Калы́ска1 ’плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; КЭС, лаг.; Мал., Мат. Гом.), колысочка (Радч., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат., Яруш.), калыска‑палатнянка ’палатняная калыска накшталт заплечнай ношкі’ (Жд. 3), ’гушкалка’ (Нас.), ’арэлі, гушкалка’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Ян.). Укр.колиска ’люлька’ і ’арэлі, гушкалка’, рус.колыска ’тс’, польск.kołyska ’люлька’ (і ст.-польск.; Слаўскі (2, 377) звяртае ўвагу толькі на спарадычныя фіксацыі ў гаворках), чэш.мар.kolíska ’люлька’, славац.kolíska ’тс’. У гаворках не заўсёды паслядоўна слова азначае рэалію з «маятнікавым» рухам, што, відаць, пазнейшае і для этымалогіі неістотна. Лінгвагеаграфія не выключае магчымай экспансіі рэаліі разам з назвай, аднак акрэсліць цэнтр інавацыі (усх.-слав. тэрыторыя?) даволі цяжка. Паводле Слаўскага, 2, 377, паўн.-слав.*kolysъka ад *kolysati (гл. пад. калыхаць).
Калы́ска2 ’паглыбленне ў адным бервяне, у якое кладуцца іншыя, каб не раскачваліся пры перавозцы’ (Жд. 3). У іншых слоўніках як быццам не адзначаюцца. Апісанне рэаліі не вельмі дакладнае, па гэтай прычыне сувязь з калыска1 (перанос па функцыі? форме?) уяўляецца не адзіна магчымай, ва ўсякім разе шэраг роднасных лексем сведчыць аб апасродкаванай сувязі, пашырэнні новага тэрміналагічнага значэння. Так, звяртаюць на сябе ўвагу рус.валаг.колыга і калыга ’крыты выгіб (палазок, абручоў і да т. п.)’, дзе сувязь (семантычная з калыска1) можа быць яшчэ непасрэднай, арханг.колыга ’кожны з двух падоўжаных бакавых брусоў, якія злучаюць пярэднюю і заднюю часткі дроў’. Невялікая надзейнасць такога супастаўлення ў тым, што сувязь з рус.калыга, калыжка і да т. п. з’яўляецца праблематычнай. Бел. хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор.
Калы́ска3 ’агрэх’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ўдакладняе: «На полі ў цябе асталася калыска», аднак рэалія застаецца няяснай — ці гэта агрэх пры пасеве, ці пры ўборцы. У іншых крыніцах не фіксуецца. Сувязь з калыска1 не выключана, развіццё значэння: ’паглыбленне ў глебе’ → ’месца, адкуль цяжка выкасіць што-н.’ → ’агрэх’. Далей, калі назва абагульняецца, ’агрэх наогул’. Іншы варыянт тлумачэння зыходзіць з таго, што калыска азначае ’агрэх пры пасеве’. У такім выпадку слова можна параўнаць з вытворнымі ад лысы, якія ў рус. гаворках з’яўляюцца цікавым матэрыялам для рашэння гэтай задачы. Так, у СРНГ знаходзім лысина ’прагаліна, лужок ў лесе’, лысить ’пакідаць прабел’ і ’пакідаць пры падмятанні падлогі поласы пылу’, лыситься ’праясняцца (пра неба)’. Цікавым з’яўляецца і такі выраз як лысо ’рабіць абы як’, далей, наяўнасць структурна падобных дэрыватаў: лыска ’мянушка жывёл з белай плямай на лбе’ і ’адзнака на кары дрэва сякерай або нажом’. У плане структурна дакладнай паралелі можна прывесці рус.церск.колыснуться ’памерці, прапасці’, аднак статус гэтай перыферыйнай лексемы вельмі няясны (адзінкавая фіксацыя). Апрача таго. прэфіксальны (з ко‑/ка‑) зыходны дзеяслоў з адпаведным значэннем як быццам не зафіксаваны, і гэта таксама зніжае надзейнасць версіі. Па кодле геаграфіі (калі прыняць першую версію) — рэгіянальны наватвор.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вяха́1 ’пучок яловых лапак для выцірання коміна’ (Шат.), ве́ха ’знакі з лапак ёлкі, якімі зімой указваюць дарогу’ (Сцяшк. МГ). Польск.wiecha ’пучок, звязка, вянок з саломы і г. д.’, чэш.věch, wich ’саламяны жмут і да т. п.’ Традыцыйна параўн. са швед.vese ’жмут’, ст.-інд.veṣkáḥ ’пятля’, ст.-ісл.visk ’вязка саломы ці чароту’, ст.-в.-ням.wisk ’пучок, жгут, скрутак’, лац.virga ’галінка, прут’ і г. д.; гл. Фасмер, 1, 308. Мартынаў (вусн. паведамл.) прапануе: věxa < vě‑ti (vějati), як strě‑xa. Параўн. яшчэ вехаць.
Вяха́2 ’высокі дарожны шост, жэрдка, кол з пучком сена ці саломы; знак забароны для праезду і г. д.’ (БРС, Нас., Яруш., Бір. Дзярж., Бес., КСТ, Шат.). Укр.віха, рус.веха, польск.wiecha, в.-луж.wécha, н.-луж.wjecha, чэш.vich, славац.viecha ’тс’, балг.тырн.веха ’мятла з саломы’. Відавочна, перанос значэння з часткі рэаліі на цэлае (пучок сена — шост з пучком сена). Семантыка, відаць, яшчэ праславянская ці ва ўсякім разе агульная для поўначы славянскага свету. Пра асаблівую архаіку значэння ’знак забароны’ (бел., польск., луж., чэш.) гл. Махэк₂, 689. Параўн. яшчэ вяха1.
Вяха́3 ’высокі нязграбны чалавек, тонкі чалавек’ (палес., Бел.-рус. ізал.). Рус.веха — паўночнае. Польск.wiecha ’худая і высокая жанчына’ (Варш. сл.). Да вяха2. Перанос, паводле падабенства, ’высокая тонкая палка — высокі, худы чалавек’; гл. Лучыц-Федарэц, Бел.-рус. ізал., 62. Даволі звычайна; параўн., напрыклад, жардзіна ’тс’. Параўн. яшчэ славен.vẹ́ha ’нясталы чалавек’ (калі гэта толькі не ад véchati ’веяць’).
Вяха́4 ’цыкута, Cicuta virosa L.’ (Дэмб., Касп., Кіс., віц., гродз., маг.); ’пылюшнік, Thalictrum L.’ (Інстр. II); ’амяла, Viscum album L.’ (КСТ, Маш.); ’віка’ (Нас.). Укр.vex, vexa, vix, vixa, vjuxa, vyxa ’Cicuta virosa L.’, vixa ’амяла’ (Макавецкі, Sł. botan.), виха ’амяла’ (Лыс., Пал.), veha ’Thalictrum flavum L.’, veh ’Sium latifolium L.’, veh ostrołystyj ’Sium lancifolium L.’, veh małyj ’Oenanthe aquatica Lam.’ (Макавецкі, Sł. botan.), рус.дыял.вех, вёх, ’атрутная трава’, вех ’Cicuta virosa L.; Aethusa cynapium L.; Aegopodium podagraria L.; Capsella bursa pastoris; Stellaria glauca With.’, вех малый ’Oenanthe phellandrium Lam.’, вех болотный ’Peucedanum palustre’, веха ’трава, шкодная для жывёлы; Oenanthe L.; Sium latifolium L.; Thalictrum flavum L.; Salix L.; Cicuta virosa L.’, мышья веха ’Ruscus aculeatus L.’, вёха, вях, вяха ’Cicuta virosa L.’, вьёх ’Peucedanum palustre; Cicuta virosa L.’, вяха ’Conium maculeatum’, вехалка ’Anthericum ramosum L.’, веховласик ’Apera spica venti L.’ (СРНГ), польск.wiech ’Cicuta’. Відавочна, што пры разнастайнасці значэнняў словамі вяха і пад. называюцца пераважна расліны сямейства парасоністых. Трэба думаць, тут перанос па падабенству ад вяха1 ’пучок саломы, галінак і г. д.’ (гл.). Параўн., напр., польск. бат. wiecha ’кветаносная частка сцябла’. Прыклады падобнай з’явы: славен.véha ’адлеглы ліст расліны’, серб.-харв.вијѐха ’віліна мятла ’Asparagus acutifolius’. Не выключана, аднак, што гэта незалежнае аддзеяслоўнае ўтварэнне і сюды не адносіцца. Працэс гэты ахоплівае амаль што ўсю ўсходне-славянскую тэрыторыю і акрэсліць больш вузкія ўнутраныя арэалы даволі цяжка. Больш-менш выразна акрэсліваецца тэрыторыя распаўсюджання значэння ’Cicuta virosa L.’ (амаль што поўнасцю бел., укр., рус., часткова польск.). Замкнёны арэал (на Палессі) утварае назва веха (виха, віха) ’Viscum album L.’, аднак ёсць фіксацыі і на іншай тэрыторыі (галіц., Макавецкі, Sł. botan.). Улічваючы такія значэнні для слова вяха, як ’знак забароны’, можна меркаваць (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), што перанос назвы на атрутныя расліны быў не зусім выпадковым. Укр. назвы тыпу veś і пад. (Макавецкі, Sł. botan.), відаць, вынік нейкіх фанетычных трансфармацый. Гл. яшчэ Рудніцкі, 1, 374–375. У лац.viscum ’амяла’ іншая матывацыя (літаральна ’клейкае, ліпкае’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казлы́1 ’прыстасаванне для распілоўкі дроў’ (Жд. 2; слуц., Жыв. сл.; Мат. Гом.; Сцяшк., Шат., Янк. 2, Сл. паўн.-зах.), ’сталюга’ (в.-дзвін, Шатал.). Звычайна ў слав. мовах сустракаюцца формы з іншай акцэнтуацыяй: бел.козлы, балг.козли і інш. Гэта вымушае думаць аб бел. інавацыйным утварэнні формы мн. ліку на базе казёл ’козлы’, якое да казёл1 — традыцыйны перанос паводле падабенства.
Казлы́2 ’збітыя накрыж дручкі, якія кладуцца на грэбень страхі для таго, каб вецер не здзіраў саломы і не знёс дошак, якімі прыкрыты канёк страхі’ (Мат. Маг.; Сцяшк.), казлэ́ ’дошкі, якія прымацоўваюцца па краях саламянай страхі, каб не раскідалася салома’ (Сцяшк., Тарн.), сюды ж козлы ў першым значэнні (Кор.-Шушк., Харузін), без націску, таму меркаваць аб фанетыцы нельга, магчыма з ‑о‑, тое ж і ў Шэйна, 3. Яўна другаснае козлі ’канёк даху’ (Тарн.), хоць яго можна разглядаць як канёк, г. зн. самастойнае ўтварэнне ад казёл з пазнейшай трансфармацыяй; матывацыя — з хрыбтом жывёлы параўноўваецца форма часткі даху. Паралелямі да бел.казёл, польск.kozieł ’кроква’, укр.гуц.кізла ’тс’, аднак дакладны адпаведнік — укр.усх.-палес.козли ’тс’. Рэгулярны характар пераносу назвы ад казёл1 не дазваляе меркаваць аб уплыве польск. Хутчэй гэта інавацыя; трэба ўлічыць наяўнасць пераносаў з назвы гэтай рэаліі з зааморфнымі прыметамі на іншыя дэталі даху. Укр. слова нельга аддзяляць ад бел.усх.-палес. Параўн. яшчэ казёл2.
Казлы́3 ’сажань’ (Мат. Гом.). Да казёл ’тс’, трансфармацыя — пад уплывам іншых тэрмінаў у форме мн. ліку.
Казлы́4 ’прыстасаванне для сушкі травы’ (Сл. паўн.-зах.). Няма дакладнага апісання рэаліі, таму цяжка меркаваць: ці гэта незалежны наватвор, рэалізацыя тэрміна казлы1, ці дэрыват ад казёл? Матывацыя зразумелая, магчымыя паралелі ёсць у суседніх рус. гаворках: смал.козёл ’кол, жэрдка (звычайна з перакладзінамі) для сушкі гароху, сена і інш.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з сукамі гарох’.
Казлы́5 ’прыстасаванне для ляжання на дрэвах’ (Мат. Гом.). Адсутнічае апісанне рэаліі. Матывацыя зразумелая, аднак утваральнае слова цяжка ўказаць дакладна. Магчыма, непасрэдна да казлы1, аднак не выключана, што лексема ўтворана на базе назвы казёл падобнай рэаліі.
*Казлы́6, козлэ, кузлэ ’металічныя вілы’ (малар., Нар. лекс.). Празрысты перанос ад казёл1, аднак звяртае на сябе ўвагу форма мн. ліку і акцэнтуацыя; гэта, магчыма, тлумачыцца ўплывам паралельных тэрмінаў, або, што больш верагодна, тут рэалізацыя тэрміна казлы з дыфузным значэннем, калі розныя прадметы, дэталі прыстасаванняў і інш. з больш або менш відавочнымі зааморфнымі прыкметамі або проста падобныя атрымліваюць такую назву. Множны лік можна вытлумачыць уплывам формы вілы.
Казлы́7, казлэ́ ’прылада для наматвання пражы’ (карэліц., Шатал.). Магчыма, тут семантычнае ўтварэнне ад казёл1, ці рэалізацыя тэрміна казлы, якім называюць розныя прыстасаванні, падрабязней гл. папярэдняе слова.
Казлы́8, казлэ́ ’перакрыжаваныя кроквы, якія падтрымліваюць страху ў гаспадарчым будынку’ (навагр., Нар. сл.; брасл., Сл. паўн.-зах.), укр.гуц.кізли, польск.kozieł (дыял. форма — паўдн.-зах. па геаграфіі), в.-луж., н.-луж.kozoł ’кроква’. Магчыма, стары (паўн.-слав.) перанос ад казёл1 (матывацыя празрыстая), аднак можа быць тэрмін з дыфузным значэннем. Геаграфія слова сведчыць аб верагоднасці даўняй спецыялізацыі значэння. Пярэчыць такой спробе храналагізацыі відавочны рэгулярны тып пераносу. Статус бел. слова, нягледзячы на фіксацыю ў заходніх раёнах, здаецца незалежным.
Казлы́9 ’агульная назва ядомых грыбоў’ (касцюк., Жыв. сл.), ’род грыбоў’ (Грыг.), ’грыбы казлякі’ (Мат. Гом.). Усё гэта да казёл1, дзе меркаванні аб матывацыі. Два апошнія значэнні можна аддзяліць ад першага, паколькі ў іх суадносіны з утваральным словам празрыстыя. Казлы ’агульная назва ядомых грыбоў’ можа быць рэалізацыяй іншага варыянта ўтварэння: не ад назвы канкрэтнага грыба, а ў межах супрацьпастаўлення — добры для чалавека — добры для жывёлы — грыбы ’баравікі’ — казлы — ’не баравікі’.
