РАЎВО́ЛЬФІЯ (Ranvolfia),

род кветкавых раслін сям. кутравых. Каля 50 (па інш. звестках — да 100) відаў. Пашыраны ў тропіках, акрамя Аўстраліі. Трапляюцца на ўзлесках вільготных трапічных лясоў.

Кусты, паўкусты або дрэвы, якія ўтрымліваюць млечны сок. Лісце простае, суцэльнае, часта скурыстае. Кветкі ў верхавінкавых ці пазушных суквеццях. Плод — з 2 касцянак. Падземныя органы Р. змяінай (R. serpentina) і некат. інш. відаў маюць у сабе алкалоіды (рэзерпін, рэстынамін, іахімбін і інш.), якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Лек. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Раўвольфія змяіная.

т. 13, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ТВІЦА (Lotus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.

Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рутвіца рагатая.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРПО́К (Falcaria),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 5 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і ў Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. звычайны (F. vulgaris). Трапляецца ў хмызняках, на ўзлесках, каля дарог, у пасевах.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, галінастыя. Лісце трайчастае, скурыстае, вострапілаватае па краі. Белыя кветкі сабраны ў складаны парасонік. Плод — віслаплоднік. Маладое лісце ўжываецца ў ежу, насенне — як прыправа. Харч., лек., кармавыя расліны, некат. пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Сярпок звычайны.

т. 15, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМО́ПСІС (Thermopsis),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў стэпавай, паўпустыннай зонах і ў гарах Паўн. паўшар’я. Трапляюцца па берагах рэк і азёр, уздоўж дарог, на пустках, як пустазелле ў пасевах.

Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамастойныя. Лісце чаргаванае, трайчастае, з буйнымі прылісткамі. Кветкі звычайна жоўтыя, у верхавінкавых гронках. Плод — струк. Найб. пашыраны Т. ланцэтны (T. lanceolata) — злоснае пустазелле, ядавітая (асабліва лісце і насенне), лек. расліна.

В.​М.​Прохараў.

Тэрмопсіс ланцэтны.

т. 16, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТРА́ЛЬ,

арганічнае злучэнне, альдэгід тэрпенавага шэрагу (CH3)2C=CHCH2CH2C(CH3)=CHCHO. Кампанент многіх эфірных алеяў (леманграсавага, лімоннага, эўкаліптавага і інш.).

Светла-жоўтая вадкасць з моцным лімонным пахам, tкіп 228—229 °C, шчыльнасць 888—895 кг/м³. Існуе ў выглядзе ізамераў — гераніялю і нералю. Раствараецца ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Рэакцыяздольнае рэчыва, на паветры хутка акісляецца. Атрымліваюць з эфірных алеяў і сінт. шляхам з ізапрэну, ацэтону і ацэтылену. Выкарыстоўваюць як кампанент харч. эсенцый, парфумерных кампазіцый, лек. сродкаў і інш.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧОРНАГАЛО́ВІК, чорнагалоў (Prunella),

род кветкавых расл ш сям. ясноткавых. 5—7 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Ч.: буйнакветны (P. grandiflora) і звычайны, або гарлянка (P. vulgaris). Трапляюцца ў лясах, хмызняках, па берагах рэк, каля жылля.

Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі карэнішчамі. Сцёблы прамастойныя або прыўзнятыя, часам галінастыя. Лісце супраціўнае, ад суцэльнага да перыстараздзельнага. Кветкі ў несапраўдных кальчаках, што ўтвараюць густое коласападобнае верхавінкавае суквецце. Плод — арэшак. Лек., меданосныя, дэкар. расліны.

Чорнагаловік звычайны.

т. 17, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́НДРА, шанта (Marrubium),

род кветкавых раслін сям. губакветных (ясноткавых). Больш за 30 відаў. Пашыраны ў субтропіках Міжземнамор’я і ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від — Ш. звычайная (M. vulgare). Трапляецца ўздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, у пасевах.

Пераважна шматгадовыя густаапушаныя травы. Сцёблы ўзыходныя выш. 15—75 см. Лісце суцэльнае, супраціўнае. Кветкі ружовыя, ліловыя, белыя, жаўтаватыя, сабраныя ў несапраўдныя кальчакі ў пазухах верхняга лісця. Плод — шматарэшак. Лек., фарбавальныя, таніданосныя, эфіраалейныя, меданосныя расліны.

Дз.​І.​Траццякоў.

Шандра звычайная.

т. 17, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ГЕЛЬ, аленевы мох,

група відаў кусцістых лішайнікаў сям. кладоніевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і паўн. зонах. Ва ўмовах Арктыкі Я. займае значную плошчу, утварае біямасу да 10—15 ц/га. Корм для паўн. аленяў. Мае уснінавую к-ту і з’яўляецца сыравінай для атрымання лек. прэпаратаў. На Беларусі трапляюцца асн. віды роду кладзіна, аленевая, зорчатая, лясная. Растуць на гнілой драўніне, купінах балот, на пясчаных глебах у хваёвых лясах утвараюць суцэльнае покрыва.

Н.​М.​Кобзар.

т. 18, кн. 1, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРЭ́МЧА,

горнакліматычны курорт на Украіне, у Івана-Франкоўскай вобл., на р. Прут. Размешчана на схілах Укр. Карпат на выш. 665 м над узроўнем мора. Клімат умерана кантынентальны. Асн. прыродныя лек. фактары — мяккі клімат, чыстае горнае паветра. Санаторый для хворых на розныя формы туберкулёзу, у т. л. актыўныя. У некат. санаторыях лечаць хворых на рэўматызм, нерв. сістэму і інш. Турбазы, дамы адпачынку, пансіянаты. Музей партыз. злучэння С.А.Каўпака — С.​В.​Руднева і помнік у яго гонар.

т. 18, кн. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́ТКІ (Antennaria),

род шматгадовых травяністых або паўкусцікавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, асабліва ў арктычных і высакагорных раёнах (акрамя Афрыкі). На Беларусі трапляюцца агаткі двухдомныя (агаткі dioica), нар. назвы: сухотнік палявы, кацалапкі, сухапут, аўдулькі, коткі, пух. Растуць у хваёвых лясах, на сухіх лугах і схілах.

Расліны выш. 5—30 см, двухдомныя, густа апушаныя. Кветкі белыя (двухполыя) або ружовыя (песцікавыя). Суквецце — кошык шыр. 5—6 мм. Плод — сямянка з чубком. Выкарыстоўваецца ў лек. і дэкар. мэтах.

Агаткі.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)