прымакі», п’еса «Тутэйшыя». У жанры К. шмат і плённа працаваў У.Галубок, пераважна як стваральнік п’ес сац.-бытавога характару, востраканфліктных («Суд», «Пісаравы імяніны», «Пінская мадонна», «Ветрагоны»), Нар. лубачнасцю, камедыйнай падкрэсленасцю сітуацый вызначаюцца драм. творы «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт» і «Пасланец» Л.Родзевіча. У 1920-я г. значнае развіццё атрымала сатыр. К. («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е.Міровіча). Камедыйным майстэрствам, дынамізмам інтрыгі, завершанасцю сюжэта, псіхал. глыбінёй характараў вызначаюцца сатыр. творы «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек» К.Крапівы. Шырокім выкарыстаннем фалькл. матываў пазначана К. «Несцерка» В.Вольскага. Каларытнасць характараў, актуальнасць праблематыкі, непрымірымасць да любых праяў амаральнасці, гуманіст. страснасць уласцівыя камедыйным творам А.Макаёнка («Выбачайце, калі ласка!» «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал» і інш.). У 1970-я — пач. 1980-х г. важкім укладам у развіццё нац. камедыяграфіі сталі п’есы «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Адкуль грэх?», «Злыдзень», «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, у якіх шырокая палітра ўласнакамедыйных, вадэвільных і сатырычных фарбаў. Атрымала развіццё аднаактовая К. (А.Махнач, А.Рылько, В.Зуб, У.Няфёд, Н.Гілевіч, Г.Марчук і інш.).

Літ.:

Сахновский-Панкеев В.А. О комедии. Л.;

М., 1964;

Штейн А.Л. Философия комедии // Контекст, 1980. М., 1981;

Саннікаў АК. Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1973.

А.В.Сабалеўскі.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСІЗА́ЦЫЯ,

палітыка нац.-дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва ў БССР у 1920-я г. Яе вытокі ў бел. вызв. руху, у ідэях бел. нац. адраджэння. У БССР беларусізацыя праводзілася пад кіраўніцтвам КП(б)Б як адзінай уладнай партыі. Выпрацоўка нац. праграмы Камуніст. партыі праходзіла складана і супярэчліва, у жорсткай унутрыпарт. барацьбе. Ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да грамадзянскага міру, станаўлення новай эканам. палітыкі (нэпа), пошуку формаў саюзу сав. рэспублік, пад націскам прадстаўнікоў нац. кампартый верх узяла лінія прыхільнікаў федэратыўнага аб’яднання, абнаўлення нац. палітыкі. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы бел. нац.-вызв. руху, якія ў час Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны свядома прыйшлі да бальшавікоў, звязалі з сав. уладай свае надзеі на нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа, яго сац. і нац. адраджэнне. Многія з іх увайшлі ў склад кіруючых парт. і сав. органаў (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак і інш.). Нягледзячы на шэраг супярэчнасцяў, ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам КП(б)Б, у т. л. сакратарамі ЦК В.Г.Кнорыным, В.А.Багуцкім, А.М.Асаткіным-Уладзімірскім, А.І.Крыніцкім. Першыя крокі ў ажыццяўленні беларусізацыі зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць мовы, стварэнне бел. школ, перавод справаводства на бел. мову). Пры Наркамаце асветы БССР адкрыліся курсы беларусазнаўства для падрыхтоўкі настаўнікаў (кіраўнік Я.Лёсік). У лют. 1921 ЦВК БССР прыняў шэраг пастаноў, што прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. Быў пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. і польскай моў, намечаны меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхн. вучылішчаў і тэхнікумаў. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 распачаў дзейнасць БДУ, у 1922 — Ін-т бел. культуры. Згуртаванню ўсіх творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліп. 1923 сумесным дэкрэтам ЦВК СССР і ЦВК БССР амністыя ўсім радавым удзельнікам і кіраўнікам антысав. нац. фарміраванняў і арг-цый 1918—20. VII з’езд КП(б)Б (сак. 1923) падвёў папярэднія вынікі вырашэння нац. пытання на Беларусі, сфармуляваў прынцыпы палітыкі беларусізацыі. Пашыраны пленум ЦБ КП(б)Б (ліп. 1923) вызначыў комплекс мер па гасп. адраджэнні краю, тэр. самавызначэнні бел. народа, развіцці бел. мовы і нац. культуры, вылучэнні і выхаванні кадраў. Гэта праграма неаднаразова ўдакладнялася і дапаўнялася на пленумах ЦК КП(б)Б (1925). 2-я сесія ЦВК БССР (15.7.1924) прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», у выніку якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзярж. палітыкай. Прэзідыум ЦВК БССР утварыў спец. камісію па ажыццяўленні нац. палітыкі на чале з А.І.Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры акр. выканкомах. У 2-й пал. 1920-х г. беларусізацыя мела цэласны канцэптуальны характар і была ўзнята да ўзроўню парт. і дзярж. палітыкі. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 дабратворна паўплывала на паліт., эканам. і культ. развіццё рэспублікі. Асноўны змест нац. палітыкі вызначалі пытанні развіцця бел. мовы і культуры (пры безумоўным забеспячэнні правоў і магчымасцяў свабоднага развіцця нац. меншасцяў). Выключная ўвага звярталася на навук. даследаванні праблем бел. мовы, яе гісторыі, нарматыўнасць, распрацоўку навук. тэрміналогіі. У 1920-я г. бел. мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літаратурнай мове. Выдаваліся працы па актуальных праблемах гісторыі, мастацтва, л-ры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі. Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1928 каля 80% школ было пераведзена на бел. мову навучання; адкрываліся школы і класы для прадстаўнікоў нац. меншасцяў; выкладанне вялося на 8 нац. мовах. Да канца 1920-х г. амаль цалкам пераведзена на бел. мову справаводства ў дзярж. і парт. органах. Адным з цэнтр. кірункаў беларусізацыі з’яўлялася т.зв. каранізацыя — вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва на парт., сав., праф. і грамадскую работу. Палітыка беларусізацыі зрабіла значны ўплыў на нар. масы Зах. Беларусі, узмацніла іх арыентацыю на БССР; многія дзеячы бел. эміграцыі прынялі запрашэнне ўрада БССР вярнуцца на Беларусь для нац.-культ. працы. З канца 1920-х г., ва ўмовах стварэння аўтарытарна-бюракратычнай сістэмы і разгортвання кампаніі супраць т.зв. нацыянал-дэмакратызму, пачаўся паварот да фактычнай контрбеларусізацыі, разгрому нац. інтэлігенцыі. Апагеем гэтай кампаніі стала сфальсіфікаваная справа т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», за прыналежнасць да якога было засуджана 90 чал., пераважна дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі шэрагу наркаматаў рэспублікі. У 1930-я г. сам тэрмін «беларусізацыя» амаль на паўстагоддзе знікае з ужытку.

Літ.:

Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;

Кароль А. Беларусізацыя — палітыка нацыянальнага адраджэння // Крыжовы шлях. Мн., 1993.

А.С.Кароль.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)