КНІ́ЖНАЯ ГРА́ФІКА,

раздзел графікі, скіраваны на гарманічнае маст. і функцыян. дапасаванне формы і зместу выдання, у т. л. на вобразнае вырашэнне кніжнага блока; адна з асн. ч. мастацтва кнігі. Уключае афармленне вонкавае (супервокладка, пераплёт або вокладка, форзац, тытульны ліст, фронтыспіс) і ўнутр. (ілюстрацыя, шрыфт, шмуцтытул, буквіца, віньетка, застаўка, канцоўка), агульнае канструяванне кнігі (кампаноўка графічнага матэрыялу, тэксту, шрыфтавая рубрыкацыя, стварэнне макета выдання).

Вытокі К.г. ў афармленні рукапіснай кнігі, дзе пераважалі мініяцюра, малюнак і каліграфія. Пасля вынаходніцтва І.​Гутэнбергам кнігадрукавання (1455) пашырылася аздабленне кніг у тэхніцы гравюры, што да 19 ст. было асн. кірункам у К.г. У 19 ст. рамесныя паліграф. працэсы заменены машыннымі, пашырыўся фотамеханічны спосаб ілюстравання. У канцы 19 ст. англ. мастак У.​Морыс вярнуўся да традыц. рамесных паліграф. працэсаў і абгрунтаваў тэорыю стварэння кнігі як цэласнага комплексу высокага паліграф. майстэрства і К.г. Прынцыпы, распрацаваныя Морысам, у спалучэнні з дасягненнямі паліграф. тэхнікі паўплывалі на далейшае развіццё К.г. (творчасць А.​Матыса, Г.​Апалінэра, П.​Пікасо, У.​Фаворскага, Н.​Ганчаровай, І.​Білібіна, Ю.​Аненкава і інш.).

На Беларусі К.г. вядома з 11 ст. (мініяцюры Тураўскага евангелля 11 ст., Аршанскага евангелля 12—13 ст., Мсціжскага евангелля 13—14 ст.; контурныя малюнкі Лаўрышаўскага евангелля 14 ст.; акварэлі Радзівілаўскага летапісу 13 ст. і інш.). Узнікненне ў 16 ст. кніжнага дрэварыту звязана з дзейнасцю Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў С.​Буднага, В.​Цяпінскага і інш. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся медзярыт (творы Т.​Макоўскага, Л.​Тарасевіча, М. і В.​Вашчанкаў і інш.), у 19 ст.літаграфія. Вял. ўклад у развіццё К.г. зрабіў М.​Э.​Андрыёлі. На пач. 20 ст. ў К.г. працавалі М.​Філіповіч, Ф.​Рушчыц. Я.​Драздовіч, Л.​Лісіцкі, А.​Ахола-Вало, В.​Дваракоўскі, П.​Гуткоўскі і інш. У 1960-я г. закладзены асновы сучаснай бел. школы К.г. (творчасць А.​Кашкурэвіча, А.​Лось, Б.​Заборава, Г. і Н.​Паплаўскіх, В.​Шаранговіча і інш.). У 1980 — пач. 1990-х г. бел. К.г. набыла найб. вядомасць дзякуючы творам М.​Селешчука, В.​Славука, У.​Савіча, М.​Казлова, А. і В.​Александровічаў, В.​Кліменкі, Т.​Беразенскай і інш. Іл. гл. таксама да арт. Графіка, Ілюстрацыя.

Літ.:

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Яго ж. Искусство книги Франциска Скорины М., 1990;

Герчук Ю.Я. Художественные миры книги М., 1989.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Кніжная графіка. М.​Андрыёлі. Ілюстрацыя да паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1881.
Да арт. Кніжная графіка. У.​Фаворскі. Ілюстрацыя да «маленькай трагедыі» А.​Пушкіна «Каменны госць». Выданне 1961.
Да арт. Кніжная графіка. А.​Кашкурэвіч. Спакушэнне Хрыста ў пустыні. Ілюстрацыя да «Евангелля паводле Лукі». 1990.
Да арт. Кніжная графіка. П.​Пікасо. Ілюстрацыя да камедыі Арыстафана «Лісістрата» 1934.
Да арт. Кніжная графіка. Ю.​Аненкаў. Ілюстрацыя да паэмы А.​Блока «Дванаццаць». 1918.

