ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),

горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў.

На думку літ. даследчыка К.​Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс. ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг. л-ра, законы ВКЛ, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл. Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.​Міцкевіча, Я.​Чачота, Т.​Зана, А.​Кіркора, С.​Манюшкі, Ф.​Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел. рэв. грамады (гл. Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ. «Наша доля», «Наша ніва», пазней — час. «Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва «Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, К.​Буйло, З.​Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел. паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ. «Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.​Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел. паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі, Б.​Тарашкевіч, У.​Самойла, А.​Станкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, І.​Дварчанін, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч, М.​Танк, П.​Сергіевіч, Я.​Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял. Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв. Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел. паліт. арг-цыяБел. нац. к-т; выдавалася газ. «Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс. чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел. культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.

З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-ва бел. культуры (1987), клуб аматараў бел. нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-ва бел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).

Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв. віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.​Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.​Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-т літ. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар. т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм. т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.​Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.​Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.​Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.​Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.​Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л. ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л. этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус. драм., моладзі, лялечны.

З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.​Камара, Я.​Лапацінскага, Я.​Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.​Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.​Жаброўскі, разьбяр Г.​Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.​Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.​Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл. Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.​Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.​Сідаровіч, К.​Чурыла, П.​Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.​Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж. бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.​Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.​Аблажэй, А. і К.​Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.​Падбярэзскі, А. і С.​Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.

Ю.​Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.​В.​Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).

Герб Вільнюса 16 ст.
Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.
Да арт. Вільнюс. Панарама горада.
Да арт. Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.
Да арт. Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.
Да арт. Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.
Да арт. Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2пал. 14 — пач. 15 ст.
Да арт. Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.
Да арт. Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.
Да арт. Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.​Чэканаўскас.

т. 4, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКАЯ БУРЖУА́ЗНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 16 ст.

Адбывалася ў 1566—1609 на тэр. гіст. Нідэрландаў, спалучала антыфеад. барацьбу рэв. сіл і нац.-вызв. вайну супраць Іспаніі, якой належалі Нідэрланды. Гал. прычына — бурнае развіццё ў 16 ст. капіталіст. адносін у Нідэрландах, якому перашкаджаў нац., рэліг. і феад. прыгнёт з боку ісп. абсалютызму і каталіцкай царквы. Адносіны паміж Нідэрландамі і Іспаніяй моцна пагоршыліся пры ісп. каралю Філіпе II [1556—98], калі была ўзмоцнена эканам. эксплуатацыя Нідэрландаў, жорстка праследаваліся кальвіністы (іх абшчыны-кансісторыі на чале з прадстаўнікамі буржуазіі карысталіся вял. уплывам), рабіліся замахі на старадаўнія правы і прывілеі нідэрл. гарадоў і правінцый і інш. На чале антыісп. апазіцыі сталі нідэрл. буржуазія, дваране і асобныя арыстакраты, у т. л. прынц Вільгельм I Аранскі. Вясной 1566 дэлегацыя дваран запатрабавала ад намесніцы караля Маргарыты Пармскай змякчэння рэліг. законаў, склікання Генеральных штатаў і аднаўлення былых вольнасцей. За сціплае адзенне дэпутатаў назвалі гёзамі (жабракамі). Тым часам падзеі ў Нідэрландах набылі характар нар. рэвалюцыі. Яе 1-м этапам стала антыкаталіцкае Іканаборскае паўстанне 1566, якое было жорстка задушана. Новы намеснік герцаг Ф.Альба ўстанавіў у краіне тэрарыст. рэжым, але антыісп. барацьба працягвалася ў форме партыз. руху лясных гёзаў, якія забівалі ісп. салдат, каталіцкіх святароў і суддзяў; у Паўн. моры дзейнічалі флатыліі марскіх гёзаў. Прынц Аранскі, які апіраўся на падтрымку ням. пратэстанцкіх князёў, франц. гугенотаў, англ. каралевы Лізаветы I і атрады наёмнікаў, ажыццявіў няўдалыя ўварванні ў Нідэрланды з тэр. Германіі (1567, 1572). 1.4.1572 марскія гёзы захапілі порт Брыл, што стала сігналам для ўсеагульнага паўстання ў паўн. правінцыях. У выніку 2-га этапа рэвалюцыі правінцыі Галандыя і Зеландыя фактычна выйшлі з-пад улады Іспаніі і заклікалі на пасаду штатгальтара (кіраўніка выканаўчай улады) Вільгельма I Аранскага. Антыісп. паўстанне ў Бруселі 4.9.1576, якое перакінулася на інш. гарады паўд. правінцый, паклала пачатак 3-му этапу рэвалюцыі. Скліканыя ў кастр. 1576 у г. Гент Ген. штаты абвясцілі сябе вярх. уладай. Яны распрацавалі пагадненне паміж паўд. і паўн. правінцыямі, якое прадугледжвала вывад ісп. войск, адмену ўказаў супраць ератыкоў, але захаванне каталіцкай царквы і суверэнітэту над Нідэрландамі ісп. караля. Галандыя і Зеландыя захавалі свае аўт. правы і кальвінісцкую царкву. У пач. 1579 па-праіспанску настроеныя сілы паўд. правінцый заключылі ў г. Арас т.зв. Араскую унію з чарговым ісп. намеснікам Аляксандрам Фарнезе (захаванне каталіцызму, аднаўленне некаторых дарэв. парадкаў). У адказ паўн. правінцыі Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт і Фрысландыя 23.1.1579 заключылі Утрэхцкую унію — саюз для сумеснай барацьбы супраць Іспаніі. Пазней да іх далучыліся прав. Аверэйсел і Гронінген. Утрэхцкая унія юрыдычна аформіла стварэнне Рэспублікі Злучаных правінцый. 26.7.1581 Ген. штаты Злучаных правінцый абвясцілі пра звяржэнне Філіпа II і поўную незалежнасць Паўн. Нідэрландаў. У паўд. правінцыях рэвалюцыя і вызв. вайна да 1585 скончылася паражэннем, і яны засталіся пад уладай Іспаніі. Вайна Рэспублікі Злучаных правінцый з Іспаніяй працягвалася да 1609, калі было падпісана перамір’е, якое фактычна азначала прызнанне ісп. каралём яе незалежнасці. Фармальнае прызнанне рэспубліка атрымала пасля падпісання Іспаніяй Вестфальскага міру 1648. Гал. вынікам Н.б.р. было ўтварэнне незалежнай дзяржавы на Пн Нідэрландаў, дзе былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму.

