Упершыню перадачы на бел. мове пачалі выходзіць у 1928—29 у Чыкага (ЗША, засн. Я.Варонкам, адноўлены ў 1940-я г. Я.Тарасевічам), з 1949 на радыё Ватыкана (засн. П.Татарыновічам). У 1954 створана бел. рэдакцыя на радыё «Вызваленне» ў Мюнхене (кіраўнік В.Жук-Грышкевіч; з 1959 наз. «Свабода», з 1995 у г. Прага, кіраўнік М.Іваноў). З 1958 на Мадрыдскім нац. радыё (Іспанія) пачаліся штодзённыя бел. перадачы. На бел. мове выходзілі таксама перадачы ў ЗША (у гарадах Дэтройт, Кліўленд, Нью-Йорк), у Канадзе (Лондан, Садбур, Таронта, Оўквіл), у Аўстраліі (Брысбен, Мельбурн), у Вялікабрытаніі, Германіі, Аргенціне, Бельгіі і інш. Існуюць (1996) бел. праграмы на радыёстанцыях «Свабода», «Нёман» (г. Чыкага, ЗША, кіраўнік Н.Жызнеўскі), «Рэха Масквы» (г. Масква, Расія), у Ватыкане, у гарадах Перт і Сідней (Аўстралія, кіраўнікі М.Раецкі, М.Лужынскі), Беласток (Польшча, наз. «Пад знакам пагоні»), Вільнюс (Літва, «Беларускае слова на хвалях Літвы»), Львоў (Украіна, «Весткі з Беларусі»), на нац. радыё Польшчы, Латвіі, Эстоніі і інш.
А.С.Ляднёва.
Да арт.Беларускае радыё за мяжой. Беларускае радыё ў Таронта. У студыі Ю.Рапецкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎКШТА́ЙЦІЯ,
гістарычная вобласць у ВКЛ. Упамінаецца ў хроніках Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, у лацінамоўных дакументах ВКЛ з 14 ст. Адрознівалася ад інш.гіст. вобласці Літвы — Жамойці. Аўкштайцію (Аўкштоту) у 1420 упамінае вял.кн. Вітаўт у лісце да герм. імператара. Стараж.-рус. летапісы і дакументы ВКЛ на старабел. мове тэрмін Аўкштайція не ўжывалі, хоць звычайна адрознівалі Жамойць і Літ. зямлю. У Літве 19—20 ст. пад Аўкштайціяй разумелі цэнтр і ўсх. частку сучаснай Літ. рэспублікі, заселеную адной з дзвюх асн.этнагр. груп літоўцаў — аўкштайтамі. Паходжанне назвы звязваюць з літ. словам aukštas (высокі), якое, напэўна, абазначала верхнюю (адносна цячэння Нёмана) усх. групу літ. плямёнаў. Археалагічна Аўкштайція, найб. верагодна, суадносіцца з культурай усходнеліт. курганоў. Частка археолагаў, пачынаючы з А.Таўтавічуса (1968), звязвае Аўкштайцію з групай грунтавых могільнікаў у сярэднім цячэнні Нёмана і вадазборы р. Нявежыс і лічыць аўкштайтаў племем, асобным і ад жамойтаў, і ад літоўцаў у вузкім сэнсе. Падставай для гэтага служыць паведамленне хронікі П.Дузбурга (каля 1294—1300) пра падуладную Літве зямлю Аўстэхія (Austechia), аднак яе атаясамліванне з Аўкштайціяй небясспрэчнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІГСЕН Лявонцій Лявонцьевіч [10.2.1745, г. Браўншвайг (паводле інш. звестак — маёнтак Бантэльн каля г. Гановер), Германія — 3.10.1826], расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1802), граф (1813). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. У 1773 перайшоў на рас. службу з гановерскай арміі. Удзельнік паходаў супраць Турцыі, задушэння сял. вайны 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. У 1792 удзельнічаў у бітве супраць бел.-літ. войска пад Мірам (19 мая), асадзе Нясвіжскага замка, баях пад Зэльваю, Ваўкавыскам, каля р. Буг (2 ліп.). У час паўстання 1794 са сваім атрадам дзейнічаў паміж Ашмянамі і Дзісной, нанёс паражэнне паўстанцам каля мяст. Солы, за што атрымаў чын ген.-маёра. За ўдзел у ваен. кампаніі на тэр.Літвы атрымаў 1080 душ прыгонных сялян у Слуцкім пав. Удзельнік дварцовага перавароту 1801 (забойства Паўла I). У 1801—06 віленскі ваен. губернатар. У 1806—07 камандзір корпуса і галоўнакамандуючы рус. арміяй, удзельнічаў у баях супраць Напалеона. У вайну 1812 за інтрыгі супраць М.І.Кутузава зняты з пасады нач. Галоўнага штаба. У замежных паходах 1813—14 камандаваў Польск. арміяй. У 1818 звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́ДЭКС КАФЕДРА́ЛЬНАГА САБО́РА І ВІ́ЛЕНСКАЙ ДЫЯЦЭ́ЗІІ (Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej),
збор дакументальных матэрыялаў. па гісторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, падрыхтаваны праф. Ягелонскага ун-та (Кракаў) Я.Фіялкам (1864—1936) і У.Сямковічам. Быў разлічаны на 2 тамы з дакументаў ад заснавання дыяцэзіі (1387) да смерці біскупа В.Пратасевіча (1579). 1-ы том выдадзены ў 2 выпусках (1932 і 1939; у 1948 перавыдадзены адной кнігай). У аснове выдання — архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АНЛітвы ў Вільнюсе, а таксама каронная метрыка з Гал. архіва стараж. актаў у Варшаве, друкаваныя выданні, дакументы з прац Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскага, І.М.Даніловіча і інш., усяго больш за 650 дакументаў. Збор мае вял. даведачны апарат, у 1997 асобнай кнігай выйшаў паказальнік імён і геагр. назваў. 2-і том рыхтуецца да выдання.