т. 8, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ ПА ДРЭ́ВЕ,

спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай спец. інструментаў (нажа, разца, сякеры, свердла, пілы і інш.); від разьбы мастацкай. Выкарыстоўваецца пры вырабе прадметаў побыту, посуду, трансп. сродкаў, прылад працы, для ўпрыгожвання будынкаў, стварэння скульптур (гл. Скульптура драўляная), маст. вырабаў і інш. Вядома са старажытнасці многім народам свету. Шырока вядомы гуцульская (Украіна), багародская разьба, абрамцава-кудрынская разьба (Расія), драўляная скульптура Літвы, Польшчы, народаў Афрыкі і інш. На Беларусі пашырана контурная, выемчатая (пераважна трохгранна-выемчатая), рэльефная, скразная, аб’ёмная Р. па д., сродкамі якой ствараюць скульптуру. Схематычна, умоўна трактаваныя драўляныя фігуркі чалавека і жывёл вядомы з часоў каменнага веку. У 9—13 ст. геам. («вочкавым») арнаментам аздаблялі грабяні, лыжкі, чарпакі, прылады працы, зброю. У 14—16 ст. нізкарэльефнай разьбой аздаблялі інтэр’еры культавых збудаванняў, палацаў, сядзіб, мэблю. Напр., пінскім разьбяром Ананіем створаны двухбаковы абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1499—1525). У 17—18 ст. гэты від разьбы развіўся ў аб’ёмна-ажурную (гл. Беларуская рэзь). Тагачасная разьба характарызуецца цеснай сувяззю з архітэктурай, у ёй адбіліся пануючыя маст. стылі — рэнесанс, барока, ракако, з канца 18 ст. — класіцызм. Разьбой упрыгожвалі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены палацаў і храмаў: іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве (1669—72), алтары Будслаўскага касцёла бернардзінцаў, Воўпаўскага касцёла Іаана Хрысціцеля, Навамышскага Праабражэнскага касцёла, Порплішчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы (усе 17 ст.), касцёла Гродзенскага кляштара езуітаў, Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў (18 ст.) і інш. У нар. побыце найб. пашырэнне мела трохгранна-выемчатая разьба геам. характару, якой аздаблялі прылады працы (гл. Камянецкія прасніцы), хатняе начынне, посуд, трансп. сродкі. З канца 19 ст. у нар. драўляным дойлідстве пашырылася прапілоўка, якой аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі (гл. Разьба архітэктурная), а таксама мэблю. Р. па д. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі (М.​Няхай, М.​Свірачкоў, М.​Рышкевіч і інш.). Пашыраны ўсе яе віды. Асаблівую папулярнасць набыла драўляная скульптура (І.​Супрунчык, А.​Маголін, І.​Лізура, А.​Лавор, Ф.​Максімаў, М.​Тарасюк і інш.). Утылітарна-дэкар. вырабы і сувеніры ў тэхніцы Р. па д. выпускаюць многія прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць). У 1999 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс разьбярства «Дрэва жыцця». Іл. гл. таксама да арт. Разьба мастацкая, Скульптура драўляная.

Літ.:

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Сахута ЯМ. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Канцедикас А.С. Литовская народная скульптура. М., 1974;

Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр. М., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Разьба па дрэве. Фрагмент царскіх варот з царквы Грыгорыя Неакесарыйскага ў Маскве. 17 ст.
Да арт. Разьба па дрэве. Коўш. Беларусь. Пач. 20 ст.
Да арт. Разьба па дрэве. Пудраніца, біклага, талерка. Івана-Франкоўская вобл. Украіна. 1970-я г.
Да арт. Разьба па дрэве. Маска народа макондэ. Мазамбік.