Літ.:

Чистозвонов А.Н. Нидерландская буржуазная революция XVI в. М., 1958;

Люди эпохи завоеваний: [Сб.]: Пер. с нем. Ростов н/Д., 1998.

В.​І.​Сініца.

т. 11, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,

вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.​Патоцкі і С.​Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.​Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял. кн. літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.

Літ.:

Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;

Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;

Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;

Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;

Wojna polsko-szwedzka 1655—1660. Warszawa, 1973.

т. 12, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́ЙЗІЯ (Malaysia),

Федэрацыя Малайзія (Persekutuan Tanah Malaysia), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на Пд п-ва Малака (Зах. Малайзія) і ў паўн. частцы в-ва Калімантан (Усх. Малайзія). Большая ч. граніц марская; абмываецца Паўд.-Кіт. морам, на З — Малакскім пралівам. Ад Сінгапура Зах. Малайзія аддзяляецца вузкім Джахорскім пралівам, праз які пабудавана дамба. На п-ве Малака мяжуе з Тайландам, на Калімантане — з Інданезіяй і Брунеем. Пл. 329,8 тыс. км², у т. л. на п-ве Малака 131,6 тыс. км², на Калімантане 198,2 тыс. км². Нас. 20,9 млн. чал. (1998), у т. л. каля 17 млн. чал. на п-ве Малака. Дзярж. мова — малайская (малайзійская); выкарыстоўваюцца таксама англійская, кітайская і тамільская мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Куала-Лумпур. Падзяляецца на 9 штатаў-султанатаў, 4 штаты-губернатарствы і 2 федэральныя тэрыторыі. Нац. свята — Нацыянальны дзень Малайзіі (31 жн.).

Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1963. Дзевяць з трынаццаці штатаў — султанаты на чале з наследнымі правіцелямі, якія карыстаюцца асобымі прывілеямі (4 штаты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх назначае кароль). Султаны ствараюць Савет правіцеляў і выбіраюць са свайго складу тэрмінам на 5 гадоў вярх. правіцеля — караля, які ў асноўным выконвае прадстаўнічыя функцыі. Заканад. орган — двухпалатны парламент: верхняя палата (Сенат) фарміруецца на 6 гадоў з 40 сенатараў, прызначаных каралём, і 30 сенатараў, якіх выбіраюць па 2 чалавекі ад кожнага штата і тэрыторыі; ніжняя палата (Палата прадстаўнікоў) з 192 дэпутатаў фарміруецца на 5 гадоў у выніку ўсеагульных прамых выбараў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якім назначаецца лідэр партыі, што заваявала большасць месцаў у Палаце прадстаўнікоў. Штаты маюць свае мясц. органы ўлады, уласныя канстытуцыі і вырашаюць пытанні кіраўніцтва, за выключэннем функцый, аднесеных да агульнадзяржаўных (замежныя справы, абарона, фінансы, асвета, грамадзянства).

Прырода. Пераважаюць узгоркі і невысокія горы. Найб. вышыні на в-ве Калімантан — г. Кінабалу (4101 м), на п-ве Малака — г. Тахан (2190 м). Уздоўж узбярэжжаў — забалочаныя нізіны і раўніны. Карысныя выкапні: алавяныя руды (2—3-е месца ў свеце па запасах), нафта, прыродны газ, вальфрамавыя, алюмініевыя, жал., танталаніобіевыя, медныя руды; ёсць невял. радовішчы бурага вугалю, марганцавых і тытанавых руд, золата, ртуці, сурмы і інш. Клімат экватарыяльны (на Пд п-ва Малака і на в-ве Калімантан) і субэкватарыяльны, мусонны (на Пн). На нізінах і раўнінах сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C. У прыбярэжных раёнах выпадае 1500—2000 мм ападкаў за год, у гарах — да 4000—5000 мм. Рачная сетка густая, рэкі мнагаводныя. На б. ч. краіны вечназялёныя экватарыяльныя лясы, для якіх характэрны бамбукі, пальмы, панданусы і інш.; на ўзбярэжжах — мангравыя зараснікі. Пад лесам і хмызнякамі 68% тэр. краіны. У складзе жывёльнага свету: малпы (гібоны, макакі), паўмалпы (лемуры), малайскі мядзведзь, тыгр, тапір, пантэра і інш. Нац. паркі: Таман-Негара, Кінабалу, Бака, Тэмплер-парк і інш.

