КАМФО́РАВАЕ ДРЭ́ВА,
камфоравы лаўр (Cinnamomum camphora), кветкавая расліна сям. лаўровых, від роду карычнік, або карычны лаўр. Радзіма — Паўд.-Усх. трапічная Азія. Утварае лясы. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках многіх краін, у т. л. на чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.
Шматгадовазялёнае дрэва да 50 м выш. і 3 м у дыяметры, з карой, якая дае трэшчыны Лісце простае, скурыстае, бліскучае. Кветкі дробныя, белаватыя ці жаўтаватыя, сабраныя ў кальчакі. Плод — цёмна-сіняя сакаўная касцянка. Вегетатыўныя органы і плады маюць прыемны востры пах камфары. Тэхн., дэкар., інсектыцыдная і лек. расліна. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі.
Г.У.Вынаеў.
т. 7, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПСКІЯ ГО́РЫ,
горы на Пд Афрыкі, у Паўд.-Афр. Рэспубліцы, паміж г. Порт-Элізабет на У і вусцем р. Оліфантс на З. Даўж. каля 800 км. Некалькі паралельных хрыбтоў (Свартберг, Лангеберг і інш.). Сярэдняя выш. каля 1500 м, найб. 2326 м. Складзены з пясчанікаў і кварцытаў. На З клімат міжземнаморскага тыпу, з зімовымі ападкамі больш за 600 м, на У ападкі больш раўнамерныя — каля 800 мм за год. Зімой на вяршынях снег. На наветраных схілах, звернутых да Індыйскага ак., зараснікі вечназялёных хмызнякоў і мяшаныя лясы, падветраныя схілы і ўнутр. даліны паўпустынныя.
т. 8, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ВЫ ШАРЛО́ТЫ АСТРАВЫ́ (Queen Charlotte Islands),
архіпелаг у Ціхім ак., каля ўзбярэжжа Канады (прав. Брыт. Калумбія). Пл. 10,3 тыс. км². Нас. больш за 3 тыс. чал. Буйныя а-вы — Грэям (выш. да 1250 м) і Морсбі. Належаць да знешняга пояса кан. горнай сістэмы Кардыльераў, часткова затопленага. Зах. берагі гарыстыя, фіёрдавыя. На ПнУ шырокая нізіна з унутр. бухтай Масет. Радовішчы каменнага вугалю. Клімат умераны, вельмі вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўка, рыбалоўства. Правінцыяльны парк Найкун. Гал. населены пункт — Куін-Шарлот. Адкрыты ў 1774 ісп. экспедыцыяй Х.Перэса. Названы ў гонар англ. каралевы.
т. 8, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,
аб’ядноўвае прыблізна 3,5 тыс. астравоў і скал у Жоўтым м. і пралівах Карэйскім і Чэджу, каля паўд. і паўд.-зах. берагоў Карэйскага п-ва. Найб. а-вы Каджэдо, Намхэдо, Чындо (Рэспубліка Карэя); пл. 300 км² і больш. Берагі моцна парэзаныя, шмат бухтаў. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і. Выш. да 786 м (на в-ве Намхэдо). Клімат субтрапічны мусонны. Вечназялёныя лясы і хмызнякі. Прылівы (да 3 м) ствараюць паміж астравамі магутныя прыліўна-адліўныя цячэнні (да 17 км/гадз), што перашкаджае мараплаванню. Рыбалоўства, лоў малюскаў.
т. 8, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Баляслаў) (Эўстахій Баляслаў) Францавіч (2.10.1842, Аўгустоўская губ. — 12.5.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Л.Кульчыцкага. Вучыўся ў Брэсцкім (1850—59) і Наўгародскім (1859—61) кадэцкіх карпусах і артыл. вучылішчы ў Пецярбургу. У 1862 залічаны ў артыл. акадэмію, падпаручнік. Належаў да пецярбургскіх афіцэрскіх рэв. гурткоў. Камандаваў паўстанцкім атрадам, які фарміраваўся на мяжы Себежскага і Дрысенскага пав. (у Юхавіцкіх лясах). 6.5.1863 яго атрад быў разбіты. К. з групай паўстанцаў перайшоў у Зябецкія лясы, дзе 12.5.1863 іх акружылі ўрадавыя войскі. Паўстанцы вымушаны былі здацца. Каб пазбегнуць палону, К. застрэліўся.
