КО́МПТАН ((Compton) Артур Холі) (10.9. 1892, г. Вустэр, штат Агайо, ЗША — 15.3.1962),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1927) і шэрагу замежных АН. Скончыў Прынстанскі ун-т (1914). У 1920—23 і 1953—61 праф. ун-та Вашынгтона ў г. Сент-Луіс (у 1945—53 рэктар); у 1923—45 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы рэнтгенаўскіх і касм. прамянёў. Адкрыў эфект змены даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення з прычыны рассеяння яго электронамі рэчыва (Комптана эфект). Выявіў поўнае ўнутранае адбіццё рэнтгенаўскіх прамянёў. Адкрыў шыротны эфект касм. прамянёў, які сведчыць пра іх карпускулярную прыроду. Удзельнік стварэння атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РКЕР ((Parker) Чарлі) (Чарлз Крыстафер; псеўд.Бёрд; Bird; 29.8.1920, г. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША — 12.3.1955),
амерыканскі джазавы музыкант, выканаўца на альт-саксафоне, кампазітар. Па паходжанні афраамерыканец. З 1935 выступаў з рознымі джазавымі калектывамі, адначасова ў квінтэце Дж.Гілеспі, з 1947 са створаным ім квінтэтам; іграў і са стр. аркестрам. Яго імправізацыі вызначаліся віртуознасцю, развітым рытмавым і дынамічным мысленнем, асаблівасцямі гуказдабывання і фразіроўкі, што надавала яго выкананню асіметрычнасць і неардынарнасць. Стварыў (разам з Гілеспі) джазавы стыль бібоп («Салёны арахіс», «Звычайная вышыня», 1945). Сярод інш.найб. вядомых кампазіцый: «Цяпер пара», «Канфірмацыя», «Сюіта хатняй птушкі», «Арніталогія»; канцэртны альбом «Квінтэт года» (разам з Гілеспі, 1953) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́НТЭ-АЛЬБА́Н (Monte Albán),
горад на Пд Мексікі (штат Аахака), у раёне якога ў 4 ст. да н.э.—16 ст.н.э. знаходзіўся паліт. цырыманіяльны культ. цэнтр спачатку сапатэкаў, а потым міштэкаў. З пач. 1930-х г. у М.-А. праводзіліся археал. даследаванні мекс. вучоным А.Каса. На штучна створаных тэрасах у гарах адкрыты палацы, «піраміды», стэлы з надпісамі, каменная лесвіца (шыр. 40 м), амфітэатр і інш. пабудовы. Сцены будынкаў былі ўпрыгожаны фрэскамі, мазаікай, рэльефнымі чалавечымі фігурамі. Вывучаны каля 150 скляпоў з керамічнымі пахавальнымі урнамі ў выглядзе людзей і жывёл. У адной з грабніц, якая належала правадыру міштэкаў, знойдзена шмат высокамаст. залатых рэчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІПУ́Р,
штат на ПнУ Індыі, на мяжы з М’янмай. Пл. 22,4 тыс.км². Нас. 1,8 млн.ж. (1991), больш за 50% — народ маніпуры (мейтхеі). Адм. цэнтр — г. Імпхал. У рэльефе чаргаванне мерыдыянальна выцягнутых хрыбтоў (выш. 2—2,5 тыс.м) і шырокіх міжгорных далін на выш. 800—1000 м. Клімат умерана цёплы. Ападкаў ад 1500 мм у далінах да 2500 мм на схілах гор. На наветраных схілах гор пераважаюць вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — лістападныя, якія змяняюцца з вышынёй шыракалістымі і хваёвымі лясамі і лугамі. Міжгорная даліна р. Маніпур — асн. раён рысасеяння. Вырошчванне алейных, тытуню, бавоўны, струковых. Садоўніцтва, шаўкаводства. Развіта ручное ткацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НАС-ЖЭРА́ЙС (Minas Gerais),
1) буйнейшы жалезарудны раён у паўд,ўсх.ч. Бразіліі (штат Мінас-Жэрайс). Руды — жалезістыя кварцыты (ітабірыты) і гематытавыя. Адкрыты ў 1910, распрацоўваецца з 1934. Пл. каля 7 тыс.км². Уключае 125 радовішчаў. Агульныя запасы гематытавых руд (з сярэдняй колькасцю жалеза больш за 64%) — 4,5 млрд.т, ітабірытаў (45%) — каля 23,5 млрд.т. Гал. радовішчы ў раёнах Ітабіра, Пірасікаба, у даліне р. Параапеба.
