ДЭСПАТЫ́ЗМ (ад грэч. despoteia неабмежаваная ўлада),
форма неабмежаванай, абсалютнай, самадзяржаўнай улады, для якой уласціва поўнае самавольства, самаўпраўства, грубае і жорсткае падаўленне волі падданых і іх бяспраўе. Д. асабліва характэрны для абсалютных манархій (гл. таксама Дэспатыя).
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАТАЛІ́ЗМ (ад гома... + грэч. thallos галінка, атожылак),
двухполавасць у некат. грыбоў і водарасцей, пры якой да зліцця (капуляцыі) здольны гаметы, што паходзяць з аднаго талома (з адной клеткі). Такія віды называюць гоматалічнымі. Гл. таксама Гетэраталізм.
т. 5, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П (ад гелія... + грэч. tropos паварот, напрамак),
геадэзічная прылада для дакладных вымярэнняў гарызантальных вуглоў у трыянгуляцыі. Асн. частка — плоскае люстэрка, якое адбівае сонечныя прамяні ад аднаго геадэзічнага пункта да другога, дзе выконваюцца вугламерныя вымярэнні тэадалітам.
т. 5, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙСТАТЭ́ЦЫЙ (ад грэч. kleistos замкнёны + thekion скрыначка),
клейстакарпій (... + karpos плод), замкнёнае шарападобнае ці круглаватае пладовае цела некат. сумчатых грыбоў (плектаміцэты, эўроцыевыя і мучністарасяныя грыбы) з абалонкай без адтуліны. Сумкі і споры вызваляюцца пасля разбурэння абалонкі.
т. 8, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМАТЭ́ХНІКА (ад грэч. mnemē памяць + techne мастацтва, майстэрства),
1) тое, што мнемоніка.
2) Цыркавы і эстрадны нумар (дзея), заснаваны на здольнасці запамінання («адгадвання» лікаў, прадметаў, дат, імён). Выконваецца 2 артыстамі пры дапамозе спец. распрацаванага кода.
т. 10, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕКТР (ад грэч. plēktron),
медыятар, прыстасаванне для гуказдабывання на некат. струнных шчыпковых муз. інструментах (цытры, мандаліне, домры і інш.). Звычайна касцяная, пластмасавая або метал. пласцінка, гусінае пяро ці кальцо з «кіпцюром», якое надзяваюць на палец.
т. 12, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДРАМА́ЛЬНЫ ПЕРЫ́ЯД (ад грэч prodromos які бяжыць наперадзе, прадвеснік),
стадыя развіцця хваробы, што папярэднічае яе асн. клінічным праявам. У час П.п. можна распазнаць хваробу па яе параўнальна ранніх сімптомах (напр., плямы Копліка—Філатава пры адры).
т. 12, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РВАРЫ (грэч. barbaroi, лац. barbari),
у старажытных грэкаў і рымлян назва ўсіх іншаземцаў, што гаварылі на не зразумелай ім мове і былі далёкія ад іх культуры (германцы, скіфы і інш.). У пераносным сэнсе — жорсткія, грубыя, некультурныя людзі.
т. 4, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯТРАФІ́ЗМ (ад бактэрыі + грэч. trophe ежа, засваенне),
узаемна карысныя адносіны паміж каранямі раслін і бактэрыямі; форма жыўлення вышэйшых раслін. Бактэрыі (напр., клубеньчыкавыя) сінтэзуюць розныя пажыўныя рэчывы, вітаміны, якімі жывяцца расліны. Бактэрыятрафізм характэрны, напрыклад, для бабовых раслін.
т. 2, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАХРАНІ́ЗМ (ад ана... + грэч. chronos час),
1) парушэнне храналагічнай дакладнасці, якое прыводзіць да неапраўданага ўнясення ў апісанне якой-н. эпохі рыс, характэрных для інш. часу.
2) З’явы, погляды, думкі, устарэлыя для пэўнай эпохі.
3) Перажытак мінулага.
т. 1, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)