комплекснае прадпрыемства чыгуначнага транспарту, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў паяздамі па чыгуначным пуці; у вузкім сэнсе — рэйкавая дарога для руху паяздоў. Адрозніваюць Ч. магістральныя (агульнага карыстання), прамысловага транспарту (пад’язныя пуці прадпрыемстваў, лесавозныя, руднічныя, заводскія і інш.), гарадскія наземныя (трамвай) і падземныя (метрапалітэн); шырокакалейныя (у краінах СНД 1520 мм, за мяжой пераважна 1435 мм, у асобных краінах 1676 мм) і вузкакалейныя (1000, 914, 891, 750 мм і інш.). Рухомы састаў Ч. складаецца з лакаматываў і вагонаў; на сучасных чыгунках выкарыстоўваецца пераважна цеплавозная і эл. цяга, часам (пераважна на прамысл. транспарце) маторная цяга (цеплавозы, электравозы, газатурбавозы, дызель-паязды, матавозы).
Правобразам Ч. былі рэйкавыя (драўляныя, каменныя) каляіны, па якіх у старажытнасці перамяшчалі цяжкія грузы. З 15 ст. на рудніках Англіі і Ірландыі, а пазней у Францыі і Расіі выкарыстоўваліся дарогі з чыгуннымі рэйкамі, з коннай і канатнай цягай. Першая Ч. з паравой цягай (ад паравоза) пабудавана ў 1825 Дж.Стэфенсанам у Англіі (Дарлінгтан—Стоктан, працягласць 21 км); у Расіі ў 1837 (С.-Пецярбург—Царскае Сяло, 27 км). У 1851 закончана буд-ва 2-калейнай магістралі Пецярбург—Масква. Праз тэр. Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. пракладзены ўчасткі: у 1862 Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай мяжы з Польшчай (як ч.Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі), у 1866—69 Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Пачаткам развіцця Беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі была пабудавана магістраль Смаленск—Мінск—Брэст. У 1891—1904 праведзена Ч. ад Чэлябінска да Уладзівастока. У канцы 19 ст. пачалі фарміравацца чыгуначныя вузлы, стварацца горкі сартавальныя. Электрыфікацыя Ч. пачалася ў 1926.
Укладка чыг. пуці робіцца пуцеўкладчыкамі, рамонт і абслугоўванне — пуцявымі машынамі. Чыг. гаспадарка складаецца з лінейных падраздзяленняў — аддзяленняў, дыстанцый, дэпо, чыгуначных станцый і інш. Галіновыя службы Ч.: служба руху, пасажырская, грузавая, лакаматыўнай гаспадаркі, сігналізацыі і сувязі, энергагаспадаркі і інш.Асн.тэхн. сродкі Ч.: чыг. пуць (2 чыг.каляіны з чыг.рэек, земляное палатно, чыгуначныя масты, тунэлі і інш.), рухомы састаў, цягавыя падстанцыі, кантактавыя сеткі, чыгуначная сігналізацыя і сувязь, чыгуначная аўтаматыка і тэлемеханіка) (у т. л.аўтаблакіроўка, аўтадыспетчар, аўтастоп, аўтасчэпка), збудаванні і ўстройствы для тэхн. агляду і рамонту рухомага саставу, фарміравання паяздоў, збудаванні і абсталяванне для абслугоўвання пасажыраў, грузавых, паштовых і багажных аперацый (чыгуначныя вакзалы, платформы, майстэрні, склады). Скорасць руху паяздоў на звычайных магістральных лініях 60 км/гадз, на скарасных участках 120—160 км/гадз, на высокаскарасных 200 км/гадз і больш.
Літ.:
Железные дороги. М., 1981;
Железная дорога Беларуси: История и современность. Мн., 2001.
І.І.Леановіч.
Чыгунка: 1 — таварны паравоз серыі В Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (пабудаваны Каломенскім заводам у 1871—72); 2 — чыгуначны вакзал станцыі Мінск-Віленскі, 1891; 3 — грузавы двухсекцыйны цеплавоз ТЭЗ; 4 — аўтаматрыса АС1А; 5 — пасажырскі электравоз пераменнага току ЧС-4Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУЧАЛЬНЫЯ ЎСТАНОВЫ.