т. 13, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разра́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Група, катэгорыя асоб, прадметаў або з’яў, якія адрозніваюцца ад іншых падобных якімі‑н. агульнымі прыкметамі. Граматычны разрад слоў. □ Аднак самы вялікі разрад лацінізмаў старабеларускай мовы ўтвараюць словы абстрактнага значэння. Жураўскі.

2. (з парадк. ліч. і прым.). Ступень кваліфікацыі ў якой‑н. спецыяльнасці, у спорце і пад. Рэстаран першага разраду. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад. Шчарбатаў. Вучняў запрашаюць на такія заводскія мерапрыемствы, як прысваенне кваліфікацыйных разрадаў, ушанаванне пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. «Звязда». Красуцкі — высокага росту, прыгажун, здаравяк, мае спартыўны разрад і піша дысертацыі. Навуменка.

3. У арыфметыцы — месца, якое займае лічба пры пісьмовым абазначэнні ліку. Лічба другога разраду.

4. Гіст. Цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Рускай дзяржаве 16–17 стст., якая ведала служылымі людзьмі, вайсковымі справамі і кіраўніцтвам паўдневых гарадоў і паветаў.

разра́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разраджаць — разрадзіць (у 1 знач.).

2. Страта электрычнасці якім‑н. целам, якое мае электрычны зарад; з’ява, якая суправаджае гэтую страту. Электрычны разрад. Атмасферны разрад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лакно ’гарлачык жоўты, Nuphar luteum (L.) Sm.’ (Бейл.), локно́ ’гарлачык белы, Nuphar alba L.’, ’падалешнік еўрапейскі, Asarum europeum L.’ (Нар. лекс.), Локна — возера і сенажаць в. Ласіцк (Бел. анам., 1985, 125), укр. палес. локно́), лукно́ ’гарлачык’. Польск. Łekno, Łukna (назва возера ў Пазнанскім ваяводстве, з XII–XIII стст.), сярэдневяковыя тапонімы і гідронімы з палабскай, паморскай, лужыцкай і славенкай тэрыторый ў формах: *lъkno, *lъкniса і з басейна Прыляці і Дзясны: Локна, Локнея, Локніца, Локня, Локнянка; чэш. lekno, leknin ’гарлачык белы’, славац. lekno, lekno biele ’тс’, lekno žlt ’гарлачык жоўты’, leknovec ’німфейнік шчыталісты, Nymphoides peltatum (S. G. Gmel.)’, магчыма, в.-луж. łuknadź, łoknadź. u̯óknač ’лотаць, Caltha palustris L.’ Прасл. (паўн.-прасл.) дыялектызм lъkno, які служыў для называння водных раслін на балотах, азёрах і звязаных з імі мікратапонімаў. Адпаведнікі ў балт. мовах: літ. lùknė, лат. lùkne ’гарлачык жоўты’, Lùknas (возера), Lùknė (рака), лат. Lukna (рака). Аналагічна параўн. семантычную паралель ’расліна’ ⟷ ’балота’: локвањ ’гарлачык’, локвањача ’тс’ < лӧква ’лужа’, ло̀кањ ’невялікая лужа’ (а раней ’балота, дрыгва’ < ’возера’) ці ’балота’ ⟷ ’лес’ (гл. Талстой. Геогр., 244). Балта-паўн.-слав. ізалекса (Непакупны, Связи, 34–36). Прасл. lъkno звязваецца этымолагамі з і.-е. *leu̯k‑/*lou̯k‑ ’блішчэць, ільсніцца’ (Слаўскі, 5, 99; Слаўскі, SP, 1, 115; Брукнер, 309; Трубачоў, Этимология–1968, 24–32; Фрэнкель, 389–390).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́хва ’ножны’, ’футарал’, ’vulva’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Гарб., Мік., Гарэц., Яруш., Касп.; маст., смарг., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’навалочка’ (Сцяшк. МГ; маст., Сл. ПЗБ), по́хвы ’пахавыя часткі цела ў жывёл’ (віц., Шн. 3; Нік. Очерки), ст.-бел. пахва, похвы ’ножны’, укр. пі́хви ’ножны’, рус. дыял. пахва́, пахвы ’падхвосныя рамяні ў збруі’, польск. pochwa, poszwa ’ножны’, ’рэмень-падхвостнік’, ст.-польск. pochwa, pochew ’ножны’ (XV–XVII стст.), ст.-чэш. pochvy ’тс’, чэш. pochva, pošva ’ножны’, pochvy ’збруя’, славац. pošva ’ножны’, серб.-харв. pohve ’тс’. Відаць, вандроўны тэрмін не зусім яснага паходжання, асабліва ў значэнні вайсковай прылады. Паколькі польскае слова лічыцца запазычаннем са ст.-чэш. pochvy (Банькоўскі 2, 648–649), то, насуперак Кюнэ (Poln., 88) і Булыку (Булыка, Запазыч., 256), можна меркаваць, што ў беларускую мову слова магло трапіць непасрэдна са ст.-чэш. і было збліжана з утварэннямі ад хава́ць, пахава́ць ’схаваць’ (Нас., 486). Імаверным падаецца таксама меркаванне пра сувязь з прасл. *paxy (*paxъve) або з *poxy (*poxъve), гл. паха, што выводзяцца з *pax‑/*paz‑/*pag‑, варыянтнасць *pa‑/*po‑ тлумачыцца старажытным чаргаваннем галосных (Фасмер, 3, 221; Шустар-Шэўц, Etym. Brun., 1, 30). Нацягнутым здаецца збліжэнне з ням. Fachm ’паліца’, ’скрыня’, Fuge ’паз’, ’шво’, ’жалабок’, лац. pango ’ўганяць, убіваць’, ’засаджваць чым-небудзь’ і ўзвядзенне да і.-е. кораня *pāk‑/*pāg‑ ’замацаваць’ (Скок, 2, 695; Голуб-Копечны, 283–284).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗЯМКЕ́ВІЧ (Рамуальд Аляксандравіч) (7.2.1881, Варшава — 1943 ці 1944),

