ДАДЭ́ ((Daudet) Альфонс) (13.5.1840, г. Нім, Францыя — 16.12.1897),
французскі пісьменнік. Ураджэнец Праванса, ён ужо ў першых творах, якія зрабілі яго імя вядомым (зб. вершаў «Закаханыя», 1858; аўтабіягр. раман «Малы», 1868; зб. апавяданняў і нарысаў «Пісьмы з майго млына», 1869), з тонкім лірызмам і мяккім гумарам расказаў пра побыт, норавы, звычаі, паданні сваіх землякоў, з любоўю намаляваў вобраз «маленькага чалавека». На правансальскім матэрыяле напісана і вядомая сатыр. трылогія пра Тартарэна («Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона», 1872; «Тартарэн у Альпах», 1885; «Порт Тараскон», 1890). У вобразе гал. героя ён высмеяў дробнага буржуа, правінцыяльнага абывацеля, фразёра і хвалько. У сац. раманах 1870—80-х г. з гіст. і амаль дакументальнай канкрэтнасцю, паказаў сучасную яму Францыю, стварыў трапныя сатыр. вобразы драпежных дзялкоў і паліт. авантурыстаў («Фрамон малодшы і Рыслер старэйшы», 1874; «Набоб», 1877; «Каралі ў выгнанні», 1879), прадажных журналістаў і рэліг. фанатыкаў («Нума Руместан», 1881; «Евангелістыка», 1883), бяздарных артыстаў і лжэвучоных («Сафо», 1884; «Бессмяротны», 1885). Аўтар п’ес («Арлезіянка», 1872, і інш.), успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЁНКАЎ (Сяргей Цімафеевіч) (10.7.1874, в. Караковічы Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 9.10.1971),
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1958). Акад.АМСССР (1954). Герой Сац. Працы (1964). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892—96), Пецярбургскай АМ (1899—1902). Экспанент «Свету мастацтваў», чл.Саюза рускіх мастакоў. Раннія творы вылучаюцца жанрава-апавядальным («Каменябоец», 1898) і манум.-абагульненым характарам («Самсон», 1902). У час рэвалюцыі 1905—07 выканаў некалькі абагульнена-сімвалічных партрэтаў яе ўдзельнікаў («Рабочы-баявік 1905 года Іван Чуркін»). З сярэдзіны 1900-х г. творчасці К. ўласцівы фальклорна-казачныя матывы («Стрыбог», «Дзядок-палевічок», абедзве 1910), пошукі нац., эстэт. і этычных ідэалаў праз вобраз дасканалага, гарманічнага чалавека («Ніке», 1906). Пасля 1917 удзельнічаў у ажыццяўленні плана манум. прапаганды (мемар. дошка «Загінуўшым у барацьбе за мір і брацтва народаў», 1918). У 1924—45 у ЗША, рабіў партрэты (М.Горкі, 1928, Ф.М.Дастаеўскі, 1933). Пасля вяртання на радзіму выканаў шэраг псіхалагічных партрэтаў (Ф.І.Шаляпін, 1952; аўтапартрэт, 1954 і інш.) і станковых кампазіцый, якім уласцівы рысы манументальнасці [«Вызвалены чалавек» («Самсон»), 1947]. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЦКА (Яўген Рыгоравіч) (н. 20.4.1944, в. Пабрэззе Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец. Канд.філал.н. (1980). Скончыў БДУ (1968). Працаваў на заводзе, настаўнікам, карэспандэнтам радыёвяшчання. З 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1986 у выд-ве «Мастацкая літаратура», з 1997 дырэктар выд-ва «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1968. Даследуе маст. адметнасць, стыль сучасных бел. празаікаў, узаемадзеянне л-ры і чытача (зб. «Выхаваўчая роля літаратуры», 1980). У аповесцях «Па цаліку» (1977), «Дарога ў два канцы» (1981) псіхалагізм, выразнасць малюнка характараў, добрае адчуванне мовы. Складальнік літ.-знаўчага зб. «Вобраз» (1981), зб-каў апавяданняў маладых бел. пісьменнікаў «Цяпло на першацвет» (1985), «Акно ў зялёны сад» (1988), кніг твораў М.Дзяшкевіча (1991), Л.Калюгі (1992), А.Мрыя (1993) і інш. Старшыня Аргкамітэта (1989—90) і Рады (1990—93) Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Тв.:
Беларуская літаратура за гады савецкай улады. Мн., 1973;
Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе. Мн., 1979;
Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІ́Я (ад стараж.-яўр. памазаннік),
1) у іудаізме і хрысціянстве «божы пасланец», «выратавальнік», які павінен знішчыць зло і ўсталяваць «божае царства». Першапачаткова М. называўся цар, які пры ўступленні на трон памазваўся асвячоным алеем, у інш. выпадках — ідэальны дзярж. кіраўнік або святар. У час асіра-вавілонскага, персідскага, рымскага панавання над яўрэямі, калі няўдалыя спробы вызвалення пахіснулі веру ў магутнасць Яхве, у іудаізме склаўся класічны вобраз М. як збавіцеля, выратавальніка, які павінен узначаліць яўр. народ, вызваліць яго ад іншаземнага панавання і забяспечыць яму пануючае становішча сярод іншых народаў. У хрысціянстве ідэя М. ўвасобілася ў вобразе Ісуса Хрыста, які вёў радаслоўную ад цара Давіда і ахвяраваў сабою для выратавання ўсяго чалавецтва ад першароднага граху; уваскрослы Хрыстос павінен прыйсці на зямлю ў другі раз, каб канчаткова знішчыць зло і вырашыць лёс чалавецтва. Ідэя аб М. прысутнічае ў інш. рэлігіях свету (Вішну — у індуізме, Майтрэя — у будызме, Саош’янт — у зораастрызме і інш.); яна была характэрна для многіх сял. і нац.-вызв. рухаў. Многія сучасныя нетрадыц. культы ўвасабляюць ідэю М. ў вобразах заснавальнікаў гэтых вераванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І І ВЫ́СТАВАЧНЫЯ ЗА́ЛЫў архітэктуры,
будынкі, прызначаныя для работы ўстаноў, якія ажыццяўляюць камплектаванне, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры народа.
