Каме́ль 1 ’ніжняя частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня’, ’перавязаны канец снапа, веніка і да т. п.’, ’аснова, тоўсты бок якой-небудзь рэчы’ (Нас., Маш., Мядзв., Бяльк., Сцяшк., ТСБМ, Гарэц., Бір. Дзярж.; КЭС, лаг.; Нік. Очерки; віц., Хрэст. дыял.; Федар. I; Растарг.; Сл. паўн.-зах.), ’каржакаваты, прысадзісты, здаровы чалавек’ (Др.-Падб.), камёлак ’тое ж аб дзецюку, аб кавалку дрэва’ (Нас., Бяльк., Юрч.), камлява́ты, камлякава́ты ’дужы, мажны’ (добр., Мат. Гом.; іўеў., Сцяшк. Сл.; віл., гродз., Сл. паўн.-зах.), шкл. камлюшок ’сцёрты венік’ (Мат. Маг.), камлі́, камле́, камлюкі́ ’валакно з ніжняй часткі трасты льну’, ’пачаскі з ніжняй часткі трасты льну’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. коме́ль, рус. раз., наўг. ка́мель, паўн.-рус., калуж., арл. ко́мель ’камель раслін, дрэў’, ’ствол дрэва’, перм. ко́мень ’ствол дрэва’; польск. аструдск., варм.-мазурск. komle ’пачаскі пасля першага часання жмені льну ад каранёў’. Такім чынам, лексема пашырана на прыбалт. арэале, і суф. ‑ель можна лічыць роднасным да ст.-прус. ‑elis, літ. ‑ė̃lis. Утворана ад komъ > ком, камя́к (гл.). Параўн. таксама літ. kamė́nas, kamíenas ’камель дрэва’, лат. kamans ’тс’. Літ-py гл. Фасмер, 2, 302, Шанскі, 2 (К), 228.

