Засн. ў Магілёве ў 1919 як Магілёўскае губ. архіўнае ўпраўленне, пазней бюро, з 1924 Магілёўскі акр. архіў (аддзел) Цэнтр. архіва БССР. У 1930 фонды архіва перададзены Цэнтр.дзярж. архіву Кастр. рэвалюцыі (знаходзіўся ў Магілёве). У 1938 адноўлены як Магілёўскі абл. архіў. На 1.1.1941 у архіве зберагалася каля 1300 фондаў, 650 тыс. адзінак захоўвання. У час 2-й сусв. вайны большасць фондаў загінула, страчаны ўвесь навук.-даведачны апарат, частка дакументаў вывезена гітлераўцамі ў Рыгу. У 1943 архіў аднавіў дзейнасць. На 1.1.1997 у архіве 2440 фондаў, 436 185 адзінак захоўвання з 1917. На зберажэнні дакументы, што ўтварыліся ў працэсе дзейнасці мясц. органаў улады, устаноў, прадпрыемстваў, што дзейнічалі на тэр. сучаснай Магілёўскай вобл. У архіве прадстаўлены матэрыялы ўстаноў першых гадоў сав. улады, пра арганізацыю і дзейнасць рэв. к-таў, пра гісторыю с.-г. і культ. будаўніцтва ў вобласці, пра прамысл. развіццё і нар. адукацыю, навуку, прафс. рух і інш. Дакументы на бел., рус., ням., польск. і яўр. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; аўтаматызацыі інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ САВЕ́Т,
1) вышэйшы законадарадчы орган (1810—1906) і верхняя заканад. палата (1906—17) у Рас. імперыі. Створаны па ініцыятыве М.М.Спяранскага. Складаўся з некалькіх дэпартаментаў і Дзярж. канцылярыі і на чале з дзярж. сакратаром. Старшыня і члены Дз.с. прызначаліся царом. Разглядаў унесеныя міністрамі законапраекты да іх зацвярджэння манархам, каштарысы і штаты дзярж.устаноў, скаргі на пастановы дэпартаментаў Сената і інш. органаў. Рэарганізаваны ў 1906 у сувязі з утварэннем Дзяржаўнай думы. У яго ўваходзілі члены па прызначэнні цара і члены па выбарах (пароўну). Выбарныя праводзіліся ад духавенства, губ. земскіх сходаў, дваранскіх т-ваў, АН і ун-таў, а таксама ад прам-сці і гандлю (часткова шляхам ускосных выбараў). Разглядаў прынятыя думай законапраекты да іх зацвярджэння імператарам. Фактычна ліквідаваны ў выніку Лют. рэвалюцыі 1917 (юрыдычна скасаваны 24.12.1917).
2) Калегіяльны орган дзярж. улады, які выбіраецца вышэйшым прадстаўнічым органам на Кубе.
3) Вышэйшы выканаўчы орган дзярж. улады ў Кіт.Нар. Рэспубліцы.
4) Назва выканаўчага органа ўлады, у якім старшынствуе манарх, у Даніі, Нарвегіі і шэрагу інш. краін.