У будынках сучасных музеяў асн. функцыянальнымі элементамі з’яўляюцца выставачныя залы і сховішчы. Яны дапаўняюцца адм. памяшканнямі, б-кай, лекцыйнай залай, пакоямі для заняткаў, рэстаўрацыйнымі майстэрнямі, лабараторыямі Шматграннасць дзейнасці музея выяўляецца ў складанай аб’ёмна-планіровачнай структуры будынка, якая забяспечвае магчымасць паслядоўнага азнаямлення з экспанатамі, а таксама выбарачнай змены маршруту, экспазіцый, наладжвання часовых выставак і інш. Архітэктура такіх будынкаў як элемент эмацыянальнага ўздзеяння найчасцей стварае маст.вобраз, адпаведны яго тэматыцы.
На Беларусі вылучаюцца будынкі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Купалы Янкі літаратурнага музея ў Мінску, музея прыроды нац. парку Белавежская пушча ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Будынкі выставачных залаў прызначаны для арганізацыі перыяд. выставак твораў мастацтва, дасягненняў вытв-сці, навукі і тэхнікі. На Беларусі функцыянуюць павільёны Рэспубліканскага выставачнага цэнтра, Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа». Найбольшая выставачная зала твораў выяўл. мастацтва — рэсп.Мастацкая галерэя ў Мінску.
рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі будаўнічы ін-т (1936), адначасова вучыўся ў тэатр. студыі пры Кіеўскім т-ры рус. драмы. Працаваў акцёрам, тэатр. мастаком. Удзельнік Вял.Айч. вайны, потым журналіст. Пасля 1974 жыў у Францыі. У аповесці «У акопах Сталінграда» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; фільм «Салдаты», 1957) аўтабіягр.вобраз апавядальніка-афіцэра, праўдзівая, падкрэслена празаічная карціна франтавых будняў. Аповесць «У родным горадзе» (1954, фільм «Горад запальвае агні», 1958) пра складаны лёс франтавіка, які вярнуўся з вайны. Аўтар аповесці «Кіра Георгіеўна» (1961), дарожных нататак пра замежныя паездкі, кнігі апавяданняў пра сустрэчы з людзьмі мастацтва, л-ры «У жыцці і ў лістах» (1971), эсэістычнай асацыятыўнай прозы «Запіскі разявакі» (1975), «Маленькая журботная аповесць» (1986), публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра архітэктуру, жывапіс, кінамастацтва і інш.
В.П.Някрасаў.