Каме́ль 2, мазыр. коме́ль ’бязрогая карова’ (З нар. сл.), каме́зы ’тс’ (смал., КЭС), камёзы ’лабаты, бязрогі’ (Гарэц., Др.-Падб.), камёзасць (Гарэц.). Укр. комо́лий, рус. комо́лый, коматый ’тс’, перм. комёл ’бязрогі бык’; ст.-польск. komoły, польск. gomoły, в.-луж. gomoły, чэш. komolý, chomolý, мар. gomoľa ’бязрогая карова’, славен. komȏł ’бязрогі’, komólčen ’локцевы’, серб.-харв. ко̀молац ’локцевая косць’. Прасл. komolъ роднаснае да komъ ’камяк’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-в.-ням. hamal, ст.-англ. hamola ’скалечаны’: ст.-грэч. κολοβός ’бязрогі’, хец. karmalussāi ’застацца пакалечаным, нерухомым’ (Махэк₂, 271; Фасмер, 2, 304; Слаўскі, 1, 315; Трубачоў, Эт. сл., 10. 174–175).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трава́ ’сям’я раслін Gramineae з аднагадовымі зялёнымі парасткамі і сцяблом’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Стан., Бяльк., Бес., ТС, Сл. ПЗБ), ’трава, злакі’ (Байк. і Некр.), траві́на ’асобнае каліва травы’, ’трава наогул’, ’высахлая трава’ (Юрч. Вытв., ТСБМ; мёрск., Нар. словатв.), траві́ца ’траўка’ (Гарэц.), траві́шча ’густая высокая трава’ (Жд. 2), траваюжышча ’тс’ (Юрч. Мудр.), тро́ўка ’трава’ (Растарг.; люб., Ск. нар. мовы), траві́нка ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; ТС), зборн. траўё ’крапіва, бадылле’ (Бяльк.), коньска трава ’канюшына’ (дзісн., Яшк. Мясц.). Укр., рус. трава́, стараж.-рус. трава, трѣва ’трава, сена’, польск. trawa, н.-луж. tšawa, в.-луж. trawa, чэш., славац. tráva, славен. tráva, серб. тра́ва, харв. tráva, trāvȁ, trōvȁ; макед. трева, дыял. трава; балг. трева́ ’трава’, ’зёлкі’; ст.-слав. трѣва, трава ’трава’, ’маладая зелень’, ’расліны, атожылкі’. Прасл. *trava, *trěva, утвораныя ад дзеяслова *truti. Першапачаткова *trava, *trěva — ’тое, што спажываецца’, ’корм’ > ’зялёная паша’ > ’расліны, якія выкарыстоўваюцца ў якасці пашы’ > ’трава — зялёная ці скошаная’ (Фасмер, 4, 91–92; Махэк₂, 650; Бязлай, 4, 214–215; Борысь, 640; Сной₂, 778; ЕСУМ, 5, 613). Скок (3, 494) наяўнасць паралельных праславянскіх форм тлумачыць варыянтнай мяккасцю зычнага ‑r‑ у *trěva. Гл. таксама траві́ць 1. Сюды ж травя́нік ’лякарства з траў’ (Жд. 1), травя́нка ’фарбы, прыгатаваны з травы’ (ТСБМ), травасто́й ’травяное покрыва лугоў, сенажацей, пашы’ (ТСБМ), траве́ць ’зарастаць травою, пустазеллем’ (Касп., Сцяшк. Сл.; мёрск., Нар. сл.; полац., Нар. лекс.), травяне́ць ’тс’ (ТСБМ, Гарэц.), травяні́цца ’тс’ (Юрч.), траві́ць ’лячыць травамі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тра́ўлены ’травяны’, тра́ўля́ны (лён) ’лён, у якім расце шмат травы, пустазелля’ (ТС), траўляны́й ’травяністы’ (стол., Нар. лекс.), травяні́сты, травяны́ ’багаты травой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), травяно́й ’тс’ (Юрч. Вытв.), траўлі́вы ’травяністы, багаты на траву’ (ашм., Стан.), траўны́: траўное карэньне ’ядомае карэнне’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труска́лкі, труска́ўкі, труска́вкы ‘клубніцы, Fragia viridis Duch.’