ЛЁЦКА (Яўген Рыгоравіч) (н. 20.4.1944, в. Пабрэззе Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец. Канд.філал.н. (1980). Скончыў БДУ (1968). Працаваў на заводзе, настаўнікам, карэспандэнтам радыёвяшчання. З 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1986 у выд-ве «Мастацкая літаратура», з 1997 дырэктар выд-ва «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1968. Даследуе маст. адметнасць, стыль сучасныхбел. празаікаў, узаемадзеянне л-ры і чытача (зб. «Выхаваўчая роля літаратуры», 1980). У аповесцях «Па цаліку» (1977), «Дарога ў два канцы» (1981) псіхалагізм, выразнасць малюнка характараў, добрае адчуванне мовы. Складальнік літ.-знаўчага зб. «Вобраз» (1981), зб-каў апавяданняў маладых бел. пісьменнікаў «Цяпло на першацвет» (1985), «Акно ў зялёны сад» (1988), кніг твораў М.Дзяшкевіча (1991), Л.Калюгі (1992), А.Мрыя (1993) і інш. Старшыня Аргкамітэта (1989—90) і Рады (1990—93) Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Тв.:
Беларуская літаратура за гады савецкай улады. Мн., 1973;
Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе. Мн., 1979;
Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКА (франц. masque ад сярэднелац. mascus),
1) спецыяльная накладка з проразямі для вачэй, якая формай і малюнкам нагадвае твар чалавека, мысу жывёлы, галаву міфалагічнай істоты і інш. Паводле прызначэння падзяляюцца на рытуальна-абрадавыя і тэатр., у т. л. паўмаскі (закрываюць толькі верхнюю частку твару). Бываюць таксама парныя (2 выканаўцы паказваюць адну істоту), калектыўныя (пад адной М. хаваюцца некалькі выканаўцаў), М.-касцюмы, М., якія трымаюць у руках або надзяваюць на пальцы. Ужываецца і як элемент акцёрскага грыму (пластычная наклейка). Вядома са старажытнасці як паляўнічая маскіроўка, рытуальны атрыбут татэмічных і інш. язычніцкіх культаў, у якіх мела магічнае значэнне. Як элемент тэатр. грыму ўжывалася ў ант. т-ры, пазней у італьян. камедыі дэль артэ, паказах скамарохаў і інш.Найб. пашырана ў традыц. культуры народаў Азіі і Афрыкі. На Беларусі М. карысталіся скамарохі («мядзведзь», «каза», дзед і інш.), асобныя персанажы ў паказах нар. драм («Цар Максімілян»), акцёры т-раў Радзівілаў у алегарычных балетах. Як адзін са сродкаў сцэн. выразнасці сустракаецца ў пастаноўках сучасных т-раў, асабліва ў т-ры лялек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ БІ́ЗНЕС,
прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца з контрагентаміінш. краін. Перадумовы інтэрнацыяналізацыі эканам. і фін. працэсаў склаліся ў пач. 20 ст. Пасля 2-й сусв. вайны развіццё інтэграцыйных працэсаў прывяло да з’яўлення і імклівага пашырэння якасна новай формы буйнога бізнесу — транснацыянальных карпарацый (ТНК), якія ўстанавілі кантроль над значнай доляй сусв. рынку і сёння адыгрываюць вядучую ролю ў сістэме міжнародных эканамічных адносін. Актыўнаму асваенню замежных рынкаў нац. капіталам вядучых краін спрыяла пашырэнне сучасных форм сувязі, паляпшэнне сусв.трансп. шляхоў, фарміраванне сістэмы крэдытна-грашовых сувязей, што ахоплівае ўвесь свет. Разам са знешнегандл. абменам таварамі і паслугамі і вывазам капіталу ў пазыковай форме значнае месца занялі прамыя фін., вытв. і тэхнал. сувязі паміж прадпрыемствамі розных краін, розныя формы навук.-тэхн., культ. і інш. супрацоўніцтва. Урады прамыслова развітых краін (асабліва ў Зах. Еўропе) садзейнічаюць развіццю і паглыбленню міжнар.эканам. сувязей кампаній і капіталаў, ад чаго ў значнай ступені залежыць стан нац. эканомікі, загрузка вытв. магутнасцей, узровень беспрацоўя і інш. У выніку капіталы свабодна мігрыруюць з адной краіны ў другую ў пошуках найб. спрыяльных умоў для свайго выкарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ КА́МЕРНЫ ХОР «САНО́РУС».
