ГЕ́ЙШТАР (Якуб) (Якуб Казімір Станіслаў) Станіслававіч (18.4.1827, маёнтак Мядэкшы Ковенскага пав., цяпер Кедайнскі р-н Літвы — 15.11.1897),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це, Пецярбургскім ун-це (1844—48). З пач. 1860-х г. адзін з кіраўнікоў памешчыцкай партыі «белых» у Літве і Беларусі. У лют. 1863 узначаліў паўстанцкі Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, выступаў супраць К.Каліноўскага і інш. рэв. дэмакратаў. 12.8.1863 арыштаваны, высланы напачатку ва Уфу, пасля новага следства — на катаргу ў Сібір. З 1873 у Варшаве. Аўтар «Успамінаў 1857 — 1865 гадоў» (1913), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі паўстання 1863—64.

Літ.:

К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;

Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел. гіст. часоп. 1993. № 3.

Г.В.Кісялёў.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАТЫ, велікалюды,

персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;

Federowski М. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;

Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;

Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎ (Натан Майсеевіч) (1.6.1916, г. Магілёў — 3.3.1978),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1935), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948). У 1965—78 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найб. значныя творы прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і барацьбе бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Рэйд Каўпака» (1948), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты бел. кампазітараў Я.Цікоцкага (1949), У.Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія «мушкецёры», 1971); лірычныя і індустр. пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Дажджлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Саната», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.

Літ.:

Н.М.Воранаў /Аўт. тэксту Р.Р.Бадзін. Мн., 1979.

В.С.Каваленка.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РВУЛЕЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (22.1.1917, г. Паўлаўск, Расія — 29.8.1967),

бел. і ўкраінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас Я.Віцінга). У 1939 саліст Ансамбля песні і танца БВА. З 1946 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1957 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета. Меў голас рэдкай прыгажосці, акцёрскую інтуіцыю, валодаў высокім вак. майстэрствам. Стварыў вобразы ў операх бел. кампазітараў: Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Апанас («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Кастусь Каліноўскі (аднайм. опера Дз.Лукаса). Найб. дасягненні ў партыях класічнага рэпертуару: Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анегін, Раберт, Томскі («Яўген Анегін», «Іаланта», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аманасра, Жэрмон, Рыгалета («Аіда», «Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Збігнеў («Страшны двор» С.Манюшкі).

Літ.:

Маралёў А. М.Дз.Ворвулеў // Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1955;

Смольскі Б. Мікалай Ворвулеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Б.С.Смольскі.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАМАРА́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Вялікамараўскае княства, Багемскае княства,

раннефеадальная дзяржава зах. славян на Пд Маравіі ў 9 — пач. 10 ст.; першае буйное паліт. ўтварэнне ў цэнтр.-еўрап. рэгіёне. Сталіца — г. Велеград (месцазнаходжанне дакладна невядома). Засн. каля 833 князем Маймірам І (п. каля 846), які далучыў да Маравіі суседняе Нітранскае княства. Пры кн. Расціславе [846—870] адбіты ўварванні ўсх. франкаў (855 і 869), запрошаны з Візантыі місіянеры Кірыла і Мяфодзій (863), створана ўласнае архіепіскапства, падпарадкаванае папу рымскаму, на чале з Мяфодзіем (869). Пры кн. Святаполку [870—894] дзяржава пасля часовай страты незалежнасці (870—874) дасягнула найб. магутнасці (далучаны землі Чэхіі, Лужыцы, Сілезіі, Малой Польшчы, Паноніі. Значнае развіццё ў культуры краіны набыло культавае буд-ва. Пасля смерці Святаполка пачаўся распад Вялікамараўскай дзяржавы (у 895 аддзяліліся чэхі, у 897 — сербы-лужычане). Разгромлена ў 906 качэўнікамі-венграмі.

Літ.:

Краткая история Чехословакии. М., 1988. С. 14—22.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ЎНАЯ РАСПАРА́ДЧАЯ КАМІ́СІЯ па ахове дзяржаўнага парадку і грамадскага спакою, часовы надзвычайны орган дзярж. улады ў Рас. імперыі ў лют.жн. 1880. Засн. ва ўмовах рэальнай пагрозы жыццю імператара Аляксандра II з боку рэвалюцыянераў (замах, учынены 5.2.1880 С.М.Халтурыным). Гал. задача — аб’яднанне ўсіх карных органаў для барацьбы з рэв. рухам. Вяла расследаванне па справах аб паліт. злачынствах у Пецярбургу і навакольнай мясцовасці, ажыццяўляла нагляд за такімі справамі ў Расіі. Усяго праведзены 5 пасяджэнняў. Камісіі часова падпарадкоўваліся Трэцяе аддзяленне і Корпус жандараў. Членамі Вярхоўнай распарадчай камісіі былі М.Т.Лорыс-Мелікаў (гал. начальнік), К.П.Пабеданосцаў, нач. штаба Пецярбургскай ваен. акругі ген. А.К.Імерэцінскі, сенатары М.Е.Кавалеўскі, І.І.Шамшын і П.А.Маркаў, ген.-маёр світы М.І.Бацьянаў і інш. (усяго 11 чал.). Скасавана па ініцыятыве Лорыс-Мелікава.

Літ.:

Зайончковский П.А. Кризис самодержавия на рубеже 1870—1880-х гг. М., 1964. С. 148—229.