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Выг., Сл. Брэс., Скарбы, Жд. 2; карэліц., Янк. Мат.; гродз., маг., мін., Кіс.; зах.-бел., Сл. ПЗБ); труска́вчына ‘ягада клубніц’ (Клім.); труска́лка ‘тс’ (Нік., Оч.), труска́ўка ‘тс’ (Кіс.), тру́скаўкі ‘суніцы, Fragaria ananassa Duch.’ (маг., мін., гродз., Кіс.; бяроз., ЛА, 1). Этымалогія няпэўная, звязваецца з назвамі іншых раслін, параўн. укр. тру́скавка ‘суніца’, труск, траскавка ‘тс’, польск. truskawka ‘клубніца’, вял.-польск. truśkawki, tryśkawki ‘тс’, truskawiec, truskawice ‘птушыны драсён, Polygonum aviculare L.’, truskowie ‘палын палявы, Artemisia campestris L.’; в.-луж. truskalca ‘суніца’, ‘клубніца’, чэш. truskavec ‘драсён птушыны’, jahodník truskavec ‘клубніца’, ст.-чэш. truskavicě ‘тс’, славац. truskavica ‘тс’, drúzgavica ‘чарэшня’, druzgavec ‘суніцы’, truskavec ‘хваснік, пярыльцы, Hippuris vulgaris L.’, славен. tróska, trúskavica, truska(vka), tróskva ‘суніца’, серб. труска, харв. truska, trȍskot, druzgavac ‘тс’. Паўн.-слав. *truskavъka/*truskavica (паводле Борыся, 645). У паўднёвых славян можа выступаць галосная ‑o‑ ў аснове. Зыходзячы са славянскага матэрыялу, нельга растлумачыць матывацыю назвы. Дапускаюць, што назва абумоўлена: трашчаннем на зубах насення пладоў (ЕСУМ, 5, 659); спецыфічным шумам (трэскам) пры зрыванні пладоў (Махэк₂, 655; Шустар-Шэўц, 1539); трэскам пры ламанні сцяблінак з лістамі — аналогіі маюцца ў розных мовах: укр. хрускавка, хру́ставка ад хрускати, хрусті́ти ‘хрусцець’, чэш. praskavec < praskati ‘трэскацца, лопацца, трашчаць’, в.-луж. pruskelcy < pruskotać ‘трашчаць’, літ. braškė ‘клубніца’ < braškė́ti ‘трашчаць’, нова-в.-ням. Knackbeere < knacken ‘хрусцець’, польск. truskawka < trusk ‘трэск, хруст’, ст.-рус. трускъ ‘трэск’, рус. дыял. труск ‘тс’ (Брукнер, 578; Махэк, 104–105; Борысь, 645). У беларускай мове (як і ў іншых славянскіх мовах) назва клубніц была перанесена з назвы суніц у першай палове XVIII ст., калі шляхам перакрыжавання віржынскіх і чылійскіх суніц былі выведзены гатункі клубніц.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іржа́ 1 ’чырвона-буры налёт на паверхні жалеза; прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе; жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.), іржаве́ц, іржа́віньня ’тс’ (Бяльк.), іржаві́нне ’балота з іржавай вадой’ (ТСБМ, Нас.), іржаве́ць. Рус. ржа, ржа́вчина, дыял. иржа́ ’ржа’, иржа́вец ’топкае месца, якое змяшчае многа жалезнай руды’, ’балота з жоўта-бурай вадой’, укр. ржа, іржа́, польск. rdza, в.-луж. zerz, zerzawc, н.-луж. rza, ст.-чэш. rzě, чэш. rez, славац. hrdza, славен. rja, серб.-харв. р̀ђа, балг. ръжда́, макед. ʼрѓа. Ст.-слав. ръжда, ст.-рус. ръжа. Пачатковае і‑ пратэтычнае. Прасл. *rъdja роднаснае літ. rùdas ’буры’, rūdìs ’іржа’, лат. ruds ’чырванаваты’, ст.-інд. rudhirās ’чырвоны, крывавы’, грэч. ερυθρός ’чырвоны’, ἐρυθρός ’іржа (на хлебе)’, лац. ruber ’чырвоны’, гоц. rauþs ’тс’, с.-в.-ням. rot ’іржа’; узыходзяць да і.-е. *reudh/*roudh‑ ’чырвоны’. Гл. Покарны, 1, 872–873; Махэк₂, 513; Фасмер, 3, 480, дзе іншая літ-ра. На іншай ступені чаргавання гл. ірдзець, руда, руды.