5) Вышэйшы орган адм. юстыцыі ў Францыі.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 2 изд. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕКТАЛО́ГІЯ (ад дэфект + ...логія),
навука пра заканамернасці псіхічнага развіцця, выхавання і навучання дзяцей, якія патрабуюць асаблівай увагі: глухіх, сляпых, са слабым зрокам ці слыхам, разумова адсталых, з затрымкай псіхічнага развіцця, цяжкімі парушэннямі маўлення, вынікамі дзіцячага цэрэбральнага паралічу, комплекснымі парушэннямі (слепаглухіх, глухіх з разумовай адсталасцю, сляпых з затрымкай псіхічнага развіцця і інш. камбінацыямі). Як самаст. галіна навукі склалася ў пач. 19 ст. Сучасная Д. апіраецца на дасягненні псіхалогіі, педагогікі, у т. л. народнай, прыродазнаўства, медыцыны, тэхнікі, радыёэлектронікі. Вызначае структуру і сістэму метадаў і методык дыягностыкі і дыферэнцыяльнай дыягностыкі стану своеасаблівага псіхічнага развіцця дзяцей з парушэннямі ў сістэме аналізатараў, ц. н. с., маўленчай дзейнасці; распрацоўвае прынцыпы, абгрунтоўвае змест, метады і сродкі карэкцыйна накіраванага навучання і выхавання; даследуе праблемы абілітацыі (стварэнне механізмаў кампенсацыі ў дзяцей з прыроджаным дэфектам), рэабілітацыі (сістэма мер па рэадаптацыі асоб з набытым дэфектам), сац. адаптацыі, прафарыентацыі. У Беларусі праблемы Д. распрацоўваюцца на кафедрах дэфекталагічнага ф-та Бел.пед. ун-та, у сектарах аддзялення Д. Нац. ін-та адукацыі, на кафедры Д. Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Спецыялістаў для спец. дзіцячых устаноў рыхтуе Бел.пед.ун-т і педвучылішча № 2 у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВЫ ФОНД,
сукупнасць жылых дамоў і памяшканняў незалежна ад форм уласнасці. Уключае жылыя дамы агульнага тыпу, спец. дамы (інтэрнаты рознага прызначэння, дамы манеўранага фонду і інш.), асобныя кватэры, службовыя і інш. жылыя памяшканні ў розных будынках, прызначаныя для пастаяннага пражывання. Адрозніваюць Ж.ф. дзярж., юрыд. асоб і індывідуальны. У дзярж. Ж.ф. уваходзяць дамы і жылыя памяшканні, што знаходзяцца ў веданні мясц. Саветаў дэпутатаў, мін-ваў, дзярж. прадпрыемстваў, устаноў, камітэтаў і ведамстваў (ведамасны Ж.ф.). Ж.ф. юрыд. асоб складаецца з жылых памяшканняў жыллёвых і жыллёва-будаўнічых кааператываў, маладзёжных жылых комплексаў, калектываў індывід. забудоўшчыкаў, грамадскіх арг-цый, калгасаў, камерцыйных і некамерцыйных арг-цый і інш.Індывід. Ж.ф. уключае жылыя дамы і кватэры, якія знаходзяцца ў асабістай уласнасці грамадзян. Дамы садаводчых т-ваў у Ж.ф. не ўваходзяць. Ж.ф. выконвае шэраг функцый у нар. гаспадарцы: забяспечвае сац. абарону асобных катэгорый грамадзян, садзейнічае рассяленню насельніцтва ў інтарэсах развіцця нар. гаспадаркі, з’яўляецца аб’ектам прадпрымальніцкай дзейнасці і інш. Ж.ф. Беларусі на 1.1.1997 налічвае 3 млн. 679,6 тыс. кватэр і індывід. жылых дамоў. Дзярж. Ж.ф. складае 201,4 млн.м² агульнай пл., або 30,5%, індывід. — 59,1%, юрыд. асоб — 10,4%. Гл. таксама Жыллёвае права, Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАСТРУКТУ́РА (ад лац. infra пад + структура),
комплекс галін нац. эканомікі, якія абслугоўваюць вытв-сць і забяспечваюць умовы жыццядзейнасці грамадства. На макраўзроўні (для эканомікі ў цэлым) уключае капітальныя збудаванні, што звычайна забяспечваюцца дзяржавай і выкарыстоўваюцца юрыд. і фіз. асобамі на платнай ці бясплатнай аснове (аўтамагістралі, масты, водаправод, каналізацыя, аэрапорты і інш.); на мікраўзроўні (для фірмы, прадпрыемства) — збудаванні і службы, неабходныя для вытв-сці прадукцыі. Ствараюцца дзяржавай, прадпрыемствамі або фірмамі (водазабеспячэнне, вываз вытв. адходаў, фін. і банкаўскае абслугоўванне і інш.). Адрозніваюць І. вытворчую і невытворчую (сацыяльную), І. кіравання і І. рынку. Вытв. І. ўключае трансп. збудаванні (напр., дарогі), сувязь, што абслугоўвае вытв. сферы, складскую гаспадарку, мат.