Насельніцтва. Малайцы і блізкія да іх народы складаюць 58%, кітайцы — 26%, выхадцы з Індыі і Пакістана — 7%; жывуць таксама еўрапейцы (найб. англічане), тайландцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (каля 60% насельніцтва), кітайцы — будысты і канфуцыянцы, выхадцы з Індыі — індуісты; ёсць групы хрысціян і прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост 2,15% (1997). Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км², на п-ве Малака — каля 130 чал., на Калімантане — каля 18 чал. У гарадах жыве 54% насельніцтва (1997). Найб. г. Куала-Лумпур — 1236 тыс. ж. (1997); больш за 200 тыс. ж. у гарадах Джорджтаўн, Іпах, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Кучынг, Кота-Бару. У прам-сці занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве — 8%, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 21%, у абслуговых галінах — 46%, у т. л. ў кіраванні 11%.

Гісторыя. Тэр. М. заселена чалавекам з часоў ранняга палеаліту. Стараж. насельніцтвам М. былі негрытосы, якіх у 3—1-м тыс. да н.э. выцеснілі плямёны аўстранезійцаў. У пач. 1-га тыс. н.э. на тэр. М. праніклі продкі сучасных малайцаў. Пад уплывам інд. культуры тут пашырыліся індуізм і будызм. У 8—14 ст. большая ч. п-ва Малака ўваходзіла ў склад імперый: суматранскай Шрывіджая і яванскай Маджапахіт. У пач 15 ст. заснаваны г. Малака — цэнтр Малакскага султаната. Размяшчэнне на скрыжаванні гандл. шляхоў спрыяла росквіту Малакі і ператварэнню яе ў вял. дзяржаву, якая ўключала п-аў Малака, ч. в-ва Суматра і а-вы Рыау. Большая ч. в-ва Калімантан увайшла ў султанат Бруней. З гэтага часу пануючай рэлігіяй на тэр. М. стаў іслам. Пасля захопу партугальцамі ў 1511 Малакскага султаната ён распаўся на шэраг дробных султанатаў. У 1641 партугальцаў выцеснілі галандцы, а з канца 18 ст. сюды праніклі англічане. Паводле англа-галандскага дагавора 1824 п-аў Малака прызнаны сферай брыт. ўплыву, у 1826 створана брыт. прэзідэнцтва Стрэйтс-Сетлментс (з 1867 калонія брыт. кароны). У 1888 англічане ўсталявалі пратэктарат над Саравакам і Сабахам (на в-ве Калімантан), да пач. 20 ст. — над б.ч. малайскіх султанатаў. У пач. 20 ст. М. ператварылася ў краіну монакультуры каўчуку. У 1941—45 акупіравана яп. войскамі. У 1946 брыт. ўладанні на паўвостраве аб’яднаны ў Малайскі саюз (з 1948 Малайская федэрацыя, МФ), Саравак і Сабах сталі калоніямі брыт. кароны. У 1953 засн. Саюз трох партый (Аб’яднаная малайская арг-цыя, Кіт. асацыяцыя Малаі, Інд. кангрэс Малаі), ператвораны ў 1957 ў Саюзную партыю (СП); ён перамог на выбарах 1955 у Заканад. савет, а яго лідэр Абдул Рахман стаў прэм’ер-міністрам МФ. 31.8.1957 абвешчана незалежнасць МФ.

У чэрв. 1963 паміж Вялікабрытаніяй, МФ, Саравакам, Сабахам і Сінгапурам дасягнута дамоўленасць пра стварэнне Федэрацыі М., якая была абвешчана 16.9.1963 (Сінгапур выйшаў з яе ў 1965). Курс на прыцягненне замежнага капіталу, развіццё галін прам-сці, арыентаваных на экспарт, спрыялі ператварэнню М. ў 1960—80-я г. ў адну з найб. развітых краін Азіі з адносна высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Сур’ёзнай праблемай з’яўляюцца адносіны паміж малайцамі і кітайцамі, якія кантралююць б.ч. нац. эканомікі. У 1969 у выніку кіт.-малайскіх сутыкненняў уведзена надзвычайнае становішча (адменена ў 1971). Новы прэм’ер-міністр Абдул Разак (1970—76) стварыў на базе СП больш шырокі Нац. фронт з удзелам 10 партый, былі прыняты меры для замацавання эканам. пазіцый карэннага насельніцтва ў нац. эканоміцы. Гэта палітыка працягвалася пры прэм’ер-міністрах Х.​Оне (1976—81) і М.​Махамадзе (з 1981). Азіяцкі фін. крызіс, які пачаўся з восені 1997, прывёў да пагаршэння эканам. становішча М., адбыліся масавыя дэманстрацыі пад лозунгамі дэмакратызацыі паліт. жыцця. М. — чл. ААН (з 1957), АСЕАН (з 1967). Дыпламат. адносіны з рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1992.

Паліт. рухі і партыі: Нац. фронт, Усемалайская ісламская партыя, Партыя дэмакр. дзеяння.