бел. бібліяфіл, бібліёграф, публіцыст, гісторык бел. л-ры, краязнавец, перакладчык. Бацькі родам са Случчыны. Збіраў матэрыялы па гісторыі бел. л-ры і культуры, працаваў у б-ках і архівах Варшавы, Львова, Раперсвіля (Швейцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат ездзіў, у т. л. па Беларусі. Быў звязаны з бел. нац.-культ. рухам. У 1908 рабіў фальклорна-этнагр. запісы на Барысаўшчыне, у 1913—14 шукаў гісторыка-літ. матэрыялы на Магілёўшчыне. Сабраў калекцыю бел. нар. адзення (у 1918 немцы вывезлі ў Берлін). У 1915—17 жыў у Мінску, працаваў ваен. інжынерам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах бел. грамадска-культ. руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную б-ку па гісторыі, мовазнаўстве, л-ры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і інш., вял. калекцыю рукапісаў бел. пісьменнікаў (А.​Рыпінскага, А.​Вярыгі-Дарэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Лучыны, Ф.​Багушэвіча. Ядвігіна Ш., Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, аўтараў «Нашай долі» і «Нашай нівы» і інш.). Даследаваў бел. бібліяграфію, стараж. бел. л-ру, л-ру 19 ст., этнаграфію, бел. нар. эстэтыку, фальклор, мастацтва. У працах па гісторыі бел. л-ры прывёў невядомыя на той час звесткі пра Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Баршчэўскага, А.​Кіркора, А.​Ельскага, Лучыну, К.​Каганца, Багдановіча і інш., апублікаваў невядомыя іх рукапісы. У 1919 у час. «Беларускае жыццё» (№ 5) упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В.​Цяпінскага 1576, адшуканы ў б-цы К.​Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Памагаў матэрыяламі і звесткамі Я.​Карскаму, абменьваўся навук. інфармацыяй з Ельскім, А.​Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі, рукапісы і ўспаміны варшаўскаму славісту Ю.​Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў вершы і па-польску. Перакладаў на бел. мову творы ўкр. пісьменніка В.​Стафаніка і франц. А.​Дадэ. У час Вял. Айч. вайны трапіў у гестапа і загінуў у канцлагеры. Рукапісы і лісты З. зберагаюцца ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Варшавы, С.-Пецярбурга і інш.