-тэхн. забеспячэнне, сістэму інж. сетак, выліч. цэнтры, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, газа- і нафтаправоды і інш. Да невытв. І. адносяць адукацыю, ахову здароўя, жыллёва-камунальную гаспадарку, пасаж. транспарт, навуку і навук. абслугоўванне, фіз. культуру, сац. забеспячэнне і інш. І. кіравання складаецца з сістэмы арг-цый, устаноў і іх падраздзяленняў, якія забяспечваюць працэс кіравання (акадэміі, ун-ты, кансультацыйныя фірмы, школы бізнесу, асацыяцыі прадпрымальнікаў і інш.). Развіццё І. з’яўляецца важнай умовай інтэнсіфікацыі вытворчасці, вырашэння сац. задач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТА́ЎНІЦКІЯ СЕМІНА́РЫІ,
спецыяльныя пед.навуч. ўстановы ў 19 — пач. 20 ст., якія рыхтавалі настаўнікаў для пач. школ. У іх прымалі асоб, якія скончылі двухкласныя пачатковыя вучылішчы з 5—6-гадовым курсам. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Да 1908 былі толькі мужчынскія Н.с. Выкладаліся багаслоўскія дысцыпліны, рус. мова і л-ра, прыродазнаўства, фізіка, чарчэнне, музыка і спевы, методыка выкладання ў пач. школе і інш. Пры Н.с. дзейнічалі ўзорныя пач. вучылішчы, у якіх семінарысты праходзілі пед. практыку. Першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя дзейнічала ў 1834—39. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты 4 мужчынскія Н.с.: Маладзечанская настаўніцкая семінарыя (першая на тэр.Рас. імперыі), Полацкая (1872), Нясвіжская (1875), Свіслацкая (1876). На пач. 20 ст. адкрыты яшчэ 5 Н.с.: мужчынская ў Рагачове (1909), жаночыя ў Оршы (1911), Барысаве і Гомелі (1915), Бабруйску (1916). У 1-ю сусв. вайну Маладзечанская, Нясвіжская і Свіслацкая Н.с. эвакуіраваны ў Расію. У чэрв. 1917 Н.с. прыраўнаваны да сярэдніх навуч.устаноў (гімназій і рэальных вучылішчаў), пераўтвораны ў навуч. ўстановы змешанага тыпу, пры паступленні адменены ўсе абмежаванні. Уведзена выкладанне замежных моў, сусв. гісторыі, геаграфіі і інш. У 1919 пераўтвораны ў 3-гадовыя пед. курсы, у 1920-я г. — у пед. тэхнікумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НЫ (ад польск. pogon жгут, шнур),
наплечныя знакі адрознення на форменным адзенні ваеннаслужачых і некат. катэгорый служачых. Паказваюць персанальныя званні, а ў ваеннаслужачых таксама прыналежнасць да віду ўзбр. сіл (роду войск, спец. войск, службаў). Правобразам П. былі метал. пласціны, якія прыкрывалі плечы кавалерыстаў ад шабельных удараў. У пач. 18 ст. замест іх з’явіліся П. як знакі адрознення, якія спачатку насілі толькі на адным (левым) плячы, потым на двух плячах. У арміях ВКЛ і Расіі П. ўведзены ў сярэдзіне 18 ст., ва Узбр. Сілах СССР — у 1943. Захаваліся ва Узбр. Сілах і інш. сілавых структурах (КДБ, МУС) Рэспублікі Беларусь.
Пагоны афіцэраў і прапаршчыкаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — палкоўнік, 2 — падпалкоўнік); да штодзённай формы адзення (3 — маёр, 4 — капітан, 5 — старшы лейтэнант, 6 — лейтэнант); да палявой формы адзення (7 — малодшы лейтэнант, 8 — старшы прапаршчык, 9 — прапаршчык).Пагоны салдат і сяржантаў, якія праходзяць службу па кантракце, курсантаў ваенна-навучальных устаноў, ваеннаслужачых тэрміновай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — старшына, 2 — курсант—старшы сяржант); да штодзённай формы адзення (3 — сяржант, 4 — курсант—малодшы сяржант); да палявой формы адзення (5 — яфрэйтар, 6 — радавы, 7 — курсант).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна з старэйшых навуч. і навук.