Гаспадарка. М. — развітая індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу маладых індустр. краін Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Штогадовы даход на 1 чал. каля 10,8 тыс. дол. ЗША (1996). Прам-сць дае 45% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14%, абслуговыя галіны —41%. Найб. развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць. Горназдаб. прам-сць (1997) уключае здабычу і вытв-сць: нафты — каля 30 млн. т, звадкаванага прыроднага газу — каля 5 млн. т, алавянага канцэнтрату — каля 50 тыс. т (адно з першых месцаў у свеце), жал. руды — каля 200 тыс. т, баксітаў — каля 70 тыс. т; меднага канцэнтрату — каля 130 тыс. т; невял. здабыча каменнага вугалю, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд, золата і інш. Усю нафту і газ здабываюць на марскім шэльфе каля берагоў Калімантана і на У ад п-ва Малака. Асн. раён здабычы алавянай руды — зах. ч. п-ва Малака. Большасць астатніх карысных выкапняў здабываюць у цэнтр. частцы п-ва Малака. Энергетыка заснавана на выкарыстанні нафты і прыроднага газу, ёсць некалькі ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 37,8 млрд. кВт гадз (1994).У апрацоўчай прам-сці найб. развіты нафтаперапр., металургічная, эл.-тэхн., хім., маш.-буд., тэкст., абутковая, дрэваапр., цэм., гумава-тэхн., харч. галіны. Асн. цэнтр нафтаперапр. прам-сці — г. Порт-Дыксан, дзе працуюць 2 нафтаперапр. з-ды. Каляровая металургія прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі па перапрацоўцы алавянай руды, чорная металургія — 2 металургічнымі камбінатамі поўнага цыкла ў Куала-Трэнгану і Праі. Ёсць з-ды алюмініевы, па вытв-сці алюмініевага дроту і кабелю, па перапрацоўцы медных, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд. У эл.-тэхн. і электроннай прам-сці больш за 40 прадпрыемстваў, якія выпускаюць тэлевізары (больш за 6 млн. шт. штогод), халадзільнікі і маразільнікі (больш за 250 тыс. шт. штогод), кандыцыянеры, акумулятары, магнітафоны, электронныя кампаненты і інш. Асн. цэнтр — г. Куала-Лумпур. Там жа развіта аўтамабілебуд. і аўтазборачная прам-сць. Адна са старэйшых галін прам-сці — тэкстыльная. Выпускаюцца разнастайныя баваўняныя, сінт. і штучныя тканіны; асн. цэнтры — Куала-Лумпур, Джорджтаўн, Малака. У Куала-Трэнгану і Кучынгу вытв-сць тканін тыпу батык. Развіты дрэваапрацоўка, выраб мэблі, запалак, тары і інш. Штогод выпускаецца каля 10 млн. т цэменту; гал. цэнтр г. Іпах. Гумава-тэхн. прам-сць уключае прадпрыемствы па перапрацоўцы латэксу, атрыманні натуральнага каўчуку (больш за 1 млн. т штогод, 20% сусв. вытв-сці), вытв-сці гумавых вырабаў, шын для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі (каля 11 млн. шт. штогод); асн. цэнтры Куала-Лумпур, Джахор-Бару, Кота-Кінабалу, Алур-Сетар. Большасць прадпрыемстваў харч. прам-сці занята вытв-сцю пальмавага алею, перапрацоўкай какосаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы, рысу, атрыманнем cara і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 5 млн. га зямлі. Ва ўсх. раёнах значныя плошчы пад лядна-агнявым земляробствам. Аснова сельскай гаспадаркі — вырошчванне экспартных культур: гевеі (займае каля палавіны с.-г. зямель на п-ве Малака), алейнай, какосавай і сагавай пальмаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы. Гал. харч. культура — рыс, меншае значэнне маюць кукуруза, батат, маніёк. Агародніцтва. Трапічнае садоўніцтва. Раён вырошчвання агародніны і ягад умеранага пояса, а таксама чаю высокіх гатункаў — Камеронскае нагор’е ў Зах. Малайзіі. Штогадовая вытворчасць (тыс. т): пальмавага алею — каля 4000, натуральнага каўчуку — каля 1500, рысу — каля 2000, ананасаў — каля 150, какавы-зярнят — каля 100, какосавага алею — каля 70, перцу — каля 20, тытуню — каля 10, чаю — каля 3. Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашаў. У краіне каля 400 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 200 тыс. буйвалаў, каля 3 млн. галоў свіней. Развіта марское і рачное рыбалоўства — больш за 1 млн. т рыбы штогод. М. — буйны вытворца драўніны каштоўных трапічных парод. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Чыгунак 1806 км, у т. л. на п-ве Малака 1672 км, аўтадарог 94 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 70,5 тыс. км, унутр. водных шляхоў 7,3 тыс. км. У знешніх сувязях вял. роля марскога флоту. М. мае гандл. флот грузападымальнасцю ў 3,9 млн. дэдвейт т. Гал. парты Джорджтаўн, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Малака, Кучынг, Кота-Кінабалу, Порт-Дыксан. У краіне 106 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Куала-Лумпура, Джорджтаўна, Кота-Кінабалу, Кучынга. Даўж. нафтаправодаў 1307 км, газаправодаў 379 км. У 1996 экспарт склаў 84,6 млрд. дол., імпарт — 83,2 млрд. долараў. М. экспартуе электроніку, нафту і нафтапрадукты, пальмавы алей, каштоўную драўніну, каўчук і гумавыя вырабы, тэкстыль; імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты. Гал. гандл. партнёры: ЗША (21% экспарту, 16% імпарту), Японія (12 і 27%), Сінгапур (20 і 12%), Германія, Кітай, Тайланд. М. — краіна развітога міжнар. турызму, штогод яе наведвае больш за 6,5 млн. чал. Грашовая адзінка — малайзійскі долар (рынгіт).