Казлы́10 ’грубая балотная асака, не прыгодная на корм жывёле’ (ушац., Нар. лекс.). Да казёл1; адносна матывацыі параўн. казёл, казіная барада ’Nardus stricta’. У канкрэтным выпадку магчымы не столькі перанос на аснове падабенства, колькі рэалізацыя адмоўнай семантыкі тэрміна казёл у значэнні ’не чалавечы: дрэнны, шкодны, бескарысны’.
Казлы́11 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.). Можна разглядаць як аўтаномнае ўтварэнне (па зааморфнай прыкмеце), аднак хутчэй за ўсё гэта не паралельная назва да іншых, а адваротная дэрывацыя ад казелец і пад., ці проста лексема з фонду тэрмінаў для «казліных» раслін. Падобныя трансфармацыі могуць быць абумоўлены традыцыяй, уплывамі суседніх гаворак, зменамі ў сістэме тэрміналогіі і інш. Субстытуцыя ў назвах раслін — з’ява вядомая, параўн. казінае масла (гл.).
Казлы́12 ў выразе казлы драць ’ванітаваць’ (БРС, ТСБМ, Касп.; КЭС, лаг.; Мядзв., Нас., Шат.). На жаль, крыніцы не дазваляюць дакладна акрэсліць геаграфію гэтага выразу. Апрача бел. мовы яго ведаюць рус. (асташ., цвяр., пск., калуж., смал., варонеж.) козла драть (содрать), козлы, козлов драть ’тс’ (гжатск., смал.) ’валяцца п’янаму ў балоце’. Даль прыводзіць яшчэ лисиц драть ’ванітаваць з перапою’, гэта можна разумець як субстытут. Рус. гаворкі ведаюць тое самае значэнне для слова драць: пакр., пор., уладз.драть ’ванітаваць’. Традыцыйна (Блесэ, SB, 1935–1936) лічыцца калькай лат. або іншага балт. выразу. Кіпарскі (Балтызмы, 15) адзначаў: «…бел.козлы драць ’ванітаваць’, якое мае дакладны адпаведнік у латышскай (āžus kaut, durt, dīrāt, plēst, āžu ādas spīlēt, ar ažu adam branktʼ ’блевать’), здаецца, не мае адпаведнікаў ні ў польскай, ні ў рускай. Чэкман (Baltistica, VIII, 1972, 147) дапаўняе літ.óžius káuti, ráuti, biẽlyti, nérti. Ці маглі такія выразы, ужытыя ў прамым значэнні, з’явіцца эўфемізмамі для паняцця ’ванітаваць’? Відаць, маглі, калі разумець іх як ’рабіць дрэнную (смярдзючую) справу; смярдзець’, параўн. да гэтага рус.пошел собак драть (аб непрыемнай справе). Такое натуральнае тлумачэнне, відавочна, мела месца пры народнаэтымалагічных спробах разумення выразу; ва ўсякім разе лат. матэрыял дазваляе так меркаваць, паколькі, нягледзячы, што літ. і слав. прыклады двухсэнсоўныя, значэнне ’абдзіраць скуру’ ўяўляецца для іх асноўным. Такая спроба этымалогіі не ўлічвае шэрагу фактаў, аднак, на нашу думку, правільна адлюстроўвае (як гэта відна з лат. прыкладаў) пэўныя этапы моўнага працэсу адносна разглядаемага слова, калі першасная матывацыя стала губляцца або не была зразумелай шэрагу гаворак. На нашу думку, з’яўленне заоніма ў структуры выразу можна разумець і як першаснае, і як другаснае, што тлумачыцца надзейнымі паўдн.-слав. паралелямі: серб.-харв.kozláti ’ванітаваць’ і славен.kozláti ’тс’. Геаграфія апошняга невядомая, аднак, відаць, з таго ж арэала, што і папярэдняе: на славенска-харвацкім паграніччы. Фармальная сувязь з асновай заоніма kozьlъ відавочная. Пра сувязь з назвай казла сведчаць некаторыя літ. прыклады. У прыватнасці, звяртае на сябе ўвагу паралелізм як канструкцый, так і асобных лексем, этымалагічна больш празрыстых, якія характарызуюць семемы ’ванітаваць’ і ’крычаць прарэзлівым голасам’. У абодвух значэннях адзначана рус.дыял.драть. Магчыма, менавіта з такога пункту погляду неабходна разглядаць бел.маг.дзёргаць ’ванітаваць’ (Падлужны, вусн. паведамл.). Захаванне архаічнага славен.-харв.kozláti сведчыць або пра агульны (балта-славянскі) працэс, або пра старажытныя кантакты славян і балтаў. Пры гэтым неабходна падкрэсліць верагодны арэальны характар кантактаў, на што ўказваюць ускосна як змены ў семантыцы канструкцыі, так і відавочныя супадзенні розных слав. і літ. фактаў. Што датычыцца лат. матэрыялу, мы лічым, што адзначаныя выразы — вынік уплыву або слав., або літ. мовы, пра што сведчыць як фармальнае супадзенне дзеяслоўнай часткі выразу āžus dīrāt з адпаведнай славянскай структурай, так і паслядоўнае, другаснае, на базе народнай этымалогіі асэнсаванне выразу, гл. вышэй пералік лат. прыкладаў. Больш цяжка акрэсліць статус літ. і слав. канструкцый. Супраць моўнага кантакту ўзаемаўплыву, магчымага калькавання нельга запярэчыць: меркаваць аб тым, што тут наглядаецца семантычная універсалія і ўтварэнні незалежныя, як быццам няма падстаў. Той факт, што ўласна выраз сустракаецца па сумеснай балт. і слав. тэрыторыі, яшчэ нічога не азначае: зах.-палес. гаворкі зберагаюць фактычна архетып, які не прадстаўлен дакладна ў балт. мовах, і наяўнасць выразу казлы драць можна разумець або як спецыфічнае яго захаванне (субстратны ўплыў і да т. п.), або як кальку, але абгрунтаваць гэта цяжка. Нічога не даказвае параўнанне са слав. прыкладамі, большая варыятыўнасць літ. выразаў — гэта, на сутнасці, адлюстраванне дыялектнай сітуацыі. Верагодна, што наяўнасць выразу ў літ., бел. і некаторых рус. гаворках сведчыць аб цэнтры інавацыі ў межах гэтай тэрыторыі; між іншым, вялікая актыўнасць прыведзенай вышэй спецыфічнай мадэлі ўтварэння назваў жабінай ікры адзначана на бел.-рус. паграніччы (поўначы і ўсходзе Беларусі), хоць сама з’ява вядома больш шырока. Калі і дапускаць экспансію выразу ў выніку моўных кантактаў, з пэўнай верагоднасцю можна сцвярджаць, што было гэта падчас асіміляцыі славянамі балтыйскага насельніцтва, а не ва ўмовах пагранічнага двухмоўя.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КІНО
Першыя сеансы кінематографа на Беларусі адбыліся ў Віцебску ў 1898. Да 1925 уласнай кінавытворчасці не было. У 1910—12 адкрыты кінатэатры ў Віцебску, Мінску, Гомелі, Гродне, Баранавічах, Бабруйску. У 1914 на Беларусі мелася 56 стацыянарных кінаўстановак. Кіназдымкі на тэр. Беларусі праводзілі пераважна кінааператары-хранікёры Масквы і Петраграда. У ліку першых створаны хранікальныя стужкі ў Брэсце (перагаворы ў лістападзе—снежні 1917 паміж сав. дэлегацыяй і германскім камандаваннем), Оршы (вяртанне бежанцаў у горад, вітанне ням. салдат у сувязі з рэв. падзеямі ў Германіі), Мінску (сав.-польскія перагаворы), Віцебску (аднаўленчыя работы на чыгунцы). Кінакадры, знятыя на Беларусі, увайшлі ў агітфільм Л.Куляшова «На чырвоным фронце» (1920). У 1922 заснавана Упраўленне па справах кінематаграфіі Кінорэсбел (Кіно рэспублікі Беларусі), у 1924 — арганізацыя «Беларускае пралеткіно», якія займаліся кінапракатам. Паводле пастановы Саўнаркома БССР ад 17.12.1924 створана Дзярж. ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (Белдзяржкіно), якое ажыццяўляла камерцыйна-гандлёвую і паліт.-асветную дзейнасць і атрымала правы на манаполію кінапракату на Беларусі. Уласная кінавытворчасць пачалася ў 1925 з кінахронікі: зняты першамайскія святочныя ўрачыстасці. З гэтага часу ствараліся хранікальныя кінавыпускі, якія адлюстроўвалі грамадска-паліт. жыццё рэспублікі (аператары М.Лявонцьеў, Я.Глас). Першыя фільмы Белдзяржкіно (кінанарысы «Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва 1925) — т. зв. культурфільмы. Сярод першых дакумент. стужак — «Такая наша Беларусь» (1927), «Беларуская вёска», «Гомельшчына» (абодва 1929), «Уздымайся, Беларусь!» (1930) і інш. У мультыплікацыйнай майстэрні пры Белдзяржкіно пастаўлены фільмы «Кастрычнік і буржуазны свет» (1927), «Жывыя дамы» (1928, рэж. абодвух А.Найдзіч), «Бунт зубоў» (1928, рэж. В.Астроўскі). Анімацыя выкарыстана ў маст. фільме «Прастытутка» (1926, рэж. А.Фрэліх) і рэкламнай стужцы «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930). У 1926 рэж. Ю.Тарыч зняў першы маст. фільм «Лясная быль» паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». Значнае месца ў бел. кінамастацтве занялі фільмы гіст.-рэвалюцыйнай тэматыкі, заснаваныя на рэальных фактах: «Кастусь Каліноўскі» (рэж. У.Гардзін), «Яго яснавяльможнасць» (рэж. Р.Рашаль; абодва 1927), «Хвоі гамоняць» (рэж. Л.Малчанаў), «Атэль «Савой» (рэж. А.Файнцымер), «У агні народжаная» (рэж. У.Корш-Саблін; усе 1929). У 1920—30-я г. створаны фільмы «Прастытутка», «У вялікім горадзе» (рэж. М.Авербах і М.Данской), «Песня вясны» паводле аповесці Я.Коласа «На прасторах жыцця» (рэж. У.Гардзін), «Саша» (рэж. А.Хахлова), «Сапраўднае жыццё» (рэж. А.Гаўронскі і В.Уліцкая), «Суд павінен працягвацца» (рэж. Я.Дзіган), дзіцячы фільм «Кульгаўка» (рэж. Ю.Вінакураў) і інш., у якіх узнімаліся праблемы маралі, сцвярджаўся сацыяліст.быт. Надзённая тэма падзелу Беларусі знайшла адлюстраванне ў сатыр. камедыі «Джэнтльмен і певень» (1928, рэж. У.Балюзек), фільме «Да заўтра» (1929, рэж. Ю.Тарыч). Фільм-памфлет «Нянавісць» (1930, рэж. Ю.Тарыч) паклаў пачатак звароту бел. кінематаграфіі да замежнай тэматыкі. На замежным матэрыяле створаны фільмы «Чатырыста мільёнаў» (1928, рэж. У.Гардзін), «Рубікон» (1930, рэж. У.Вайншток), «Слава свету» (1932, рэж. У.Вайншток), «Першае каханне» (1933, рэж. Б.Шрэйбер). У 1928 у Ленінградзе створана кінастудыя маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (з 1939 у Мінску). З 1931 дзейнічаў сектар кінахронікі (у 1935 ён пераўтвораны ў Мінскую студыю кінахронікі).
Сярод найб. значных дакумент. фільмаў 1-й пал. 1930-х г. «Знойдзеная зямля» (рэж. У.Вайншток), «На ўздыме» (рэж. Л.Эпельбаўм). У 1930 выйшла першая гукавая кінапраграма «Пераварот» (рэж. Ю.Тарыч), паказаная ў дзень адкрыцця ў Мінску першага ў БССР гукавога кінатэатра «Чырвоная зорка». Значнае месца ў пач. 1930-х г. занялі т. зв. агітпрапфільмы — ігравыя кінаілюстрацыі агітацыйна-прапагандысцкага характару «Хто лепш?», «Гонар», «Ураган». Карціна пра калектывізацыю на вёсцы — «Сонечны паход» (1931, рэж. У.Корш-Саблін). Цікавай спробай разгледзець жаночы лёс ва ўмовах сацыяліст. пераўтварэнняў на вёсцы быў фільм «Жанчына» (1932, рэж. Я.Дзіган). На «агітпрапаўскім» фоне вылучаліся гіст.-рэвалюцыйны фільм «Першы ўзвод» (1932, рэж. У.Корш-Саблін) і кінатвор пра сучаснасць «Двойчы народжаны» (1933, рэж. Э.Аршанскі, муз. да абодвух напісаў І.Дунаеўскі), стваральнікі якіх імкнуліся адысці ад вобразаў-тэзісаў і лозунгавага мыслення. У гэтых фільмах упершыню гук выкарыстоўваўся як паўнацэнны сродак маст. вырашэння. У значнай ступені эксперым. была сатыр. камедыя «Паручнік Кіжэ» (1933, рэж. А.Файнцымер, сцэн. Ю.Тынянава, муз. С.Пракоф’ева). Сярод лепшых фільмаў для дзяцей — экранізацыя аповесці Я.Маўра «Палескія рабінзоны» (1934, рэж. І.Бахар і Л.Малчанаў). Фільмы «Шлях карабля» (1935, рэж. Ю.Тарыч), «Шукальнікі шчасця» (1936, рэж. У.Корш-Саблін) прысвечаны фарміраванню чалавека ва ўмовах сацыяліст. рэчаіснасці (муз. І.Дунаеўскага дадавала ім папулярнасці). На гіст.-рэвалюцыйныя тэмы пастаўлены фільмы: «Балтыйцы» (1937, рэж. А.Файнцымер), «Адзінаццатага ліпеня» (1938, рэж. Ю.Тарыч), «Вогненныя гады» (1939, рэж. У.Корш-Саблін). Сярод фільмаў 1930-х г. значнае месца належала экранізацыям літаратурных твораў: «Салавей» паводле аднайм. аповесці З.Бядулі (рэж. Э.Аршанскі), «Маска», «Мянтуз» (рэж. абодвух С.Сплашноў), «Мядзведзь», «Чалавек у футарале» (рэж. абодвух І.Анненскі) паводле твораў А.Чэхава. Самы папулярны кінатвор таго часу — кінакамедыя «Маё каханне» (1940, рэж. У.Корш-Саблін, муз. І.Дунаеўскага).