Тв.:

Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменнік XIX ст. Вільня. 1911;

Адам Ганоры Кіркор: (Біягр.-бібліягр. нарыс у 25-летнюю гадаўшчыну смерці). Вільня, 1911;

Цукраварні на Беларусі. [Мн.], 1918;

Беларуская бібліяграфія: Бел. кнігі XVI—XVIII стст. // Першы беларускі каляндар «Нашае нівы» на 1910 г. Вільня, 1910;

Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне // Наша ніва. 1910. 25 лістап.;

400-лецце беларускага друку // Вольная Беларусь. 1917. 8 жн.;

Значэнне Францішка Скарыны ў беларускай культуры // Там жа. 11 жн.;

Друк Скарыны і друк сучасны // Там жа. 23 жн.;

Няміга і Менск. Старая беларуская пісьменнасць // Варта. 1918. № 1;

Васіль Цяпінскі // Бел. жыццё. 1919. 14 ліп.;

Стары замак у Менску // Беларусь. 1919. 14—15 лістап.;

Станіслаў Манюшка і беларусы // Бел. жыццё. 1920. 19 студз.;

Гутаркі аб беларускай літаратуры // Новае жыццё. 1923. 3 сак.; Нацыянальнасць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча // Заходняя Беларусь. Вільня, 1924; Аб беларускай народнай эстэтыцы // Маладняк. 1927. № 3; Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго няведамыя вершы // Нёман. 1932. № 2; Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964; Стары Мінск у беларускіх успамінах // Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),

від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.

Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл. Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.

На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл. гл. таксама да арт. Абраз, Беларуская іканапісная школа.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;

Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;

Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд. Мн., 1995.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.
Да арт. Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.
Да арт. Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).
Да арт. Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.
Да арт. Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.
Да арт. Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.
Да арт. Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Санкт-Пецярбургу,