Публ.:
Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1 (1387—1507). Kraków, 1948.
Літ.:
Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550). Poznań, 1963;
Яго ж. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎЧЫ́НЕР (Віктар Якаўлевіч) (28.6.1905, Мінск — 15.7.1961),
бел. рэжысёр. Нар.арт. Беларусі (1944). Нар.арт.Літвы (1959). Скончыў Яўр.драм. студыю ў Маскве (1926). Акцёр, рэжысёр, маст. кіраўнік (1942—46) Дзярж.яўр.т-раБССР. Рэжысёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ (1930—32), БДТ-1 (Нац.т-р імя Я.Купалы; 1939—42), гал. рэжысёр Дзярж.рус.т-раБССР (1948). З 1949 гал. рэжысёр у т-рах Іркуцка, Ташкента, Вільні. Найб. значныя пастаноўкі: «Стрэл» А.Безыменскага (1930) у т-ры імя ЦСПСБ; «Вальпоне» Б.Джонсана (1934), «Фальшывая манета» М.Горкага і «Сям’я Авадзіс» П.Маркіша (1937), «Вядзьмарка» А.Гольдфадэна (1941), «Сіротка Хася» Я.Гордзіна і «200000» паводле Шолам-Алейхема (1943), «Пігмаліён» Б.Шоу ў Дзярж.яўр. т-ры БССР; «Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі (1940) у БДТ-1; «Атэла» У.Шэкспіра (1947) у Дзярж.рус. т-ры БССР; «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы (1954) у Ташкенцкім рус. т-ры. Пастаноўкі Галаўчынера рамантычна ўзнёслыя, у іх яркая тэатральнасць, дынамізм, пластычна зробленыя масавыя сцэны спалучаліся з псіхалагічна распрацаванымі характарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́ЛІШКІ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПнУ ад г.п. Воранава, 144 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Беняконі. 458 ж., 148 двароў (1998).
Вядомы з 2-й пал. 17 ст. як маёнтак Калвелішкі (двор, вёска і мяст. Смолінск) у Ашмянскім пав., што належаў Пражмоўскім, у 18 ст. — Храптовічам, з 1786 — Янкоўскім, з 1850-х г. — Умястоўскім. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. ў Дзевянішкаўскай вол. Ашмянскага пав. У 1880-я г. ў мястэчку 144 ж.. 4 крамы, карчма, бровар. У 1920—22 у складзе Сярэдняй Літвы, у 1922—39 у Польшчы. мястэчка і вёска Дзевянішкаўскай гміны Ашмянскага пав. У 1921 у мястэчку 180 ж., 39 двароў, у вёсцы 144 ж., 25 двароў. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Воранаўскага р-на. У пасляваенны час мястэчка і вёска зліліся. У 1971—170 ж., 55 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — драўляны касцёл Сэрца Ісуса (1916).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІ (Міхал) (7.9.1714, в. Дзітрыкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.3.1781),
паэт, педагог, прыхільнік класіцызму. Магістр філасофіі і вольных навук (1745), д-р філасофіі (каля 1750). Вучыўся ў школе Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. Скончыў Слуцкую семінарыю (1733), Віленскую акадэмію (1736). З 1730 чл. ордэна езуітаў. Выкладаў у калегіумах Варшавы, Мінска, Драгічына, у Віленскай акадэміі. З 1773 рэктар Мінскай ваяводскай школы. Імкнуўся надаць сістэме адукацыі больш свецкі характар. Пісаў на лац. мове. Найб. вядомая паэма «Птушыны сейм» — сатыра на мясц. шляхту і магнатаў Рэчы Паспалітай. Аўтар сатыр. твораў («Казка», «Ападосіс» і інш.), элегій («Да Касакоўскага», «Да брата Караля»), прыродаапісальнай оды «Да Зімы», вершаў (пры жыцці апубл. 25), панегірыкаў Кацярыне II, пасланняў пісьменнікам і грамадскім дзеячам (І.Красіцкаму, М.Пачобут-Адляніцкаму, Р.Пацёмкіну і інш.), пародый. Паэт. спадчына К. выдадзена Полацкай езуіцкай акадэміяй пад назвай «Песні» (1817). Яго творам уласціва жывасць і лёгкасць мовы, багатая фантазія. Паэзія К. паўплывала на лацінамоўную паэзію Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны эпохі Асветніцтва.