2) Рэдкаметальны рудны раён у Бразіліі, на Пн штата Мінас-Жэрайс. Гал. радовішчы Араша, Тапіра. Латэрытныя коры выветрывання. Запасы ніобіевых руд на радовішчы Араша (пл. 16 км²) — 462 млн.т, пры сярэднім змяшчэнні Nb2Os 2,5%. Распрацоўваецца з 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЙС ((Price) Леанціна) (н. 10.2.1927, г. Лорэл, штат Місісіпі, ЗША),
амерыканская спявачка (сапрана). Скончыла Джульярдскую муз. школу (1952). Як оперная спявачка дэбютавала ў 1951. У 1959 у т-ры «Ла Скала». З 1961 салістка «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1985 выступае як камерная спявачка. Валодае голасам выключнай прыгажосці і насычанасці. Яе выкананне вылучаецца вял. драматызмам, сілай экспрэсіі. Адна з лепшых выканальніц партый Аіды («Аіда» Дж.Вердзі) і Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). Сярод інш. партый: Донна Ганна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў, у т. л. цыкла «Песні самотніка» С.Барбера, створанага для яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́СЛІ ((Presley) Элвіс) (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),
амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н (Washington),
штат на ПнЗ ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. На Пн мяжуе з Канадай. Пл. 182,9 тыс.км². Нас. 5255 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Алімпія. Буйныя гарады Сіэтл, Спакан, Такома, Эдмандс, Белінгхем. На З штата ўздоўж узбярэжжа Берагавыя хрыбты, на У ад іх Каскадныя горы, паміж імі ўпадзіна зал. П’юджэт-Саўнд. На ПдУ Калумбійскае лававае плато. Клімат на З марскі, на У кантынентальны. На З сярэдняя т-растудз. 4 °C, ліп. 16—17 °C, ападкаў 2000 мм за год; на Ут-растудз. каля -3 °C, ліп. 20—23 °C, ападкаў 400—500 мм. Рэкі горныя, багатыя запасамі гідраэнергіі, найб. Калумбія (мае ⅓ патэнцыяльных гідраэнергарэсурсаў ЗША) з прытокам Снейк. У гарах хвойныя лясы (дугласія і інш.), на плато — лесастэп. Пл. лясоў 10,1 млн.га (2-е месца сярод штатаў пасля Аляскі). Карысныя выкапні: медзь, цынк, золата, серабро, магнезіт. Развіта авіякасм. (з-ды Боінг у Сіэтле і яго прыгарадах), суднабуд., дрэваапр., хім., харч., цэм., атамная прам-сць. Значныя лесанарыхтоўкі. Буйныя ГЭС, у т. л. самая вял. ў ЗША Гранд-Кулі. Больш за 1000 плацін і дамбаў. Каляровая металургія (асабліва выплаўка алюмінію). У сельскай гаспадарцы каля 67% даходаў дае раслінаводства. Штат вылучаецца зборамі яблыкаў, груш, абрыкосаў, персікаў, вішань, вінаграду, малін, агародніны, хмелю. Значныя зборы пшаніцы (2,8 млн.т; 1992), бульбы, сачавіцы, сеяных траў. На ўзбярэжжы малочная жывёлагадоўля, у гарах авечкагадоўля. Рыбалоўства. Аўтадарог 79,4 тыс.км (1993). Марскія парты Сіэтл, Такома, Ванкувер (у ніжнім цячэнні р. Калумбія). Значнае індзейскае насельніцтва і некалькі рэзервацый. Нац. паркі Маўнт-Рэйнір, Алімпік, Норт-Каскейдс. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ДЖЭ́РСІ (New Jersey),
штат на У ЗША. Пл. 20,3 тыс.км². Нас. 8053 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Трэнтан. Найб. горад Ньюарк. Паўд.ч. штата ў межах забалочанай Прыатлантычнай нізіны, на Пн адгор’і Апалачаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад 1 °C у студз. да 23—25 °C у ліп. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважае культ. расліннасць, у гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Адзін з найб. урбанізаваных, густанаселеных і эканам. развітых штатаў ЗША. Тэр. штата ўваходзіць у агламерацыю Вял. Нью-Йорка (Пн) і Філадэльфіі (ПдЗ). Маш.-буд., у т. л. авія- і суднабудаванне, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, зборка аўтамабіляў, электратэхн., электронная; паліграф., сілікатна-керамічная, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, каляровая металургія (выплаўка медзі і цынку), металаапрацоўка. Вытв-сць тэлекамунікацыйнага і біятэхнал. абсталявання. Вылучаецца разнастайная харч.прам-сць, у т. л. кандытарская. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вырошчваюць памідоры, ягады, перац, сою. Малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Парнікова-цяплічныя гаспадаркі, аранжарэі, гадавальнікі. Садоўніцтва (персікі, вішня). Прамысл. кветкаводства. На Пд на асвоеных балотах вял. плантацыі буйнаплодных журавін. Марское рыбалоўства. Узбярэжжа — раён курортаў, шмат атэляў і казіно. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
Першымі еўрапейцамі, якія ў 1524 з’явіліся на тэр.штат, былі італьянцы і партугальцы. У 1617 галандцы заснавалі тут сваю калонію. Тэр. ўздоўж р. Дэлавэр засялілі шведы. У 1655 Н.-Дж. далучаны да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 акупіраваны англічанамі, сюды пачалі перасяляцца англ.квакеры. З 1676 частка Н.-Дж. (з 1682 поўнасцю) стала ўладаннем У.Пена. З 1702 каронная зямля. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83тэр. штата — месца ваен. дзеянняў: бітвы каля Трэнтана (1776), Прынстана (1777), Монмута (1778). З 1787 штат ЗША. У 19—20 ст. пачалася новая хваля еўрап. іміграцыі, у т. л. беларусаў.
