Бо́ма1 ’рычаг’ (БРС), ’доўгая жэрдка з тоўстым канцом пры плытах’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Бір. Дзярж.). Рус. дыял. (у Літве) бо́мка ’тс’. Параўн. рус. бом ’шлагбаум’, запазычанае з гал. boom ’брус, бэлька’ (Фасмер, 1, 191; Шанскі, 1, Б, 161). Але, магчыма, што бел. слова запазычана з той жа крыніцы, што і літ. búomas. ’рычаг’: з усх.-пруск. bōm ’тс’ (а лат. buõmis ’рычаг’ і г. д. — з с.-н.-ням. bom). Да балт. форм гл. Фрэнкель, 64–65.

Бо́ма2 ’званочак’. Новае ўтварэнне з бо́мка ’тс’ (гл.), якое, мабыць, успрымалася як памяншальная форма. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малява́ць ’рысаваць фарбамі’, ’фарбаваць’, ’апісваць’, ’абгаворваць (перад людзьмі)’ (ТСБМ, Нас., Касп., Грыг., Сл. ПЗБ), драг. малюваты ’мазаць алоўкам абы-што’ (З нар. сл.), ’выяўляць’ (Яруш.), ст.-бел. малевати, малиовати ’маляваць’ запазычана са ст.-польск. malować ’тс’, якое са ст.-в.-ням. mâlôn ’тс’, с.-в.-ням. mâlen, ням. malen (Чартко, Бел. лінгв. зб., 151; Жураўскі, Бел. мова, 63; Піўтарак, Бел. лекс., 134; Булыка, Запазыч., 196). Сюды ж маляванне ’жывапіс’ (Нас.), ’фарбаванне’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’шыльда’ (Яруш.), маляваненькі ’прыгожы’ (Нас.), малява́цца ’быць паслухмяным’ у выразе: …Коб ты и малёваўся… ’Рабі што хочаш, але не будзе па-твойму’, драг. малёва́тысь ’тс’ (ТС, КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́сцень1 ’тс’ (Сл. паўн.-зах., Грыг.). Гл. кіста, кісць.

Кі́сцень2 ’від зброі’ (ТСБМ). Праз рус. кистень з каз., тат. kistän ’друк, палка’. Аднак значэнне рускага, беларускага, украінскага і польскага слоў не адпавядае імавернай цюркскай крыніцы (’кароткая палка з металічным шарам на адным канцы і з пятлёй на другім для надзявання на руку’). Такі від зброі ў старапольскай мове меў іншую назву таксама цюркскага паходжання basalyk. Польск. kiścień — запазычанне з усходнеславянскіх моў, але ст.-бел. кестень, кістень (з 1540 г.) насуперак Булыку (Запазыч., 153) запазычана са ст.-польск. kiešcień, як аб гэтым сведчыць вакалізм (параўн. Слаўскі, 2, 175–176).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Або́е (БРС), абоі ’абодва’ (Шат., Касп., КЭС). Параўн. абодва. Адна з дзвюх праславянскіх форм з і.-е. паралелямі: рус. обое, ст.-рус. обои, ст.-слав. обо, ст.-чэш. oboj, літ. abeji, лат. abejì, ст.-прус. abbai, abbaien, гоц. bai, ст.-інд. ubháyam, Фасмер, 3, 104. Форма, якая адпавядае бел. абодва, на славянскім грунце больш пашырана, але мае балта-славянскі інавацыйны характар (гл. абодва). Абоі — гэта індаеўрапейскі архаізм, які захаваўся толькі ў некаторых славянскіх мовах, у тым ліку старажытнапісьмовых (стараславянскай, старажытнарускай і старажытначэшскай). Той факт, што гэта слова сустракаецца ў гаворках цэнтральнай часткі Беларусі, сведчыць, што яно спрадвечнабеларускае, а не запазычанне з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абрыня́ць ’напухнуць, азызнуць’ (Шн.). Можна рэканструяваць як obъriněti < *obъrinъ ’волат’ (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2), ст.-рус. объринъ захавала толькі значэнне ’авар’, але ст.-польск. ob‑rzym ’волат’ дало ст.-польск. obrzmieć ’напухнуць’. Параўн. таксама чэш. obr, славац. obor, славен. ober ’волат’. У выніку памылковай дэкампазіцыі польск. obrzmieć > o‑brzmieć, na‑brzmieć. Апошняя форма была запазычана ў чэшскую мову з ляш. nabrnět ’напухнуць’ (Махэк₂, 406 і 67). Менш верагодна сувязь адрыняць з укр. брунька ’почка’, чэш. brnka ’паслед’, якія Трубачоў (Этымалогія, 1964, 3–4) супастаўляе з ст.-інд. bhrūná ’зародак’, лат. braũna ’луска’. Апошнія да і.-е. *bhrē̆u/bhrū̆ ’пухнуць’ (Покарны, 169).