агалі́цца, агалюся, аголішся, аголіцца; зак.
1. Зняўшы адзенне, стаць голым. // Скінуць покрыва, лісце, ігліцу. Кусты агаліліся і зрабіліся непрыгожымі — адны дубцы тырчаць. Якімовіч. // Адкрыцца вачам, пазбавіўшыся покрыва, верхняга слоя. Іншы раз за доўгі пагодлівы дзень так аголіцца і выгарыць на сонцы бераг, што, здаецца, і курыцы тут ужо не напасеш. Кулакоўскі. Вясне так рады малышы. І каля хат, дзе грэла сонца І агаліліся пяскі, Звіняць, як медзь, іх галаскі. Колас.
2. перан. Выявіць сваю сутнасць, свой сапраўдны змест; стаць відавочным.
3. Стаць даступным, адкрытым для праціўніка. Фронт агаліўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аблі́ць, абалью, абальеш, абалье; абальём, абальяце і аблію, абліеш, абліе; абліём, абліяце; заг. аблі; зак., каго-што.
1. Намачыць, разліўшы што‑н. Абліць настольнік чарнілам. // Абдаць, паліць чым‑н. з усіх бакоў ці зверху. [Барташэвіч:] — З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам маю вопратку абліў хто варам. Карпюк.
2. перан. Ахапіць, абдаць, напоўніць (святлом, пахам і пад.). Гарачае сонца прыветна пазірала, з неба на горад і роўна грэла і аблівала сваім цяплом і святлом. Колас.
•••
Абліць памыямі (граззю) — незаслужана зняважыць, абняславіць каго‑н.
Як халоднай вадой абліць — збянтэжыць, астудзіць чый‑н. запал.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
круцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм.
1. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія круцяцца. У другой грамадзе народ акружыў чалавека з круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасця. Колас. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. [Шыковіч] дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыі сялянскіх замкоў — круцёлак, засовак, зашчэпак. Шамякін.
2. Легкадумны, ветраны чалавек (пераважна пра жанчыну). Збіраўся нават раскрычацца [Арцём Ісакавіч] на гэтую бессаромную круцёлку, якая — на табе — знайшла час распытваць аб розных глупствах, ды ў каго распытваць! Лынькоў. [У Веры Андрэеўны] ўжо складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ілюстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Даць (даваць) малюнкі, якія суправаджаюць, паясняюць змест твора. Ілюстраваць раман. □ — У дэталях я яшчэ не прадумаў плана, а ў асноўных рысах ён такі — абысці пехатою цэлы раён, апісаць яго, сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці, багата ілюстраваць сваё падарожжа фатаграфіямі... Колас.
2. перан. Дапоўніць (папаўняць), пацвердзіць (пацвярджаць) што‑н. наглядным прыкладам, словам, жэстам і пад. Ілюстраваць тэзісы прыкладамі. □ Матэрыял, які ілюстраваў і абгрунтоўваў вывады, быў падрыхтаваны. Карпаў. Пытанне сваё.. [Іліко] ілюстраваў так: паклаў галаву на далонь, нібы заснуў, потым паказаў дах над галавой. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
імяні́ны, ‑нін; адз. няма.
У католікаў і праваслаўных — асабістае штогадовае свята каго‑н., якое выпадае на той дзень, калі царква адзначае памяць аднайменнага святога. Ёсель хоць і быў непісьменны, але вёў строгі рэестр імянін і ўсіх сямейных свят у Панямонні. Колас. Сваю любоў і глыбокую пашану да мэтра, настаўніка і дэкана студэнты праявілі на ўсю паўнату маладых сэрцаў, калі адзначалі імяніны прафесара Ф. Рушчыца. Ліс. // Разм. Дзень нараджэння. У мяне, дарэчы, імяніны: Заўтра стукне роўна... дваццаць год! Гілевіч. // Святкаванне, бяседа з гэтай нагоды, у гонар гэтага дня. Справіць імяніны. Запрасіць на імяніны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
істо́та, ‑ы, ДМ ‑тоце. ж.