Літаратура. Развіваецца на малайзійскай (малайскай), часткова кіт., тамільскай і англ. мовах. Найб. раннія помнікі эпіграфікі М. датуюцца 7—11 ст. На працягу 14—18 ст. л-ра М. развівалася пад уплывам яванскай, перс. і араб. л-р (гіст. хронікі, прававыя, тэалагічныя, агіяграфічныя творы, белетрыстыка). У 18 ст. зарадзілася асветніцкая л-ра (творчасць Абдулаха бін Абдулкадзіра Муншы). У пач. 20 ст. пашырэнню асветы спрыялі малайскамоўны друк і рух за адраджэнне ісламу. Найб. вылучыліся творы Саіда Шэйха (раман «Фарыда Ханум»), А.​Нававі, А.​Ісмаіла; першыя дыдактычныя раманы стварыў А.​Рашыд Талу. У 1930-я г. з ростам нацыяналіст. настрояў узмацніўся ўплыў новай інданез. і англ. л-р: раманы А.​Самада Ахмада, Ш.​Салеха. Патрыят. і антыкалан. матывы ў прозе А.​Сідзіка, Ісхака бін Хаджы Мухамада. Развіваліся паэзія (М.​Ясін Мамор) і навелістыка (Каджэй). У 1940—50-я г. вядучае месца ў л-ры М. заняло маладое пакаленне паэтаў і празаікаў (С.​Н.​Масуры, Крыс Мас, У.​Аванг), якія абвясцілі лозунг «мастацтва дзеля грамадства». Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы). Асн. тэмы — нац.-вызв. рух; надзённыя праблемы жыцця народа. Пісьменнікі старэйшага пакалення выступалі з дыдактычнымі раманамі на быт. і гіст. тэмы (Х.​Амінуррашыд, А.​Лутфі). У 1960—70-я г. бярэ пачатак рэаліст. кірунак: раманы А.​Самада Саіда, А.​Ваці, А.​Алі. Этн. і сац. супярэчнасці, жыццё сялянства — гал. тэмы раманаў А.​Самада Ісмаіла, А.​Хусейна, Ш.​Ахмада. У паэзіі пераважалі грамадз. матывы (К.​Ахмед, Р.​Хаят). У 1980-я г. вяліся пошукі новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, выявілася тэндэнцыі да выразнасці мовы. Пашырылася л-ра на кіт. (Чжао Жун, Мяо Ман), тамільскай (М.​Сетхураман), англ. (Т.​Вігнесан) мовах. У 1958 засн. Нац. саюз пісьменнікаў. На бел. мову. фальклор і казкі М. пераклаў У.​Палупанаў.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да найб. стараж. помнікаў на тэр. М. належаць неалітычная кераміка, менгіры, звонападобныя барабаны (2пал. 1-га тыс. да н.э.). Пад уплывам культуры Інданезіі і Індыі ў 8—13 ст. склалася своеасаблівая культура М.: будыйская скульптура з элементамі інд. іканаграфіі і мясц. этнічнымі рысамі; творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, якія спалучалі мясц. арнамент (у выглядзе трохвугольніка, ляза пілы) і інд. выяўл. матывы (лотас, змяя Нага); будыйскія храмы Кедаха, блізкія «біяра» Суматры (Інданезія). У 12—13 ст. пашырыўся маст. ўплыў Кітая (у арнаменце — матывы дракона, гор, воблакаў). У 17—18 ст. (панаванне ісламу) будавалі мячэці і надмагіллі ў Пераку, Кедаху і інш. Для гарадоў, што ўзніклі ў 2пал. 19 ст. (Пінанг, Куала-Лумпур), характэрны падзел на еўрап., кіт. і інд. кварталы, змяшэнне арх. стыляў. Кожны квартал вылучаецца адметнай культавай (еўрап. саборы, кіт. храмы са шмат’яруснымі чарапічнымі дахамі, малайзійскія купальныя мячэці, інд. храмы) і грамадз. (кіт. дамы-крамы) архітэктурай. У малайзійскай вёсцы («кампонг») будуюць звычайна 1-камерныя драўляныя каркасныя дамы на палях, укапаных у зямлю ці пастаўленых на каменныя «падушкі». Кітайцы і індыйцы ставяць дамы на земляной утрамбаванай пляцоўцы, якая служыць падлогай, сцены робяць з дрэва, дахі — з лісця пальмы. У М. існуе жывапіс тушшу традыц. кіт. тыпу, акварэллю і пастэллю традыц. інд. тыпу. Пашырана станковая і манум. скульптура. З пач. 20 ст. вырабляюць фарфор. З маст. рамёстваў захаваліся ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве і косці ў аздобе кінжалаў, пляценне з трыснягу; развіта мастацтва батыку. Шырока вядомы карункі п-ва Малака, вышыўка на скуры, скураныя лялькі для т-ра, вырабы з медзі (лямпы ў выглядзе міфалагічных птушак для ценявога т-ра).

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 10, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,

вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд. чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал. капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.

Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал. эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх. ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш. Гал. імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш. с.-д. партыях.

Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл. Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн. чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн. чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс. чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс. чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс. чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс. чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс. чал.).

Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл. Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.

Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914 рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл. Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм. Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б. ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.

У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер. рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.

На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.

На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл. Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл. Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс. чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак. Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч. Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн. чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.

Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.

Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс. чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братанне рус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач. вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.

3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.

1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн. чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн. чал., паранена больш за 20 млн. чал., каля 10 млн. чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л. бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на ​1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр. зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.

28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;

Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг. Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг. М., 1964;

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;

Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;

Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ. М., 2000;

Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.

П.​А.​Селіванаў.

Да арт. Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.
Да арт. Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.
Да арт. Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.
Да арт. Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.
Да арт. Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.
Да арт. Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.
Да арт. Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.
Да арт. Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.
Да арт. Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),

паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.

Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.

На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛ гал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.

У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел. сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял. Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп. дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс. аддз. сувязі (1999).

Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав. ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер.ліст. 1939). У Вял. Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.

Літ.:

Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;

Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.

У.​К.​Зарзмскі (ваен.), Л.​Л.​Коласаў.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),

дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс. км². Нас. 4212 тыс. чал. (1995). Сталіца — г. Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).

Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.

Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд. т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.

Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2пал. 2-га тыс. да н.э. тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб. Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст. тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл. Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц. ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт. вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв. Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх. ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч. Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш. араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як ​2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс. чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар. дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб. сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.

Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд. дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс. т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн. т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн. т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд. кВтгадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі ​1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс. га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс. га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс. км, з іх 3 тыс. км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн. т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд. дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.

У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд. дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн. гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд. дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс. чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс. чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс. чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс. чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.

І.​І.​Пірожнік, Ф.​С.​Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы).

Герб і сцяг Іарданіі.
Да арт. Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.
Да арт. Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГА (Congo),

Рэспубліка Конга (République du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, на Пн і Пд ад экватара. Выцягнута з Пн на Пд уздоўж правых берагоў рэк Конга і Убангі. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Камерунам, на У і Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Анголай (паўанклаў Кабінда), на З з Габонам, на ПдЗ абмываецца Атлантычным ак. Пл. 342 тыс. км². Нас. 2,7 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Бразавіль. Краіна падзяляецца на 9 абласцей і аўт. акругу Бразавіль. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 жн.).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. прызначаным прэзідэнтам ад партыі, што атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах.

Прырода. У рэльефе дамінуюць плато і невысокія (да 1040 м) горы на Пд, плоскія алювіяльныя раўніны на Пн. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, калійная соль, свінцовыя, цынкавыя, медныя руды, невял. радовішчы фасфарытаў, золата, алмазаў, жалезных, алавяных, вальфрамавых руд. Клімат гарачы, на Пн экватарыяльны, пастаянна вільготны з 2 максімумамі ападкаў (сак.—май, верасень—лістапад), на Пд субэкватарыяльны з сухім сезонам (чэрв.—верасень). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (крас., радзей сак.) 24—27 °C, самага халоднага (ліп., радзей жн.) 20—25 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год, па крайнім Пд 1200—1300 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Рака Конга і яе гап. правыя прытокі Убангі, Санга, Ліквала, Аліма суднаходныя; на Пд бас. р. Квілу. Значныя запасы гідраэнергіі. У расліннасці пераважаюць вільготныя экватарыяльныя і лістападна-вечназялёныя субэкватарыяльныя лясы (каля 50% тэр.). Пераважна на Пд — другасныя высакатраўныя саванны (каля 40% тэр.). Жывёльны свет: малпы, леапарды, пантэры, на Пн сланы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Адзала, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Амаль усё належыць да моўнай групы банту. На Пд жывуць народы падгрупы конга (баконга, басунды, бакуньі, бавілі, байомбе і інш.; каля 50% насельніцтва краіны). У сярэдняй ч. народ тэке (17%) і блізкія да яго народы. На Пн найб. шматлікі народ мбошы (12%). У трапічных лясах плямёны пігмеяў (каля 25 тыс. чал.). У гарадах невял. групы еўрапейцаў, пераважна французаў. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (50%, гал. ч. католікі) і прыхільнікі мясц. культаў (48%). Сярэднегадавы прырост 2,8% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 50 чал. на 1 км²) заселены Пд краіны. У гарадах 59% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Бразавіль — 1004, Пуэнт-Нуар — каля 300. У сельскай гаспадарцы занята 49% працаздольных, у прам-сці — 15%, у сферы абслугоўвання — 36%.

Гаспадарка. У валавым унутр. прадукце (2,6 млрд. дол., 1996) характэрны адносна высокая доля прам-сці (44%) і сферы абслугоўвання (46%) і нізкая доля сельскай гаспадаркі (10%). Штогадовы даход на 1 чал. каля 1000 дол. ЗША. Аснова эканомікі — нафтаздабыўная і лясная прам-сць, значныя паступленні ад транзітнага гандлю і перавозак. Сельская гаспадарка малапрадукцыйная. Апрацаваныя землі і шматгадовыя насаджэнні займаюць каля 610 тыс. га. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі (0,5—2 га), ёсць дзярж. фермы. Пашырана лядна-агнявая сістэма земляробства. Асн. харч. культуры: маніёк (штогадовы збор 600—1000 тыс. т), батат, ямс, тара, бананы, проса, рыс, кукуруза; тэхнічныя: цукр. трыснёг, арахіс, алейная пальма, тытунь. Плантацыі гевеі. На экспарт вырошчваюць невял. колькасць какавы, кавы, бананаў, цытрусавых, ананасаў. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд, дзе ёсць раёны рэдкастойных лясоў і саваннаў, свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 300, свіней — каля 50. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (35 тыс. т, 1993). Паляўніцтва і збіральніцтва, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. У прамысловасці гал. роля належыць здабычы нафты (15,7 млн. т, 1997); у асн. распрацоўваюцца радовішчы на шэльфе. Здабываюць таксама калійную соль (на Пн ад г. Пуэнт-Нуар), прыродны газ, жалезныя, свінцова-цынкавыя, алавяныя і медныя руды, золата, алмазы. Вытв-сць электраэнергіі 440 млн. кВтгадз (1995), пераважна на ГЭС. Развіта лясная прам-сць і дрэваапрацоўка, асабліва вытв-сць піламатэрыялаў і фанеры, больш за 20 лесапільных і фанерных з-даў. Нарыхтоўка драўніны — больш за 600 тыс. м³ (1996), гал. чынам дрэвы акуме, лімба, чырвонае і інш. Лесараспрацоўкі вядуцца пераважна каля чыгунак і суднаходных рэк на Пд краіны. Харчасмакавая прам-сць: вытв-сць цукру (Нкайі), піва і прахаладжальных напіткаў (Бразавіль, Пуэнт-Нуар), пальмавага і арахісавага алеяў, тытунёвых вырабаў (Бразавіль), рыбных кансерваў (Пуэнт-Нуар), мукі, хлебапрадуктаў, кавы і інш. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэментны з-д у Лутэтэ), нафтаперапрацоўчы з-д (Пуэнт-Нуар). Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю фарбаў, мыла, інсектыцыдаў, пластмасавых, парфумерных і касметычных вырабаў. У Бразавілі і Пуэнт-Нуары вытв-сць невял. суднаў, металаканструкцый, шкла, прадпрыемствы тэкстыльнай, швейнай, гарбарна-абутковай, запалкавай прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, у т. л. разьба па дрэве, маст. кераміка. Транспарт пераважна чыгуначны і ўнутр. водны. Даўж. чыгунак 806 км. Гал. лінія Бразавіль—Пуэнт-Нуар (517 км). Суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс. км. Гал. рачны порт Бразавіль. Агульная працягласць аўтадарог 15 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс. км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. порт Пуэнт-Нуар, праз яго ідзе транзітны гандаль Цэнтр.афр. Рэспублікі, Чада, паўн.-ўсх. раёнаў Габона. У К. больш за 50 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л. міжнар. аэрапорты ў Бразавілі і Пуэнт-Нуары. У 1995 экспарт склаў 670 млн. дол., імпарт — 559 млн. дол. У экспарце пераважае нафта (каля 90% па кошце), меншае значэнне маюць піламатэрыялы, фанера, кава, какава, цукар, у імпарце — металы, машыны і абсталяванне, угнаенні, харч. прадукты і інш. Асн. гандл. партнёры: Францыя (25% экспарту і 50% імпарту), ЗША (адпаведна 40 і 7%), Італія, Германія. Грашовая адзінка — афрыканскі франк.