У Вял.Айч. вайну бел. дакументалісты М.Бераў, І.Вейняровіч, У.Цяслюк здымалі хроніку на фронце і ў партыз. атрадах. З 1942 у Маскве на Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў выпускаліся кіначасопісы «Савецкая Беларусь», у якія ўваходзілі сюжэты пра беларусаў-франтавікоў, працу эвакуіраваных прадпрыемстваў, творчасць майстроў нац. мастацтва. У 1942 на Цэнтр. аб’яднанай кінастудыі ў Алма-Аце Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін стварылі кіназборнік «Беларускія навелы», прысвечаны барацьбе з ням.-фаш. акупантамі на бел. зямлі. У 1944 выйшлі фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (аўтары — У.Корш-Саблін і М.Садковіч), поўнаметражны дакумент. фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (рэж. У.Корш-Саблін, М.Садковіч, аператары 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў).
У першыя пасляваен. гады кінематограф асвойваў 3 асноўныя тэматычныя пласты: падзеі мінулай вайны, адраджэнне жыцця ў разбураных вайной вёсках і гарадах, культ. спадчына. З 1945 здымаліся кінанарысы, выйшла 12 нумароў кіначасопісаў. У кастр. 1946 кінастудыя «Савецкая Беларусь» перайменавана ў кінастудыю маст. і дакумент. фільмаў «Беларусьфільм». Аднавіўся выпуск маст. («Новы дом», 1947, рэж. У.Корш-Саблін) і дакумент. («Наваселле», 1947, рэж. І.Вейняровіч; «Савецкая Беларусь», 1948, рэж. Л.Голуб; 1951, рэж. У.Корш-Саблін, М.Краўчуноўскі і інш.) фільмаў. Найбольш значны фільм пасляваенных гадоў — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. У.Корш-Саблін і А.Файнцымер). Тэма Вял.Айч. вайны атрымала працяг у фільме пра Мінскае падполле «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958, рэж. М.Фігуроўскі). Экранізаваны п’есы бел. драматургаў: «Паўлінка» Я.Купалы (1952, рэж. А.Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953) і «Хто смяецца апошнім» (1954, рэж. абодвух У.Корш-Саблін) К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага (1955, рэж. А.Зархі). У 1950-я г. выйшлі фільмы пра сучаснасць: «Зялёныя агні» (1955, рэж. С.Сплашноў і І.Шульман), «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956, рэж. У.Корш-Саблін), «Нашы суседзі» (1957), «Каханнем трэба даражыць» (1959, рэж. абодвух С.Сплашноў), «Шчасце трэба берагчы» (1958, рэж. І.Шульман). Л.Голуб зняў дзіцячыя фільмы «Дзеці партызана» (1954, з М.Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1956), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959). Рэв. падзеям у Зах. Беларусі прысвечаны фільм «Чырвонае лісце» (1958, рэж. У.Корш-Саблін). З пабудовай у 1960 новага памяшкання студыі значна выраслі яе вытворчыя магчымасці. Створаны 3 творчыя аб’яднанні: маст., дакумент. і тэлевізійных (з 1968) фільмаў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Беларусі. Творчы калектыў кінастудыі папоўніўся маладымі кінематаграфістамі: рэжысёры У.Бычкоў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, аператары А.Аўдзееў, А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі, мастакі У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў. Дзейнічала маладзёжнае творчае аб’яднанне пад кіраўніцтвам С.Скварцова. У пач. 1960-х г. пачалі стварацца кінаальманахі «Апавяданні пра юнацтва», «Маленькія летуценнікі». Пастаўлены фільмы: «Дзень, калі мінае 30 год» (1961, рэж. В.Вінаградаў), «Апошні хлеб» (1963, рэж. Б.Сцяпанаў), «Увага! У горадзе чараўнік!» (1963, рэж. У.Бычкоў). Вырашаныя ў. героіка-рамант. плане эпапея «Першыя выпрабаванні» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1960—61), фільмы пра падзеі Кастр. рэвалюцыі «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970, рэж. усіх У.Корш-Саблін) не пазбаўлены стандартных рашэнняў. На рэальных гіст. фактах першых крокаў сав. дыпламатыі на міжнар. арэне заснавана карціна «Масква — Генуя» (1964, рэж. А.Спешнеў пры ўдзеле У.Корш-Сабліна і П.Арманда). Найб. значныя творы бел. кінамастацтва 1960-х г. прысвечаны Вял.Айч. вайне: экранізацыі аповесцей В.Быкава «Трэцяя ракета» (1963, рэж. Р.Віктараў), «Альпійская балада» (1965, рэж. Б.Сцяпанаў); фільмы рэжысёраў В.Турава «Праз могілкі» (1964), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967), «Сыны ідуць у бой» (1969); В.Вінаградава «Лісты да жывых» (1964), «Усходні калідор» (1966), «Чакай мяне, Ганна!» (1969); І.Шульмана «Чалавек не здаецца» (1960); І.Дабралюбава «Іван Макаравіч» (1968); Л.Голуба «Вуліца малодшага сына» (1962). З’явай у кінематографе стаў фільм-казка У.Бычкова «Горад майстроў» (1965).
У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, пераўтвораная ў 1968 у аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» «Беларусьфільма», дзе больш выразна пачалі выяўляцца новыя прынцыпы аўтарскага падыходу да жыццёвага матэрыялу. Сярод маладых яе рэжысёраў і аператараў П.Аліфярэнка, В.Дашук, С.Прошын, У.Скітовіч, В.Сукманаў, М.Хубаў, В.Шаталаў і інш. Значны ўклад у творчыя пошукі зрабіў паэт і сцэнарыст А.Вялюгін. Рэгулярна пачалі выходзіць на экраны кіначасопісы «Мастацтва», «Спартыўныя навіны». Створаны фільмы пра людзей яркіх біяграфій — «Дарога без прывалу» (1965, рэж. І.Вейняровіч), «Арліная крыніца» (1966, рэж. В.Сукманаў), пра падлетка-падпольшчыка Валодзю Шчарбацэвіча — «Пакараны смерцю ў 41-м» (1967, рэж. В.Чацверыкоў), аб асноўных этапах партыз. руху на Беларусі — «Генерал Пушча» (1967, рэж. І.Вейняровіч), галоўных этапах гісторыі рэспублікі — «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. І.Пікман, У.Цяслюк і Р.Ясінскі). Пры звароце да сучаснасці выкарыстоўваўся метад працяглага назірання: «Урок даўжынёю ў год» (1963, рэж. С.Фрыд і Р.Ясінскі), «Першыя ноты» (1967, рэж. В.Шаталаў). Зняты стужкі праблемнага характару — «Шчырая размова» (1966), «Гродзенскі кашалёк» (1967, рэж. абодвух М.Хубаў). У 1965 пачаўся выпуск тэлевізійных фільмаў у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Бел. тэлебачання («Матухны благаславенне», 1958, рэж. У.Кухта; «Снежны конь», 1962, рэж. Ю.Дубровін; «Зімовы дуб», 1963, рэж. М.Кожын; «Камлючок», 1968, рэж. М.Калінін). У 1960—70-я г. ў тэлекіно працавалі рэжысёры А.Гутковіч, Ю.Дубровін, І.Калоўскі, В.Карпілаў, У.Станкевіч, Ю.Сцяпанаў, Я.Шабан. Пазней ставілі фільмы С.Агеенка, У.Арлоў, В.Басаў, У.Бокун, А.Войніч, Н.Гаркунова, Л.Гедравічус, В.Жыгалка, А.Кашэўнікаў, У.Траццякоў, В.Шавялевіч, А.Шклярэўскі. З 1966 здымаліся тэлефільмы ў тэлевізійным аб’яднанні «Беларусьфільм». Ствараліся тэленавелы, экранныя мініяцюры: «Крокі па зямлі» (1968, рэж. І.Дабралюбаў), «Страказіныя крылы» (1968, рэж. К.Красніцкі), «Бераг прынцэсы Люські» (1969, рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (1969, рэж. В.Жарыкаў і В.Рыбараў), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1969, рэж. В.Рубінчык), «Сачыненне» (1970, рэж. І.Калоўскі). Сярод першых тэлесерыялаў: «Белая зямля» (1970, рэж. А.Карпаў-старэйшы), «Вашынгтонскі карэспандэнт» (1972, рэж. Ю.Дубровін), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972, рэж. М.Калінін), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Шульман); у т. л. для дзяцей — «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974, рэж. абодвух М.Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974, рэж. В.Рубінчык). Найб. значны тэлефільм — «Руіны страляюць...» (1971—72, рэж. В.Чацверыкоў) — пра Мінскае антыфаш. падполле.
У 1970—80-я г. пастаўлены кінафільмы пра сучаснасць: «Неспадзяванае каханне» (1970, рэж. І.Шульман), «Міравы хлопец» (1971, рэж. Ю.Дубровін), «Залаты ганак» (1972, рэж. І.Шышоў), «Вуліца без канца» (1972), «Расклад на паслязаўтра» (1978), «Белыя Росы» (1983, рэж. усіх І.Дабралюбаў), «Час яе сыноў» (1974), «Нядзельная ноч» (1976, рэж. абодвух В.Тураў), «Сын старшыні» (1976), «Узбочына» (1978, рэж. абодвух В.Нікіфараў), «Паводка» (1980, рэж. В.Чацверыкоў). Маладыя кінематаграфісты М.Лук’янаў, С.Сычоў і А.Яфрэмаў у 1977 зрабілі кінаальманах паводле апавяданняў В.Шукшына «У профіль і анфас». Рэж. Л.Нячаеў паставіў дзіцячыя тэлефільмы-казкі ў жанры мюзікла «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоную Шапачку» (1977), «Прададзены смех» (1981), «Казка пра Зорнага Хлопчыка» (1983), «Рыжы, сумленны, закаханы...» (1984), «Пітэр Пэн» (1987). Кінематаграфісты звярталіся і да гіст. мінулага. Пра жыццё і дзейнасць бел. асветніка зняты фільм «Я, Францыск Скарына...» (1969, рэж. Б.Сцяпанаў); В.Рубінчык стварыў карціны «Магіла льва» (1971), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979). Рэв. падзеям на Беларусі прысвечаны фільмы «Рудабельская рэспубліка» (1971, рэж. М.Калінін), «Хлеб пахне порахам» (1973, рэж. В.Нікіфараў). Эпізоды гісторыі пагранічнай службы адлюстраваны ў шматсерыйным тэлефільме «Дзяржаўная граніца» (1980—88, рэж. В.Нікіфараў і Б.Сцяпанаў). Тэма Вял.Айч. вайны мела працяг у фільмах пра бел. партызан М.Шмырова — «Бацька» (1971, рэж. Б.Сцяпанаў), пра В.Каржа «Трэцяга не дадзена» (1980, рэж. І.Дабралюбаў), славака Яна Налепку «Заўтра будзе позна...» (1972, рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Біяграфія легендарнага К.Арлоўскага адлюстравана ў дакумент. фільме «У агні жыцця» (1970, рэж. І.Вейняровіч). Падзеі партыз. руху на Беларусі абагульнены В.Чацверыковым у фільме-эпапеі «Полымя» (1974), яго фільм «Чорная бяроза» (1977) пра ваенныя лёсы будучых будаўнікоў Мінскага аўтазавода. Вял.Айч. вайне прысвечаны фільмы для дзяцей «Пяцёрка адважных» (1970, рэж. Л.Мартынюк), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975, рэж. абодвух Л.Голуб), «Зімародак» (1972, рэж. В.Нікіфараў). У жанры кінапаэмы вырашаны фільм «Вянок санетаў» (1976, рэж. В.Рубінчык). У дакумент. кіно падзеі Вял.Айч. вайны адлюстраваны ў фільмах «Бронзавы салдат» (1970, рэж. Б.Сарахатунаў), «Балада пра мужнасць і любоў» (1972, рэж. І.Вейняровіч), «Абпаленая памяць» (1974, рэж. А.Канеўскі), «Навальнічная далеч памяці» (1983, рэж. В.Сукманаў, Р.Ясінскі). З’явай ва ўсёй сав. кінадакументалістыцы сталі 2 цыклы фільмаў В.Дашука: пра зверствы гітлераўцаў на бел. зямлі — «Жанчына з забітай вёскі», «Жменя пяску», «Немы крык» (усе 1975), «Суд памяці» (1976); пра дзяўчат, удзельніц вайны — «Гэта была не я» (1981), «Страляць хацела», «Раніца туманная, раніца сівая...», «Я вас сустрэў...» (усе 1982), «Калі народзіцца дзяўчынка» (1983), «Тады я не плакала», «Міласэрнасць» (абодва 1984). Экранізаваліся творы бел. і рускай літаратуры. Да твораў Я.Купалы звярнуліся ў маст. кіно Б.Луцэнка («Раскіданае гняздо», 1981), у тэлекіно — В.Раеўскі («Па шчасце, па сонца», 1971, з В.Акімушкіным), Б.Бахціяраў («Гусляр», 1982, паводле паэмы «Курган»), Н.Арцімовіч («На Куццю», 1982), у кінадакументалістыцы — В.Дашук («А зязюля кукавала...», 1972). Вобразы твораў Я.Коласа ўвасоблены ў маст. тэлефільмах «І смех, і бяда» (1973, рэж. Я.Шабан), «Сымон-музыка» (1977) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух У.Траццякоў). Паводле трылогіі І.Мележа «Палеская хроніка» рэж. А.Гутковіч зняў тэлефільм «Людзі на балоце» (1965), рэж. В.Тураў стварыў кінаэпапею з 2 стужак «Людзі на балоце» (1981), «Подых навальніцы» (1982) і 8-серыйны тэлефільм «Людзі на балоце» (1984). Аповесць І.Шамякіна «Вазьму твой боль» (1980) і раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» (1983) экранізаваў М.Пташук. Паводле твораў В.Быкава пастаўлены маст. фільм «Воўчая зграя» (1975, рэж. Б.Сцяпанаў), тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975, А.Карпаў), «Фруза» (1981, рэж. В.Нікіфараў). Фільмы рэж. В.Рыбарава «Чужая Бацькаўшчына» (1982) паводле рамана В.Адамчыка, «Сведка» (1985) паводле аповесці В.Казько «Суд у Слабадзе», Э.Клімава «Ідзі і глядзі» (з «Масфільмам», 1985) паводле «Хатынскай аповесці» і «Карнікаў» А.Адамовіча сведчылі аб новым этапе асэнсавання гіст. мінулага. Пастаўлены тэлефільмы паводле твораў І.Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971, рэж. В.Тураў), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975, рэж. В.Рубінчык), «Зацішша» (1981, рэж. В.Чацверыкоў), «Бацькі і дзеці» (1984, рэж. В.Нікіфараў).