Паводле канцэпцыі нац. бяспекі адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ў ваен. сферы з’яўляецца развіццё сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў для Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Вядучая вышэйшая навуч. ўстанова краіны па падрыхтоўцы афіцэрскіх кадраў — Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь (засн. ў 1995). У сваёй дзейнасці яна кіруецца Статутам (зацверджаны Прэзідэнтам у 2003) і інш. дакументамі, паводле якіх арганізавана разнапланавая падрыхтоўка ваен. кадраў (ад курсантаў да малодшых камандзіраў, афіцэраў запасу і кадравых афіцэраў). Штатная колькасць пастаяннага і пераменнага складу акадэміі каля 6,5 тыс.чал. каля 4 тыс. курсантаў і 200 слухачоў, больш за 800 выкладчыкаў, у т. л. 17 д-роў, 183 канд. навук, 27 праф. і каля 100 дацэнтаў (2003). Ваен. акадэмія з’яўляецца базавай ВНУ, а яе ф-ты — профільнымі ваенна-навуч. ўстановамі, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка слухачоў, перападрыхтоўка афіцэраў на курсах і падрыхтоўка курсантаў. Спецыялістаў гуманітарнага і інж.-тэхн. профілю рыхтуюць ваен. ф-ты цывільных устаноў адукацыі. Паводле пастановы СМ Рэспублікі Беларусь «Аб ваенных факультэтах ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь» ад 11.6.2003 створаны ваен. ф-ты ў 4 вядучых ВНУ краіны — БДУ, Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел. ун-це транспарту. Па дамоўленасці з Мін-вам абароны падрыхтоўку ваен. кадраў ажыццяўляюць таксама Мінскі вышэйшы авіяц. каледж і Камандна-інжынерны ін-тМін-ва па надзвычайных сітуацыях. Мэтавую падрыхтоўку будучых афіцэраў медыцынскай, тылавой, фінансавай і інш. службаў ажыццяўляюць адпаведныя ВНУ Беларусі. Падрыхтоўка бел. курсантаў і слухачоў з ліку афіцэраў бел. войска праводзіцца таксама ў ВНУРас. Федэрацыі, у т. л. ў Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Рас. Федэрацыі, на Ваенна-інж. ф-це, Ваенным ун-це радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, Ваенна-дыпламатычнай акадэміі, Ваенным фінансавым ун-це, Агульнавайсковай акадэміі Узбр. Сіл Рас. Федэрацыі, Ваенна-паветр. акадэміі (усе ў Маскве); Ваенным ун-це сувязі, Ваенна-мед. акадэміі, Ваеннай акадэміі тылу і транспарту (усе ў С.-Пецярбургу); Ваенна-трансп. ун-це Чыг. войск Рас. Федэрацыі, Цэнтр. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Ваенным ун-це ППА (г. Цвер), Ваенным ун-це вайсковай ППАУзбр. Сіл Рас. Федэрацыі» (г. Смаленск). З мэтай аптымізацыі структуры ваенна-навуч. устаноў з 2002 Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча пераведзена на 5-гадовы тэрмін навучання з агульнай колькасцю навучэнцаў 550 чал. У 2002 завершана перабудова сістэмы падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і ваен. спецыялістаў. Гэтыя ваен. кадры ў наш час рыхтуе 72-і гвардз. Аб’яднаны навуч. цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (г. Барысаў). На базе яго вучэбных палкоў створаны школы падрыхтоўкі малодшых спецыялістаў. Створаны курсы па перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі прапаршчыкаў Узбр. Сіл. У 2003 з мэтай ажыццяўлення агульнага кіраўніцтва падрыхтоўкай ваен. кадраў створана ўпраўленне ваен. адукацыі і падрыхтоўкі войск Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь.
А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Развітанне выпускнікоў з баявым сцягам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перамяшчэння цвёрдых сыпкіх матэрыялаў патокам вады. Падзяляецца на безнапорны (самацёчны) і напорны. Выкарыстоўваецца пры гідрамеханізацыі земляных і горных работ, транспарціроўцы сыравіны на цукр. і спіртавых з-дах, драніцы і папяровай масы на папяровых ф-ках, выдаленні попелу і шлаку з кацельняў і інш.
