ГА́ВАНЬ (галанд. haven),

прыбярэжная частка воднай прасторы (акіяна, мора, возера), натуральна або штучна ахаваная ад ветру, хваль, цячэнняў. Звычайна размяшчаецца ў бухтах. Гаванню наз. таксама частку акваторыі порта, дзе праводзяцца грузапасажырскія аперацыі. У залежнасці ад спецыялізацыі бываюць пасажырскія, вугальныя, нафтавыя, кабатажныя, ваенныя, рыбацкія, рамонтныя, зімовачныя і інш.

т. 4, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФРА́ГМА (ад дыя... + грэч. phragma перагародка),

грудабрушная перапона, сухажыльна-мышачная перагародка, якая аддзяляе грудную поласць ад брушной у млекакормячых жывёл і чалавека. Д. наз. таксама некат. мышцы ці групы мышцаў, што абмяжоўваюць якую-н. поласць: Д. рота, утвораная сківічна-пад’язычнай мышцай, Д. таза, мочапалавая Д. і інш.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАНЕ́НТ [ад лац. deponens (deponentis) той, хто адкладвае],

фізічная або юрыд. асоба, якая ўнесла каштоўнасці ў дэпазіт крэдытнай установы. Д. з’яўляюцца таксама фіз. асобы, якія не атрымалі своечасова зарплату, ганарар, і асобныя арг-цыі і асобы, на карысць якіх зроблены ўтрыманні з зарплаты (аліменты і інш.).

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАРА́Д,

паслядоўнасць муз. тонаў якой-н. сістэмы (ладу, строю) у пэўным парадку (узыходным ці сыходным), абертонаў (натуральны гукарад), гукаў, якія можна здабыць на пэўным муз. інструменце, а таксама ўсіх гукаў, што выкарыстаны ў якім-н. муз. творы, яго частцы, асобнай муз. тэме. Гукарад танальнасці наз. гамай.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СТАЎ IV Адольф

(Gustaf IV Adolf; 1.11.1778, Стакгольм — 7.2.1837),

кароль Швецыі [1792—1809]. З дынастыі Готарпаў. Дэспатычны характар праўлення Густава IV, а таксама паражэнне Швецыі ў войнах з Францыяй (1805—07) і Расіяй (1808—09) прывялі да звяржэння яго рыксдагам у сак. 1809, у снеж. 1809 выгнаны са Швецыі.

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЕ́РЧАЯ ГРА́МАТА,

дакумент, які сведчыць паўнамоцтвы дыпламатычнага прадстаўніка і прызначэння яго ў адпаведную краіну. Падпісваецца кіраўніком дзяржавы і замацоўваецца подпісам міністра замежных спраў дзяржавы, якая прызначае дыпламат. прадстаўніка. Уручаецца кіраўніку прымаючай дзяржавы пры заступленні на пасаду. Даверчыя граматы выдаюцца паслам, пасланнікам, а таксама кіраўнікам спец. (надзвычайных) дэлегацый.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНЕ́Я (англ. guinea),

англійская залатая манета 17—18 ст. Упершыню выраблена ў 1663 з золата, прывезенага з Гвінеі (адсюль назва). У 1717 адпавядала 21 шылінгу, у 1817 заменена залатым саверэнам. Да 1971 у Вялікабрытаніі мела назву гінея сума ў 21 шылінг, ужывалася таксама ў якасці разліковай адзінкі.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМІ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ,

інтэрвал глыбінь у зямной кары, на якім т-ра павышаецца на 1 °C. У сярэднім складае 30—40 м; у крышт. пародах большы (120—200 м), чым у асадкавых. Чым меншая геатэрмічная ступень, тым хутчэй нарастае т-ра з глыбінёй. Гл. таксама Геатэрмічны градыент.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БІНСКАЯ ФА́БРЫКА ІНКРУСТА́ЦЫІ.

Створана ў 1961 на базе цэха інкрустацыі саломкай Гомельскай ф-кі маст. вырабаў. Асн. прадукцыя — разнастайныя куфэркі, пано, аздобленыя саломкай. Промысел заснаваны на мясц. нар. традыцыях аплікацыі саломкай. Выпускае таксама строчана-вышытыя вырабы, пано з разьбой і размалёўкай на чорным фоне і інш.

т. 6, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМІРА́ННЕ РАДЫЁСІГНА́ЛУ, федынг,

змяншэнне інтэнсіўнасці радыёсігналу ў пункце яго прыёму. Абумоўлена зменамі эл. уласцівасцей атмасферы, а таксама інтэрферэнцыяй радыёхваль, што прыйшлі ў пункт прыёму па розных напрамках (гл. Інтэрферэнцыя хваль, Распаўсюджванне радыёхваль). З.р. прадухіляюць з дапамогай аўтам. рэгуліроўкі ўзмацнення, прыёму на некалькі разнесеных антэн і інш.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)