Перыяд на мяжы 20—21 ст. у бел.маст. кіно — час змяншэння выпуску фільмаў, зніжэння крытэрыяў і арыенціраў. Дамінуе развіццё дакументалістыкі і анімацыі. З 1989 працуе «Белвідэацэнтр», у якім ствараюцца відэафільмы, прысвечаныя культурна-гіст. падзеям. Пастаўлены маст. фільмы пра сучасныя праблемы: у жанры меладрамы — «Гульня ўяўлення» (1995, рэж. М.Пташук), «Батанічны сад» (1997, рэж. У.Гасцюхін), «Павадыр» (2001, рэж. А.Яфрэмаў); у жанры дэтэктыва — «Гладыятар па найме» (1993), «Паміж жыццём і смерцю» (2002, рэж. абодвух Дз.Зайцаў), «Сын за бацьку» (1995, рэж. М.Яроменка-малодшы), «Уцёкі ад смерці» (1996, рэж. В.Дзяругін), «Забіць прытворшчыка» (1997, рэж. В.Марчанкова); у жанры фантастыкі — «Анамалія» (1993, рэж. Ю.Ялхоў), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1994, рэж. В.Тураў); у жанры камедыі — «Тры жанчыны і мужчына» (1998, рэж. В.Дудзін), «Армія Выратавання» (1999, рэж. Я.Краўцоў), «Свежына з салютам» (2001, рэж. І.Паўлаў). Спробы больш паглыблена акрэсліць персанажы стужак адчуваюцца ў псіхалагічных драмах «Мяне завуць Арлекіна» (1988), «Прыкаваны» (2002, рэж. абодвух В.Рыбараў), «Восеньскія сны» (1987, рэж. І.Дабралюбаў), «Кветкі правінцыі» (1994, рэж. Дз.Зайцаў). Экранізаваліся творы А.Пушкіна (2-серыйны кінафільм і 4-серыйны тэлефільм «Высакародны разбойнік Дуброўскі», 1988, рэж. В.Нікіфараў), М.Гогаля (дакумент.-маст. тэлефільм «Несыграная роля», 1999, рэж. Н.Гаркунова), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1991, рэж. Я.Маркоўскі), М.Булгакава («Нататкі маладога доктара», 1991, рэж. М.Якжэн), Э.Ажэшкі (тэлефільм «Хам», 1990, рэж. Дз.Зайцаў і С.Шульга). Тэма рэпрэсій і падзеі вайны адлюстраваны ў фільмах М.Пташука «Знак бяды» (1986) — экранізацыя аповесці В.Быкава, «Наш бронецягнік» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», ці Будзе доўгім развітанне» (1992). Пасля пэўнага перапынку бел. кінематаграфісты зноў звярнуліся да тэмы Вял.Айч. вайны. Экранізавана ваенная проза В.Быкава: «Яго батальён» (1988, рэж. А.Карпаў-старэйшы), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.Мароз). Зняты эпічныя тэлесерыялы: маст. фільм «Плач перапёлкі» паводле твораў І.Чыгрынава (1991, рэж. І.Дабралюбаў), дакумент. фільм «Пасля Перамогі» (1994—95, рэж. В.Жыгалка і С.Шчаглоў). Дакументалісты расказваюць пра духоўна-маральны вопыт ваеннага пакалення праз успаміны, дзённікі, дакументы ўдзельнікаў вайны («Мы марылі пра мір», 1995, рэж. С.Жыткевіч; «Зямля, зямлянкі, землякі», 1996, рэж. В.Жыгалка, С.Шчаглоў; «Адзін з многіх», 2000, рэж. Т.Вашчанка; «Ад зор чэрвеньскіх...», 2000, рэж. У.Цяслюк; «Апошнія сведкі», 2001, рэж. Ф.Кучар; «Салдаты Італіі», 2002, рэж. А.Алай). Вострадраматычныя падзеі канца вайны адлюстраваны ў фільме пра вызваленне Польшчы («З пекла ў пекла», 1996, рэж. Дз.Астрахан). Пра дзейнасць разведчыкаў у час вайны дакумент. фільмы «Эцьен. Вяртанне» (1998), «Кент, ці Вялікая гульня «маленькага шэфа» (2000, рэж. абодвух С.Агеенка), «Апошні з групы «Джэк» (2000, рэж. В.Жыгалка). У дынамічна-экспрэсіўным маст. фільме «У жніўні 44-га...» (2000, рэж. М.Пташук) у эпічна-манум. плане паказана карціна вызвалення Зах. Беларусі ад ням.-фашысцкіх захопнікаў. Абагульнены вобраз ваеннага пакалення створаны ў дакумент. тэлефільмах «Курган» (1995, рэж. В.Басаў), «Святыні беларускай зямлі. Брэст» і «Святыні беларускай зямлі. Хатынь» (2000, рэж. абодвух В.Купрыянаў). Узрасла цікавасць да шматвяковай гісторыі Беларусі, па-новаму асэнсоўваюцца падзеі мінулых дзесяцігоддзяў. Створаны дакумент.-маст. тэлецыкл В.Шавялевіча: «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90), «Прыйдзі і віждзь» (1992), «Пастка для зубра» (1994), «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000—2002) пра гісторыю Беларусі 9—16 ст. У маст. тэлекіно пастаўлены гіст. меладрамы «Раман імператара» (1994, рэж. Дз.Ніжнікоўская), тэлесерыял «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.Арлоў). У жанры легенды вырашаны гіст.-прыгодніцкі фільм «Анастасія Слуцкая» (2003, рэж. Ю.Ялхоў) пра абарону Слуцка ад татарскага набегу ў пач. 16 ст.
Зняты дакумент. фільмы пра гіст.-культ. помнікі: «Чорная дама» (1992), «Брэст» (1993), «Куток Радзімы — Іўе» (1994) і «Нясвіжскі фарны» (1997, рэж. усіх Л.Гедравічус), «Мсціслаў. Жнівеньскія нататкі» (1994), «Гальшаны на мове вады» (1995) і «Заслаўе. Фрагменты стагоддзяў і жыццяў» (1997, рэж. усіх Т.Кіракозава), «Крэва» (рэж. М.Жданоўскі), «Каложская царква» (рэж.
Ю.Ківалаў-Станкевіч, абодва 1996), «Бярэсце» (1997, рэж. В.Сюмакоў), «Замкі Беларусі» (1998, рэж. В.Шышоў), «Крэва» (1997), «Навагрудак» (1998), «Сцены старажытнага Гродна» (1999) і «Гродна. Фарны касцёл» (1999, рэж. усіх С.Пятроўскі). Тэма хрысц. каштоўнасцей увасоблена ў дакумент. тэлефільмах В.Шавялевіча «Па дарогах «Слова аб паходзе Ігаравым» (1986), «Уладыка» (1993), «Пад крыламі Ефрасінні» (1997), «Крыжу твайму» (1998), «Пісьмы пра добрае і прыгожае» (1998—99), В.Моракавай «Ефрасіння Полацкая» (1989), С.Гайдука «Запавет Ефрасінні» (1997). Рэліг. дзеячам, асветнікам прысвечаны дакумент. фільмы «Сімяон Полацкі» (1995, рэж. С.Гайдук), «Зорка Афанасія» (1997, рэж. М.Князеў) пра А.Філіповіча, «Слова да вас, Георгій Каніскі» (1998, рэж. Б.Калякін, В.Купрыянаў), «...3 забыцця і праху...» Іаан Грыгаровіч» (2000, рэж. М.Якжэн). Дзеячам гісторыі і культуры прысвечаны фільмы «Паланэз для касінераў» (1994) пра Т.Касцюшку, «І засталася музыка» (1998) пра М.К.Агінскага (рэж. абодвух Р.Ясінскі), «Ніколі я не паміраў» (1992), «Імша па Купале» (1993, рэж. абодвух У.Бокун) пра Я.Купалу, «Максім Багдановіч» (1992, рэж. В.Каралёў), «Максім Гарэцкі» (1993, рэж. Ю.Цвяткоў і В.Купрыянаў), «Што ў Пімене табе маім?» (1997, рэж. Г.Адамовіч) пра П.Панчанку, «За Кушлянамі снег» (1996, рэж. М.Жданоўскі) пра Ф.Багушэвіча, «Навагрудак. Чытаючы А.Міцкевіча» (1980, рэж. А.Рудэрман), «Балада пра Свіцязь» (1997, рэж. С.Шчаглоў) і «Два стагоддзі Адама Міцкевіча» (1998, рэж. М.Жданоўскі) пра А.Міцкевіча. Абуджэнне цікавасці да стараж. гісторыі праявілася ў экранізацыі п’есы У.Караткевіча «Маці ўрагану» (1990, рэж. Ю.Марухін). Факты біяграфіі пісьменніцы Л.Геніюш пакладзены ў аснову маст. фільма «Птушкі без гнёздаў» (1996, рэж. В.Дудзін). Дакумент. фільмы «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Беларусь Напалеона Орды» (1994, рэж. М.Жданоўскі), «Летуценні Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка) пра славутых мастакоў Беларусі. Вобразы бел. пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі ў маст. тэлефільме «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1992, рэж. В.Басаў), у дакумент. карцінах «Пасля пленэру. Час цішыні» (1996, рэж. Б.Берзнер), «Вяртанне ў вырай» (1999, рэж. В.Шышоў). Пра маст. школу Віцебска створаны фільмы «Калі Віцебск быў Парыжам» (1992, рэж. У.Бокун), «Дом Шагала» (1994, рэж. М.Дзінаў), «Засталася душа яго тут» (1997, рэж. Ю.Гарулёў), «Мой пачатак» (1998), «Зорнае неба Віцебска» (2000, рэж. абодвух Н.Гаркунова), «Малако без бутэлькі» (1999, рэж. М.Князеў).
Пастаўлены фільмы пра сучасных мастакоў: «Апаленая памяць» (1974, рэж. А.Канеўскі), «Доўг памяці» (1982, рэж. Б.Гарошка), «Міхаіл Савіцкі» (1992, рэж. С.Жыткевіч), «Крыж надзеі» (1997, рэж. В.Шавялевіч) пра М.Савіцкага, «Аляксандр Кішчанка. Гульні генія» (1995, рэж. Я.Росцікаў), «Мастак Леанід Шчамялёў» (1998, рэж. Ю.Марухін), «Іван Ахрэмчык у часе» (1998, рэж. С.Агеенка), «Маё Палессе» (1981, рэж. Ю.Марухін), «Адлучэнне. Смутак» (1993, рэж. С.Лук’янчыкаў), «Мастак Гаўрыіл Вашчанка» (2002, рэж. А.Суханава) пра Г.Вашчанку, «Пад знакам любові» (1997, рэж. В.Шавялевіч) пра А.Кузьміча, «Мара» (1992, рэж. У.Арлоў) пра А.Марачкіна, «На зямлі і ў нябёсах. Павел Масленікаў» (2000, рэж. С.Агеенка), «Дагараючы вечар чалавечага жыцця» (2001, рэж. У.Траццякоў) пра Я.Чамадурава, «Дрэва за акном. Мастак Яўген Ігнацьеў» (1999, рэж. М.Якжэн), «Фауст Арлена» (1996, рэж. Г.Адамовіч) пра А.Кашкурэвіча і яго сына І.Кашкурэвіча, «Запрашэнне ў Мадрас» (1978, рэж. В.Шаталаў), «Як цяжка паўтарыць жывую прыгажосць» (1979, рэж. А.Чакмянёў), «Наталля і Георгій» (2001, рэж. В.Скварцова) пра Г. і Н. Паплаўскіх. Бел. скульптарам прысвечаны фільмы «З надзеяй і любоўю» пра З.Азгура (1995, рэж. Ф.Кучар), «Партрэт у рост» пра С.Гарбунову (1999, рэж. Л.Гедравічус), «Анатоль Аляксандравіч Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч), «Дотык да вечнасці» пра В.Занковіча (2000, рэж. А.Кашэўнікаў).
Шматколернае прафес. і нар. мастацтва адлюстравана ў карцінах «Жывая дрэва душа» (1985, рэж. Л.Гедравічус), «Агонь мігатлівы ў сасудзе» (рэж. Дз.Міхлееў), «Іосіф і яго брат Пётр» (рэж. С.Лук’янчыкаў), «Каб квітнела любоў» (рэж. М.Князеў), «Неглюбскі лістапад» (рэж. С.Гайдук, усе 1994), «Мастацтва зямлі і агню» (1995), «Падвор’е» (1996, рэж. абодвух А.Суханава), «Сямейны блюз пад гукі акарыны» (1996, рэж. Р.Грыцкова), «Штукар Ямеля з Хальча» (1996), «Ці застанецца спадчына?» (1999, рэж. абодвух В.Каралёў), «Нёманская вясёлка» (1998, рэж. С.Пятроўскі). Зняты дакумент. фільмы пра музеі Беларусі: «Імгненні музейнай цішыні» (1986, рэж. У.Бокун), «Дырэктар музея» (1998, рэж. І.Волах), «Ронда» (1998, рэж. С.Галавецкі), «Дом на былой Сялянскай» (1981, рэж. У.Бокун), «Дабрахожыя» (1991, рэж. В.Урагаў), «Веткаўская Атлантыда» (1994, рэж. С.Галавецкі), «Свой голас» (2000, рэж. С.Смірноў). Створаны дакумент. фільмы пра бел. акцёраў тэатра і кіно: «У юбілей — выхадны дзень» (1990, рэж. Б.Берзнер), «Прызнанне ў каханні» (1994, рэж. В.Моракава) пра акцёраў Нац.акад.драм.т-ра імя М.Горкага; «Маналог з адступленнямі» (1987, рэж. Л.Гедравічус) пра Р.Янкоўскага; «Гасцюхін» (1995, рэж. М.Князеў); «Брава, Браварская» (1997, рэж. С.Гайдук); «Фёдар Шмакаў. Фрагменты» (1998, рэж. В.Аслюк); «Маналогі за кадрам» (1991, рэж. У.Цяслюк) пра Г.Гарбука; «Артыст Генадзь Аўсяннікаў» (1990, рэж. Б.Берзнер); «У палоне сваіх роляў» (2002, рэж. А.Бугор) пра Г.Давыдзьку; «Такі вось лёс» (1994, рэж. А.Канеўскі) пра Т.Мархель; «Святлана» (1997, рэж. А.Трафіменка) пра С.Акружную; «Нясумны сад Фамы Варанецкага» (2001, рэж. С.Кацьер); «Нерастрачаны час» (1996, рэж. М.Князеў) і «Мікалай Яроменка-старэйшы. Пасляслоўе» (2001, рэж. В.Дудзін).
