АПАРТЭІ́Д, апартхейд (на мове афрыкаанс apartheid раздзельнае пражыванне),

грамадска-палітычная дактрына, якая абгрунтоўвала і заканадаўча замацоўвала палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі, што праводзілася расісцкімі ўладамі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (ПАР) у дачыненні да карэннага афр. насельніцтва і інш. этнічных груп нееўрапейскага ці мяшанага паходжання. Як афіц. дзярж. палітыка абвешчана ў 1948 урадам кіруючай Нацыяналіст. партыі. Абазначаў пазбаўленне чорнай і «каляровай» большасці насельніцтва ПАР паліт., сац.-эканам. і грамадзянскіх правоў, яе тэр. адасабленне і ізаляцыю (гл. Бантустаны). Як адна з крайніх формаў расізму апартэід у 1966 у шэрагу дакументаў ААН асуджаны і абвешчаны злачынствам супраць чалавецтва. У 1973 ААН прыняла Міжнар. канвенцыю аб спыненні апартэіду і пакаранні за яго (уступіла ў дзеянне ў 1976). Барацьба карэннага насельніцтва і міжнар. супольніцтва супраць апартэіду прымусіла ўлады ПАР з 1976 мадыфікаваць палітыку апартэіду, адмовіцца ад шэрагу яго асноватворных палажэнняў, расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі. Астатнія палажэнні апартэіду ліквідаваны на пач. 1990-х г. урадам Ф. дэ Клерка.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 23.10.1932, в. Цімоніха Харкаўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1964). Друкуецца з 1956. Прадстаўнік т.зв. «вясковай прозы», у якой — рус. нац. характар, гіст. лёс сялянства. Першая кніга — зб. вершаў і паэм «Вёсачка мая лясная» (1961). У кнігах прозы «Спякотнае лета» (1963), «Рачныя лукавіцы» (1964), «Звыклая справа» (1966), «Цяслярскія апавяданні» (1968) і інш. — мастацкае даследаванне нар. характараў, побыт, звычаі, традыцыі і перспектывы паўн. рус. вёскі. У раманах «Пярэдадзень» (ч. 1—2, 1972—76), «Усё наперадзе» (1987), «Год вялікага пералому» (1991) — хроніка жыцця вёскі 1920-х г., супрацьпастаўленне абшчыннага і урбаністычнага тыпаў мыслення, лёс сучасных «неперспектыўных» вёсак. Аўтар гумарыстычных мініяцюр (кн. «Бухціны валагодскія», 1969), п’ес, артыкулаў, нарысаў (кн. «Лад», 198.2) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1981, Літ. прэмія імя Л.​Талстога 1992.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1991—93.

Літ.:

Селезнёв Ю.В. В.​Белов: Раздумья о творческой судьбе писателя. М., 1983.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗНЯСЕ́НСКІ (Андрэй Андрэевіч) (н. 12.5.1933, Масква),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскі архітэктурны ін-т (1957). Першыя зб-кі вершаў — «Парабала» і «Мазаіка» (абодва 1960). Паэмы «Майстры» (1959), «Ланжумо» (1963), «Оза» (1964), «Аповесць пад ветразямі» (1971), «Авось» (1972), «Андрэй Палісадаў» (1980) вызначаліся асабістым паэт. почыркам, які вылучаўся на фоне тагачаснай уніфікаванай паэзіі. Аўтар зб. вершаў «Антысветы» (1964), «Ахілесава сэрца» (1966), «Цень гуку» (1970), «Погляд» (1972), «Дубовы ліст віяланчэльны» (1975), «Вітражных спраў майстар» (1976, Дзярж. прэмія СССР 1978), «Спакуса» (1978), «Несвядомае» (1981), «О.​Аповесць» (1982), «Прарабы духу» (1984). У паэзіі Вазнясенскага значнае месца займаюць урбаністычныя матывы, раскрываецца антыгуманізм сучаснага свету, у якім самымі ранімымі застаюцца сэрца і душа чалавека. Выдаў кнігу ўспамінаў «Мне чатырнаццаць гадоў» (1980). На бел. мову творы Вазнясенскага пераклаў Р.​Барадулін (зб. «Небам адзіным», 1980).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84;

Аксиома самоиска. М., 1990.

Літ.:

Михайлов А. Андрей Вознесенский. М., 1970.

С.​Ф.​Кузьміна.

А.А.Вазнясенскі.

