САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (СМ Рэспублікі Беларусь),

вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Рэспублікі Беларусь. Утвораны ў 1946 замест Савета Народных Камісараў Беларускай ССР, да 1991 СМ БССР, да 1994 і з 1996 СМ Рэспублікі Беларусь. Утвараўся Вярх. Саветам БССР (з 1991 Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь) і быў яму падпарадкаваны. У межах сваіх паўнамоцтваў забяспечваў кіраўніцтва нар. гаспадаркай, сац.-культ. будаўніцтвам, ажыццяўляў меры па падтрыманні грамадскага парадку, абароне інтарэсаў дзяржавы і ахове правоў грамадзян. Пастановы і распараджэнні ўрада былі абавязковыя да выканання на ўсёй тэр. Беларусі. Паўнамоцтвы СМ і яго пастаяннага органа — Прэзідыума, парадак арганізацыі і дзейнасці вызначаліся законам. З увядзеннем у 1994 пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і стварэнні пры ім Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь функцыі ўрада перайшлі да Кабінета Міністраў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, зноў прадугледжвае ўрад — СМ Рэспублікі Беларусь як цэнтр. орган дзярж. кіравання, падсправаздачны ў сваёй дзейнасці Прэзідэнту і адказны перад парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Урад краіны складаецца з Прэм’ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У яго могуць уваходзіць і кіраўнікі інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання. Прэм’ер-міністра прызначае Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў Парламента Рэспублікі Беларусь. СМ Рэспублікі Беларусь кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзярж. кіравання і інш. органаў выканаўчай улады; распрацоўвае асн. кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі; распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэсп. бюджэту і справаздачу аб яго выкананні; забяспечвае правядзенне адзінай эканам., фін., крэдытнай і грашовай палітыкі, дзярж. палітыкі ў галіне навукі. культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сац. забеспячэння і аплаты працы; прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нац. бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю; выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзярж. уласнасцю; забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта; мае права адмены актаў мін-ваў і інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта; выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь. Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці ўрада вызначаюцца Законам аб СМ Рэспублікі Беларусь на аснове Канстытуцыі.

Старшынямі СМ Беларусі ў розны час былі: П.​К.​Панамарэнка (1946—48), А.​Я.​Кляшчоў (1948—53), К.​Т.​Мазураў (1953—56), М.​Я.​Аўхімовіч (1956—59), Ц.​Я.​Кісялёў (1959—78), А.​Н.​Аксёнаў (1978—83), У.​І.​Бровікаў (1983—86), М.​В.​Кавалёў (1986—90), В.​Ф.​Кебіч (1990—94); прэм’ер-міністрамі — М.​М.​Чыгір (1994—96), С.​С.​Лінг (1997—2000), У.​В.​Ярмошын (2000—2001), Г.​В.​Навіцкі (з 10.1.2001).

М.​І.​Дзянісаў.

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.

А.​П.​Дубіна.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́НТЫІ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ,

матэрыяльныя і прававыя сродкі, якія забяспечваюць рэалізацыю сац.-эканам. правоў членаў грамадства — права на працу, адпачынак, жыллё, адукацыю, мед. дапамогу, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. Матэрыяльнай асновай большасці відаў гарантый сацыяльных з’яўляюцца сац. фонды дзяржавы і прадпрыемстваў — частка нац. даходу, што накіроўваецца на сац. забеспячэнне і на задавальненне на бясплатнай ці льготнай аснове патрэб членаў грамадства ў адукацыі, ахове здароўя і інш. Мэтавыя выплаты з сац. фондаў (пенсіі, дапамогі і інш.) спрыяюць змяншэнню розніцы ў даходах сем’яў, якія ўзнікаюць у выніку іх рознага памеру і складу. Размеркаванне бясплатных ці льготных жыццёвых даброт з сац. фондаў зыходзіць з прынцыпу сапраўднай патрэбы членаў грамадства ў гэтых дабротах і накіравана на забеспячэнне сацыяльна гарантаванага ўзроўню задавальнення такіх патрэб. У сацыяліст. краінах з нацыяналізаванай уласнасцю і планавай гаспадаркай, у т. л. ў Беларусі, у 1950—80-х г. былі дасягнуты поспехі ў рэалізацыі гарантый сацыяльных, у прыватнасці ў сферы клопатаў аб састарэлых, мацярынстве і дзяцінстве. Разбурэнне планавай гаспадаркі і рух да свабоднай рыначнай эканомікі рэзка аслабілі дзейнасць гарантый сацыяльных, іх уплыў на жыццёвае становішча асн. часткі насельніцтва. Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаваны гарантыі сацыяльныя: на ахову здароўя, сац. забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, страты працаздольнасці, страты карміцеля і інш.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.