Значныя набыткі бел. дакументалістыкі звязаны з т. зв. візуальнай антрапалогіяй. Створаны унікальны цыкл этнамузыкалагічных фільмаў паводле сцэнарыяў музыказнаўцы З.Мажэйкі: «Палескія калядкі» (1972), «Галасы вякоў» (1979), «Памяць стагоддзяў» (1982, рэж. усіх Н.Сава), «Палескія вяселлі» (1986), «Крывыя вечары» (1993, рэж. абодвух Ю.Лысятаў), «Пранясі, Божа, хмару» (1990, рэж. А.Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. С.Гайдук). У фільмах цыкла ў вобразнай форме зафіксаваны гукаідэал народа, яго інтанацыйны эталон як праява нац. менталітэту. Значэнне нар.муз. культуры вобразна раскрыта ў 1970—90-я г. ў фільмах дакументалістаў Р.Грыцковай («Хутка летца мінецца», «Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава»), І.Волах («Калядныя цары», «Хрэсьбіны»), С.Гайдука («Мужчынскі рой»), А.Шклярэўскага («Карагод»), У.Міхарскага («Іграюць вяселле гармонікі»), У.Арлова («Суботы з дзядзькам Монічам», «Тры тысячы песень», «Як пайду я дарогай»), Л.Гедравічуса («Сцісні ў жмені», «Песня на ўсё жыццё»), В.Скварцовай («Мая 80-я восень»), М.Жданоўскага («У хвіліны музыкі»). Муз. спадчына беларусаў адлюстравана ў фільме «Полацкі сшытак» (1988, рэж. Л.Гедравічус) — экраннай рэканструкцыі вобразаў свецкай музыкі бел. барока 17 ст. У 1970—90-я г. зняты фільмы-канцэрты з удзелам вядучых муз. калектываў рэспублікі, фільмы-спектаклі. Створаны фільмы-партрэты кампазітараў: «І песня ўзлятае сама» (1972, рэж. У.Арлоў) пра У.Алоўнікава, навела «Эцюд» у фільме «Тварам да вас» (1976, рэж. В.Шавялевіч) пра Л.Шлег, «Ты мне вясною прыснілася» (1980, рэж. Ю.Сцяпанаў) пра Ю.Семяняку, «Фантазіі на тэму» (1981), «Урыўкі з ненапісанага. Яўген Глебаў» (1999, рэж. абодвух У.Арлоў), «Яўген Глебаў. Васемнаццаць гадоў пазней» (1995, рэж. С.Лук’янчыкаў) і «Майстар» (2000, рэж. М.Жданоўскі) пра Я.Глебава, «Картэс» (1997, рэж. Я.Росцікаў) пра С.Картэса. З 1999 г. на «Белвідэацэнтры» ствараецца цыкл экалагічных фільмаў: «Жывыя сведкі ледавікоў», «Лясныя хованкі», «Жывая вада», «Жабы на дарогах», «У царстве бакланаў і чапляў», «Чаму ў бабра падрапаны нос», «Апошнія арлы» (рэж. усіх І.Бышнёў). У кіно 1990-х г. увасабляецца тэма Чарнобыля і яго наступстваў: маст. фільмы — «Чорны бусел» (1993, рэж. В.Тураў), «Душа мая, Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999, рэж. абодвух В.Нікіфараў), «Эпілог» (1994, рэж. І.Дабралюбаў); дакумент. — «Жылі-былі людзі» (1991, рэж. В.Жыгалка), «Бяда» (1992, рэж. У.Цяслюк), «Імгненні радасці» (1993, рэж. В.Басаў), «Зона адчужэння» (1994, рэж. С.Бондараў), «Чарнобыль. Попел» (рэж. С.Лук’янчыкаў), «Чарнобыльская восень» (рэж. А.Франскевіч, абодва 1996), «Жыццё пасля Чарнобыля» (1999, рэж. У.Цяслюк), «Жылі-былі...» (рэж. Г.Адамовіч), «Хойніцкія хронікі» (рэж. М.Князеў, абодва 2001). Створаны маст. фільмы для дзяцей у жанры кінафантастыкі («Вогненны стралок», 1994, рэж. М.Князеў; «Падзенне ўверх», 1998, рэж. А.Трафіменка), жорсткай сац. драмы («Шэльма», 1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў; «Маленькі баец», 1998, «Зорка Венера», 2000, рэж. абодвух М.Касымава), камедыі («Аб тым, як Колька і Пецька ляталі ў Бразілію», 1998, рэж. Р.Грыцкова), лірычнай аповесці з элементамі кінаказкі («Бальная сукенка», 2003, рэж. М.Касымава, І.Волах).
З 1970-х г. развіваецца анімацыя (маляваная, лялечная, перакладная і ў галіне змешанай тэхнікі). Пастаўлены фільмы-казкі рэжысёрамі Л.Шукалюковым («Аленчына кураня», 1974; «Касар-волат», 1976), Ю.Бутырыным («Мілавіца», 1977; «Светлячок і Расінка», 1978), К.Красніцкім («Лістападнічак», 1977; «Ціхае балота», 1979; «Пінчэр Боб і сем званочкаў», 1984; «Як дзед за дажджом хадзіў», 1986; «Хлопчык і праменьчык», 1987; «Мая маці — чараўніца», 1989), М.Лубянікавай («Цімка і Дзімка», 1975), Н.Лось («Гліняная Аўдотка», 1984), В.Доўнарам («Як Васіль гаспадарыў», 1983), Т.Жыткоўскай («Кацяня Філя і...», 1981; «Дыназаўрык», 1982; «Фантазіі Сідарава», 1991; «Гора горкае», 1997; «Фантазёрка», 1999), Я.Ларчанкам («Дудка-весялушка», 1978; «Дзед і Жораў», 1983; «Кацігарошак», 1990; «Шэры конік», 1992), І.Волчакам («Як ліса ваўка судзіла», 1989), У.Пяткевічам («Ёрш і Верабей», 1999), А.Туравай («Пра рыцара, які нічога не баяўся», 1991; «Балада пра тры апельсіны», 1995; «Казка пра Сінюю Світку», 1996; «Музыкант-чарадзей», 2000; А.Ленкіным («Зімоўе звяроў», 1999; «Яма, танцы, чатыры струны», 2000). Дарослым адрасаваны фільмы-прытчы, элегіі, экранныя медытацыі, якія насычаны паэт. метафарамі, сімваламі, прасякнуты аўтарскім роздумам пра чалавека ў сусвеце: «Лафертаўская макаўніца» (1986), «Жыло-было дрэва...» (1996), «Казкі лесу» (1996), «Сава» (1998, аўтары ўсіх У. і А. Пяткевічы), «Капрычыо» (1986), «Канчэрта гроса» (1988), «Скерца» (1994), «Пастараль» (1998; рэж. усіх І.Волчак), «Песня пра зубра» (1982, рэж. А.Белавусаў), «Меч» (1998, рэж. В.Доўнар). А.Ленкін звярнуўся да анімацыйных камед. серыялаў («Рэактыўны парсючок-1», 1994—2004). Распрацоўка жанравай палітры анімацыі, пошукі сінтэзу розных навейшых тэхнік адчуваюцца ў кінаальманахах, што аб’ядноўваюць асобныя навелы: «Крокі» (1998, рэж. В.Альковіч, В.Бакуновіч, М.Тумеля), «Лабірынт-1» (1990, рэж. М.Берэнштэйн, Н.Касцючэнка, Л.Крэсікаў, А.Ленкін), «Лабірынт-2» (1992, рэж. І.Волчак, В.Доўнар, А.Суслава). У жанры філас. прытчы на тэмы хрысц. каштоўнасцей вырашаны фільмы І.Кадзюковай («Прытча пра Гасана», 1987; «Калядныя апавяданні», 1994; «Дзяўчынка з запалкамі», 1996; «Дзіўная вячэра на Куццю», 1999; «Прытча пра Каляды», 2000; «Сястра і брат», 2002; «Легенда пра лэдзі Гадзіву», 2004). Бел. анімацыйныя фільмы адзначаны прызамі на міжнар. кінафестывалях у Расіі, Германіі, Францыі, Партугаліі, Канадзе, Японіі і інш. краінах. У бел.маст. кіно выразныя, яскравыя вобразы ў розныя гады стварылі акцёры: В.Арланава, Г.Аўсяннікаў, У. і З.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, У.Гасцюхін, Г.Глебаў, С.Зелянкоўская, М.Кірычэнка, А.Клімава, А.Кот, У.Крыловіч, Г.Макарава, В.Манаеў, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, С.Станюта, С.Сухавей, В.Тарасаў, Р.Янкоўскі, М.Яроменка. Плеяду майстроў экраннай пластыкі склалі аператары бел. кіно: Б.Аліфер, А.Аўдзееў, А.Забалоцкі, Ф.Кучар, Т.Логінава, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі, У.Спарышкоў, А.Суханава, Ю.Ялхоў. Візуальны вобраз фільмаў бел. кіно ўзбагацілі мастакі: Я.Ганкін, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў, В.Назараў, А.Чартовіч. Плённа працавалі ў кіно як драматургі бел. пісьменнікі: В.Быкаў, А.Адамовіч, А.Дудараў, У.Караткевіч, А.Макаёнак, Г.Марчук. Гуказрокавы вобраз карцін узбагацілі сваёй музыкай кампазітары Я.Глебаў, В.Капыцько, І.Лучанок, А.Янчанка. Кадры для бел. кіно рыхтуюцца ў Бел.АМ. Сярод іх: Г.Адамовіч, В.Аслюк, І.Волах, Р.Грыцкова, А.Кудзіненка, А.Трафіменка, І.Чацверыкоў. Кінадраматургаў рыхтуе Бел. універсітэт культуры. Пытанні бел. кіно і тэлебачання асвятляюцца ў часопісах «Мастацтва», «На экранах» і «Роднае слова». Навукова-даследчая работа праводзіцца ў аддзеле кіна- і тэлемастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Літ.:
История белорусского кино. Кн. 1—2. Мн., 1969—1970;
Кино Советской Белоруссии. М., 1975;
Современное белорусское кино. Мн., 1985;
Экран и культура: Бел. кино и телевидение в системе худож. культуры. Мн., 1988;
Гісторыя кінамастацгва Беларусі: У 4 т. Т. 1—3. Мн., 2001—04;
Белорусское кино: Молодые режиссёры. Мн., 1999;
Экран и культура (Белорусское документальное кино и культура Беларуси): К 75-летию бел. кино: Сб. материалов научно-практ. конф. Бел. союза кинематографистов, Мин-ва культуры Респ. Беларусь, НАН Беларуси, Минск, 27—30 сент. 1999. Мн., 1999;
Белорусское игровое кино на пороге XXI века: Реальность и перспектива. Мн., 2000;
Концепция развития белорусского кино. Мн., 2001;
Все белорусские фильмы: Кат.-справ. Т. 1—2. Мн., 1996—2000;
Белорусская культура и кино: Тематич. кат.бел. документ. фильмов. Мн., 2002.
А.В.Красінскі, В.Ф.Нячай.
Кадр з фільма «Лясная быль». 1926.Кадр з фільма «Рыжы, сумленны, закаханы...». 1984.Экранізацыя «Палескай хронікі» І.Мележа. 1981—82.Кадр з тэлефільма «Бацькі і дзеці». 1984.Кадр з фільма «Павадыр». 2001.Кадр з фільма «Паміж жыццём і смерцю». 2002.Кадр з тэлефільма «Хам». 1990.Кадр з фільма «Анастасія Слуцкая». 2003.Кадр з фільма «Знак бяды». 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ПАЧАТКУ 20 ст.
У пач. 20 ст.асн. цэнтрамі бел.нац. адраджэння з’яўляліся Вільня і Мінск. Газ. «Северо-Западный край», створаная ў 1902 на базе газ. «Минский листок», друкавала гіст., фалькл. і этнагр. матэрыялы, апавяданні і нарысы А.Пшчолкі, верш Я.Купалы «Мужык». У 1903 утворана Бел.сацыяліст. грамада (першапачаткова наз.Бел.рэв. грамада) на аснове нац.-культ. гурткоў студэнцкай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Заснавальнікамі і кіраўнікамі былі браты І. і А. Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі (Вацюк Тройца), А.Уласаў і інш. У Пецярбургу каля 1902 арганізаваны гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы» і разгортвалася выдавецкая дзейнасць. Асабліва магутны імпульс нац.-вызваленчаму руху дала рэвалюцыя 1905—07: знята забарона бел. друкаванага слова, у выніку чаго актывізавалася літ.-грамадскае жыццё, пачалі дзейнічаць выдавецкія таварыствы, выдавацца газеты, часопісы, літ. зборнікі, альманахі. У гэты час цэнтрам бел. адраджэння стала Вільня, дзе ў друкарні М.Кухты выйшлі творы М.Багдановіча, Цёткі і інш.; перавыдадзены «Дудка беларуская» (1907) і «Смык беларускі» (1908) Ф.Багушэвіча, пераклад В.Дуніным-Марцінкевічам «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1907). Тут выдаваліся першыя легальныя газеты на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», у якіх у розны час працавалі і друкаваліся З.Бядуля, Я.Колас, Я.Купала, С.Палуян, Цётка, Ядвігін Ш. Перыяд з 1906 па 1915, калі выходзіла «Наша ніва», атрымаў назву «нашаніўскі». Апрача бел. твораў, у газеце друкаваліся пераклады твораў рус. пісьменнікаў (М.Горкі, А.Кальцоў, І.Крылоў, А.Майкаў, М.Някрасаў, А.Пушкін, А.Чэхаў), польскіх (С.Жаромскі, М.Канапніцкая, А.Міцкевіч, К.Пшэрва-Тэтмаер), бел.-польскіх (У.Сыракомля), укр. (М.Крапіўніцкі, А.Крымскі, А.Алесь, Т.Шаўчэнка). У той жа час у рус., укр., польскіх, чэш.перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра бел. адраджэнне і літаратуру. На ўкр. мове асобнай брашурай выйшаў нарыс І.Свянціцкага «Адраджэнне беларускай літаратуры» (1908), дзе ўпершыню апубл. вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». У «Нашай ніве» публікаваліся рэцэнзіі на паэт. зборнікі, з праблемнымі артыкуламі актыўна выступалі А.Луцкевіч, Я.Купала, М.Бабровіч і інш.Бел. пісьменнік і крытык С.Палуян друкаваўся ва ўкр. газетах і часопісах, пісаў пра творчасць М.Кацюбінскага, В.Стафаніка, І.Франко, Т.Шаўчэнкі. Пра рус. і ўкр. пісьменнікаў публікаваў артыкулы М.Багдановіч.