устаноў Еўропы. Засн. з царк. школ у 1215 у Парыжы пры садзейнічанні караля Філіпа Агюста і папы рымскага Інакенція III. Меў 4 ф-ты: вольных мастацтваў, кананічнага права, медыцыны і тэалогіі. У 13—15 ст. — адзін з буйнейшых у Еўропе навуч. і навук. цэнтраў у галіне тэалогіі і юрыспрудэнцыі. У 1257 франц. тэолаг Р. дэ Сарбон заснаваў у Парыжы калеж для дзяцей з бедных сем’яў, якія жадалі вывучаць Тэалогію. У 1554 калеж атрымаў назву Сарбона. Паступова адбылося зліццё Сарбоны з тэалагічным ф-там П.у., пасля чаго іх назвы сталі сінонімамі. У 1793 ун-т паводле рашэння Канвента закрыты, у 1808 дэкрэтам Напалеона I адноўлены і атрымаў статус дзярж.ВНУ. У розны час з ім была звязана дзейнасць многіх вядомых вучоных, у т. л. А.Л.Лавуазье, Ж.Л.Гей-Люсака, Л.Пастэра, П.Ж.Кюры, Ж.Б.Перэна, П.Ланжэвэна, А.Данжуа, Л.В. дэ Бройля, Ж.Дрэша і інш. У 1972 ф-ты П.у. пераўтвораны ў 13 самастойных ун-таў, 4 з іх пераважна знаходзяцца ў старых адміністратыўных будынках Сарбоны, астатнія — у іншых кварталах Парыжа і яго прыгарадах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШЛІНА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
грашовы збор, які спаганяецца дзярж. органамі з грамадзян, устаноў і арг-цый за пэўныя віды паслуг. На Беларусі парадак спагнання П.дз. рэгулюецца Законам «Аб дзяржаўнай пошліне» ад 10.1.1992. П.дз. бярэцца: у суд. установах пры падачы іскавых заяў, заяў і скарг, за выдачу копій дакументаў; у органах пракуратуры пры падачы наглядных скарг на судовыя пастановы, а таксама за выдачу копій дакументаў; у натарыятах і выканкомах мясц. Саветаў за натарыяльныя дзеянні, выдачу дублікатаў натарыяльна засведчаных дакументаў, складанне праектаў здзелак і заяў, выраб копій дакументаў і выпісак з іх; у органах ЗАГСа за рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану і інш.; у органах мін-ваунутр. спраў за выдачу дакументаў на права выезду за мяжу, выязных і ўязных віз, з заяў аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь і выхадзе з яго, за прапіску грамадзян і ў некат. інш. выпадках. Стаўкі П.дз. устанаўліваюцца СМ Беларусі. Законам аб П.дз. вызначана кола ўстаноў і грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты П.дз. П.дз. выплачваецца наяўнымі грашамі, пошліннымі маркамі, а таксама шляхам пералічэнняў з рахунка плацельшчыка ў банку. З тавараў, якія перавозяць праз дзярж. граніцу, спаганяецца пошліна ў адпаведнасці з мытнымі тарыфамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЗБРАЕ́ННЕ,
сукупнасць мерапрыемстваў па спыненні гонкі ўзбраенняў, абмежаванні, скарачэнні і ліквідацыі ракетна-ядзернай зброі і інш. сродкаў вядзення войнаў.
З часоў старажытнасці мэтай чалавецтва з’яўляўся мір без узбр. насілля; у больш позні час — усеагульнае і поўнае Р., якое прадугледжвала б роспуск усімі дзяржавамі свету ўзбр. сіл, скасаванне вайск.устаноў, спыненне вытв-сці і ліквідацыю ўсіх відаў узбраенняў і інш.
У наш час Р. — адна з найб. глабальных праблем чалавецтва. Асаблівую небяспеку выклікае ўзмацненне мілітарызму, вытв-сць, накапленне і распаўсюджанне зброі масавага знішчэння: тэрмаядзернай, біялагічнай, хім., а таксама зброі, заснаванай на новых фізічных прынцыпах (напр., прамянёвая зброя, пучковая зброя, нейтронныя боепрыпасы і інш.). Праблема Р. дэкларуецца ў Статуце ААН, разглядаецца ў шэрагу міжнар. дакументаў: Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), Канвенцыя аб забароне бактэрыялагічнай (біялагічнай) зброі (1972), Дагавор аб абмежаванні сістэм проціракетнай абароны (1972); Выніковы акт Хельсінкскага пагаднення (1992) і інш. Іх выкананне значна памяншае патэнцыял мілітарызму ў шэрагу краін. Рэспубліка Беларусь у ліку першых ажыццявіла ракетна-ядзернае Р., скараціла значную ч. сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраенняў, выступіла з ініцыятывай стварэння ва Усх. і Цэнтр. Еўропе зоны, свабоднай ад ядзернай зброі (1996).