Створаны ў 1992 у г. Маладзечна Мінскай вобл., з 1994 працуе ў Мінску. Арганізатар, маст. кіраўнік — дырэктар і гал. дырыжор А.Шут. У складзе калектыву камерныя хор, аркестр (з 1996) і група салістаў, што набліжае яго да сімф. капэл 17—18 ст. У рэпертуары больш за 20 праграм, больш за 200 твораў розных эпох і жанраў, у т. л. творы духоўнай музыкі бел. кампазітараў мінулага (С.Манюшкі, М.Равенскага, М.Шчаглова, М.Анцава, А.Туранкова) і сучасных (С.Бельцюкова, А.Залётнева, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, А.Рашчынскага, А.Хадоскі, Л.Шлег і інш.); духоўныя канцэрты Дз.Бартнянскага, А.Ведаля, В.Казлоўскага, С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, П.Часнакова, месы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, А.Дыябелі, рэквіемы Л.Керубіні, М.Дзюруфле і інш. Хор — пастаянны ўдзельнік фестываляў «Мінская вясна», «Беларуская музычная восень», «Адраджэнне Беларускай капэлы», «Музы Нясвіжа» і інш. Лаўрэат Міжнар, фестываляў духоўнай і сучаснай хар. музыкі «Магутны Божа» (1993, 1997, Магілёў), «Сакрасонг-93», «Гайнаўка-94» і «Мендзыздрое-95» (усе Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛО́ДАК (Рыта) (Рэвека) Веньямінаўна (27.2.1906, Мінск — 3.12.1969),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт. Беларусі (1940). Скончыла Віцебскі муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933), удасканальвалася ў Маскве ў М.Уладзіміравай. З 1931 салістка Бел. Радыёкамітэта, у 1933—59 (з перапынкам) салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала прыгожым, багатага тэмбру голасам, сцэн. абаяльнасцю, цёпла і шчыра перадавала чалавечыя пачуцці. Сярод партый: у бел. рэпертуары — Марыся («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), адметныя глыбокай непасрэднасцю і праўдзівасцю, Астахава («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных і сучасных операх — мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Таццяна, Ліза, Марыя, Настасся («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Тамара («Дэман» А.Рубінштэйна), Маша («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Земфіра («Алека» С.Рахманінава), Наталля («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага). Выступала як камерная спявачка; удумлівы інтэрпрэтатар рамансаў бел. кампазітараў, нар. песень.
Літ.:
Тамашова Н. Майстар вакальнага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І І ВЫ́СТАВАЧНЫЯ ЗА́ЛЫў архітэктуры,
будынкі, прызначаныя для работы ўстаноў, якія ажыццяўляюць камплектаванне, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры народа.
У будынках сучасных музеяў асн. функцыянальнымі элементамі з’яўляюцца выставачныя залы і сховішчы. Яны дапаўняюцца адм. памяшканнямі, б-кай, лекцыйнай залай, пакоямі для заняткаў, рэстаўрацыйнымі майстэрнямі, лабараторыямі Шматграннасць дзейнасці музея выяўляецца ў складанай аб’ёмна-планіровачнай структуры будынка, якая забяспечвае магчымасць паслядоўнага азнаямлення з экспанатамі, а таксама выбарачнай змены маршруту, экспазіцый, наладжвання часовых выставак і інш. Архітэктура такіх будынкаў як элемент эмацыянальнага ўздзеяння найчасцей стварае маст. вобраз, адпаведны яго тэматыцы.
На Беларусі вылучаюцца будынкі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Купалы Янкі літаратурнага музея ў Мінску, музея прыроды нац. парку Белавежская пушча ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Будынкі выставачных залаў прызначаны для арганізацыі перыяд. выставак твораў мастацтва, дасягненняў вытв-сці, навукі і тэхнікі. На Беларусі функцыянуюць павільёны Рэспубліканскага выставачнага цэнтра, Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа». Найбольшая выставачная зала твораў выяўл. мастацтва — рэсп.Мастацкая галерэя ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЎСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, беларускае зледзяненне, ясельдзінскае зледзяненне,
