ЛЯТУ́Н (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.4.1935, в. Смалінец Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Аўтар помнікаў сав. воінам і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, у калгасах імя Энгельса (1967) і імя Дзяржынскага (1973) Слуцкага р-на Мінскай вобл., Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (1984, з П.​Белавусавым) у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. і інш., шэрагу помнікаў-бюстаў. Выканаў барэльефы «На варце міру» (1970) для Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску і «Народныя мсціўцы» (1982) для яго філіяла ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Аўтар партрэтаў У.​Мулявіна (1980), Я.​Купалы (1984), П.​І.​Гучка (1994), А.​Я.​Багдановіча (1996), шэрагу мемар. дошак, медалёў і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Лятун, П.​Белавусаў, В.​Бялянкін, М.​Мызнікаў, Б.​Шчарбакоў. Мемарыял Воінскай Славы каля вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл. 1984.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧУ́ЛЬСКІ (Раман Навумавіч) (30.11.1903, в. Крываносы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1990),

парт. і дзярж. дзеяч Беларусі. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Рэсп. школу прапагандыстаў пры ЦК КП(б)Б (1937). З 1937 на парт. рабоце ў Грэску, Чэрвені, Плешчаніцах. У Вял. Айч. вайну ў тыле ворага ўпаўнаважаны ЦК КП(б)Б па Мінскай і Палескай абл., сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, у кастр. 1942 — маі 1943 в.а. камандзіра Мінскага партыз. злучэння, з жн. 1943 камандзір партыз. злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны. Пасля вайны на сав. і парт. рабоце, з 1950 1-ы сакратар Пінскага абкома КПБ, у 1954—59 старшыня Брэсцкага аблвыканкома. Чл. ЦК КПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—55, Вярх. Савета СССР у 1954—62. Нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1947—51. Аўтар мемуараў «Старонкі бессмяротнасці» (1972), «Людзі высокага абавязку» (1975), «Вечны агонь» (3-е выд., 1978), «На вогненнай зямлі» (1983).

Р.Н.Мачульскі.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРУ́СКІ МУР»,

спецыфічны тып агараджальнай канструкцыі будынкаў (фахверка) на Беларусі. Аснову канструкцыі складаў драўляны каркас з верт. стоек, злучаных гарыз. бэлькамі, раскосамі і крыжовымі сувязямі. Прамежкі паміж элементамі каркаса запаўнялі каменем, цэглай або глінай, часта атынкоўвалі і бялілі, а каркас пакідалі адкрытым, і ён утвараў на паверхні сцен характэрны дэкар. малюнак.

Тэхніка «П.м.» запазычана з Зах. Еўропы. Пашырана ў 15—17 ст. у буд-ве пераважна малапавярховых абарончых збудаванняў (брама замка ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на), жылых, гасп. і вытв. будынкаў. У 18 ст. дэкар. матывы «П.м.» выкарыстоўваліся для аздаблення сцен манум. драўляных будынкаў (брама Пінскага замка). У тэхніцы «П.м.» да пач. 20 ст. пабудаваны жылыя дамы ў вёсках Грозаў Капыльскага, Заазер’е Нясвіжскага р-наў Мінскай вобл., гасп. пабудова ў в. Манькавічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл., вадзяны млын у в. Гервяты Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. і інш.

Ю.​А.​Якімовіч.

Жылы дом, пабудаваны ў тэхніцы «прускага муру» ў вёсцы Заазер’е Нясвіжскага раёна Мінскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКАЯ ГРУ́ПА ў Вялікую Айчынную вайну,