Тв.:
Избр. произв.: Повести, рассказы, путевые заметки. М., 1962;
По обе стороны океана;
Записки зеваки;
Саперлипопет, или Если б да кабы, да во рту росли грибы... М., 1991;
Маленькая печальная повесть: Проза разных лет. М., 1991;
В самых адских котлах побывал...: Сб. повестей и рассказов, воспоминаний и писем. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОП-АРТ (англ. op art скарочанае ад optikal art аптычнае мастацтва),
кірунак абстрактнага мастацтва. Узнік у канцы 1940-х г. у Парыжы ў творчасці групы мастакоў на чале з В.Вазарэлі (сапр. Ванархей) на аснове геам. абстракцыянізму. Блізкі да кінетычнага мастацтва, у адрозненне ад якога стылістычна не выходзіць за межы жывапіснага твора. З 1960-х г. пашырыўся ў зах.-еўрап. і амер. жывапісе, дызайне і рэкламе. У творах О.-а. выкарыстоўваюць аптычныя ілюзіі, заснаваныя на асаблівасцях зрокавага ўспрыняцця, што стварае фіктыўны вобраз, які існуе толькі ў свядомасці гледача (эфекты прасторавага перамяшчэння, зліцця ці бязважкасці форм, ілюзіі руху, паслядоўнай змены вобразаў і няўстойлівай формы і інш.). Гэта дасягаецца ўвядзеннем рэзкіх колеравых і танальных кантрастаў, рытмічных чаргаванняў, перасячэннем спіралепадобных і кратавых канфігурацый, закручаных ліній і інш. Часта выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія не ўласцівы жывапісу (метал, шкло, пластык і інш.), але маюць паверхню, што адбівае святло, а таксама ўстаноўкі зменлівага асвятлення, дынамічныя канструкцыі і інш. Сярод прадстаўнікоў: Р.Анушкевіч, К.Крус-Дыес, Л.Пунс, Б.Райлі, Р.Сота і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РУЭЛ (Orwell) Джордж [сапр.Блэр
(Blair) Эрык Артур; 25.1.1903, г. Матыхары, Індыя — 21.1.1950], англійскі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Ітанскі каледж (1921). У 1922—27 служыў у брыт.калан. войсках у Бірме. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі на баку рэспубліканцаў, у 2-ю сусв. вайну рэпарцёр брыт. газет і радыёстанцыі Бі-Бі-Сі. Друкаваўся з 1914. Жыццёвыя ўражанні ў аснове рэаліст., сац.-крытычных раманаў «Дні ў Бірме» (1934),
«Няхай Аспідыстра ляціць» (1936), «Дарога да прыстані ва Уігане» (1937), «За глытком свежага паветра» (1939), дакумент. нататак «Валацужнае жыццё ў Парыжы і Лондане» (1933), «З Каталоніяй у сэрцы» (1938). Сусв. вядомасць прынеслі творы ў жанры антыутопіі — аповесць «Ферма» (1945) і раман «1984» (1949), у якіх у традыцыях Дж.Свіфта створаны бязлітасна-праўдзівы маст.вобраз таталітарнай дзяржавы. Аўтар зб-каў эсэ і публіцыстыкі. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў С.Шупа.
Тв.:
Бел.пер. — Ферма;
1984. Мн., 1992;
Рус.пер. — «1984» и эссе разных лет: Роман и худож. публицистика. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА МАЙГО́ СІ́ДА»
(«El cantar de Mío Cid»),
помнік іспанскага гераічнага эпасу. Створаны каля 1140, дайшоў у адзіным няпоўным запісе 1307 (апубл. 1779). Гіст. аснову паэмы склалі падзеі Рэканкісты — барацьба іспанцаў з арабамі, якія захапілі Пірэнеі. Гал. герой — доблесны і мудры Сід (ад араб. сеід пан), гіст. прататыпам якога стаў кастыльскі военачальнік Радрыга Дыяс дэ Бівар, празваны Кампеадорам (воінам). У ідэалізаваным вобразе Сіда ўвасобіліся характэрныя рысы змагара за вызваленне радзімы ад маўраў, вернага каралю васала, абаронцы народа ад уціску феад. знаці. Дэмакратызм і народнасць «Песні...» выявіліся ў разнастайнасці яе тэматыкі (паліт., ваен., быт., сямейнай), адсутнасці гіпербалізацыі ў адлюстраванні людзей і падзей, выразнай і яркай мове, блізкай да народнай. Помнік значна паўплываў на далейшае развіццё ісп. л-ры. Вобраз Сіда знайшоў адлюстраванне ў творах П.Карнеля, М.Мачада-і-Руіса, навук. працах І.Гердэра.
Публ.:
Рус.пер. — Песнь о Роланде;
Коронование Людовика;
Нимская телега;
Песнь о Сиде;
Романсеро. М., 1976.
Літ.:
Смирнов А.А. Испанский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА РАЛА́НДА»
(«Chanson de Roland»),
помнік французскага гераічнага эпасу. Дайшоў у некалькіх рэдакцыях, найб. ранняя і поўная — Оксфардская (каля 1065), упершыню надрук. ў Парыжы (1837). У аснове паэмы — рэальны гіст. факт разгрому баскамі ў Рансевальскай цясніне ў Пірэнеях ар’ергарда войск Карла Вялікага (778), які творча інтэрпрэтаваны фантазіяй спевакоў-сказіцеляў (жанглёраў) у велічную і трагічную карціну патрыят. подзвігу на славу «мілай Францыі». Эпічны вобраз Раланда, адважнага, мужнага, вернага воіна, які цаной свайго жыцця абараніў радзіму, караля, хрысц. веру ад маўраў-мусульман, проціпастаўлены ў паэме вобразу здрадніка Ганелона, што ўвасабляе свавольства. «П.п.Р.» вылучаецца шырынёй адлюстравання падзей, манументальнасцю вобразаў, напружаным драматызмам апавядання. Яе паэтыка блізкая да фальклорнай. Італьян. паэты Л.Пульчы, М.Баярда, Л.Арыёста ў сваіх творах перапрацоўвалі паданне пра Раланда ў духу гуманіст. ідэй Адраджэння.
Публ.: Рус.пер. — Песнь о Роланде; Коронование Людовика; Нимская телега; Песнь о Сиде; Романсеро. М., 1976.
Літ.:
Смирнов А.А. Французский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978;
Волкова З.Н. Эпос Франции. М., 1984;
Михайлов А.Д. Французский героический эпос: Вопр. поэтики и стилистики. М., 1995.