Транспартаванне ажыццяўляецца пры скарасцях вадкасці, большых за крытычную, калі завіслыя часцінкі матэрыялу не асядаюць. У самацёчным гідраўлічным транспарце сумесь матэрыялаў з вадой (пульпа) перамяшчаецца па трубах, жалабах, каналах пад нахілам, у напорным — па трубаправодах з дапамогай помпаў, землясосаў, эрліфтаў і інш. Гідраўлічны транспарт вызначаецца высокай прадукцыйнасцю, малымі эксплуатацыйнымі выдаткамі, магчымасцю транспартавання на вял. (да соцень кіламетраў) адлегласці і спалучэння з інш.тэхнал. працэсамі (напр., гідраўлічным разбурэннем пароды, абагачэннем матэрыялаў). Недахопы — значныя расходы вады і эл. энергіі, хуткае зношванне помпаў і трубаправодаў. Набывае пашырэнне кантэйнерны трубаправодны гідраўлічны транспарт (у шэрагу краін запатэнтаваны як «безнапорны трубаправодны транспарт» — БТТ). Герметычныя кантэйнеры-цыліндры, загружаныя матэрыялам, падаюцца ў запоўнены нясучай вадкасцю трубаправод і перамяшчаюцца ім за кошт перападу ціскаў у пачатку і канцы трубаправода або з дапамогай розных рухачоў (тросавых, стужачных, эл.-магнітных). БТТ адрозніваецца таннасцю, незалежнасцю ад надвор’я, матэрыял транспартуецца з высокай канцэнтрацыяй, не забруджваецца нясучай вадкасцю, непатрэбна яго абязводжванне. Гл. таксама Трубаправодны транспарт.
Літ.:
Введение в аэрогидродинамику контейнерного трубопроводного транспорта. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд.руб., у т. л. асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд.руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд.руб., у фактычных цэнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
комплексная галіна права, якая рэгулюе адносіны па ўладанні, карыстанні і распараджэнні зямельнымі рэсурсамі, а таксама па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні. Асн. крыніцамі З.п. ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Закон «Аб праве ўласнасці на зямлю» ад 16.6.1993, Закон «Аб плацяжах за зямлю» ад 18.12.1991, інш. законы і нарматыўныя прававыя акты, што выдаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, урадам, мін-вамі і ведамствамі, мясц. органамі дзярж. кіравання ў межах іх кампетэнцыі. Нормы З.п. рэгламентуюць: права дзярж. і прыватнай уласнасці на зямлю, землеўладанне, землекарыстанне, у т. л.арэнду зямлі; парадак прадастаўлення і адабрання зямельных участкаў, спагнання зямельнага падатку або арэнднай платы, ажыццяўлення здзелак з зямлёй, пакрыцця страт; вядзенне дзярж.зямельнага кадастру, землеўпарадкаванне, дзярж. кантроль і маніторынг зямель, ахову зямель, а таксама вырашэнне зямельных спрэчак і адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. З.п. складаецца з агульнай і асаблівай частак. Да агульнай часткі адносяцца правы ўласнасці на зямлю, землеўладання і землекарыстання, дзярж. кіраванне ў галіне выкарыстання і аховы зямель, адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. У асаблівай частцы вызначаецца прававы рэжым асобных катэгорый зямель: зямель с.-г. прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, абароны, зямель прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культ. і інш. прызначэння, зямель ляснога і воднага фондаў, а таксама запасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФОТАБІЯЛО́ГПНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1973 у Мінску на базе Лабараторыі біяфізікі і ізатопаў АН Беларусі (з 1957). Лабараторыі (1998): біяфізікі і біяхіміі фотасінтэтычнага апарату, фізіялогіі фотасінтэтычнага апарату, фотарэгуляцыі клетачных працэсаў, біяфізікі і фотабіялогіі мембран, фізіка-хіміі біял. мембран, фатонікі бялкоў. Аспірантура (з 1957).