Беларусы ў Нью-Джэрсі. Масавая эміграцыя сялян з Беларусі ў Н.-Дж. пачалася ў канцы 19 ст. У 1910-я г. некалькі бел. сем’яў далучыліся да слав. калоніі ў Хантэрдоне. У 1912 беларусы заснавалі ў Вайнлендзе птушкафабрыку, а пазней на гэтых землях рассяліліся больш за 300 сялян-беларусаў. У 1920—30-я г. яны ўваходзілі ў рас. арг-цыі: Рускае нар.т-ва ўзаемадапамогі ў Амерыцы, Амерыкана-рус.т-ва ўзаемадапамогі і інш.Вял. колькасць беларусаў пасялілася ў Н.-Дж. пасля 2-й сусв. вайны, найб. кампактна — у акругах Мідлсекс, Юніён, Самерсет, Гудзон, Пасейік; стварылі свае асяродкі ў г. Саўт-Рывер, Пасейік, Нью-Брансуік. У штате існуе больш за 20 бел. грамадскіх арг-цый, у т. л. аддзелы Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Брансуіку, Бел. каардынацыйнага к-та Амерыкі, Бел. жаночага згуртавання ў Амерыцы, Бел.-амер. студэнцкага аб’яднання (усе ў Саўт-Рыверы), Саюза бел,амер. моладзі ў Пасейіку, Саўт-Рыверы, Нью-Брансуіку, Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі, Згуртавання беларуска-амерыканскіх ветэранаў і інш.Штат быў месцам правядзення 6-й (1964), 12-й (1976), 15-й (1982) і 20-й (1992) Сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (усе ў Нью-Брансуіку); I і II кангрэсаў беларусаў Амерыкі (Саўт-Рывер), Бел. фестываляў (1976, 1977, 1979). Рэліг. жыццё беларусаў штата сканцэнтравана вакол парафій Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (Жыровіцкай Божай Маці ў Нью-Брансуіку, св. Троіцы ў Дораце, св. Ефрасінні Полацкай ў Саўт-Рыверы). З 1974 у Саўт-Рыверы праводзяцца штогадовыя выстаўкі твораў мастакоў і нар. умельцаў. У штаце жывуць мастакі Т.Стагановіч, В.Шудзейка, Н.Кудасава, Н.Русак, І.Рагалевіч, Л.Махнюк і А.Махнюк. Створаны маст. калектывы: жаночы хор «Каліна», ветэранскі хор, некалькі аркестраў. Выходзілі газеты і часопісы «Беларуская трыбуна», «Шыпшына», «Беларус у Амерыцы», «Царкоўны сьветач», «Беларуская думка» і інш. З 1960 дзейнічае Бел. выдавецкае т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРААЗІЯ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, на якіх гаворыць частка насельніцтва Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, шэрагу астравоў у Індыйскім акіяне. Уключае 8 груп моў: семанг-сакай (асліянская) — распаўсюджаны на п-ве Малака (Малайзія) і ў Паўд. Тайландзе; в’етнамская-мыонг — гал. чынам у В’етнаме (у т. л. сучасная в’етнамская мова) і часткова ў Лаосе; мон-кхмер — на тэр. Камбоджы, М’янмы (б. Бірма), В’етнама, Лаоса і Тайланда; палаунг-ва — уздоўж граніц Кітая, Тыбета, Бутана, на тэр. В’етнама, Лаоса, Тайланда і М’янмы; нікабарскай мовы — на Нікабарскіх а-вах; мовы кхасі — у Індыі і Бангладэш; моў мунда — карыстаецца ч. насельніцтва Індыі; мовы нагалі — штат Мадх’я-Прадэш (Індыя). Кхмерская, монская і в’етнамская мовы — старапісьменныя, астатнія — бяспісьменныя або маладапісьменныя (кхасі, санталі).