фа́кел, ‑а, м.

1. Свяцільня, звычайна ў выглядзе палкі з наматаным на канцы прасмоленым пакуллем. Мама ўжо хацела бегчы да рыбакоў, каб шукаць [Рыму] з факеламі на рэчцы, але тут адчыніліся дзверы і на парозе паказалася Палагея Аляксандраўна. Васілеўская. Чалавек дзесяць немцаў мітусіліся каля хат, з бутэлькамі і палаючымі факеламі ў руках. Якімовіч.

2. перан. Пра таго, хто (або тое, што) нясе веды, свабоду, ісціну і пад. Нязгасным полымем гарыць у руках чалавека-творцы факел ведаў, запалены Праметэем. «Маладосць».

3. Спец. Конусападобнае полымя, а таксама струмень газу або вадкасці, якія маюць выгляд конуса. Са знешніх самых эфектыўных прыкмет промысла — факел над зялёным жытам: спальваецца газ, які аддзяліўся ад нафты. Шамякін.

4. У астраноміі — светлыя, няправільнай формы плямы на паверхні Сонца.

[Ням. Fackel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што.

1. Пакрываць, насычаць фарбай, падвяргаць афарбоўцы. Фарбаваць падлогу. Фарбаваць тканіны. □ Дзяўчаты ў камбінезонах і ў спяцоўках паспешліва і любоўна фарбавалі асвятляльныя мачты. Карпаў. [Хлопчык:] — Глянь, хто гэта туды [на дах] узлез? Што ён робіць? [Маці:] — Маляр. Дах фарбуе, каб не цёк. Гарбук. // Надаваць колер, афарбоўку. Фарбуе сонца ліст асіны, а ў сэрцы радасць і вясна. Дзень добры, родная краіна! Дзень добры, Беларусь мая! Машара. Чырвоная прозалаць захаду фарбавала не толькі край неба, але і ўсё наваколле ў мяккі ружовы колер прадвесня. Сабаленка.

2. Разм. Пэцкаць (пра нетрывала, недабраякасна афарбаваныя рэчы).

3. Падмалёўваць сабе вусны, бровы і пад. Тамара не разумее: навошта фарбаваць вусны? Ермаловіч. // Перафарбоўваць у іншы колер. Фарбаваць валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаця́, злучн. і часціца.

Разм.

1. злучн. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў значэнні «нягледзячы на тое, што». Няўтульнымі сталі пакоі, хаця мэбля была на месцы. Лынькоў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Цяпер можна не спяшацца, хаця і вечарэла ўжо. Шамякін. / Пры наяўнасці супраціўных злучнікаў у галоўным сказе. Стары Апанас Гарбуз хаця і лічыў сябе набожным, але ў [царкву] хадзіў рэдка. Чарот.

2. часціца ўзмацняльна-вылучальная. Тое, што і хоць (у 5 знач.). — А таварышок, а паночак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго, — загаласіла Рыпіна. Крапіва.

3. часціца ўзмацняльна-абмежавальная. Тое, што і хоць (у 6 знач.). Ад крыўды і голаду моцна засмактала ў .. [Лёнькі] пад грудзьмі: хаця б адну бульбіну з’есці. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ліцца, біць маленькімі струменьчыкамі. У ранішняй цішыні чуваць, як са звонам цыркае ў даёнкі малако. Дуброўскі. Густы дробны дожджык цыркае зверху, цягнецца золкай павуцінай. Бядуля. // каго. Абл. Даіць. Маці ў хляве цыркала.. карову ды ўсё прыгаварвала, каб тая добра стаяла на адным месцы. Каваль.

2. Пляваць цераз зубы. Андрэй.. цыркаў праз зубы ў агонь. Пташнікаў. З-за трактара паяўляецца Хведар. Ён стаіць, адставіўшы нагу, раз-пораз цыркае слінай. Асіпенка.

3. Стракатаць (пра насякомых, птушак). Спалохана цыркалі і зноў змаўкалі сонныя птушкі. Курто. Стаяла цішыня, толькі цыркалі конікі і ледзь чутна шапацела трава. Федасеенка.

4. Даваць, выдаваць, важыць патроху, невялікімі порцыямі. Сястра трохі памагае, але што — цыркае па кропельцы. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чмуры́ць, чмуру, чмурыш, чмурыць; незак., каго-што і без дап.