Гісторыя. Найб. старажытным насельніцтвам на тэр. К. былі плямёны пігмеяў. У пач. н. э. тут пасяліліся плямёны банту, якія займаліся земляробствам і рамёствамі. У 16—19 ст. на тэр. К. існавала дзярж. ўтварэнне Лаанга (на ўзбярэжжы). Першыя еўрапейцы з’явіліся ў К. ў 1482, пазней К. стала адным з гал. раёнаў гандлю рабамі. У 1880 кіраўнік франц. экспедыцыі П. дэ Браза навязаў правадыру народнасці батэке дагавор аб франц. пратэктараце, заснаваў умацаваны пост Нкуна (цяпер г. Бразавіль). Берлінская канферэнцыя 1884—85 вызначыла межы франц. уладанняў у бас. р. Конга і была створана калонія Франц. К. (у 1903 перайменавана ў Сярэдняе К.). З 1910 у складзе федэрацыі Франц. Экватарыяльная Афрыка. У жн. 1940 К. адна з першых сярод франц. калоній падтрымала рух «Свабодная Францыя». З 1946 К. — заморская тэр. Францыі, з 28.11. 1958 — аўт. рэспубліка К. ў складзе Франц. супольнасці.

15.8.1960 абвешчана незалежнасць К. Першым яе прэзідэнтам у снеж. 1959 выбраны кіраўнік Дэмакр. саюза абароны афр. інтарэсаў Ф.​Юлу, які аб’яднаў пераважна прадстаўнікоў народа баконга. Празаходні курс рэжыму, карупцыя, цяжкае эканам. становішча сталі прычынай масавых пратэстаў у 1963, пад націскам якіх Юлу падаў у адстаўку. Прэзідэнтам стаў палк. А.​Масамба-Дэба, пад кіраўніцтвам якога быў створаны Нац. Рэв. рух (НРР з 1974 адзіная легальная партыя краіны). У 1966 абвешчаны курс на пабудову ў К. сацыяліст. грамадства. Намаганні Масамба-Дэба ўсталяваць рэжым асабістай улады прывялі да выступлення арміі ў ліп.жн. 1968, у выніку чаго ўлада перайшла да Нац. савета рэвалюцыі на чале з М.Нгуабі (з 1969 прэзідэнт). У снеж. 1969 адбыўся 1-ы з’езд Кангалезскай партыі працы (КПП, пераемніца НРР), а краіна перайменавана ў Нар. Рэспубліку К. Былі ўсталяваны цесныя сувязі з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Пасля забойства Нгуабі (1977) прыпынена дзейнасць канстытуцыі, створаны ваен. к-т КПП на чале з Ж.​Іомбі-Апанга. У крас. 1979 прынята новая канстытуцыя, прэзідэнтам выбраны Д.​Сасу-Нгеса, які захаваў сувязі з сацыяліст. краінамі і палепшыў адносіны з краінамі Захаду, што паспрыяла хуткаму эканам. росту К. З сярэдзіны 1980-х г. эканам. цяжкасці паглыбіліся. Пачалася паступовая лібералізацыя ўнутр. палітыкі. У 1990 КПП адышла ад марксісцкай ідэалогіі і прыняла с.-д. праграму, у студз. 1991 уведзена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах у Нац. Асамблею ў маі 1992 перамог Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, кіраўнік якога П.​Лісуба ў жн. 1992 выбраны прэзідэнтам К. Адначасова Сасу-Нгеса захаваў узбр. атрады, спроба раззброіць якія прывяла да грамадз. вайны ў маі—жн. 1997. Пры падтрымцы Анголы прэзідэнтам краіны зноў стаў Сасу-Нгеса. К. — член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, Аб’яднанне за дэмакратыю і развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац. прагрэс, Кангалезскі рух за дэмакратыю і інтэгральнае развіццё, Кангалезская партыя працы, Кангалезская прафс. канфедэрацыя і інш.