Асн. кірункі даследаванняў: малекулярна-мембранная біяхімія і біяфізіка фотабіял. і рэгулятарных працэсаў у жывёльных і раслінных сістэмах (будова, функцыянаванне і біягенез фотасінтэтычнага апарату, фізіялогія і генетыка фотасінтэзу, фотарэцэптарныя працэсы ў раслінных і жывёльных сістэмах, структурная дынаміка і напружаныя метастабільныя станы бялкоў і біял. мембран у рэакцыях экспрэс-рэгуляцыі, адаптацыі і клетачнага імунітэту, малекулярная паталогія біял. мембран, свабоднарадыкальныя працэсы ў мембранах і фотапашкоджванні клетак). Вынікі даследаванняў: атрыманы фундаментальныя даныя пра будову і функцыянаванне сістэмы фотасінтэзу хларафілу, фарміраванне фотасінтэтычнага апарату на розных узроўнях арганізацыі і малекулярна-мембранных механізмаў фотарэгулятарных працэсаў у раслінах, пра структурную лабільнасць біял. мембран і іх ролю ў працэсах трансфармацыі энергіі і рэгуляцыі іоннага транспарту ў клетках; раскрыта прырода люмінесцэнцыі бялкоў і створаны люмінесцэнтныя метады аналізу (Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992); распрацаваны шэраг экспрэс-метаду фотадыягностыкі захворванняў. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі Ц.М.Годнеў, чл.-кар. М.Ц.Чайка, А.А.Шлык, працуюць акад.Нац.АН Беларусі І.Дз.Валатоўскі (дырэктар з 1985), С.В.Конеў, 8 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШТО́ВАЯ ТЭ́ХНІКА,
тэхнічныя сродкі для выканання аперацый па прыёме, апрацоўцы, перавозцы і выдачы паштовых адпраўленняў (пісьмаў, бандэроляў, пасылак, перыяд. друку і інш.). У паштамтах і аддзяленнях сувязі (гл.Пошта) выкарыстоўваецца рознае абсталяванне, поштаапрацоўчыя машыны; для перавозак і ўнутрывытв. транспартавання паштовых грузаў існуюць паштовыя вагоны, аўтамабілі-самапагрузчыкі, стужачныя канвееры, ланцуговыя пад’ёмнікі, кран-бэлькі і інш. Ствараюцца аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі ўсіх відаў паштовых адпраўленняў.
Да паштовага абсталявання адносяцца: машыны паштова-касавыя, маркіравальныя, для ўпакоўкі бандэроляў у пакеты, штэмпелявальныя апараты і каляндарныя штэмпелі, механізаваныя стэлажы і аўтаматызаваныя склады, прыстасаванні для абвязкі пасылак, аўтаматы для продажу паштовых картак, канвертаў і інш.Асн. віды поштаапрацоўчых машын: пісьмаразборачныя (для аўтам. вылучэння стандартных канвертаў і паштовак з патоку карэспандэнцыі), ліцовачна-штэмпелявальныя (для аўтам. устаноўкі пісьмаў і паштовак у аднолькавае становішча, гашэння на іх знакаў паштовай аплаты і нанясення адбітка каляндарнага штэмпеля), устаноўкі для сартавання бандэроляў, пасылак, пачкаабвязвальныя (для абвязкі пачкаў пісьмаў, газет, часопісаў), мешказашыўныя, наменклатурна-адрасавальныя (для друкавання суправаджальнай дакументацыі і нанясення адрасных найменняў на газеты і інш. адпраўленні, што дастаўляюцца падпісчыкам па адраснай сістэме). Першымі сродкамі П.т. былі паштовыя карэты (16 ст., Францыя і Расія) і паштовыя скрыні (сярэдзіна 17 ст.). З 1839 пачалі выкарыстоўваць паштовыя вагоны, пазней — сродкі воднага, аўтамаб. і паветр.транспарту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВІЛЫ ДАРО́ЖНАГА РУ́ХУ,
асноўны нарматыўны акт, які рэгламентуе парадак дарожнага руху і паводзіны яго ўдзельнікаў (вадзіцеляў, пешаходаў і пасажыраў). Выконваюць арганізацыйна-прававыя функцыі кіравання, вызначаюць пералік няспраўнасцей і ўмоў, пры якіх забараняецца эксплуатацыя трансп. сродкаў на дарожна-трансп. сетцы. На Беларусі дзеючыя П.д.р. ўведзены ў 1996.