Бел. літаратура пач. 20 ст. актыўна засвойвала прагрэсіўныя традыцыі слав. і сусветнай літаратур, разам з тым набывала адраджэнска-патрыятычны пафас. У творчасці бел. пісьменнікаў пераадольваліся апісальнасць, бытавізм, прыземленасць, паглыбляўся індывідуальна-філасофскі пачатак, узніклі новыя ідэі сац. і нац. вызвалення, гуманіст. ўзвышэння асобы, услаўлення агульначалавечых каштоўнасцей. Пачала распрацоўвацца пейзажная, філасофская, інтымная тэматыка. Бел. літаратура, адначасова развіваючыся ў нар.-дэмакр., рэаліст. і рамантычна-ірацыянальным рэчышчы, арганічна ўключылася ў еўрап. літаратурны працэс; яе маст. спецыфіка заключалася ў паскоранасці развіцця, ва ўзаемадзеянні з новымі маст. плынямі (сімвалізм, імпрэсіянізм). Асаблівы ўплыў на лёс Беларусі зрабіла 1-я сусв. вайна, якую бел. пісьменнікі асудзілі як злачынства супраць народаў. У 1914 у «Нашай ніве» апубл. верш А.Гаруна «Праводзіны», дзе вайна паказана як сорам і ганьба для свету.
У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў бел. адраджэнне дасягнула значных поспехаў у развіцці перыёдыкі і маст. літаратуры. З’явіліся перыяд. выданні «Гоман» (1916—18), «Вольная Беларусь» (1917—18), «Беларускі шлях» (1918), «Звон» (1919), «Беларусь» (1919—20), «Беларуская думка» (1919), «Рунь» (1920) і інш. Пабачылі свет многія творы, якія пазней сталі класічнымі: 1-ы варыянт паэмы «Сымон-музыка», «Казкі жыцця» і вершы Я.Коласа, апавяданні і аповесці М.Гарэцкага, многія вершы Я.Купалы, публіцыстыка Я.Купалы, Я.Лёсіка, А.Луцкевіча і інш. Упершыню надрукаваны камедыі В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты», апавяданне А.Плуга «Кручаная баба», творы Л.Вітан-Дубейкаўскага, К.Каганца і інш. У перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра мінулае бел. народа і культуру перыяду ВКЛ, пра асаблівасці і заканамернасці бел. мовы, пра пошукі шляхоў нац. адраджэння і развіцця. 1917—20 у гісторыі бел. л-ры займаюць асаблівае месца. Войны, акупацыі, 2 рэвалюцыі і звязаныя з імі грамадскія катаклізмы сталі выпрабаваннем для ўсёй ідэалогіі нац. адраджэння, якая дасягнула высокага ўзроўню ў творчасці пісьменнікаў нашаніўскага перыяду. Беларусь аказалася падзеленай, у зах. яе частцы засталася Вільня, якая ў канцы 19 — пач. 20 ст. выпраменьвала ідэі нац. адраджэння. За мяжой апынуліся дзеячы бел. культуры і літаратуры: Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, В.Ластоўскі, А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч, А.Уласаў (гл. раздзел Літаратура Заходняй Беларусі). Цэнтр. месца ў творчасці пісьменнікаў заняла праблема адраджэння нац. свядомасці і абуджэння чалавечай годнасці ва ўмовах войнаў, рэвалюцый, панавання акупац. рэжымаў. Гал. асаблівасці літаратуры гэтага перыяду абумоўлены і прадвызначаны двума фактарамі. Па-першае, літаратура моцна абапіралася на традыцыі сапр. народнасці, непасрэднай сувязі з найб. істотнымі грамадскімі праблемамі. Па-другое, паспяваючы за жыццём, яна неадкладна і востра рэагавала на ўсе змены, адгукалася на патрэбы дня (З.Бядуля, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Купала).
Паэзія. З усіх літ. жанраў найб. багатыя традыцыі мела бел. паэзія. М.Багдановіч, З.Бядуля, А.Гарун, Я.Колас, Я.Купала, Цётка ў пач. 20 ст. стваралі вершы, песні, паэмы, якія ўпершыню ў гісторыі бел. літаратуры дасягнулі сусветнага маст. ўзроўню. Імкнучыся ў найкарацейшы тэрмін пераадолець той разрыў, што аддзяляў бел. літаратуру ад літаратур суседніх слав. народаў, бел. паэты выкарыстоўвалі вобразна-маст. прынцыпы творчасці, характэрныя і для мінулых эпох, і для пач. 20 ст. Больш змястоўнымі становяцца формы маст. вобразнасці (метафары, эпітэты, параўнанні), больш багатай і шматзначнай — алегорыя. Бел. аўтары часцей звяртаюцца да рамант. і сімволіка-алегарычных форм вобразнасці, да гіст. мінулага народа, да легендарных падзей, а таксама да нетрадыц., новых тэм, звязаных з тагачасным жыццём (напр., тэма горада).
Паэзія нашаніўскага перыяду імкнулася ўплываць на грамадскае жыццё, каб узняць бел. народ на сац. і нац. барацьбу (вершы «Вера беларуса», «Мора», «Хрэст на свабоду» Цёткі; «Там», «А хто там ідзе?», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Вось тут і жыві» Я.Купалы; «Беларусам», «Не бядуй!», «Ворагам», «Наша возьме» Я.Коласа і інш.). У т.зв. перыяд рэакцыі (1908—10), які наступіў пасля рэв. ўздыму, бел. паэзія адлюстроўвала настроі «грамадзянскага суму», у ёй узмацняліся матывы нядолі і бяспраўя (зб-кі «Жалейка» Я.Купалы, «Песні жальбы» Я.Коласа, вершы «Начныя думкі» А.Гаруна, «Краю мой родны! Як выкляты Богам...», «Народ, Беларускі Народ!» М.Багдановіча). З 1910 у творчасці паэтаў адчуўся зварот да гарадской і рабочай праблематыкі (цыкл «Места» М.Багдановіча, зб. «Песні» Ц.Гартнага); уздымаліся таксама «вечныя» тэмы «чыстай красы», прыроды, кахання (зб-кі «Вянок» М.Багдановіча, «Курганная кветка» К.Буйло). У пач. 20 ст. галоўным літ. кірункам быў рэалізм, але часам трывалыя пазіцыі займаў рамантызм, з якім былі звязаны творы Цёткі перыяду рэвалюцыі 1905, паэмы «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» Я.Купалы і інш. У творчасці некат. пісьменнікаў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі арганічна спалучаліся з марай аб лепшай будучыні, узбагачалі крытычны аналіз рэчаіснасці. Узаемадзеянне такіх тэндэнцый спрыяла развіццю ўсёй вобразнай сістэмы бел. паэзіі. Рамант. літаратура звярталася да мінулага і да ўмоўнай рэчаіснасці, створанай легендамі, казкамі, міфамі і фантазіяй саміх аўтараў. У мінулым знаходзіліся вытокі гіст. самабытнасці народа, усёй бел. культуры. Паэзія была прасякнута імкненнем да сац. справядлівасці, панавання высокіх маральных норм, абуджэння нац. свядомасці беларусаў.
Творцам нац. ідэі ў паэзіі быў Я.Купала, які адкрыта выступіў за самавызначэнне беларусаў. У яго зб-ках «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913) пераважаюць вобразы песняра-прарока, матывы абуджэння і вызвалення народа з сац. і нац. прыгнёту («Мужык», «А хто там ідзе?», «Ворагам Беларушчыны», «Маладая Беларусь»), праяўляецца прамоўніцкі пафас паэт. публіцыстыкі. У вершах «Забраны край», «З мінуўшых дзён», «Песня жней» трагічна адлюстравана бел. гісторыя, нявольніцкае становішча селяніна. Выяўляючы ўнутр. свет бел. народа, паэт звяртае ўвагу на духоўныя пачаткі нар. жыцця — імкненне да справядлівасці, шчасця, свабоды і дабра. Трагічныя матывы суму-тугі, якія занялі значнае месца ў зб-ку «Гусляр», не зацямнілі ў ёй рэнесансава-светлага, жыццялюбнага духу чалавека («Вясенняя раніца», «Лета»), Філас., агульначалавечага дыяпазону паэт. творы «Гусляра» сцвярджалі наватарскі характар зборніка як яшчэ адну вышэйшую ступень у развіцці ўсёй бел. лірыкі пач. 20 ст. Для паэзіі Я.Купалы характэрны многія матывы еўрап. рамантызму: гуманізм, услаўленне свабоды і асуджэнне рабства, прыгнёту, зварот да незвычайнага, таямнічага (міфалогіі), культ кахання. У ранніх яго паэмах 1906—08 («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання») праяўляецца схільнасць да яркіх падзей і сітуацый, да герояў з неардынарным лёсам. З рамант., але моцна пераўтворанымі і трансфармаванымі традыцыямі звязаны яго драм. паэмы «Адвечная песня» (1908) і «Сон на кургане» (1910). У сімволіка-рэаліст. паэме «Адвечная песня» Я.Купала ставіць пытанне аб сэнсе чалавечага быцця; яе галоўны герой Мужык не столькі проста селянін, колькі Чалавек увогуле. У яго алегарычна-рамант. паэме «Сон на кургане» не проста асэнсоўваецца гаротны лёс бел. мужыка, а ставіцца праблема інтэлігенцыі і народа, раскрываецца драма самотнага рэвалюцыянера-адраджэнца. Абедзве драм. паэмы ўзбагацілі літаратуру стылявой навізной, жанравай своеасаблівасцю, шырынёй абагульненняў. Дух рамант. пратэсту ў паэме «Курган» (1910) стаў узорным увасабленнем палярызацыі дабра і зла, спрадвечнай праблемы мастака і ўлады. Паэма ўслаўляла ідэалы дэмакратызму і народнасці. Магутным адраджэнскім пафасам вызначалася паэма Я.Купалы «На Куццю» (1911), дзе вырашалася пытанне нац. прыналежнасці беларусаў. У створанай на аснове гіст. сюжэта паэме «Бандароўна» (1913) услаўляецца годнасць і духоўная моц чалавека з народа. Праблема маральных законаў жыцця паўстае і ў паэме «Магіла льва» (1913), з ідэяй асуджэння асобы, якая проціпастаўляе сябе народу. Настрой паэмы «Яна і я» (1913) пазбаўлены адчування драматызму і трагізму рэчаіснасці. Гэта новы варыянт фальклорна-рамант. паэмы ў бел. літаратуры: не гераічны, як «Курган» і «Бандароўна», не аповесцевы, як «Магіла льва», а ідылічна-пастаральны. Я.Купала, выяўляючы эмацыянальнасць, багацце кампазіцыйных форм, блізкасць да нар. песні, яе вобразаў, матываў і паэтыкі, стварыў шэраг твораў ярка рамантычных па вобразнасці, драматычна напружаных па перажываннях, народна-песенных па гучанні.
Адраджэнскі патрыятызм Я.Коласа адрозніваецца ад купалаўскага рамантычна-ўзнёслага пафасу. У дарэв. перыяд паэзія Я.Коласа адметная пачуццёвай стрыманасцю і паглыбленай разважлівасцю, увагай да надзённых клопатаў селяніна і нар. псіхалогіі. У першым надрукаваным вершы «Наш родны край» (1906), з якога пачалася грамадз. лірыка паэта, выказаны заклапочанасць і перажыванне за лёс радзімы. Эстэт. прынцыпы народнасці і рэалізму ўвасобіліся ў вершах «Не пытайце, не прасеце», «Пясняр», «Родныя песні». Паэт услаўляў людзей моцных, непрымірымых да сац. зла і несправядлівасці («Ворагам», «Не бядуй!», «Не дамся»), Лірыку смутку («Вёска», «Мужык», «Родныя вобразы») ураўнаважваюць яго публіцыстычныя вершы («Беларусам», «Кіньце смутак», «Наша возьме»). Многія творы пейзажнай лірыкі, прасякнутыя пачуццямі шчырай замілаванасці да роднага краю, увайшлі ў залаты фонд бел. літаратуры («На полі вясною», «Усход сонца», «Ноч»). Паэт па-майстэрску стварыў пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. У вершах 1914—16 асуджаецца захопніцкі характар і антынар. скіраванасць вайны («Думкі салдата», «Ворагам»). Лірычная эпапея Я.Коласа «Сымон-музыка» (1911—18, 2-я рэд. 1925) спалучае рэалістычнае і рамантычнае, але драматычна завастрае праблему мастака і народа. Гэта твор аб нар. вытоках мастацтва, грамадскім абавязку мастака, у больш шырокім плане — аб духоўным адраджэнні народа. Па-мастацку дасканалая паэма-эпапея «Новая зямля» (1911—23) прасякнута ідэяй сац. і нац. вызвалення, сцвярджэннем высокай грамадз. годнасці чалавека. У ёй аўтар асэнсаваў цэлую эпоху ў жыцці бел. народа, праўдзіва адлюстраваў становішча сялян у канцы 19 ст., раскрыў глыбокія сац. супярэчнасці. Абодва творы панарамна раскрываюць карціну лёсу народа ў пераломныя гіст. эпохі. Паэтычная творчасць Я.Коласа выявіла схільнасць пісьменніка да лірыкі пераважна элегічнай, мінорнай паводле настрояў, канкрэтна-рэалістычнай паводле дэталей, задуменнай.
Новымі тэмамі, вобразамі, формамі як традыцыйна-класічнымі, так і песенна-народнымі бел. лірыку ўзбагаціў М.Багдановіч. Раннія яго вершы прасякнуты гуманіст. матывамі («Мае песні», «З песняў беларускага мужыка»); пазней, з узмацненнем рамант. тэндэнцый, паглыбілася сац.-філас. праблематыка і патрыят. пафас лірыкі («Перад паводкай», «Рушымся, брацця, хутчэй»), вершы набываюць аптымістычнае, жыццесцвярджальнае гучанне («Кінь вечны плач свой аб старонцы!», «Зразаюць галіны таполі адну за адной»). Разнастайная пейзажная лірыка М.Багдановіча выяўляе багаты спектр чалавечых пачуццяў («Зімой», «Раманс», «Добрай ночы, зара-зараніца!»), міфалагічныя вобразы становяцца своеасаблівай фальклорнай дэкарацыяй, якая надае пейзажу рамант. рысы («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Падвей»), М.Багдановіч разам з Я.Купалам увёў у бел. лірыку інтымную тэматыку («Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). У адзіным яго прыжыццёвым паэт. зб-ку «Вянок» (1913) новыя для бел. літаратуры урбаністычныя матывы, якія побач з захапленнем знешнім бляскам выяўляюць трагічныя малюнкі, кантрастныя жыццёвыя з’явы («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая», «Дзве смерці»). Новай для бел. лірыкі стала распрацоўка гіст. тэмы («Летапісец», «Перапісчык», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага»). Паралельна з «вершамі беларускага складу», стылізаванымі пад народныя («Лявоніха», «Бяседная», «Хоць і зорачка — ды не вячэрняя»), у паэзіі М.Багдановіча ўзмацняецца антываенная тэматыка, адметная сваім лірыка-драм. гучаннем («Як Базыль у паходзе канаў», «Цёмнай ноччу лучына дагарала»). Тэндэнцыя да гераізацыі нар. характару знайшла далейшае развіццё ў фальклорна-рамант. паэмах «Максім і Магдалена» (1915) і «Страцім-лебедзь» (1916), заснаваных на нар. вобразах і сюжэтах. У паэме «Страцім-лебедзь» услаўленне моцнай, гераічнай асобы, здольнай супраціўляцца варожым сілам. У ліку асн. заслуг М.Багдановіча як стваральніка бел. літаратуры і літ. мовы новага часу — узбагачэнне нац. мастацтва здабыткамі сусв. культуры, узнаўленне на нац. глебе твораў ант., рус. і зах.-еўрап. аўтараў, распрацоўка санета, трыялета, рандо, актавы, тэрцынаў, скерца і інш. вершаваных форм. Ён шырока культываваў і маст. пераклад.