1. Дурыць, адурманьваць, тлуміць. [Зоя:] — Дзень і ноч на заводзе і дома мудруе і майструе. Я ўжо казала яму: кінь ты, не чмуры галавы. Сабаленка. — Заўтра... Паслязаўтра. Пасля дожджыку ў чацвер, — ужо весела жартуючы, сказаў Каляда.. — Ты мне не чмуры — пасля дожджыку! Ваданосаў.

2. Ашукваць, абдурваць каго‑н., збіваць з толку. І тулілася ўдоўка, Пеставала прымака: — Ну й разумная галоўка! Як людзей ты чмурыш лоўка! Ну і лёгкая рука! Валасевіч.

3. без дап. Гаварыць, рабіць глупствы; хлусіць; прыдурвацца. [Антонаўна:] — А не чмуры ты, стары дурань. Дзяцей пагадаваў, а розуму не набраўся. Прокша. [Раіса:] — Кіньце чмурыць... Я не такая наіўная, каб не пазнаць, як крычыць сава. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлейф, ‑а, м.

1. Доўгі падол жаночай сукенкі, які цягнецца ззаду. Яна [Міхаліна], напрыклад, запрасіла Мсціслава на заручыны: — Будзеце трымаць корд жаніха, — ласкава схіліла галаву. — Або мой шлейф. Караткевіч. Я ведаў, што Таня любіць апранаць на сябе што-небудзь незвычайнае, каб валаклося ўслед, як шлейф, па падлозе. Сачанка. // перан. След, паласа ў паветры, на вадзе і пад. ад руху чаго‑н. Дарога злёгку пыліла, за машынай слаўся рэдзенькі белаваты шлейф, які адносіла на зялёныя палеткі. Асіпенка. З-за павароту вынырнуў цеплаход на падводных крылах. Ён, шустра завярнуўшы, адкінуў на бераг пеністы шлейф. Гаўрылкін.

2. Тое, што і валакуша (у 2 знач.). Выраўноўванне глебы шлейфам.

3. У геалогіі — паласа адкладанняў, якая ахінае ніжнюю частку якога‑н. узгорка, узвышша.

[Ням. Schleife.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмігра́цыя, ‑і, ж.

1. Перасяленне з сваёй айчыны ў іншую краіну па эканамічных, палітычных, рэлігійных і інш. прычынах. Мы добра ведаем з біяграфіі У. І. Леніна аб яго вымушанай эміграцыі за мяжу. Каршукоў. Крыўдна, што балюе беглы карнік Каля ўспамінаў дарагіх — Герцэн... Эміграцыя... Друкарні... Песні волі... Песні і сцягі. Панчанка. // Разм. Наогул пераезд у іншы горад ці іншую мясцовасць.

2. Знаходжанне за межамі сваёй айчыны ў выніку такога перасялення. Левандоўскі якраз два дні таму назад вярнуўся з эміграцыі. Карпюк. Знаходзячыся ў эміграцыі, Цётка [Алаіза Пашкевіч] прадаўжала марыць аб звароце на радзіму, каб працягваць рэвалюцыйную работу. Клімковіч.

3. зб. Эмігранты. Частка польскай моладзі ў краі знаходзілася пад уплывам ідэй лідэра польскай эміграцыі Л. Мераслаўскага. Смірноў.

[Ад лац. emigrare — перасяляцца, высяляцца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Злучацца, збліжацца, утвараючы адзінае цэлае. Мы гаварылі, і наша мінулае ажывала, ядналася з нашым сучасным. Вышынскі. Стаіць.. [вёска] на лясной паляне, што толькі з аднаго боку яднаецца з яшчэ большай, узгорыстай палянай. Навуменка. І смутак, і радасць ядналіся разам. Чорны.

2. Аб’ядноўвацца, згуртоўвацца для дружных агульных дзеянняў. Сучасны сусветны рэвалюцыйны працэс развіваецца пад лозунгам: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» «Звязда». Паэт сваім перакладам [«Слова аб палку Ігаравым»] быццам сцвярджаў, што ворагаў рэвалюцыі можна перамагчы толькі тады, калі народы былой царскай Расіі будуць яднацца ў сваіх баявых і працоўных намаганнях. Палітыка.

3. Уступаць у блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць сувязь з кім‑н. Сусед яднаецца з суседам, Каб даць прастор сваім палям. Глебка.