Іржа́ 2 ’жыта’ адзначана толькі ў слоўніку Бялькевіча (агульнабел. жыта), аднак прыметнік іржаны́, аржаны́ (гл.) пашыраны па усёй беларускай тэрыторыі. Вытворнае іржа́ніца ’жытняк’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. рожь, укр. рож, польск. reż, в.-луж. rož, rožka, н.-луж. rež, палаб. råz, чэш. rež, славац. raž, славен. rž, серб.-харв. ра̑ж, балг. ръж, макед. ʼрж. Беларуская форма з пратэзай і‑. Прасл. *rъžь мае дакладныя адпаведнікі ў балтыйскіх і германскіх мовах: літ. rugỹs, лат. rudzis, ст.-прус. rugis, ст.-ісл. rugr, ст.-сакс. roggo. Гл. Фасмер, 3, 493–494; Праабражэнскі, 1, 210–211; Махэк₂, 513. Версія пра запазычанне з цюркскіх ці фінскіх моў (Шрадар–Нерынг, 2, 266) непераканаўчая. Агляд іншых прапаноў гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,

працэс мех. разбурэння і хім. змянення горных парод і мінералаў зямной паверхні і прыпаверхневых слаёў літасферы. Адбываецца пад уплывам атмасферы (ападкі, вецер, сезонныя і сутачныя ваганні т-ры паветра, уздзеяння на пароды атм. кіслароду і інш.), грунтавых і паверхневых вод, жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў і прадуктаў іх распаду. Вылучаюць выветрыванне фіз. (механічнае), хім. і арган. (біялагічнае). Своеасаблівыя рысы мае падводнае выветрыванне (гальміроліз).

У выніку фіз. выветрывання адбываецца разбурэнне горных парод з распадам іх на абломкі. Гал. агенты фіз. выветрывання — ваганне т-ры і нераўнамернае награванне і ахаладжэнне парод, расшырэнне шчылін у пародзе замерзлай вадой (марознае выветрыванне), разбуральная дзейнасць ветру. Пры хім. выветрыванні зменьваецца хім. састаў парод з утварэннем мінералаў. Асн. агенты хім. выветрывання — вада, кісларод, солі, вуглекіслата і арган. кіслоты; асн. працэсы — вышчалочванне, гідратацыя, гідроліз і акісленне. Арганічнае выветрыванне выяўляецца ў змяненні парод пад уплывам жыццядзейнасці раслін, макра- і мікраарганізмаў і прадуктаў іх распаду. Асобы тып выветрывання — глебаўтварэнне, пры якім найб. актыўна дзейнічаюць біял. фактары. Фіз. і хім. выветрыванне цесна ўзаемадзейнічаюць; інтэнсіўнасць іх залежыць ад клімату, рэльефу, саставу, структуры і трываласці парод, працягласці працэсаў і інш. Прадукты выветрывання застаюцца на месцы (элювій) або перамяшчаюцца па схілах узвышшаў дажджавымі і расталымі водамі (дэлювій), спаўзаюць пад уплывам сілы цяжару, марознага зруху і цякучасці (саліфлюкцыя), пераносяцца ветрам. Вобласць літасферы, дзе адбываюцца працэсы выветрывання, называецца зонай выветрывання, разбураныя і пераўтвораныя пароды — карой выветрывання. Зону выветрывання наз. таксама зонай гіпергенезу, працэсы ў ёй — гіпергеннымі. Адрозніваюць сучасныя (прыпаверхневыя) і стараж. (выкапнёвыя) коры выветрывання, пахаваныя пад больш маладымі. Макс. глыбіня выветрывання больш за 0,5 км. Працэсы выветрывання — важны фактар утварэння рэльефу, які прыводзіць да сплашчэння і выраўноўвання паверхні. Працэсы выветрывання мінулых геал. эпох уплывалі на ўтварэнне розных карысных выкапняў: кааліну, вохры, вогнетрывалых глін, пяскоў і інш.

На Беларусі ў сучасных геал. умовах пераважаюць выветрыванні хім. і арганічнае. Тоўшча сучаснай кары выветрывання 5—8 м, покрыва алювіяльна-дэлювіяльных утварэнняў (пяскоў і гліністых парод) да 3—5 м, зрэдку больш. Перамешчаныя ветрам прадукты выветрывання ўтвараюць характэрныя формы рэльефу — эолавыя ўзгоркі і грады, на асобных, незадзернаваных участках пяскі, якія развейваюцца. Працэсы выветрывання выклікаюць эрозію глебы, у т. л. развяванне асушаных тарфянікаў, зніжаюць апорную здольнасць грунтоў пад інж. збудаваннямі і інш., разбураюць буд. матэрыялы. Каб пазбегнуць шкодных вынікаў выветрывання, замацоўваюць схілы, адхоны, пяскі, якія развейваюцца, вядзецца барацьба з эрозіяй глебы і інш.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫ ВУ́ГАЛЬ,