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (іх сетка развіта слаба), пач., сярэднія і прафес.-тэхн. школы, -ВНУ. Усе навуч. ўстановы дзяржаўныя, школа аддзелена ад царквы. Пач. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту, тэрмін навучання 6 гадоў. Сярэдняя школа 7-гадовая, мае 2 цыклы; 1-ы (4-гадовы) — няпоўная абавязковая сярэдняя школа, 2-і — поўная сярэдняя (ліцэй, 3 гады навучання). У ліцэі вучні размяркоўваюцца па аддзяленнях (8 профіляў). Па выніках экзаменаў выпускнікам ліцэя прысвойваецца званне бакалаўра, якое дае права працаваць у пач. школе. Прафес,тэхн. падрыхтоўка вядзецца на базе пач. школы ў 2-гадовых цэнтрах пач. прафес. падрыхтоўкі і ў 4-гадовых калежах тэхн. адукацыі, паспяховае заканчэнне якіх дае магчымасць працягваць навучанне ў тэхн. ліцэі з 3-гадовым курсам павучання. Пасля заканчэння яго і здачы экзаменаў на званне бакалаўра па тэхн. спецыяльнасці выпускнікі могуць паступаць у ВНУ адпаведнага профілю. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць Бразавільскі ун-т (засн. ў 1961 як цэнтр вышэйшай адукацыі, з 1971 ун-т), ін-ты і вышэйшыя школы. Навук. даследаванні праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты, у т. л. Нац. цэнтр пед. даследаванняў і дакументацыі. У 1965 у Бразавілі адкрыты Нац. музей, пры якім працуюць архіў і б-ка.

Літ.:

Думнов Д.И. Народная Республика Конго. М., 1977;

Орлова А.С. История государства Конго (XVI—XVII вв.). М., 1968;

Елисеев В.И. По джунглям Конго 2 изд. М., 1992.

Герб і сцяг Конга (Рэспубліка Конга).
Да арт. Конга (РК). Рака Конга каля г. Бразавіль.
Да арт. Конга (РК). Здабыча калійных солей.

т. 8, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,

грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел. нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел. нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.​Даленгі-Хадакоўскага, М.​Баброўскага, І.​Даніловіча, І.​Анацэвіча, І.​Лабойкі, І.​Грыгаровіча, К. і Я.​Тышкевічаў, Т.​Нарбута, А.​Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.​Баршчэўскага, Я.​Чачота, П.​Багрыма, А.​Вярыгі-Дарэўскага, У.​Сыракомлі, В.​Дуніна-Марцінкевіча, П.​Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.​Савіч, А.​Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел. нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел. вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, А.​Абуховіча, К.​Каганца. У 2пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук. беларусазнаўства (публікацыі П.​Бяссонава, І.​Насовіча, М.​Доўнар-Запольскага, Е.​Раманава, Я.​Карскага, А.​Сапунова, А.​Ельскага, Я.​Карловіча, Г.​Татура, М.​Нікіфароўскага, М.​Федароўскага, П.​Шэйна, А.​Сержпутоўскага, М.​Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.​Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт. газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел. рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел. нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.​Бычкоўскага, В.​Гадлеўскага, А.​Пачопкі, А.​Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, М.​Багдановіч, Ядвігін Ш., А.​Гарун, Ц.​Гартны, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, браты А. і І.​Луцкевічы, А.​Уласаў, В.​Ластоўскі, І.​Буйніцкі, У.​Галубок, А.​Смоліч, Б.​Тарашкевіч, Я.​Лёсік, Ф.​Шантыр, Л.​Сівіцкая (З.​Верас), Я.​Хлябцэвіч, Л.​Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял. кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л. бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел. нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.​Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел. газ. «Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНК Зах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел. этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.

Кр.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977; Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991; Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка / Публ. В.​Скалабана // Бел. гіст. Часоп. 1993. № 1—4; Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мн., 1994; [Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага] / Падрыхтавалі да друку А.​Гаўрон, Я.​Янушкевіч // Маладосць. 1988. № 1; Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.

Літ.:

Багдановіч М. Публіцыстыка // Зб. тв. Мн., 1968. Т. 2;

Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд. Мн., 1991);

Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (факс. выд. Мн., 1992);

Купала Я. Публіцыстыка // Зб. тв. Мн., 1976. Т. 7;

Яго ж. Жыве Беларусь: Вершы, арт. Мн., 1993;

Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928;

Тое ж. Мн., 1991;

Цвікевіч А. «Западноруссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. Мн., 1929;

2 выд. Мн., 1993;

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 4 выд. М.; Л., 1926;

Тое ж. Мн., 1992;

Абдзіраловіч І. [Канчэўскі І.] Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светагляду). Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Лёсік Я. Творы. Мн., 1994;

Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;

Недасек Н. [Адамовіч Ант.]. Камунізм і «беларускі нацыяналізм»: (Гіст. агляд...) // Запісы. Мюнхен, 1962. Кн. 1;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. Мн., 1975;

Яго ж. На путях национального самоопределения: БНРБССР—РБ. Мн., 1995;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Turonek J. Wacław Iwanowski і odrodzenie Białorysi. Warszawa, 1992;

Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988.

А.​К.​Каўка.

Да арт. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Дзеячы беларускіх партый і арганізацый. Мінск. Кастрычнік 1917.

т. 2, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)