Паэзія А.Гаруна паводле матываў і тэматыкі блізкая да творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Яго вершы характарызуюцца алегарычнасцю, багаццем інтанацый, маст.-вобразных, лексічных, сінтакс. форм і рытмікі, журботна-меланхалічнай вобразнасцю. Матывы «грамадзянскага суму» былі характэрны для творчасці Г.Леўчыка і інш. тагачасных бел. паэтаў. Калі В.Ластоўскі выступіў з палемічным артыкулам «Сплачвайце доўг» («Наша ніва», 1913), дзе скіроўваў бел. паэзію на ўслаўленне прыгажосці, з адказам яму выступіў Я.Купала (арт. «Чаму плача песня наша?»), раскрыўшы тыя грамадска-паліт. прычыны, што абумовілі мінорнае гучанне паэзіі. Яго падтрымаў Л.Гмырак (арт. «Яшчэ аб сплачванні доўгу»), які таксама адстойваў эстэтыку рэалізму і народнасці, выступаў за грамадз. пафас літаратуры. Гэта дыскусія засведчыла імкненне паэтаў зразумець сутнасць і прызначэнне бел. літаратуры, акрэсліць шляхі яе развіцця.
Абуджэнню сац. і нац. свядомасці беларусаў садзейнічала публіцыст. лірыка Цёткі. З ёй у бел. літаратуру прыйшлі рэв. рамантыка і пафас («Мора», «Вера беларуса», «Бура ідзе»). Яе кнігі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (абедзве 1906) былі першымі арыгінальнымі зб-камі бел. паэзіі 20 ст. З творчасцю Ф.Багушэвіча, Цёткі ў ідэйным плане перагукалася публіцыстычная паэзія К.Каганца. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, была прасякнута нац. матывамі («На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»). Новай для бел. паэзіі была рабочая тэматыка, якую распрацоўваў Ц.Гартны ў вершах, прысвечаных гаротнай долі вандроўных гарбароў («Песні гарбара», «Гарбар на вандроўцы»). Паплечнікам Ц.Гартнага па літ. і грамадска-паліт. дзейнасці быў А.Гурло, які ўвёў у бел. лірыку марыністычныя матывы («Заблішчалі ў цёмнай далі маякі», «На моры»). Гумарыстычная плынь найб. выразна выявілася ў творчасці А.Паўловіча. Стыль яго вершаў працягваў традыцыю бел.сац.-бытавога анекдота, калі за недарэчнымі, іранічна паказанымі падзеямі ўгадваецца нар. мараль («Сыноўняя апека», «Гаспадыніна дзяжа»). Вастрынёй сац. тэматыкі вылучалася паэт. творчасць З.Бядулі («Пастушка», «Пан»). У той жа час пісьменнік узбагаціў бел. літаратуру адзнакай інтэлігентнасці, даказаўшы, што паэзія можа ўзняцца да найшырэйшых маст. абагульненняў, пераасэнсоўваючы духоўны вопыт тысячагоддзяў. У вершы «Прарок» спроба зірнуць на тагачаснае становішча Беларусі праз прызму гісторыі чалавецтва, трывога за лёс радзімы, чаканне прыходу будзіцеля нар. мас. Шырокае выкарыстанне фалькл. матываў, меладычнасць і напеўнасць лірыкі ў ранняй паэзіі К.Буйло. Выдатнай старонкай яе творчасці стала поўная ўзвышаных самаадданых пачуццяў лірыка кахання («Помніш вечар?», «У краіне мар», «Як я цябе люблю»), а таксама патрыят. лірыка («Люблю», «Беларусі»). Адметнай з’явай бел. паэзіі была творчая спадчына В.Адважнага, А.Зязюлі, К.Сваяка — каталіцкіх святароў, якія развівалі прагрэсіўныя патрыят. і хрысціянска-дэмакр. ідэі.
Асаблівасць бел. лірыкі пач. 20 ст. ў яе жанрава-стылявой разнастайнасці, з’яўленні новых паэт. форм, вобразаў і матываў. Яна звярталася непасрэдна да чытачоў з заклікамі, патрабаваннямі, павучаннямі, перасцярогамі; эмацыянальны водгук на падзеі ператвараўся ў эфектыўную школу грамадз. выхавання. Паэзія на працягу ўсяго часу заставалася надзейным носьбітам нац. свядомасці. На першы план выступілі праблемы «зямлі і волі», новага чалавека і гераічнай асобы, узаемаадносін чалавека і грамадства, ролі культуры ў жыцці народа. Бел. паэзія выйшла на якасна новы грамадскі і эстэт. ўзровень.
Проза. У пач. 20 ст. празаічныя жанры набылі больш шырокае развіццё ў параўнанні з 19 ст., калі эпас падаваўся часцей у вершаваных формах. Пераважала малая проза, якая з прычыны яе жанравай спецыфікі ў адлюстраванні рэчаіснасці мела магчымасць больш хутка адгукацца на праблемы мінулага і тагачаснага жыцця. Вялікую ролю ў распаўсюджванні бел. прозы сярод шырокіх чытацкіх колаў мелі газ. «Наша доля» і «Наша ніва»; у апошняй друкаваліся апавяданні З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа і інш. На старонках літаратурнага і навукова-папулярнага часопіса для моладзі «Лучынка» змяшчалі творы З.Бядуля, Я.Колас, Ядвігін Ш. Апавяданні бел. аўтараў выходзілі ў свет і асобнымі зборнікамі, кнігамі: «Беларускія апавяданні» (1901), «Нарысы і апавяданні з беларускага жыцця» (1902), «Нарысы і апавяданні з жыцця беларускай вёскі» (1906) А.Пшчолкі, «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914) Ядвігіна Ш., «Апавяданні» (1912), «Нёманаў дар» (1913), «Тоўстае палена» (1913), «Родныя з’явы» (1914) Я.Коласа, «Абразкі» З.Бядулі (1913), «Апавяданні» У.Галубка (1913), «Рунь» М.Гарэцкага (1914), «Недацветы» В.Ластоўскага (1918). Акрамя таго, апавяданні М.Багдановіча на рус. мове публікаваліся ў яраслаўскіх газетах «Голос» («Няшчасны выпадак», «Злачынства», «Цуд маленькага Петрыка» і інш.), «Северная газета» («Прытча пра васількі», «Імянінніца»), часопісе «Русский экскурсант» («З летніх уражанняў») і інш. Выдаваліся таксама кнігі для дзяцей з перакладамі, вершамі, замалёўкамі, казкамі і апавяданнямі. У 1906 Цётка выдала «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў»; суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання» К.Каганца. У 1909 выйшла ў свет «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа.
Бел. проза развівалася ў плане пашырэння разнастайнасці жанравых форм: апавядальная гісторыя ў розных варыянтах (Ядвігін Ш., У.Галубок, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, Цётка), празаічная байка (Ядвігін Ш.), алегарычнае апавяданне (Я.Колас, Ядвігін Ш.), нар. казка ў літаратурнай апрацоўцы (Я.Колас, З.Бядуля), літаратурная казка (М.Багдановіч, Ядвігін Ш., В.Ластоўскі), казка-варыяцыя (А.Гарун), навела ў розных варыянтах (У.Галубок, Ядвігін Ш., Я.Колас, М.Гарэцкі), апокрыф, апавяданне-папуры на фалькл. матывы (М.Багдановіч), «сцэнкі з натуры» (Я.Колас, М.Багдановіч), мініяцюра (З.Бядуля, М.Гарэцкі, М.Багдановіч), абразок у розных формах (Ядвігін Ш., Я.Колас, В.Ластоўскі, Цётка), фельетон (Ядвігін Ш., М.Багдановіч), імпрэсія (З.Бядуля, М.Гарэцкі), экспрэсія, літ. акорды (З.Бядуля), мастацкая прамова (К.Каганец), прыпавесць, паданне, «народны сказ» — легенда (В.Ластоўскі), падзейна-разгорнутае апавяданне з рэальным мастацкім светам (М.Багдановіч, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Колас і інш.), маст. нарыс (К.Каганец, К.Лейка, А.Пшчолка). М.Гарэцкі з поспехам развіваў аналітычна-псіхал. стылявую плынь, З.Бядуля — імпрэсійна-рамантычную. Ядвігін Ш. поруч з рэалістычна-быт. і алегарычна-казачнай прозай даў узоры лірычнай навелы, М.Багдановіч — арыгінальныя спробы стылізацыі пад архаіку. Наватарскі характар прозы А.Гаруна праявіўся ў выкарыстанні элементаў фантастыкі ў рэалістычным быт. апавяданні. Яго творчасць адметная пашырэннем традыцыйнай тэматыкі: акрамя бел. вясковага жыцця, А.Гарун пісаў і пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), разбуральнае ўздзеянне астрожнага жыцця на псіхалогію чалавека («Маладое», «Чалавек без крыві»). Увядзенне пісьменнікамі ў маст. твор нар. гутарковых лексічных, сінтаксічных, стылявых форм сведчыла пра ўзбагачэнне бел. літаратуры мастацка-выяўленчымі сродкамі, рост творчага майстэрства саміх аўтараў.
Для малой прозы пач. 20 ст. пры адлюстраванні рэчаіснасці характэрны своеасаблівы зварот да традыцый вуснай нар. творчасці, да нар. вобразаў з выразна арыгінальным аўтарскім поглядам на тагачасныя праблемы. З аднаго боку, адбывалася своеасаблівая стылізацыя пад фальклор (Бронісь, Л.Гвозд, Я.Окліч і інш.), з другога — зварот да нар. форм: анекдота, казкі, падання (М.Багдановіч, А.Гарун, Я.Колас), вобразаў (М.Гарэцкі, Я.Колас, А.Пшчолка, Ядвігін Ш.). Фалькл. паэтыка ў апавяданнях Ядвігіна Ш. дапамагала яму глыбей пранікаць у сутнасць жыццёвых з’яў і чалавечых характараў. Для многіх яго твораў, пададзеных у форме роспаведу пэўнага расказчыка («Заморскі звер», «Важная фіга», «З маленькім білецікам», «Жывы нябожчык», «Чортава ласка» і інш.), характэрна індывідуалізацыя герояў, праз якую выяўляюцца асаблівасці іх светаразумення. Селянін у Ядвігіна Ш. жартуе з сябе (часам апасродкавана), нібыта не разумеючы камізму сітуацый, аб якіх распавядае. У форме літ. анекдота аўтар высмейвае заганы чалавечай натуры («Што сказаў певень», «Шчаслівая»). Легендарныя і казачныя сюжэты, нар. анекдоты пакладзены ў аснову апавяданняў «Мост у Кутох», «Як Кузьма стрэльбу рабіў», аповесці «Прыгоды Панаса і Тараса» В.Ластоўскага.
З развіццём празаічнага эпасу пашыраюцца яго ідэйна-тэматычныя абсягі. Героямі твораў малой прозы становяцца ўжо не толькі сяляне, але прадстаўнікі інтэлігенцыі (М.Гарэцкі), гарадскіх нізоў, рабочыя (Я.Колас, Цётка), местачковай эліты (Я.Колас); шырока прадстаўлены дзіцячыя характары (М.Багдановіч, Я.Колас, Цётка). У апавяданнях таго часу нярэдка з’яўляецца вобраз лірычнага героя, які задумваецца над філас. пытаннямі, на свядомасці якога адбіваюцца эстэтычныя роздумы аўтараў (М.Багдановіч, З.Бядуля, М.Гарэцкі, Ядвігін Ш.). Найб. пашыранай была тэма сялянскага лёсу і ладу жыцця ў бел. вёсцы, праблемы беззямелля, пошукаў выйсця з гаротнага становішча. Такі тэматычны кірунак адлюстравання рэчаіснасці мае драматычнае і гумарыстычнае адгалінаванні. Да першага можна аднесці апавяд. «Пяць лыжак заціркі», «На каляды к сыну» З.Бядулі, «Голад», «Памылка вучонага», «Мінуўшчына» У.Галубка, «У лазні», «Роднае карэнне», «У чым яго крыўда» М.Гарэцкага, «Нёманаў дар», «Малады дубок» Я.Коласа, «З бальнічнага жыцця», «Дуб-дзядуля», «Гаротная» Ядвігіна Ш. і інш. Да сатырычнага адлюстравання сялянскага жыцця звярталіся У.Галубок (апавяд. «Вясковыя астраномы»), К.Каганец («Што кажух, тое не вата»), Я.Колас («Недаступны», «З днеўніка пана Жылака», «Так і трэба ашуканцу», «Дзяліцьба», «Калодка пчол»), Ядвігін Ш. («Важная фіга», «Заморскі звер», «Пазыка»), Цётка («Зваротлівы»). У гэтым тэматычным кірунку выразна вылучаюцца апавяданні пра гаротны лёс сялянскіх дзяцей, дзяцей-сірот, беспрасветнасць і згубнасць жаночага лёсу («Велікодныя яйкі», «Малыя дрывасекі», «Плач пралескаў», «Снілася мне казка», «Маці», «Яе душа», «За тканінай», «Шчасце не ў золаце», «Без споведзі» З.Бядулі; «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» Я.Коласа; «Міхаська» Цёткі; «Шчырае каханне» У.Галубка; «Бярозка», «Гаротная» Ядвігіна Ш.). Сярод вобразаў жанчын з трагічным лёсам прадстаўніцы інтэлігенцкіх колаў, студэнцтва («Красаваў язмін» М.Гарэцкага, «Злачынства» М.Багдановіча, «Зялёнка» Цёткі). Рабочую тэматыку ў бел. прозе пачаў асвойваць Ц.Гартны (апав. «Штрэйкбрэхер»). Рэчаіснасць, напоўненая драматызмам сац. канфліктаў, у яго апавяд. «Велікодная каробка», «Лайдак». У белетрыстыцы таксама паказваецца бюракратызм мясц. чыноўніцтва («Янкава жальба», «У губерню з паперай», «Бабылкіна гора», «Перапіска» А.Пшчолкі).