4. Зал. да яднаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калгатня́ ’непарадак, шум’ (Шат.), колготня ’мітусня, бегатня, трывога, клопат, штурханіна’, варонеж. ’непаседа’, колгота ’тс’. колготать ’несці лухту’ (смал.), колготиться ’шумець’ і інш. Што датычыць бел. слова, то тут можна бачыць архаізм усх.-слав. перыяду. Паводле Фасмера, 2, 287, колгота — «темное слово». Трубачоў (Дапаўненні, 2, 287) мяркуе, што хутчэй за ўсё ўтворана ад *коголта, як колдоба​ *кодолба. Ён звязвае гэты архетып з коранем, прадстаўленым у рус. о‑голтелый. Такую версію прымае 1 Шанскі (2, К, 195–196) і прыводзіць зафіксаванае Далем дыял. оголтеть ’ашалець’. Нягледзячы на трапнасць данай этымалогіі, нельга не ўбачыць, што фармальнае супадзенне з рус. колдоба мяркуемай Трубачовым праформы не пацвярджаецца семантыкай. Рус. оголтелый, не вельмі яснае, можа і не адносіцца сюды, неабходны спецыяльны аналіз, каб давесці роднаснасць з колгота. Паводле Шанскага, рус. слова ўтворана метатэзай ад голкота (рэальна засведчана голкотня), якое з’яўляецца вытворным ад голк ’шум, крык, стук, аддалены гук і да т. п.’ (голк‑от‑а > колгота). Метатэза, відаць, параўнальна позняя, магчыма, усх.-слав. перыяду (бел. слова з’яўляецца архаізмам). Што датычыць утваральнай асновы, бел. адпаведнікі ёсць у ст.-бел. мове (XV ст.): голка ’шум’ (гл. Карскі, Труды, 371), рус. вядомае на перыферыі паўн. гаворак, адносна ўкр. матэрыялу нічога пэўнага нельга сказаць. Далей можна прывесці в.-луж. hołk ’шум, гул’, славен. gôlk ’грук, гром’, балг. глък ’шум’, ёсць і многа інш. форм, на аснове якіх узнаўляецца прасл. *gъlkъ/*gъlka, гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 191. Лічыцца гукапераймальным, што даказваецца структурай лексемы. Гл. аб іншых паралелях і формах Фасмер, 1, 428–429, дзе і літ-ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагожы, лаґожы, лагошы, лого́шы, лоґошы́, лаґошы, лагяшы́ ’сані-развалкі для перавозкі грузаў, розвальні’ (ТС, ТСБМ, Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’вялікі воз для возкі сена, снапоў’ (Касп.), ’лёгкія сані’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), бярэз. ’выязныя сані’ (Сл. паўн.-зах.), ’сані з надбудаванай скрыняй або возам для перавозу тавараў’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), ’доўгія палкі, якія ўстаўляюцца ў драбіны воза, каб больш палажыць снапоў’ (Сіг.), ’прыстасаванне для пашырэння саней’ (Нар. сл., З нар. сл.), ’рама для воза, саней’ (Сл. паўн.-зах.), ’старыя, паламаныя сані’ (Нар. сл.), лагоша ’воз з бакавымі дошкамі замест драбін’, лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (Сл. паўн.-зах.). З такой семантыкай толькі беларускае. Pluralia tantum пад уплывам сані. Узыходзіць да венг. lógós ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’свабодны, які свабодна звісае’, lógó ’тс’, ’дышаль, да якога запрагаюць дадатковага каня’. З тымі ж значэннямі ўжываецца гэта слова ў серб.-харв. (ло́гов), балг. (ло́гой) і славац. (logoš) мовах. У ст.-польск. łogosz (з XVII ст.) азначае ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’лаўка ззаду воза, саней для гайдука’. Апошняе значэнне і ў ст.-бел. лагошъ, локгошъ. Паводле гэтага Булыка (Запазыч., 191) выводзіць бел. лексему са ст.-польск. Гл. таксама Міклашыч, 172; Бернекер, 727; Брукнер, 310; Скок, 2, 313; MNy, 2, 60, 370. Балтыйскі адпаведнікі, дадзеныя А. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 604) да лагошы, а іменна літ. lùgės ’благія сані ці воз з кузавам’, lùgnios ’прыгожыя сані’, супадаюць толькі семантычна, таму што нельга растлумачыць агульнасць вакалізму кораня. Фрэнкель (1, 388) суадносіць іх з lubà ’стальнічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)