універсальная, агульнадаступная навук. б-ка; адно з найб. кнігасховішчаў свету (больш за 32,5 млн. адзінак захоўвання, у т. л. кніг і брашур больш за 13 млн.; 2000). Да 1917 наз. Імператарская публічная, да 1991 Дзярж. публічная імя М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына. Засн. ў 1795 на базе вывезенай А.​В.​Суворавым з Варшавы б-кі Залускіх (паводле Рыжскага дагавора 1921 большая яе частка вернута ў Польшчу), для наведвання адкрыта ў 1814; з 1811 атрымлівае абавязковы экзэмпляр усёй айч. друкаванай прадукцыі. Мае найб. поўны збор рус. кніг, перыёдыкі, картаграфічны фонд. У аддзеле рукапісаў больш за 310 тыс. помнікаў пісьменства. Сярод іх 40 тыс. рукапісных кніг, у т. л. Астрамірава евангелле, Лаўрэнцьеўскі летапіс, Вял. франц. хронікі з мініяцюрамі С.​Марміёна, арабскія і персідскія ілюмінаваныя рукапісы 14—17 ст. і інш. Захоўваюцца асабістыя архівы, у іх ліку архівы Дома Раманавых, дзярж. і ваен. дзеячаў (А.​М.​Гарчакова, І.​І.​Талстога, А.​В.​Суворава, М.​І.​Кутузава), вучоных (П.​П.​Пякарскага, Р.​П.​Кавалеўскага, А.​А.​Шахматава), літаратараў (Г.​Р.​Дзяржавіна, М.​Ю.​Лермантава, І.​А.​Крылова, М.​В.​Гогаля), кампазітараў і мастакоў (М.​П.​Мусаргскага, М.​І.​Глінкі, М.​А.​Балакірава, Дз.​С.​Бартнянскага, М.​А.​Рымскага-Корсакава, І.​Я.​Рэпіна) і інш. Зберагаюцца грэч. і лац. рукапісы, егіп. папірусы, калекцыя гебраістыкі С.​Фірковіча, лісты і творы Дж.​Байрана, А.​Бальзака, І.​Гётэ, В.​Гюго, Л.​Бетховена, Ж.​Бізэ, Ф.​Шапэна і інш. У фондзе замежных кніг калекцыя «Росіка» (250 тыс. замежных выданняў пра Расію, надрукаваных да 1917), асабістая б-ка Вальтэра, буйнейшы ў свеце збор інкунабул. У складзе б-кі «Дом Г.​В.​Пляханава» (архіў і б-ка). Выдае інфарм. бюлетэні, бібліягр. дапаможнікі, каталогі асобных калекцый і збораў, агульныя і галіновыя бібліяграфіі, манаграфіі і зб-кі навук. прац. Бел. матэрыялы прадстаўлены ва ўсіх аддзелах б-кі. У аддзеле рукапісаў захоўваюцца Полацкія евангеллі, спісы Статутаў ВКЛ 1529 і 1566; бел. літ. зборнік 15 ст., бел. пераклад «Александрыі» 17 ст., Віцебскі летапіс, Магілёўская хроніка і інш. Калекцыя бел. кірылічных старадрукаў, апісаная В.​І.​Лук’яненка ў «Каталогу беларускіх выданняў кірылаўскага шрыфту XVI—XVII стст.» (вып. 1—2, 1973—75), бел. і надрукаваныя на бел. землях кнігі (кірылічныя ў Рус. фондзе і аддзеле рэдкай кнігі, надрукаваныя лацінкай у калекцыях «Росіка» і «Паліграфія»), часопісы (рускі і замежны фонд часопісаў), карты, атласы і планы (аддзелы картаграфіі і рукапісаў), газеты (аддзел газет), рэкламныя афішы, гравюры, плакаты, паштоўкі (аддзел эстампаў). У кніжных фондах шматлікія кнігі з канфіскаваных у 1831—63 б-к Сапегаў з Дзярэчына і Коданя, Радзівілаўскай з Нясвіжа, езуіцкіх Гродзенскай калегіі і Полацкай акадэміі, Жыровіцкага манастыра і інш. Матэрыялы пра Беларусь знаходзяцца і ў асабістых архівах В.​Ф.​Ратча, І.​П.​Карнілава, П.​М.​Бацюшкава, П.​А.​Гільтэбранта, З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага, М.​Баяровіча, М.​С.​Куторгі, Л.​І.​Ракоўскага. Супрацоўнікамі б-кі былі выхадцы з Беларусі санскрытолаг К.​А.​Касовіч, бібліятэказнаўцы І.​Д.​Іваноўскі, В.​І.​Сабальшчыкоў, даследчык самарыяцкіх рукапісаў А.​Я.​Гаркаві. У аддзеле рукапісаў працавалі браты Віктар і Кастусь Каліноўскія.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 13, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ» імя Петруся Броўкі,