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛЮСТРАВА́ННЕ,

уласцівасць матэрыі, якая заключаецца ў перадачы асаблівасцяў аб’екта або працэсу, якія адлюстроўваюцца. Выяўляецца ў здольнасці любой рэчы ў неарган. прыродзе ўзнаўляць такія змены, адбіткі, рэакцыі, якія знаходзяцца ў адпаведнасці (або падабенстве) з рэччу, якая на яе ўздзейнічае. Жывыя арганізмы выкарыстоўваюць уласцівасць адлюстраванне як сродак самазахавання і самапрыстасавання да навакольнага асяроддзя, пачынаючы ад раздражняльнасці раслін і прасцейшых арганізмаў. У ходзе эвалюцыі раздражняльнасць як агульная ўласцівасць арганізма прасцейшых ператвараецца ў элементарную адчувальнасць нервовай тканкі, а потым — у непасрэдную псіхічную дзейнасць жывёл у працэсе развіцця органаў пачуццяў і галаўнога мозга. У выніку працяглага працэсу антрапагенезу ўзнікаюць і развіваюцца свядомае псіхічнае адлюстраванне і дзейнасць людзей. Вышэйшая, спецыфічная чалавечая форма адлюстравання — свядомасць.

Літ.:

Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;

Петушкова Е.В. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1983;

Губанов Н.И. Чувственное отражение. М., 1986.

Я.В.Петушкова.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫНЕ́Ц (Антон Эдвард) (25.1.1804, в. Гейстуны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 15.1.1885),

польскі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. З роду Адынцоў. Скончыў Віленскі ун-т (1823). У Вільні пасябраваў з А.Міцкевічам, Я.Чачотам, Т.Занам, І.Дамейкам, І.Ходзькам. У 1821 стаў чл. т-ва філарэтаў, напісаў «Песню філарэтаў» (пераробка яе — «Песня» Ф.Багушэвіча). У 1823—24 зняволены па справе т-ва. У 1825—26 выдаў у Вільні 2-томнік «Паэтычныя творы». У 1829—37 падарожнічаў па Зах. Еўропе, жыў у Дрэздэне. З 1838 у Вільні. У 1841—59 рэдактар газ. «Виленский вестник». З 1866 у Варшаве. У 1888 з І.Дамейкам наведаў Беларусь. Аўтар мемуарных «Пісем з падарожжа» (1875—78), «Успамінаў з мінулага» (1884), вершаваных драм «Феліцыта, або Карфагенскія мучанікі» (1849), «Барбара Радзівілянка» (1860).

Літ.:

Цвірка К. Тэлемак з-пад Ашмянаў: Жыццё і творчасць А.Э.Адынца // Роднае слова. 1994. № 3.

А.В.Мальдзіс.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́НСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (агузасельджукская падгрупа), дзярж. мова Азербайджанскай Рэспублікі (гл. Азербайджан). Пашырана таксама ў Грузіі, Арменіі, Дагестане, Іране, Іраку і Турцыі. З сучасных моў найб. блізкая турэцкай. Мае 4 дыялектныя групы: усх. (бакінскі, кубінскі, шэмахінскі дыялекты, муганская і ленкаранская гаворкі), зах. (казахскі, гянджынскі, карабахскі дыялекты і айрумская гаворка), паўн. (нухінскі дыялект і закатальска-кахская гаворка), паўд. (нахічэванскі, ардубадскі, таўрызскі дыялекты і ерэванская гаворка). Адрозненні ў дыялектах закранаюць пераважна фанетыку і лексіку. Літ. азербайджанская мова развіваецца з 13 ст. (аснова — шэмахінскі і бакінскі дыялекты).

У фанет. сістэме 9 галосных фанем, 23 зычныя. У марфалогіі 9 часцін мовы, у т. л. паслялогі. У сінтаксісе развіта сістэма злучнікавых складаных сказаў. Пісьменства да 1929 на аснове араб. графікі, у 1929—39 на аснове лац. алфавіта, з 1939 на аснове рус., з 1991 — лац. графікі.

т. 1, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙ ЦЫН (сапр. Цзян Хайчэн; н. 27.3.1910, павет Цзіньхуа правінцыі Чжэцзян, Кітай),

кітайскі паэт. Першы зб. «Да Яньхэ» (1936). У зб-ках «Поўнач» (1939), «Вестка пра золак» (1943), «Ён памёр другі раз» (1946) і паэмах «Да сонца» (1938), «Факел» (1940) стварыў трагічны, з элементамі рамантызму, мастацкі свет, у якім супрацьстаяць сілы святла і цемры, праўды і хлусні. У ходзе кампаніі па барацьбе з іншадумствам (1957) аб’яўлены «правым элементам» і 16 гадоў знаходзіўся ў ссылцы. У 1978 вярнуўся да літ. і грамадскай дзейнасці. Выдаў зб-кі «Песня вяртання» (1980, роздум над гісторыяй чалавецтва і сваёй радзімы), «Лістапад» (1982), «Зарубежныя вершы» (1983), «Кароткія вершы» (1984), аўтабіягр. нарыс «Маё творчае жыццё» (1983). Яго лірыка адметная высокай грамадзянскасцю, філас. накіраванасцю, гуманізмам; выкарыстоўваў напеўную мелодыку нар. песень, строгія памеры класічных жанраў, перавагу аддаваў беламу вершу.

Тв.:

Рус. пер. — Слово солнца: Избр. стихотворения. М., 1989.

т. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)