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Алё́с ’алешнік, балота, пакрытае густым алешнікам і лазой, мокрае месца’ (Бяльк., БРС, Гарэц., Касп., Маш., ДАБМ), альса ’балотная сенажаць часам з альхой’ (Касп.), смален. алёс (Дабр.), паўдн.-пск. алёс, польск. olśna. Этымалагічная сувязь з альха (вольха), альша не выклікае сумненняў, але захаванне s пасля ь незразумелае. Лінгвагеаграфія слова дазваляе думаць аб балтыйскай крыніцы. Тады алёс < *als (літ. al̃ksnis ’вольха’). Гл. Тапароў-Трубачоў, Лингв. анал., 254, гл. таксама Талстой, Геогр., 160, дзе спасылка на вуснае выказванне Трубачова. Карскі, РФВ, 49, 12, алёс лічыць з лат. aluots ’крыніца’, што фанетычна, семантычна і геаграфічна неверагодна. Параўн. Фасмер, 1, 71.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апара́т, апара́ты ’царкоўныя рэчы, у тым ліку адзенне свяшчэнніка’ (Нас.); аднак ужо ў аповесцях XVI–XVII стст. апаратъ военныи (Шакун, Гісторыя, 106). У старабеларускай мове як царкоўны, так і ваенны апарат з XVI–XVII стст. з лац. apparatus (Курс суч., 172; Гіст. лекс., 111), магчыма (але не абавязкова), праз польскую. Наўрад ці трэба лічыць, што на пачатку XX ст. слова апарат было другі раз запазычана ў беларускую мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 83; Гіст. мовы, 2, 147; Гіст. лекс., 245), хутчэй за ўсё тут можна гаварыць толькі аб пашырэнні значэння ўжо ўжыванага слова; апарат ’ваенны парад’ (Нас.) кантамінацыя парад і апарат.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аплэ́вух ’непаваротлівы, неахайны чалавек’ (Жд.). Прыведзены як прыклад сказ: «Аплэвух гэты, апусціў крылля, смаркачэ вечна блішчаць на вусах» указвае на імавернасць утварэння ад пляваць агентыўным суфіксам ‑ух (параўн. пастух), які, аднак, звычайна нясе націск. Адсутнасць націску можа тлумачыцца аналогіяй з не́слух. Параўн. рус. оплёвыш, оплеванец ’зняважаны чалавек’ (Даль). Цвёрдасць л — вынік экспрэсіі значэння слова. Значэнне ’непаваротлівы’ (прыклад яго не пацвярджае, але і не пярэчыць яму) можа весці да параўнання з літ. ãplamis ’непаваротлівы чалавек’, аднак і ў гэтым выпадку адбыліся беларуская словаўтваральная апрацоўка і значная фанетычная змена, выклікання, магчыма, народнаэтымалагічным асэнсаваннем слова, якое мае экопрэсіўнае значэнне. Параўн. яшчэ аблавухі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвялі́ць ’бяззуба, комкаючы есці’ (мсцісл., Юрч. Сін., 80), жвяль, жвель ’выклічнік пра павольную яду’ (мсцісл., Нар. лекс., 175). В.-луж. zwalić ’гаварыць глупства’, славен. žveljáti ’есці марудна, перажоўваючы; нешта рабіць марудна’, серб.-харв. жва̀лити ’зацягваць цуглі; слінявіць, трымаючы ў губах (напр., люльку)’, балг. дыял. жваля ’перажоўваць’, жви́лим ’церці; піць’. Параўн. літ. žvelgseti ’многа гаварыць’ (Шырвід), лат. zvalkšét ’балбатаць, рабіць гук (пра падзенне прадмета і інш.)’ (Мюленбах-Эндзелін). У корані адлюстроўваецца, відаць, тое ж *žьv‑, што і ў жаваць (гл.), але адбывалася і кантамінацыя з гукапераймальным *žv‑ (параўн. жвякаць), прычым аснова ўтвараецца з рознымі галоснымі (a‑, ‑ě‑, ‑i‑) і зычным ‑l‑ (дэтэрмінатывам?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Забы́ць ’перастаць помніць’. Рус. забы́ть, укр. забу́ти польск., в.-луж. zabyć, н.-луж. zabyś ’тс’, палаб. zobål‑să ’забыў’, чэш. zabýti, славац. кніжн. zabyť, славен. záabiti, серб.-харв. за̀бити ’забыць’. Ст.-слав. забыти ’забыць’, ст.-рус. забыти ’тс’ (з XI ст.), ст.-бел. забыти ’тс’. Прасл. zabyti < za + byti (гл. быць). Шанскі (2, З, 12) лічыць, што ўнутраная форма слова звязана з уяўленнем аб завыванні як пераходзе з сапраўднага свету за яго межы. Але першаснае значэнне быць, відаць, ’расці’, ’узнікаць’ (параўн. быллё), што дае падставу для ўяўлення аб іншым семантычным ходзе, адлюстраваным у выразе быллём парасло, г. зн. забылася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)