Ажыццёўлены ў 1793 Рас. імперыяй і Прусіяй у змове з кансерватыўнай арыстакратыяй Рэчы Паспалітай, якая была незадаволена рэформамі Чатырохгадовага сейма 1788—92 і Канстытуцыяй 3 мая 1791. Апазіцыя стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю (1792) і папрасіла Кацярыну II дапамагчы аднавіць перадсеймавую сістэму кардынальных правоў. 11.5.1792 Кацярына II увяла на Беларусь і Украіну 73-тысячнае войска на чале з ген.-аншэфам М.​М.​Крачэтнікавым. Войску ВКЛ у баях пад Мірам 10 чэрв., Крамянцом і Брэстам 24 ліп. не ўдалося стрымаць наступ рас. арміі. 23.1.1793 Расія і Прусія заключылі ў Пецярбургу тайную канвенцыю для скасавання Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзбр. супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай. 27.3.1793 яны абвясцілі акты аб падзеле вызначаных долей (разам 308 тыс. км²). Прусія анексіравала частку Мазовіі, Кракаўскае ваяв., амаль усю Вял. Польшчу, г. Гданьск, Торунь, Расія — Правабярэжную Украіну, часткі Полацкага, Мінскага ваяв., Аршанскага пав., якія засталіся пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, частку Навагрудскага, Брэсцкага і Віленскага ваяв. (да лініі Друя—Пінск з г. Барысаў, Мінск, Слуцк, Нясвіж, Тураў, Пінск; усяго 250 тыс. км² з 13 млн. ж.). Караля польскага і вял. князя ВКЛ Станіслава Панятоўскага прымусілі падтрымаць Генеральную канфедэрацыю і склікаць Гродзенскі сейм 1793, які ратыфікаваў трактаты з Расіяй і Прусіяй.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 6, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУАЛІ́ЗМ,

светапогляд і лад жыцця, у аснове якога ляжыць прызнанне самакаштоўнасці індывіда, яго правоў і свабод, вызначэнне асабістых інтарэсаў і актыўнай дзейнасці па іх рэалізацыі.

У стараж.-грэч. філасофіі сафісты (Пратагор) абвясцілі чалавека мерай усіх рэчаў, а Платон гэтую ролю адводзіў полісу, дзяржаве. У багаслоўскіх канцэпцыях дамінуючым пачаткам выступае бажаство, а чалавечы індывід — яго бледнай копіяй. У канцэпцыях Адраджэння і Новага часу І. становіцца сінонімам разняволення асобы ад феад. пут, сцвярджэння роўнасці, свабоды і годнасці людзей. Асновы навук.-тэарэт. аргументацыі І. закладзены асветнікамі (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Вальтэр, Ш.​Л.​Мантэск’ё, П.​Гольбах, Д.​Дзідро, К.​Гельвецый, Ж.​Ж.​Русо і інш), якія даказвалі, што свабода прыватнай уласнасці, ініцыятывы, думкі і дзейнасці чалавека адпавядае яго прыродзе і неад’емным правам. З узнікненнем тэхнагеннай цывілізацыі, бюракратыі ў жыцці зах. грамадстваў узмацняліся антыіндывідуалістычныя тэндэнцыі, маніпуляцыя людзьмі з боку сац. ін-таў, дамінаванне арг-цый над асобай. сацыялізацыі над індывідуалізацыяй. Марксісцкае вучэнне надае прымат грамадству, калектыву над індывідам, І. з’яўляецца крыніцай фарміравання аўтаномнай, ініцыятыўнай асобы. Такая лінія развіцця і паводзін індывіда не процістаіць, а цесна ўзаемадзейнічае з разумнымі формамі калект. дзеянняў, элементамі грамадзянскай супольнасці.