Вытокі бел. прозы пач. 20 ст. — у паэзіі. Паэтычны, сінтэтычны погляд на жыццё ўласцівы раннім творам З.Бядулі і Я.Коласа. Жанр лірычнай празаічнай мініяцюры, блізкі да вершаў у прозе, увёў у бел. літаратуру З.Бядуля (зб. «Абразкі», 1913). Праблемы інтэлігенцыі і народа, тэма мастацтва і маладых талентаў, якія не маглі развівацца ў тагачасных умовах, у яго апавяд. «На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі». Непаўторным нац. каларытам, разнастайнасцю тэматыкі, мноствам характараў-тыпаў бел. сялян вызначаецца проза Я.Коласа (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Маст. адкрыццём у бел. літаратуры сталі яго алегарычныя апавяд. «Казкі жыцця», напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам. Ідэя вечнасці жыцця, бясконцасці форм яго праяўлення, імкнення чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды прасочваецца ў яго апавяд. «Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш. Пісьменніка хвалявала праблема правоў і абавязкаў чалавека ў грамадстве, дзе «за сталом жыцця» сядзіць «цесная людская сям’я» («Малады дубок»). Бытавыя і сацыяльна-псіхал. яго творы («Соцкі падвёў», «Бунт», «Нёманаў дар») — класічны ўзор у жанры «малой прозы». Майстэрства псіхал. аналізу пісьменніка выявілася ў апавяд. «Васіль Чурыла». Проза Я.Коласа пры яе кампазіцыйнай зграбнасці, сюжэтнай завершанасці насычана каларытнымі дэталямі, канкрэтна-рэалістычным паказам абставін, у якіх дзейнічаюць героі, а таксама дыялогамі, пейзажамі, адметнай настраёвасцю. Новую для бел. літаратуры прытчавую форму, спробу філасофскай прозы даў М.Багдановіч у апавяд. «Апокрыф», «Аб іконніку і залатару». Вызначальнымі для яго становяцца тэмы адухоўленай красы, самаадданага служэння мастака народу (казка «Музыка»), паглыблены псіхалагізм («Злачынства», «Няшчасны выпадак»). Складанай грамадска-сац. і філасофскай праблематыкай, духоўна-інтэлектуальнай змястоўнасцю ўзбагаціў літаратуру М.Гарэцкі. Зборнікам апавяд. «Рунь» (1914) ён пашырыў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне») і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). У яго творах 1914—16 асуджэнне антыгуманнай сутнасці эксплуататарскага грамадства («Маці», «Дзёгаць»), антынар. характару вайны («Літоўскі хутарок», «Генерал»). У апавяд. «Усебеларускі з’езд 1917-га года» ва ўспамінах удзельніка — селяніна са Смаленшчыны Кузьмы — ён перадае атмасферу небывалага патрыятычнага ўздыму людзей, што сабраліся вырашыць лёс роднай зямлі. Разнастайнасць канфліктаў той эпохі, дыялектыка душы і перажыванні людзей з розных грамадскіх слаёў адлюстраваны ў аповесці «Дзве душы» (1919) — своеасаблівым маст. рэпартажы, які выносіў прысуд адмоўным з’явам у палітыцы, паводзінах і свядомасці людзей. Пачатак дакументальнаму жанру ў бел. літаратуры 20 ст. пісьменнік паклаў кнігай дакументальна-маст. запісак «На імперыялістычнай вайне» (1915—19, апубл. 1926), якая стала адным з лепшых антываенных твораў сусветнай літаратуры.
Адна з істотных асаблівасцей апавядання таго перыяду — яго псіхалагічны пачатак, аналітычны зварот да стану душы, да пошуку адказаў на жыццёва важныя пытанні. У многіх творах прысутнічае погляд аўтараў на прыгожае ў жыцці: проза М.Багдановіча («Няшчасны выпадак»), З.Бядулі («Нуда мая», «Вечарам», «Як памру», «У заварожаных казках»), М.Гарэцкага («Красаваў язмін», «Што яно?»), Я.Коласа («Дзеравеншчына», «Сірата Юрка»). У асобных апавяданнях дамінуюць трагічныя абставіны, але ў цэлым яны не закрэсліваюць аўтарскія ідэалы прыгожага. Некаторыя апавяданні М.Гарэцкага пабачылі свет значна пазней, чым напісаны: «Чарнічка» (нап. 1915, апубл. 1917), «Літоўскі хутарок» (адпаведна 1915 і 1920), «Зіма» (адпаведна 1915 і 1918), «Амерыканец» (адпаведна 1916 і 1917), «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Асілак» (усе адпаведна 1916 і 1918) і інш. Многія творы, напісаныя М.Гарэцкім у час вайны, былі апублікаваны пераважна толькі пасля рэвалюцыі, таму не маглі непасрэдна ўплываць на развіццё грамадскай свядомасці таго часу.
Сярод буйных празаічных жанраў пач. 20 ст. мемуары («Успаміны» Ядвігіна Ш.), дакументальныя запіскі («На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага), аповесць («Дзве душы», «Ціхая плынь», «Меланхолія» М.Гарэцкага), раман («Золата» Ядвігіна Ш.). Літаратура пач. 20 ст. толькі пачынала адлюстроўваць рэчаіснасць у буйных жанравых формах. Разнастайнасць і багацце прозы назіраюцца найперш у малых яе формах.
Драматургія. Адраджэнне бел. драматургіі звязана з ажыўленнем грамадска-культурнага жыцця пасля рэвалюцыі 1905—07. Традыцыі, закладзеныя В.Дуніным-Марцінкевічам, працягвалі Ф.Аляхновіч, І.Буйніцкі, У.Галубок, Я.Купала і інш. Тэатральнае мастацтва Беларусі пачало ўзыходзіць на шлях мэтанакіраванага і прафес. развіцця, аб чым сведчыць, напр., дзейнасць Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1896—1906), Бел. музычна-драматычнага гуртка ў Вільні (1911—16), Гродзенскага т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14) і інш. Здабыткі драматургіі найперш звязаны з творамі Я.Купалы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», са стварэннем прафес. тэатра І.Буйніцкага. Бел. драматургі арыентаваліся на напісанне такіх твораў, якія ў далейшым атрымалі б сцэнічны працяг.
У літаратуры пач. 20 ст. прасочваюцца родавыя «перакрыжаванні» эпасу і драмы. Гэта назіраецца, напр., у творчасці М.Гарэцкага (драматычныя абразкі «Атрута», «Гапон і Любачка», драматызаваная аповесць «Антон», усе 1914), Я.Купалы (драматычныя паэмы «Адвечная песня», 1908, «Сон на кургане, 1910), К.Буйло (вершаваныя драматычны абразок «Кветка папараці», драма «Сягонняшнія і даўнейшыя», абодва 1914). Гэтыя творы — своеасаблівыя драмы для чытання, што, аднак, не выключала магчымасці іх пастаноўкі на сцэне. Бел. драму пач. 20 ст. падзяляюць на ўласна драму («Страхі жыцця», «Цені» Ф.Аляхновіча; «У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» К.Каганца; «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), меладраму («Апошняе спатканне», «Ганка», «Бязродны» У.Галубка), камедыю ў розных яе жанравых формах («На Антокалі» Ф.Аляхновіча; «Модны шляхцюк» К.Каганца; «Паўлінка», «Прымакі» Я.Купалы), драматызаваную казку («Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец», «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць» А.Гаруна; «Базылішк», «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Тэматычны дыяпазон бел. драматургіі быў даволі шырокі. Драматургі звярталіся да адлюстравання жыццёвых праблем простага чалавека (Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, К.Каганец, Я.Купала), класавай барацьбы ў перад- і паслярэвалюцыйны перыяды (Ф.Аляхновіч, У.Галубок, М.Грамыка), сатырычнага паказу жыцця шляхты (К.Каганец, Я.Купала), маральна-этычных праблем жыцця вышэйшага саслоўя на Беларусі ў мінулым (К.Каганец), праблем фарміравання духоўнага свету асобы (А.Гарун).
Своеасаблівым пераходным этапам у драматургіі з 19 да пач. 20 ст. была творчасць К.Каганца — аўтара бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», 1910, апубл. 1919) і гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) драм. Папулярнасцю карыстаўся яго вадэвіль «Модны шляхцюк» — адзін з першых твораў нац.тэатр. рэпертуару (паст. ў 1910 Першай бел. трупай І.Буйніцкага, у 1918 Першым т-вам бел. драмы і камедыі, у 1928 — БДТ-2). Камедыя выкрывала бел. выраджэнца з яго пагардлівымі адносінамі да ўсяго роднага, а сам «модны шляхцюк» Пранцішак Карчэўшчык стаў адным з папярэднікаў вобраза Мікіты Зносака ў «Тутэйшых» Я.Купалы. Задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы паспяхова вырашаў Я.Купала. У камедыі «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён сатырычна паказвае звычаі і норавы кансерватыўнай шляхты, але дзеянне перарастае ў сацыяльна-бытавы канфлікт з драматычным фіналам. П’еса насычана дасціпным гумарам, іроніяй, танцамі, песнямі, прыпеўкамі, чым набліжаецца да сцэнічнага жарту «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» пісьменнік паглыбіў тэму зямлі, па-новаму, у філасофскім плане асэнсаваў і вобразы сялян, і іх жыццёвыя пазіцыі. Я.Купала па-мастацку дасканала арганізаваў інтрыгу, сцэнічнае дзеянне, стварыўшы ўзоры класічнай нац. драмы.
Вялікі ўклад у развіццё бел. драматургіі пач. 20 ст. зрабілі Ф.Аляхновіч і У.Галубок. Як драматург Ф.Аляхновіч заявіў аб сабе п’есай «На Антокалі» (1914—15), ідылічнай сцэнкай «На вёсцы», сцэнічнай легендай «Бутрым Няміра» (абедзве 1916), драмай з гарадскога жыцця «Манька» (1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925). Разнастайныя паводле зместу, тэматыкі, багацця мастацка-вобразнага ўвасаблення найб. супярэчлівых праблем тагачаснай рэчаіснасці, п’есы Ф.Аляхновіча вызначаюцца шырокім выкарыстаннем фалькл. матэрыялу. У іх паўстае легендарна-казачная мінуўшчына з вечна актуальнымі маральнымі праблемамі («Базылішк», 1917; «Чорт і Баба», 1918), жыццё рабочых з іх рэвалюцыйнымі настроямі, забастоўкамі, дэманстрацыямі («Калісь», 1917), складаная супярэчлівасць грамадскіх, сямейных канфліктаў, што абвастраліся ў эпоху сац. катаклізмаў («Страхі жыцця», 1918; «Цені», 1919). Значнае месца ў тагачасным тэатральным рэпертуары занялі драмы У.Галубка «Апошняе спатканне» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (абедзве 1919). Майстэрства драматурга засведчыла камедыя «Пісаравы імяніны» (1917; ставілася таксама пад назвамі «Хвароба ў добрым здароўі» і «Залёты дзяка»), эфект якой дасягаўся напоўненымі вобразамі, дасціпнымі дыялогамі і вострымі рэплікамі. Яго п’есы вызначаліся сцэнічнасцю, вастрынёй канфліктаў, дакладнасцю аўтарскай пазіцыі. Творы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці, пісалі К.Лейка (п’еса «Снатворны мак», 1912), А.Гарун (зб. «Жывыя казкі», 1920). У іх яны паказалі сябе выдатнымі пісьменнікамі-педагогамі, здольнымі выхоўваць найвышэйшыя маральныя якасці. Над стварэннем нац. рэпертуару працавалі таксама Л.Родзевіч («Блуднікі», 1912), А.Гурло («Любоў усё змагае», 1912), К.Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя», 1914), Я.Колас («Антось Лата», 1917) і інш. У цэлым бел. драматургія пач. 20 ст. мела значныя дасягненні ў адлюстраванні рэчаіснасці і вызначалася глыбокім дэмакратызмам, гуманістычным пафасам, цікавасцю да праблем агульначалавечага і эстэтычнага характару. Жанравае ўзбагачэнне бел. драмы, арыентацыя аўтараў на цеснае супрацоўніцтва з тэатрам у далейшым стала трывалым падмуркам для развіцця бел. драмы і нац. тэатра.
Асаблівасць развіцця бел. літаратуры пач. 20 ст. ў якасна новых зменах: рысы «сялянскасці» і «мужыцкасці» саступілі месца арыстакратычнасці і дэмакратызму. Спецыфічна нацыянальнае ў ёй стала прыкметай агульначалавечай сутнасці. Адраджэнскі пафас бел. літаратуры ўзмацніўся рамант. тэндэнцыямі, экспрэсіўнасцю (М.Багдановіч, З.Бядуля, Я.Купала), паглыбіўся яе духоўны змест. З рамант. скіраванасцю твораў цесна звязана выкарыстанне сімволікі і алегарычных малюнкаў, адметных пераважна фалькл. паходжаннем. Зварот да традыцый вуснай нар. творчасці характэрны для М.Багдановіча, А.Гаруна, Я.Коласа, А.Паўловіча і інш. Вобразы сонца, ночы, зор, веснавога абуджэння прыроды сведчылі пра ўзнікненне новых маст. ідэалаў свабоды, якая ўяўлялася і як сац.-паліт. разняволенне, і як нац. незалежнасць, і як духоўнае ўваскрашэнне асобы. Рысы рэалістычнасці літаратура набывала за кошт паглыблення псіхалагізму, дэталізацыі абставін, цікавасці паэтаў да ўнутранага свету чалавека. Творчасць Ф.Аляхновіча, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, М.Гарэцкага, Я.Коласа, Я.Купалы, В.Ластоўскага і інш. узняла бел. літаратуру да ўзроўню больш развітых літаратур, раскрыўшы багацці духоўнага свету беларуса, паказаўшы яго жыццё, барацьбу супраць сац. бяспраўя і нац. прыгнечання. Умовай паспяховага развіцця тагачаснай літаратуры была арыентацыя на нац. гістарычны вопыт традыцый сусветнай класікі, што дазволіла ёй арганічна ўключыцца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.
У.М.Казбярук, А.М.Макарэвіч.
Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Верш Я.Коласа «Наш родны край» у газеце «Наша доля». 1906.Вокладка кнігі «Курганная кветка» К.Буйло. 1914.Вокладка зборніка апавяданняў «Васількі» Ядвігіна Ш. 1914.Я.Купала сярод членаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ун-та пасля пастаноўкі «Паўлінкі». 1913.