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сукупнасць эканам., прававых і арганізац. мерапрыемстваў дзярж. органаў, цэнтр. банкаўскіх і фінансавых устаноў у сферы валютных адносін з мэтай уздзеяння на плацежны баланс, валютныя курсы, канкурэнтаздольнасць нац. вытв-сці; састаўная частка эканам. палітыкі краіны. Валютная палітыка бывае бягучая і доўгатэрміновая. Бягучая мае на мэце аператыўнае рэгуляванне валютна-рыначнай кан’юнктуры і дзейнасці валютнага рынку, забеспячэння ўпарадкаванага функцыянавання механізмаў нац. і сусв. валютных сістэм; ажыццяўляецца пераважна ў 2 формах: дыскантнай (змена ўліковай стаўкі працэнта для ўздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмпы інфляцыі, стан плацежнага балансу і валютны курс) і дэвізнай (рэгуляванне валютнага курсу з дапамогай валютнай інтэрвенцыі і валютных абмежаванняў). Мэта доўгачасовай валютнай палітыкі — ажыццяўленне структурных змен у міжнар. валютным механізме (роля золата, рэзервовых валют, СДР і інш. лікавых адзінак у міжнар. разліках, рэжым валютных парытэтаў і курсаў і інш.); рэалізуецца перагаворамі краін на рэгіянальным узроўні і міждзяржаўнымі (найперш у межах міжнар. валютнага фонду).

В.​Ф.​Дашкевіч.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (24.5.1906, г. Казань, Расія — 19.11.1975),

савецкі хірург. Акад. АМН СССР (1957), ген.-палк. мед. службы (1963). Герой Сац. Працы (1966). Сын і вучань А.В.Вішнеўскага. Скончыў Казанскі ун-т (1929). Працаваў у ім, з 1931 у Ваенна-мед. акадэміі (Ленінград), з 1933 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны. З 1948 дырэктар Ін-та хірургіі імя А.​В.​Вішнеўскага АМН СССР і адначасова (з 1956) гал. хірург Сав. Арміі. Навук. працы па мясц. анестэзіі, абязбольванні, гіпатэрміі і штучным кровазвароце пры аперацыях на сэрцы і лёгкіх, праблемах нерв. трофікі ў хірургіі, выкарыстанні палімераў у хірургіі. Упершыню ў свеце выканаў пад мясц. анестэзіяй аперацыю на сэрцы (1953), першую ў СССР аперацыю на «адкрытым сэрцы» ва ўмовах штучнага кровазвароту (1957). Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1970.

Тв.:

Дневник хирурга. Великая Отечественная война 1941—1945 гг. М., 1967;

Избранные работы по хирургии и пограничным областям. Т. 1—2. М., 1970.

А.А.Вішнеўскі.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ КАДА́СТР,

сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх выкарыстанні і якасці вод. Вядзенне воднага кадастра ўключае сістэму інфарм. абслугоўвання карыстальнікаў; перыядычна папаўняецца і абнаўляецца. Выкарыстоўваецца для ацэнкі водных рэсурсаў і складання планаў забеспячэння патрэб розных галін нар. гаспадаркі пры ажыццяўленні воднагасп. мерапрыемстваў. Парадак вядзення дзярж. воднага кадастра Беларусі ўстанаўліваецца Саветам Міністраў. У СССР водны кадастр па ўсіх відах вод падрыхтаваны ў 1930-я г., сістэматычна вёўся з 1978. У ім адлюстроўваліся звесткі аб водных рэсурсах тэр. Беларусі.

Водны кадастр Рэспублікі Беларусь вядзецца з 1994 і складаецца з кадастраў паверхневых і падземных вод і выкарыстання водных рэсурсаў. У кадастры ўключаны каталогі водных і воднагасп. аб’ектаў, гідралаг., гідрагеал. і гідрахім. штогоднікі і штогоднікі водакарыстання, шматгадовыя характарыстыкі водных рэсурсаў. Водны кадастр вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Мін-вам па надзвычайных сітуацыях і Мін-вам аховы здароўя; галаўная арг-цыя па вядзенні воднага кадастра — Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў.

А.​М.​Калабаеў.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РВУЛЕЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (22.1.1917, г. Паўлаўск, Расія — 29.8.1967),

бел. і ўкраінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас Я.Віцінга). У 1939 саліст Ансамбля песні і танца БВА. З 1946 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1957 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета. Меў голас рэдкай прыгажосці, акцёрскую інтуіцыю, валодаў высокім вак. майстэрствам. Стварыў вобразы ў операх бел. кампазітараў: Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Апанас («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Кастусь Каліноўскі (аднайм. опера Дз.​Лукаса). Найб. дасягненні ў партыях класічнага рэпертуару: Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Анегін, Раберт, Томскі («Яўген Анегін», «Іаланта», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аманасра, Жэрмон, Рыгалета («Аіда», «Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Збігнеў («Страшны двор» С.​Манюшкі).