Г.В.Кісялёў.
т. 9, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́РСКАЕ НАГО́Р’Е (Dinarsko gorje),
нагор’е на ПнЗ Балканскага п-ва, у Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Югаславіі і паўн. Албаніі. Даўж. каля 650 км, шыр. да 230 км. Пераважаюць сярэднягор’і. Найвышэйшая вяршыня 2692 м (г. Езерца ў Паўн.-Алб. Альпах). Асн. хрыбты і масівы (Велебіт, Дынара, Дурмітар, Копаанік і інш.). Складзена пераважна з мезазойскіх вапнякоў (класічны карставы раён), на У са сланцаў і пясчанікаў. Дубова-букавыя і хвойныя лясы, міжземнаморскі хмызняк, горныя стэпы і пусткі. Нац. паркі Дурмітар (унесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Копаанік і інш.
т. 6, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬМЕ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі. Засн. ў 1920 як мінералагічны запаведнік (больш за 200 мінералаў), у 1935 ператвораны ў комплексны для вывучэння экалогіі фонавых і рэдкіх відаў жывёл і раслін. Размешчаны на ўсх. схілах Паўд. Урала паблізу ад г. Міяс Чэлябінскай вобл. Пл. 30 380 га. Хваёвыя і бярозавыя лясы, участкі стэпу. У фауне звычайныя вавёрка, гарнастай, ласка, лясны тхор, акліматызаваны плямісты алень, адноўлена папуляцыя бабра; гняздуюцца рэдкія птушкі: лебедзь-клікун, шэры журавель, сокал-сапсан, скапа і інш. Мінералагічны музей (з 1930), засн. сав. вучоным А.Я.Ферсманам.
т. 7, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
горная сістэма на ПнЗ Канады, частка ўсх. пояса Кардыльер Паўн. Амерыкі. Абмежавана р. Піл на Пн і р. Саўт-Нахані на Пд. Даўж. каля 700 км. Выш. да 2469 м. Складзена пераважна з асадкавых парод. Ледавіковыя формы рэльефу. Характэрны востраканцовыя вяршыні і стромкія скалістыя схілы, расчлянёныя трогавымі далінамі. На схілах бяруць пачатак шматлікія прытокі р. Макензі. Расліннасць: таежныя яловыя лясы, рэдкалессе (да выш. 1200—1500 м), горныя тундры. Нац. парк Нахані (пл. 476,5 тыс. га, засн. ў 1972), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Названа ў гонар А.Макензі.
т. 9, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ ХІНГА́Н,
горы на Д. Усходзе. Размешчаны пераважна на ПнУ Кітая, іх паўн.-ўсх. край на тэр. Хабараўскага краю і Амурскай вобл. Расіі ад асн. ч. аддзелены скразной цяснінай р. Амур. Даўж. каля 500 км, выш. да 1150 м (г. Дуймяньшань). Складзены з гнейсаў, гранітаў, крышт. сланцаў, базальтаў. Радовішчы вугалю, графіту, золата, волава, жал. руд. Плоскія вяршыні, спадзістыя схілы, каменныя россыпы. Каля зах. падножжа — група вулканаў Удалянчы. На схілах — горныя лясы: на Пд — шыракалістыя, на Пн — ялова-бярозавая і лістоўнічная тайга. Хінганскі запаведнік (Расія), рэзерват Фынлінь (Кітай).
т. 10, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НДА (Lunda),
плато ў Цэнтр. Афрыцы, на тэр. Дэмакр. Рэспублікі Конга і Анголы. Складзена з палеагенавых і неагенавых пясчанікаў і пяскоў, якія гарызантальна залягаюць на дакембрыйскім крышт. фундаменце. Цэнтр. ч. — плоская, месцамі забалочаная раўніна выш. 1300—1600 м, водападзел паміж рэкамі Касаі і Замбезі. Плато ступеньчата зніжаецца на Пн, да ўпадзіны Конга і паката — на Пд, да ўпадзіны Калахары. У басейне р. Касаі багатыя радовішчы алмазаў, марганцавай руды. Клімат субэкватарыяльны, гарачы, вільготны летам. Сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі, на паўн. схіле — высакатраўныя саванны. Па далінах рэк — галерэйныя лясы.
т. 9, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)