цвёрды гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, разнавіднасць вуглёў выкапнёвых, прамежкавая паміж бурым вугалем і антрацытам. Мае ў гаручай масе 75—92% вугляроду, 2,5—5,7 вадароду, 1,5—15% кіслароду, мінер. прымесей (крэменязём, гліністае рэчыва і інш.) ад 1—2% і больш. Прымесі пры згаранні вызначаюць яго попельнасць. Колер чорны, радзей шэра-чорны. Адрозніваюць К.в. бліскучы, паўбліскучы, паўматавы, матавы. Шчыльн. 1220—1340 кг/м³. Найб. цеплыня згарання (у пераліку на сухое бяспопельнае рэчыва) 39,5—36,8 МДж/кг. Утвараецца з прадуктаў разлажэння арган. рэшткаў вышэй шых раслін, змененых працэсамі метамарфізму ва ўмовах павышаных т-р і ціску. Вылучаюць 5 генет. груп К.в., кожная з якіх паводле тыпу рэчыва падзяляецца на класы. Вядомы практычна ва ўсіх геал. сістэмах — ад дэвону да неагену, але найб. пашыраны ў карбоне, пермі і юры. Залягае ў выглядзе лінзападобных пакладаў і пластоў, магутнасцю да дзесяткаў і соцень метраў на глыбінях ад паверхні да 2,5 км і глыбей.

Важнай характарыстыкай К.в. з’яўляецца ступень яго рэгіянальнага метамарфізму, або узровень пераўтварэння арган. ч. пры павышэнні ціску і т-ры з пагружэннем вугляноснай тоўшчы на глыбіню. Адбываецца паступовая змена хім. саставу вуглёў, іх фіз. уласцівасцей і ўнутрымалекулярнай будовы. На вышэйшай (канчатковай) стадыі метамарфізму К.в. ператвараецца ў антрацыты, а пры яўна выражанай крышт. структуры — у графіты. Узрастанне ступені метамарфізму ў арган. рэчыве К.в. выклікаецца паслядоўным павелічэннем адноснай колькасці вугляроду і змяншэннем колькасці кіслароду і вадароду, лятучых рэчываў; змяняюцца таксама цеплыня згарання, здольнасць спякацца і фіз. ўласцівасці вугалю. Гал. тэхнал. ўласцівасці, якія вызначаюць каштоўнасць К.в., — спякальнасць і каксаванне. Прамысл. класіфікацыі К.в. заснаваны на розных параметрах якасцей і саставу вуглёў — на цеплыні згарання, колькасці звязанага вугляроду і лятучых кампанентаў, на цеплыні згарання і здольнасці да каксавання (Японія); на генет. асаблівасцях і цеплыні згарання (Расія, Украіна) і г.д. Па велічыні выхаду лятучых рэчываў і характарыстыцы негаручых рэшткаў К.в. падзяляюцца на 10 марак: даўгаполымныя, газавыя, газаватлустыя, тлустыя, коксавыя тлустыя, коксавыя, коксавыя іншыя, слабаспякальныя, збедненыя спякальныя і бедныя. Сусв. рэсурсы К.в. па розных ацэнках вагаюцца ад 8 да 16 трыльёнаў т. Найб. разведаныя запасы сканцэнтраваны ў Расіі, Казахстане, ЗША, Германіі, Польшчы, на Украіне. Выкарыстоўваецца К.в. як тэхнал. і энергет. сыравіна, для атрымання вадкага паліва. Пры вытв-сці коксу атрымліваюць многія хім. рэчывы, на аснове якіх выпускаюць угнаенні, пластмасы, сінт. валокны, лакі, фарбы і інш. З К.в. ў прамысл. маштабах атрымліваюць многія каштоўныя элементы: ванадый, германій, галій, серу і інш. Гл. таксама Вугальная прамысловасць.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зялёны, ‑ая, ‑ае; зелен, ‑а.