Жывы арганізм; чалавек або жывёліна. Навокал быў зусім невялікі свет жывых істот і рэчаў, якія я ўмеў назваць. Брыль. Выявілася, што гэта істота ёсць жанчына, ды яшчэ маладая і прыгожая. Чорны. // (з азначэннем). Чалавек, жывёліна як носьбіт пэўнай уласцівасці, якасці. Часта выяўлялася.. непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху. Колас. // (звычайна з займ. «уся»). Ужываецца для абазначэння сукупнасці ўсіх фізічных і душэўных сіл і ўласцівасцей чалавека. Хацелася нечага большага, важнейшага, такога, што б магло захапіць усю істоту. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Паміраць у муках, канчацца. [Астаповіч] чуў, як трашчала сухое дрэва ў агні і як з агню рвуцца стогны і енкі тых, хто там канае ў нечалавечых пакутах. Чорны. [Лабыш:] Яна ўжо канае! Свечку, свечку нясіце! Козел. // Выражае найвышэйшую ступень хацення, жадання і пад. — Канае малы, просіць, каб паказаў яму крыгаход. Краўчанка.
2. перан. Канчацца, набліжацца да канца. Прыгажэй за ўсё гасцінец пад вечар, калі канае дзень, нікне ў рэдкай смузе. Пташнікаў. Пакуль рэдактар дачытваў і папраўляў сваю газету, агарак свечкі пачынаў канаць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.
1. Напоўніць грузам; нагрузіць. Загрузіць машыну мяшкамі. // Заняць, заваліць, запоўніць чым‑н. Загрузіць стол кнігамі. □ Усю зіму возяць туды [на рум] калоды і павязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. Колас.
2. перан. Разм. Забяспечыць работай у патрэбнай колькасці. Загрузіць трактары на поўную змену. / Пра чалавека. — Ты не ўяўляеш, як загрузяць цябе, калі тут аграномы, няхай і з сярэдняй адукацыяй, цэняцца, як золата. Хадкевіч.
3. Закласці, засыпаць куды‑н., у што‑н. Загрузіць вугаль у топку. Загрузіць сілас у яму. Загрузіць лён у мачулішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задуме́нны, ‑ая, ‑ае.
Паглыблены ў думкі, разважанні; задумлівы. Думкі пра інстытут цяпер прыносілі не радасць, а нудны боль. Андрэй стаў невясёлы і задуменны. Чарнышэвіч. Марынка сядзела задуменная, негаваркая, ні да чаго не дакраналася. Хадкевіч. // Які выражае роздум, задуменне. Бухгалтар зноў пачаў думаць. Задуменны позірк яго блукаў па кабінеце. Арабей. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны. Колас. // Які навявае думкі, схіляе да разважанняў. Гучаць беларускія мелодыі ў аркестры: ціхія, задуменныя, працягла-пявучыя і лірычныя. Сяргейчык. // перан. Маўклівы, таямніча-загадкавы. У ціхую пагоду зімовы лес маўклівы, задуменны і таямнічы. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заказа́ць 1, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.
1. што і па чым. Даць заказ 1 (у 1 знач.) на што‑н. Заказаць абед. □ Пайшлі браты да каваля і заказалі сабе па булаве. Якімовіч. Чырванеючы ад хвалявання.., Лёня заказаў музыкам свой любімы вальс. Брыль.
2. Разм. Даць наказ, апавясціць. Заказаць абед. □ [Стараста:] — Ну, я ўжо заказаў, каб пасылалі хлопцаў у школу. Колас.
заказа́ць 2, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., каму-чаму, звычайна з інф.
Уст. Забараніць. Ну, а сэрца, ці сэрцу закажаш, Што зрабіць — ці забыць, ці кахаць. Астрэйка.
•••
(І) дзесятаму заказаць — зарачыся ніколі больш не рабіць чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)