Літ.:
Жлутко А. Міхал Карыцкі: Песні камэны // Шляхам гадоў. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСІ́ЦКІ ((Łasicki) Ян) (каля 1534, в. Ласіцы Сахачоўскага пав. Раўскага ваяв., Польшча — пасля 1599),
польскі гісторык, бібліёграф, пратэстанцкі рэліг. дзеяч. У 1556—61 вучыўся ва ун-тах Страсбурга, Жэневы, Лазаны, Цюрыха, Парыжа, Падуі і інш. Займаўся кнігазнаўствам, напісаў некалькі кніг па гісторыі вывучэння рэлігіі (пераважна кальвінізму). З 1581 у Вільні. Быў настаўнікам і выхавальнікам сыноў мінскага кашталяна Я.Глябовіча. Апошнія гады жыцця правёў у Заслаўі каля Мінска, цікавіўся этнаграфіяй народаў Рэчы Паспалітай, тэорыяй культуры. Пісаў на лац. мове. У зб. прац розных аўтараў, куды ўключыў і сваю «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» (1582), апісваюцца (часам з акцэнтацыяй увагі на негатыўным) сямейныя абрады, нар. адзенне, стравы і інш. бакі матэрыяльнай культуры беларусаў, асаблівасці архітэктуры Полацка, Вільні і інш. гарадоў. Яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (1615) пра свет язычніцкіх вераванняў жыхароў тагачаснай Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПНІШКІ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Гродна—Ліда—Іўе. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 138 км ад Гродна, 5 км ад чыг. ст. Гаўя. 1480 ж., 596 двароў (1999).
З 16 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 1856, калі Сенат адхіліў прашэнне жыхароў Л. аб зацвярджэнні іх у мяшчанскім званні, сяляне адмовіліся выконваць паншчыну. У 1861 і 1862 адбыліся сял. хваляванні, якія былі задушаны войскамі. У канцы 19 ст. Л. — мястэчка, цэнтр воласці ў Ашмянскім пав. Віленскай губ., каля 1,7 тыс.ж., больш за 200 двароў, касцёл, школа, бальніца, 12 крам, бровар, 5 кірмашоў за год. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Іўеўскага р-на. У 1972—831 ж., 260 двароў.
Іўеўская райаграпрамтэхніка. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Ліпнішкаўскі Казіміраўскі касцёл, капліца (2-я пал. 19—пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСЬ (Алена Георгіеўна) (н. 22.1.1933, Вільнюс),
бел. графік. Скончыла Дзярж.маст.ін-тЛітвы (1955). Творам уласцівы сувязь з бел.нар. традыцыямі, прастата і яскравасць выяўл. мовы. Вядома як мастак дзіцячай кнігі («Вераб’ёвы госці» А.Якімовіча, 1960; «Дударык», 1964, і «Ладачкі-ладкі», 1977, В.Віткі; «Скарб» З.Бядулі, 1965, 1975; «Кую-кую ножку», 1967, «Азбукі», 1997, А.Дзеружынскага; «Калыханкі», 1995; «Грыбок, грыбок, выстаў лабок» У.Ягоўдзіка 1997; бел. казкі «З рога ўсяго многа», 1968, «Залатая яблынька», 1974, «Разумная дачка», 1988; «Канёк-гарбунок» П.Яршова, «Крылаты цэх» В.Лукшы, абедзве 1982; «Слова пра паход Ігаравы», 1986). Сярод станковых твораў серыі «Дзеці Белавежы» (1966), «Песні заходніх славян» (1974), «Партрэты беларускіх пісьменнікаў» (1979), «Пад палескімі дубамі» (1981), на ляўкоўскія вершы Я.Купалы (1982), «Людзі на Прыпяці» (1984—89), «Ружанскія паданні» (1991), «Народныя беларускія калыханкі» (1992—93), цыкл малюнкаў да твораў Я.Коласа «Казкі жыцця» (1998). Некаторыя творы стылістычна пераклікаюцца з нар. лубком. Працуе таксама ў жывапісе.
Тв.:
Дзесяць дзён у Барку. Мн., 1984.
Літ.:
Латун З.І. Алена Лось. Мн., 1977.
А.Лось. Ілюстрацыя да «Слова пра паход Ігаравы». 1986.