АЗДЗЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Барысаўскім р-не Мінскай вобл., за 2 км ад р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса «Новае жыццё». За 42 км ад Барысава, 130 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Навасады. 1627 ж., 737 двароў (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, урачэбны ўчастак, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Каля Аздзяцічаў — гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганныя могільнікі.
т. 1, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАБІЯЦЭНО́З,
аграцэноз (ад агра... + біяцэноз), біялагічнае згуртаванне пасяўных культур, пустазелля, жывёл і мікраарганізмаў, створанае ў выніку с.-г. дзейнасці чалавека. У адрозненне ад натуральнага біяцэнозу мае абмежаваны склад раслінных і жывёльных кампанентаў (у аснове культываваныя чалавекам расліны), слаба выяўленае самарэгуляванне, але большую біял. прадукцыйнасць. Комплексы інш. арганізмаў фарміруюцца ў выніку натуральнага адбору і рэгулявальнай дзейнасці чалавека. Аграбіяцэнозы займаюць каля 10% усёй паверхні сушы.
т. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСА́РСКІ ХРЫБЕ́Т,
у сістэме Гісара-Алая, ва Узбекістане і Таджыкістане, водападзел басейнаў рэк Зераўшан і Амудар’я. Даўж. каля 200 км. Выш. да 4643 м. Складзены пераважна з крышт. парод, сланцаў і пясчанікаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. У цэнтр. ч. воз. Іскандэркуль (на выш. 2176 м). На схілах стэпы, дрэвава-хмызняковая расліннасць, субальпійскія лугі, нагорныя ксерафіты, альпійскія нізкатраўныя лугі. Запаведнікі Гісарскі і Раміт.
т. 5, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫ́БАЎ,
вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 21 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 70 км ад Гомеля. 206 ж., 92 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Курган Славы на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Глыбаў.
т. 5, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНА-АЛТА́ЙСК,
горад у Расіі, сталіца Рэспублікі Алтай, на р. Майма. Узнік у пач. 19 ст. (да 1932 наз. Улала, да 1948 Айрот-Тура). 47,8 тыс. ж. (1992). Прам-сць: лёгкая (ткацкая, гардзінна-цюлевая, абутковая, швейная), мэблевая, харчовая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пед. ін-т. НДІ гісторыі, алтайскай мовы і літаратуры. Драм. т-р. Краязнаўчы музей. Каля Горна-Алтайска — Чуйскі тракт.
т. 5, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЛІ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА газавае,
ва Узбекістане, за 100 км на ПнЗ ад г. Бухара, у пустыні Кызылкум. Уваходзіць у Амудар’інскую газанафтаносную правінцыю. Адкрыта ў 1956, распрацоўваецца з 1961. Пачатковыя запасы газу каля 0,5 трлн. м³. Прадукцыйныя пясчанікі і алеўраліты мелу на глыб. 680—1180 м. Цэнтр здабычы — г. Газлі. Газаправоды на Урал, у цэнтр. еўрап. частку Расійскай Федэрацыі, Ташкент і інш.
т. 4, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙНАЎКА (Hajnówka),
горад у Польшчы, у Беластоцкім ваяв., каля зах. ускраіны Белавежскай пушчы. Вядома з 18 ст., горад з 1951. 21 тыс. ж. (1993), палякі і беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр дрэваапр. і мэблевай прам-сці. Вытв-сць каніфолі, шкіпінару і інш. рэчываў. Машынабудаванне (машыны для дрэваапрацоўкі). Адзін з цэнтраў бел. культуры ў Польшчы. Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.
т. 4, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
археалагічныя помнікі (гарадзішча і селішча 8 — пач. 11 ст.) каля пас. Гарадзішча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Гарадзішча ўмацавана валам і драўлянаю сцяной. На селішчы выяўлены рэшткі 2 наземных жытлаў канца 1-га тыс. з каменнымі печамі. На помніках знойдзены разнастайныя ўпрыгожанні, зброя, прылады працы, побытавыя рэчы, трапляюцца таксама матэрыялы эпохі неаліту, бронзы, мілаградскай і зарубінецкай культур жал. веку.
т. 5, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНА́Я,
радовішча фармовачных і шкловых пяскоў каля в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад кварцавых пяскоў алігацэнавага ўзросту. Разведаныя запасы больш за 15 млн. м³, у т. л. шкловых — больш за 8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—17,7 м, ускрышы 0,2—7,4 м. Пяскі прыдатныя на выраб высакаякаснага ліставога шкла, посуду, для ліцейнай вытв-сці.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
радовішча тугаплаўкіх глін на ўскраіне пас. Гарадок Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Пластавы паклад, утвораны стракатымі азёрнымі глінамі алігацэну і міяцэну. Разведаныя запасы каля 33 млн. м³. Карысная тоўшча 6—15 м, ускрыша 2,5—7,8 м. Гліны дысперсныя пластычныя і высокапластычныя, вогнетрывалыя. Прыдатныя на выраб каналізацыйных і дрэнажных труб і цэглы, як фармовачны матэрыял. Сыравінная база Рэчыцкага камбіната будматэрыялаў.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)