Дарожны рух — складаны дынамічны працэс, які ўяўляе сабой узаемадзеянне сукупнасці рухомых і нерухомых пешаходаў і розных тыпаў мех. і немех. трансп. сродкаў. П.д.р. садзейнічаюць падтрыманню неабходнай скорасці руху, устанаўліваюць значэнні сігналаў святлафора, знакаў дарожных, дарожнай разметкі і інш. Першыя правілы аўтамаб. руху з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1896), пазней у інш. краінах. У Расіі распрацоўваліся і ўводзіліся мясц. органамі ўлады з 1900-х г. У СССР П.д.р. ўстаноўлены дэкрэтам СНК (1920). У 1940 зацверджаны «Тыпавыя правілы руху па вуліцах гарадоў СССР», на аснове якіх распрацоўваліся П.д.р. на месцах, у т. л. рэспубліканскія. Адзіныя «Правілы руху па вуліцах і дарогах СССР», уведзены ў 1961, у 1965 і 1970. У 1973 уведзены П.д.р. з улікам патрабаванняў Канвенцыі аб дарожным руху і Канвенцыі аб дарожных знаках (1968; Вена), яны змяняліся і дапаўняліся ў 1975, 1976 і 1979. У правілах 1980 улічаны таксама і міжнар. вопыт у галіне аўтамаб.транспарту і дарожнага руху, а таксама дакументы па бяспецы дарожнага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАМБУ́ЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Турцыі. Засн. ў 1453 (паводле інш. звестак у 1321) у г. Стамбул як мусульм. вышэйшая школа. З 1846 ун-т; першая свецкая ВНУ у Турцыі. Ун-т некалькі разоў быў закрыты. У 2001/02 навуч.г. ў С.у. 25 374 студэнты, у т. л. 1928 замежных; 4812 выкладчыкаў; ф-ты: мед.; мед. імя Джэрахпашы; стаматалагічны; вет.; пед. імя Хасана Алі Юджэл; юрыд.; багаслоўскі; прыродазнаўчых навук; фармацэўтычны; сувязі; паліт. навук; лесаводства; л-ры; эканам.; кіравання гаспадараннем; інжынерны; воднай гаспадаркі. У складзе ун-та аддзяленні (інфармацыі; мастацтваў; фізкультуры і спорту; па вывучэнні турэцкай мовы, замежных моў), вышэйшыя школы (кансерваторыя; аховы здароўя Бакыркой, Шышлі; мед. сясцёр; мед. абслугоўвання; фізіятэрапіі і рэабілітацыі; грамадскіх навук; тэхн. навук; права; фізкультуры і спорту; транспарту; кіравання лесагаспадаркай), ін-ты (кардыялагічны; дзіцячага здароўя; туберкулёзу і захворванняў лёгкіх; неўралогіі; эксперыментальнай медыцыны; суд. медыцыны; анкалагічны; грамадскіх навук; прыродазнаўчых навук; аховы здароўя; марскіх навук і кіравання; прынцыпаў Атацюрка і гісторыі рэвалюцыі; кіравання эканомікай; еўраазіяцкай археалогіі; бухгалтэрыі); цэнтры даследавання (дэрматалогіі; малекулярнай анкалогіі і гемапаталогіі; медыцыны Джэрахпашы, выкарыстання медыцыны; выкарыстання нар. медыцыны; гепатапанкрэаталагічных хвароб; традыц. лекавых сродкаў; лекаў з раслін; выкарыстання генетыкі; біятэхнікі і генетычнага інжынерынгу; праблем навакольнага асяроддзя; беспрытульных дзяцей; выкарыстання камп’ютэрных навук; жаночых праблем; еўрапейскай супольнасці; лінгвістычны; правоў чалавека; прыродных багаццяў; абсерваторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНТАВЫ́Я БРЫГА́ДЫ ў СССРу гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—45,
патрыятычны рух працаўнікоў прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі за датэрміновае выкананне планаў забеспячэння фронту баявой тэхнікай, зброяй, боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Узніклі па ініцыятыве камсамола. «Франтавымі» ўпершыню назвалі свае камсамольска-маладзёжныя брыгады ў вер. 1941 рабочыя аўтазавода ў г. Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад) і Уральскага з-да цяжкага машынабудавання (г. Свярдлоўск, цяпер Екацярынбург) — удзельнікі руху «двухсотнікаў» за выкананне норм выпрацоўкі не менш чым на 200% (за сябе і за таго, хто пайшоў на фронт). Ф.б. ўзніклі на тысячах інш. прадпрыемстваў, у калгасах і саўгасах. Званне «Ф.б.» надавалася на сходзе рабочых ці грамадскімі арг-цыямі пры выкананні брыгадай плана не менш чым на 150% на працягу 2 месяцаў, высокай якасці прадукцыі і інш. умоў.
Многія члены Ф.б. шляхам мадэрнізацыі станкоў і інструментаў выконвалі нормы на 2000—2700%. У маі 1945 у СССР працавалі каля 155 тыс. Ф.б. (больш як 1 млн.чал.).
Сярод рабочых бел. прадпрыемстваў, што ў 1941 былі вывезены на У, першай Ф.б. стала брыгада токараў Ф.Мельнікава на з-дзе «Гомсельмаш», якая выконвала зменныя нормы на 200—250%. У 1943—44 Ф.б. пачалі работу на вызваленай тэр. Беларусі. Напр., на прадпрыемствах Гомеля ў 1945 у складзе Ф.б. працавалі 16 тыс. маладых рабочых.