першапачатковая арганізацыйная і баявая адзінка партыз. сіл, найменшае партыз. падраздзяленне. Стваралася парт. і сав. органамі пераважна на акупіраванай тэрыторыі, фарміравалася і ў сав. тыле. Колькасны склад і ўзбраенне групы залежалі ад характару задач і ўмоў дзейнасці. Паводле прызначэння і спосабу фарміравання адрозніваліся спец., дыверсійныя, разведвальныя і інш. Вясной 1942 у сувязі з масавым прытокам мясц. насельніцтва да партызан, выхаду ў лес падп. груп колькасць П.г. стала хутка павялічвацца, у выніку чаго на іх базе масава ствараліся партыз. атрады: зімой і вясной 1941—42 створана 150 новых атрадаў, за лета 1942 іх колькасць павялічылася на 121 атрад. На тэр. Беларусі дзейнічалі спецгрупы НКДБ БССР: «Арлы» (12.12.1943—12.7.1944, у Ганцавіцкім, Лагішынскім, Лунінецкім р-нах Пінскай вобл., камандзір Дз.​М.​Сакалінскі), «Бура» (17.4—2.7.1944, у Вілейскай вобл., камандзір М.А.Міхайлашаў), «Дружба» (7 вер.ліст. 1943, у Дзятлаўскім, Шчучынскім р-нах Баранавіцкай, Лоеўскім, Рэчыцкім р-нах Гомельскай абл.; камандзір І.​А.​Жолабаў), «Заходнія» (13.10.1943—13.7.1944, у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай, Аўгустоўскім, Ваўкавыскім р-нах Беластоцкай абл., камандзір Ф.​С.​Пілюгін), «Іскра» (28.10.1943—24.7.1944, у Антопальскім, Дзівінскім, Кобрынскім, Маларыцкім р-нах Брэсцкай, Драгічынскім р-не Пінскай абл., камандзір М.​П.​Хахлоў), «Мядзведзева» (2.8.1943 — люты 1944, у Акцябрскім, Глускім, Капаткевіцкім р-нах Палескай вобл., камандзір Р.​І.​Слепаў), «Родныя» (13.4.1943—4.7.1944, у Івянецкім р-не Баранавіцкай, Дзяржынскім, Заслаўскім, Мінскім р-нах Мінскай абл., камандзір Я.​А.​Фокін), «Стойкія» (6.10.1943—18.7.1944, у Ваўкавыскім, Свіслацкім р-нах Беластоцкай вобл., камандзіры І.​Г.​Паваразнюк, К.​А.​Груздзеў); спецгрупы НКДБ СССР: «Бывалыя» (28.3. — май 1942, у Чашніцкім р-не Віцебскай, Барысаўскім, Лагойскім, Смалявіцкім р-нах Мінскай абл., камандзір П.Р.Лапацін), «Волаты» (студз. — 2.7.1944, у Навамышскім, Стаўбцоўскім р-нах Баранавіцкай, Дзяржынскім, Капыльскім, Слуцкім р-нах Мінскай абл., камандзір А.​М.​Шыхаў), «Знішчальнік» [4.8.1943—7.7.1944, у Лідскім, Навагрудскім р-нах Баранавіцкай, Маладзечанскім р-не Вілейскай, Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Дзяржынскім, Мінскім, Пухавіцкім р-нах Мінскай абл., камандзіры Н.​В.​Карнілаў (загінуў), А.​Н.​Чычэнка].

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 452—453.

А.​Л.​Манаенкаў.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАВЕ́Ц,

вёска ў Беларусі, у Любанскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Любань, 169 км ад Мінска, 42 км ад чыг. ст. Урэчча. 1197 ж., 369 двароў (1994). Цагельня. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, і помнік партызанам.

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАЖКО́ (Андрэй Агеевіч) (1895, в. Харавічы, цяпер у межах в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.5.1920),

арганізатар і кіраўнік дукорскіх партызанаў. З 1915 матрос Балт. флоту. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917, камуніст. У час польск. інтэрвенцыі ў 1919 на радзіме разам з М.​І.​Рудовічам стварыў і ўзначаліў партыз. атрад. У доме Блажко размяшчаўся штаб атрада. 3.5.1920 арыштаваны польск. акупантамі, расстраляны.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙНАЯ, Буйная,

рака ў Беларусі, у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. і Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток Нёмана. Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 78 км².

Пачынаецца на ПнУ ад в. Антонева Стаўбцоўскага р-на, на працягу ніжніх 10 км каналізаваная. У ніжнім цячэнні ў час разводдзя праз групу азёраў Юзкавічы магчымы пераліў у р. Чорная. У пойме меліярац. каналы.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНАВЕ́Ц (Іван Нічыпаравіч) (н. 1.3.1932, пас. Камароўка Слуцкага р-на, Мінскай вобл.),

бел. гастраэнтэролаг і дыетолаг. Д-р мед. н., праф. (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956). З 1959 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. З 1989 гал. дыетолаг Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па пытаннях кардыялогіі, гастраэнтэралогіі і дыеталогіі.

Тв.:

Хронический гастрит: клиника, диагностика, лечение. Мн., 1995.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЖЫНКА,

рака ў Беларусі, у Валожынскім р-не Мінскай вобл., правы прыток Іслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 168 км².

Пачынаецца каля в. Брылькі на зах. схілах Мінскага узв., цячэ праз г. Валожын. Асн. прыток р. Рачоўка. Рэчышча ў вярхоўі слабазвілістае, у ніжнім цячэнні на працягу 22 км каналізаванае. Берагі стромкія, ніжэй ад г. Валожын абрывістыя. У пойме сетка меліярац. каналаў.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЧЭ́ЦКІ (Леанід Паўлавіч) (18.9.1913, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 30.10.1991),

бел. тэатр. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1963). Скончыў Мінскі пед. тэхнікум (1931), тэатр. студыю пры Бел. дзярж. т-ры ў Віцебску (1933), дзе працаваў з 1931. У 1951—74 дырэктар Брэсцкага абл. драм. т-ра імя Ленінскага камсамола Беларусі. Аўтар кн. «Гады, спектаклі, ролі...» (1974), артыкулаў па праблемах т-ра.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)