Літ.:

Индивидуализм и солидарность в трактовке западногерманских социал-демократов. М., 1991;

Рэнд А Концепция эгоизма: Пер. с англ. СПб., 1995.

Л.​А.​Гуцаленка.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ НЕ́ТРАХ,

сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з геал. вывучэннем, карыстаннем і аховай нетраў Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне 18.12.1997. Змяшчае прававыя асновы комплекснага выкарыстання і аховы нетраў, забяспечвае абарону інтарэсаў дзяржавы і грамадзян краіны, а таксама правоў карыстальнікаў нетраў. Складаецца з прэамбулы, 11 раздзелаў і 60 артыкулаў. Змяшчае агульныя палажэнні, асн. паняцці і тэрміны, якія ўжываюцца ў справе вывучэння і карыстання нетрамі, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на нетры; вызначае задачы дзярж. рэгулявання ў галіне карыстання нетрамі і іх аховы, органы, што займаюцца гэтым рэгуляваннем, і іх кампетэнцыю; парадак прадстаўлення нетраў у карыстанне, выдачы ліцэнзій на права карыстання, правы і абавязкі карыстальнікаў; рэгламентуе пытанні рацыянальнага выкарыстання нетраў, парадак дзярж. рэгістрацыі і ўліку карыстання нетрамі, вядзення кадастраў нетраў; рэгулюе парадак і формы аплаты за карыстанне нетрамі; рэгламентуе пытанні бяспекі работ, звязаных з карыстаннем нетрамі, стварэння горнавыратавальнай службы, кантролю і нагляду за карыстаннем нетрамі і іх ахове, адказнасці за парушэнне заканадаўства аб нетрах, вырашэння спрэчак па праблемах нетракарыстання; вызначае парадак урэгулявання нац. заканадаўства з правіламі міжнар. пагадненняў і дагавораў; парадак набыцця кодэксам сілы і прывядзення існуючых заканад. актаў па нетрах у адпаведнасць з кодэксам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РА ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,

сістэма адносна ўстойлівых установак, перакананняў, уяўленняў, мадэлей паводзін, якія ўвасабляюць вопыт папярэдніх пакаленняў. Існуе на індывід. і паліт. узроўнях, праяўляецца ў дзейнасці суб’екта палітыкі. Уключае стэрэатыпы паліт. свядомасці і паводзін, уласцівых пэўнай сацыяльнай групе, устойлівыя традыцыі, дамінуючыя ўяўленні, тыповыя паліт. ўстаноўкі, каштоўнасці і арыентацыі. Характарызуе трываласць ведаў людзей у галіне палітыкі, іх разуменне сутнасці законаў, норм, грамадзянскіх правоў і абавязкаў, якія дзейнічаюць у краіне, фіксуе ўстойлівыя сувязі і адносіны паміж суб’ектамі грамадскага жыцця. У К.п. адлюстроўваюцца жыццёвыя інтарэсы і ўстаноўкі розных сац. груп і слаёў грамадства, класаў, нац. і канфесійных супольнасцей. К.п. выконвае функцыі назапашвання і перадачы паліт. вопыту, неабходнага для падтрымання ўстойлівасці і рэгулявання паліт. адносін, паліт. фарміравання асобы на аснове каштоўнасцей, што існуюць у грамадстве, забеспячэння грамадскіх суб’ектаў ведамі, неабходнымі для паспяховай дзейнасці ў сферы палітыкі, забеспячэння дыялогу і ўзаемаразумення паміж рознымі сац. групамі і слаямі грамадства. Найважнейшымі суб’ектамі фарміравання К.п. грамадства з’яўляюцца дзяржаўныя органы, паліт. партыі і грамадскія арг-цыі, сродкі масавай інфармацыі, царква і інш. На развіццё К.п. уплываюць сац.-паліт. змены ў грамадстве, мэтанакіраванае ўздзеянне звонку і г.д. Навук. аналіз К.п. дазваляе суб’ектам палітыкі прагназіраваць паліт. паводзіны вял. мас людзей, садзейнічае прыняццю аптымальных і эфектыўных паліт. рашэнняў.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,