выдавецтва Дзярж. к-та па друку Рэспублікі Беларусь. Засн. ў Мінску 1.1.1967 як Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі пры АН Беларусі на правах НДІ, з 1.1.1975 у сістэме Дзяржкамдруку БССР, у 1980 пераўтворана ў выдавецтва, прысвоена імя П.​Броўкі. Спалучае выдавецкую дзейнасць з навукова-даследчай. Спецыялізуецца на падрыхтоўцы і выданні універсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый, энцыклапедычных даведнікаў і слоўнікаў, тлумачальных, перакладных і інш. слоўнікаў бел. мовы. Падрыхтавала і ў 1969—75 выдала 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» — універсальны даведнік па ўсіх галінах ведаў, першую шматтомную энцыклапедыю ў гісторыі бел. народа (Дзярж. прэмія Беларусі 1976). У выд-ве выйшлі таксама: «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (т. 1—5, 1978—82, паралельна на бел. і рус. мовах), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86; сярэбраны медаль праграмы ААН па навакольным асяроддзі 1984), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6 т. (т. 1—2, 1993—94), «Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1995—96), біябібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.​Я.​Лепешава (т. 1—2, 1993), «Руска-беларускі слоўнік» (т. 1—3, 6-е выд. 1995) і інш. Выдаюцца серыі: гісторыка-дакумент. хронік «Памяць» (з 1985, пра кожны раён Беларусі), энцыклапедычных даведнікаў пра гарады Беларусі (з 1976, «Мінск», «Брэст», «Віцебск», «Гродна», «Магілёў», «Гомель»), пра жывёльны і раслінны свет Беларусі (з 1986), энцыклапедычныя даведнікі для дзяцей, «Энцыклапедычная бібліятэчка «Беларусь» (з 1978, выдадзена 25 кніг), трохмоўных слоўнікаў (англа-, нямецка-, французска-, беларуска-рускіх) і інш. У ліку 1-томных энцыклапедычных даведнікаў: «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» (на рус. мове, 1978), «Навечна ў сэрцы народным» (3-е выд., на рус. мове, 1984), «Іх імёнамі названы...» (на рус. мове, 1987), «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945» (1990), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988; на рус. мове, 1990), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (1989), «Прафесіі рабочых» (на рус. мове, 1980), «2000 прафесій...» (на рус. мове, 1986), «Меліярацыя» (на рус. мове, 1984), «Прырода Беларусі» (2-е выд., на рус. мове, 1989), «Бульба» (на рус. мове, 1988 і 1994), «Чырвоная кніга Беларускай ССР» (2-е выд. 1993), «Акадэмія навук Беларускай ССР» (1978; на рус. мове, 1979), зводны каталог «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986), «Энцыклапедыя маладой сям’і» (8-е выд., на рус. мове, 1995), «Здароўе» (на рус. мове, 1990), «Культура харчавання» (3-е выд., на рус. мове, 1993), «Фатаграфія» (на рус. мове), «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (абодва 1992), «Архітэктура Беларусі», «Археалогія і нумізматыка Беларусі» (абодва 1993); «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст, «Беларусь», «Ветэрынарная энцыклапедыя» (усе 1995), «Чарнобыль» (1996). Сярод факсімільных выданняў: «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1983), «Біблія Скарыны» (т. 1—3, 1990—91), «Жывапісная Расія» (1993, 2-е выд. 1994) і інш. У 1996 выйшаў 1-ы том 18-томнай універсальнай Беларускай энцыклапедыі.

Галоўныя рэдактары П.​У.​Броўка (1967—80), І.​П.​Шамякін (1980—92), М.​А.​Ткачоў (1992), Б.​І.​Сачанка (1993—95), Г.​П.​Лашкоў (з 1996).

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВЮ́РА (франц. gravure),

1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.

2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.

Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.

Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст. Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.​Дзюрэр, Ж.​Кало, Рэмбрант, Дж.​Піранезі, Ф.​Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.​Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.​Зубаў, М.​Махаеў, С.​Галакціёнаў, А.​Ухтомскі, В.​Матэ, Г.​Астравумава-Лебедзева, А.​Краўчанка, У.​Фаворскі і інш.

На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.​Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.​Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.​Ангілейка, В.​Вашчанка, П.​Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.​Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.​Азямблоўскага, Н.​Орды, Я.​Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г. найб. пашырана ксілаграфія (А.​Астаповіч, З.​Гарбавец, Я.​Мінін, А.​Тычына, С.​Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.​Гембіцкі, М.​Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.​Малкін, Х.​Тыбер, лінагравюры — Я.​Горыд, літаграфіі — А.​Малярэвіч, Ф.​Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.​Асецкі, І.​Вішнеўскі, А.​Кашкурэвіч, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч; літаграфіі — А.​Дзямарын, Г. і Н.​Паплаўскія, В.​Шаранговіч; лінагравюры — С.​Герус, А.​Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.​Зайцаў; розных тэхніках — У.​Савіч, М.​Купава, А.​Лапіцкая, М.​Селяшчук, В.​Славук, Л.​Марчанка, Ю.​Герасіменка, А.​Шэвераў і інш.

Літ.:

Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

А.​М.​Пікулік, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Гравюра. А.​Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.​В.​Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.
Да арт. Гравюра. К.​Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.
Да арт. Гравюра. В.​Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.
Да арт. Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)