Літ.:

Маралёў А. М.​Дз.​Ворвулеў // Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1955;

Смольскі Б. Мікалай Ворвулеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Б.​С.​Смольскі.

М.Ворвулеў.
М.Ворвулеў у ролі Апанаса.
М.Ворвулеў у ролі Аманасра.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),

каардынацыйны цэнтр бел. нац.-вызв. руху ў кастр.—снеж. 1917. Утворана на 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (28.10—6.11.1917). Пастаянна дзеючым органам ВБР быў Выканаўчы к-т з 24 чал. У яго ўваходзілі В.​А.​Адамовіч (старшыня), А.​У.​Прушынскі (Алесь Гарун) і А.​А.​Смоліч (нам. старшыні), Л.​А.​Сівіцкая (Зоська Верас) і А.​Сакалоўскі (сакратары) і інш. К-т падзяляўся на аддзелы ў адпаведнасці з галінамі кіравання. У кантакце з ім працавалі 9 генеральных камісараў Рады (Я.​Я.​Варонка, Б.​А.​Тарашкевіч, З.​Х.​Жылуновіч і інш.). Выканаўчы к-т разам з камісарамі ўтваралі Малую Раду («Савет 33-х»).

ВБР выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі, развіццё нац. культуры і мовы. Разглядала сябе як зародак вышэйшага органа дзярж. улады будучай аўтаномнай Беларусі. Разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай вяла работу па стварэнні бел. нац. войска. Выступіла з ініцыятывай і разам з Бел. абл. к-там склікала Усебеларускі з’езд 1917.

С.​С.​Рудовіч.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ЛІ́ТАРА, загалоўная літара,

літара, якая на пісьме ўжываецца для абазначэння пачатку сказа, уласных імён, загалоўкаў і інш. Адрозніваецца ад радковай літары большымі памерамі, часам абрысамі. Ужываецца паводле арфаграфіі пэўнай мовы. У слав. рукапісных кнігах заўсёды арнаментальна вылучаліся ініцыялы. У бел. пісьменстве ўпершыню вялікая літара з’явілася ў друкаваных выданнях Ф.​Скарыны (1517—19), хоць бел. першадрукар яшчэ не прытрымліваўся пэўных правіл іх ужывання (напр., «Еремиа Пророкъ господень плачетъ Гледя на Ерусалимъ; И лежи кружками Львовѣ, И Воловѣ, И Херувимовѣ»). У друкаваных кнігах канца 16—17 ст. вялікія літары сталі выкарыстоўваць у пачатку абзацаў і пры напісанні ўласных імён. У сучаснай бел. арфаграфіі вялікія літары ўжываюцца ў пачатку сказаў, пры выдзяленні ў тэксце ўласных імён (Іван Дамінікавіч Луцэвіч), геагр. і астр. назваў (Беларусь, Марс), назваў дзярж. устаноў, арг-цый (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі), літ. твораў, назваў газет, часопісаў («Людзі на балоце», «Чырвоная змена», «Полымя») і інш. Могуць выконваць стылістычную функцыю (Радзіма, Айчына, Чалавек).

А.​М.​Булыка.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎКО́ (Андрэй Васілевіч) (3.12.1897, с. Юркі Палтаўскай вобл., Украіна — 5.12.1972),

украінскі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў укр. сав. прозы. Першая кніга — зб. вершаў «Самацветы» (1919). Аўтар апавяданняў і аповесцей (зб-кі «Дзяўчынкі з шляху», 1923; «Пасынкі стэпу», 1928; «Магу», 1926), п’ес («У чырвоных шумах», 1924; «Райскі яблык», 1946, кінасцэнарый «Калі сустракаюцца двое», 1956), кінасцэнарыяў (зб. «Гады маладыя», 1956), нарысаў і інш. У раманах «Бур’ян» (1927), «Арцём Гармаш» (ч. 1—3, 1951—70; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1969) адлюстраваў жыццё і класавую барацьбу ўкр. сялянства ў перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі, у рамане «Маці» (1932, 2-я рэд. 1934) — падзеі рэвалюцыі 1905—07 і гады рэакцыі на Украіне. Творчасць Галаўко тэматычна і жанрава разнастайная, адметная актуальнасцю праблематыкі, майстэрствам кампазіцыі, паглыбленым псіхалагізмам. На бел. мову творы Галаўко пераклалі Я.​Васілёнак, С.​Міхальчук, Я.​Пфляўмбаўм, Л.​Салавей.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Київ, 1976—77;

Бел. пер. — Піліпка. Мн., 1930.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)