сетка арг-цый, на якія ўскладзена адказнасць за метралагічнае забеспячэнне, г.зн. за ўстанаўленне і выкарыстанне навук.-арганізац. асноў, тэхн. сродкаў, правіл і норм, неабходных для дасягнення адзінства і патрэбнай дакладнасці вымярэнняў. М.с. Беларусі ўключае дзярж. М.с. (у яе ўваходзяць Дзярж. к-т па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі — Дзяржстандарт, н.-д. ўстановы, рэгіянальныя органы Дзяржстандарту) і М.с. суб’ектаў гаспадарання (мін-ваў, ведамстваў, прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў). Нарматыўнай асновай М.с. з’яўляюцца міжнар. і міждзярж. стандарты, стандарты Рэспублікі Беларусь, тэхн. ўмовы, стандарты прадпрыемстваў, метадычныя ўказанні, інструкцыі; тэхн. базай — эталоны, узорныя сродкі вымярэнняў, рабочыя сродкі вымярэнняў і інш.

Для забеспячэння адзінства вымярэнняў М.с. распрацоўвае эталоны, метады і сродкі перадачы адзінак фіз. велічынь ад эталонаў да рабочых сродкаў вымярэнняў, ажыццяўляе вымярэнні на вытв-сці і ў навук. даследаваннях, распрацоўвае дзярж. стандарты, праводзіць акрэдытацыю выпрабавальных лабараторый і цэнтраў. Прававой асновай М.с. Беларусі з’яўляюцца законы аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў, аб сертыфікацыі прадукцыі, работ і паслуг, аб ахове правоў спажыўца і інш. Уведзены ў дзеянне нац. эталоны адзінак часу, частаты, шкалы часу, адзінкі тэмпературы, напружання пераменнага току. Створана лабараторыя дзярж. дазіметрычных эталонаў, зацверджаны і ўнесены ў Дзярж. рэестр сродкаў вымярэнняў Рэспублікі Беларусь дзярж. стандартныя ўзоры саставу раствораў іонаў металаў, арган. рэчываў і пестыцыдаў, водных раствораў неметалаў.

У.​Л.​Саламаха.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА НА ЖЫЦЦЁ,

адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕПАРАТЫ́ЗМ (франц. séparatisme ад лац. separatus аддзелены),

тэорыя, палітыка і практыка адасаблення, аддзялення часткі тэр. дзяржавы з мэтай стварэння новай самаст. дзяржавы або атрымання статуса вельмі шырокай аўтаноміі. Адрозніваюць разнастайныя формы С.: буйных і малых народаў, этнічны, племянны і інш. С. ўласціва небяспечная логіка самаразвіцця, згодна з якой сепаратысцкія імкненні пастаянна ўзнаўляюцца на больш нізкіх узроўнях. З’яўляецца вынікам гіст., сац., паліт., канфесіянальных і інш. праблем, а таксама ваяўнічага нацыяналізму. Тыповай падставай узнікнення сепаратысцкіх тэндэнцый у дзярж. жыцці служыць нераўнамернасць сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў і тэрыторый унутры дзяржавы, размеркавання паміж імі прыродных багаццяў або парушэнне правоў чалавека (нац., расавых). Напр., у Італіі існуюць сепаратысцкія тэндэнцыі, прыхільнікі якіх патрабуюць аддзялення высокаразвітай Поўначы краіны ад яе менш развітога Поўдня; у Іспаніі сепаратысцкі рух падтрымлівае частка баскаў. Складаныя і вострыя праблемы на глебе С. ўзнікаюць у Індыі, Пакістане, Турцыі, Іраку, Расіі, Грузіі, Малдове і інш. (разрыў эканам. і паліт. сувязей з цэнтрам, спробы драблення адзінай дзяржавы і самаізаляцыя адасобленых яе частак). У адрозненне ад права нацый на самавызначэнне, дзе бярэцца пад увагу воля большасці нацыі, С. не карыстаецца міжнар.-прававой абаронай. Сродкамі рэалізацыі мэт С. часта служаць узбр. барацьба і тэрарызм, што абумоўлівае неабходнасць прававога абмежавання і нейтралізацыі незаконных дзеянняў.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)