першае раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Адбылося пасля брэсцкага перадледавікоўя каля 690—600 тыс.г. назад. Ледавік ахапіў амаль усю тэр. Беларусі за выключэннем некаторых участкаў на Пд. У час Н.з. ўзніклі астраўныя ўзвышшы на месцы сучасных Гродзенскага, Ваўкавыскага, Навагрудскага і Мінскага ўзвышшаў, а таксама шматлікія лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Ледавіковыя (асноўная, канцавая і інш.марэны) водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады захаваліся пераважна ў межах Беларускай грады і ў днішчах лагчын. Магутнасць адкладаў да 50—70 м. Марэны складзены з супеску і суглінку са жвірам, галькай і валунамі, утвораны са скандынаўскага, прынесенага ледавіком, і мясц. матэрыялу, у т. л. адорвені палеагенавых, мелавых і інш. парод. У складзе абломкаў найбольш асадкавых парод (70—80%), сярод крышталічных пераважаюць ружовыя граніты, парфірыты і інш. Паводле інш. меркаванняў Н.з. магло складацца з 2 самаст. зледзяненняў — уласна нараўскага і ясельдзінскага, падзеленых карчоўскім міжледавікоўем. Н.з. або яго частка адпавядае гюнцкаму (або міндэльскаму-1) зледзяненню ў Альпах, эльстэрскаму-1 у Германіі, санскаму-1 у Польшчы, данскому ў еўрап.ч. Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
адна з груп аўстранезійскіх моў. Пашыраны на астравах Палінезіі паміж Новай Зеландыяй, Гавайскімі астравамі і в-ам Вялікадня (Пасхі) на Ціхім акіяне. Падзяляюцца на падгрупы: танганскую (мовы тонга і ніўэ) і ўласна палінезійскую, якая складаецца з моў самаанскіх (самоа, тувалу, такелаў, усх. футуна, пука-пука, нукуора, такуў, лунгіўа, увеа, маэ і інш.) і ўсх.-палінезійскіх (маоры, гавайская, таіці, рапануі, раратонга і інш.). П.м. ўзыходзяць да агульнай прапалінезійскай мовы, якая мела сістэму з 5 галосных (i, e, a, o, u — доўгія і кароткія) і 13 зычных, што з пэўнымі зменамі адлюстравана ў фаналагічных сістэмах сучасных П.м. У граматычным ладзе пераважае аналітызм, у сінтаксісе — наяўнасць іменных і вербальных аналітычных комплексаў, што складаюцца са знамянальнага слова і шэрагу прэ- і постпазіцыйных службовых адзінак. Большасці П.м. уласцівы намінатыўны лад, для астатніх — эргатыўны. Гал. спосабы словаўтварэння — рэдуплікацыя і словаскладанне. Са старажытнасці захаваліся нерасшыфраваныя тэксты ронга-ронга (в-аў Вялікадня). Пісьменства ў некаторых П.м., што маюць літ. форму, з 19 ст. на аснове лацініцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРЭ́НКА (Леанід Фёдаравіч) (н. 26.1.1937, в. Вятхінь Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст,прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1957), Бел. тэатральна-маст.ін-т (1968). З 1957 працаваў на Мінскім фарфоравым з-дзе, з 1964 на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 на Мінскім маст. к-це. Працуе ў галіне керамікі. Для работ характэрны творчае засваенне традыц. форм нар. ганчарнага посуду, спалучэнне традыц. і сучасных спосабаў апрацоўкі матэрыялаў, стрыманая колеравая гама з падкрэсленымі прыроднымі ўласцівасцямі матэрыялу. Сярод твораў: сервізы «Авальны» (1957), «Восень» (1962), «Вяночак» (1970), кампазіцыі «Мара» (1972), «Салют» (1975), серыі дэкар. ваз «Па родных матывах» (1970—80-я г.), «Змрок» і «Ноч» (1964—84). З 1990-х г. займаецца белай керамікай (серыі «Зямля пад белымі крыламі», «Белыя сувеніры»). Аўтар дэкар. пластоў, дробнай пластыкі, акварэляў і інш. Аформіў інтэр’ер паліклінікі ў г. Маладзечна (1980), сталовую Мазырскага з-да меліярац. машын (1982), дзіцячую б-ку № 2 г. Мінска (1983) і інш.
Г.А.Фатыхава.
Л.Панамарэнка. З серыі «Белыя сувеніры». 1990-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́НІЯ (Pannonia),
рымская правінцыя, якая ўтварылася ў 8 н.э. пасля падзелу рым. правінцыі Ілірык на Верхні Ілірык (Далмацыя) і Ніжні Ілірык — П. Займала зах.ч. сучаснай Венгрыі, паўн.ч.сучасных Харватыі і Югаславіі і ўсх.ч. сучаснай Аўстрыі. Назву атрымала ад панонцаў — групы ілірыйскіх плямён (гл.Ілірыйцы). Захоп тэр. правінцыі пачаўся пры імператару Аўгусце (35—33 да н.э.) і працягваўся Тыберыем (6—9 н.э.). У пач. 1 ст.н.э. адбывалася ваен. каланізацыя П. Яе гарнізон складаўся з 5, пасля 101 — з 4 легіёнаў. Паступова лагеры легіёнаў ператвараліся ў буйныя гарады, цэнтры рамяства і гандлю, якія ў 2—3 ст. атрымалі ад рым. улад правы самакіравання. У пач. 2 ст. правінцыя падзелена на Ніжнюю і Верхнюю П. Пры імператару Дыяклетыяне П. падзелена на 4 часткі, г. Сірмій стаў рэзідэнцыяй імператара і прэфекта прэторыя. За валоданне П. рымляне вялі пастаянныя войны з суседнімі плямёнамі: у 167 з маркаманамі, у 427 з гунамі і гепідамі, у пач. 6 ст. з лангабардамі, у 568 з аварамі. Беспаспяховай была спроба рымлян адваяваць П. ў сярэдзіне 5 ст.