1. Адзін з колераў сонечнага спектра, сярэдні паміж жоўтым і блакітным; колеру травы, зелені. Зялёны колер. Зялёная фарба. Зялёная тканіна. □ Пад цяжарам.. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. // Разм. Бледны, з зямлістым адценнем. Зялёны твар.

2. Утвораны зеленню (у 1 знач.), зялёнай расліннасцю; зарослы дрэвамі, кустамі, травой. Верхавіны.. дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунэль. Чарнышэвіч. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей.

3. Які складаецца са свежай зелені, з’яўляецца зеленню (у 1 знач.). Зялёны корм. Зялёнае ўгнаенне. // Прыгатаваны са свежай травяністай часткі ядомых раслін. Зялёны боршч. Зялёнае варыва.

4. Недаспелы, няспелы. Зялёны яблык. Зялёнае жыта. Журавіны яшчэ зялёныя.

5. перан. Вельмі юны, нясталы; нявопытны з прычыны маладосці. Прыехаў да нас у будаўнічую кантору новы начальнік. Зусім зялёны, зірнеш на яго — гадоў васемнаццаць, больш не дасі! Каршукоў.

6. у знач. наз. зялёныя, ‑ых. Назва асобных атрадаў нерэгулярных войск, якія ў час вайны хаваюцца ў лясах і рабуюць насельніцтва. Нам — ні белых, ні зялёных, Мы з душою за чырвоных. З нар.

•••

Зялёнае мыла гл. мыла.

Зялёная маса гл. маса.

Зялёны гарошак гл. гарошак.

Зялёны канвеер гл. канвеер.

Зялёны стол гл. стол.

Зялёны тэатр гл. тэатр.

Зялёны чай гл. чай.

Зялёныя насаджэнні гл. насаджэнне.

Зялёнае дзіця гл. дзіця.

Зялёная вуліца гл. вуліца.

Молада-зелена гл. малады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свая́цтва, ‑а, н.

1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. [Абрамовіч:] — Дзякуючы сваяцтву па матчынай лініі з паэтам Багушэвічам і чытанню «Нашай нівы» я, хоць і даволі прыблізна, але арыентаваўся ў літаратуры. «Полымя». — Ды я ж сын Паўлы Мажэйкі, з Узлесся. Мы ўжо былі ў вас некалі, — не ведаючы добра ні цёткі Маланні, ні абстаноўкі ў вёсцы, Мажэйка рабіў упор на сваяцтва. Шахавец. // Блізкасць, якая існуе ў раслін, жывёлін аднаго віду. Аказваецца, многія расліны яловага лесу знаходзяцца ў блізкім сваяцтве з флорай цёплых і гарачых краін. Гавеман. // перан. Падабенства, блізкасць па зместу, уласцівасцях, прыкметах. К. Чорны сам вельмі падкрэсліваў сваё кроўнае сваяцтва з традыцыямі беларускіх класікаў [Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа]. Кучар. Па сутнасці, нейкую новую з’яву мастацкай дакументалістыкі, якая знаходзіцца ў блізкім сваяцтве з кароткім апавяданнем, нагадвае кніга тонкіх псіхалагічных нататак Я. Брыля «Жменя сонечных промняў». «ЛіМ».

2. Роднасць не па крыві, а па шлюбу (адносіны паміж роднымі тых, хто жаніўся). Пра вяселле.. і пра хуткае сваяцтва ніводзін з іх нават і не намякнуў. Кулакоўскі.

3. зб. Родныя, сваякі; радня. Мо таму, што на здымку я быў у капелюшы, у гарнітуры пад гальштукам, яго прымайстравалі на самым відавоку, бо ён аздабляў здымкі мачышынага сваяцтва, якое было знята ў сялянскай вопратцы. Сабаленка. Не даварыўшы, панюхаў і, памянуўшы хрыста з усім сваяцтвам, [Васька] выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст. Лынькоў.

•••

Ступень сваяцтва гл. ступень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)