комплекс арганізацыйных, тэхнічных, эканам., прававых і інш. мерапрыемстваў, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне зямных глыбінь; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: выкананне ўстаноўленага заканадаўствам парадку давання нетраў у карыстанне і недапушчэнне самавольнага карыстання імі, паўнату геал. вывучэння, бяспечнае вядзенне работ па выкарыстанні нетраў (ахова атмасферы, водаў, зямной паверхні і інш.аб’ектаў ад шкоднага ўплыву работ); прывядзенне парушаных зямельных участкаў у стан, прыдатны для далейшага выкарыстання; найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне запасаў карысных выкапняў і спадарожных ім кампанентаў; прадухіленне забруджвання нетраў пры падземным захоўванні, пахаванні адходаў і скіданні сцёкавых водаў; бяспечнае карыстанне нетрамі для насельніцтва і навакольнага асяроддзя. На Беларусі ахова нетраў знаходзіцца на стадыі арганізацыі і юрыд. афармлення. Дзярж. кантроль за аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем ажыццяўляюць органы дзярж. горнага нагляду і інш. Парадак карыстання і аховы нетраў суб’ектамі гаспадарання незалежна ад формаў уласнасці, падпарадкавання і прыналежнасці замацаваны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб нетрах (праект; 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК,
у Польшчы, ва ўсх.ч. Падляска-Белавежскіх нізін у Падляска-Мазурскім краі; частка ляснога масіву Белавежскай пушчы. Засн. ў 1947. Пл. 5317 га, у т. л. пад лесам 4904 га (92%). 89% пл. (4747 га) пад рэзерватам — зонай абсалютнай аховы. У флоры 632 віды сасудзістых раслін (у т. л. бяроза цёмная, мнаганожка звычайная, гайнік цёмна-чырвоны, пылкагалоўнік чырвоны, тайнік сэрцападобны, каменяломнік балотны), больш за 1000 відаў грыбоў, 250 лішайнікаў, 80 імхоў, водарасці. Сярод 11 тыс. відаў жывёл, што трапляюцца ў парку, тыповыя для гэтага рэгіёна прадстаўнікі млекакормячых, у т. л. ахоўныя зубр і бабёр, каля 200 птушак, 8,5 тыс. відаў насякомых, шматлікія паўзуны і земнаводныя. Ёсць музей прыроды, стараж. прысядзібны палацавы парк, дзе створаны закрыты рэзерват гадоўлі зуброў. Па рашэнні ЮНЕСКА з 1977 Белавежскі нацыянальны парк з’яўляецца біясферным (міжнародным) рэзерватам, уключаны ў спіс аб’ектаў сусветнай культ. і прыроднай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РА МАЛЫ́Х ФО́РМАЎ, малыя архітэктурныя формы,
розныя па характары і прызначэнні тыпы збудаванняў ці інш.аб’ектаў, якія дапаўняюць і дэталізуюць арх.-будаўнічую ці садова-паркавую кампазіцыю і з’яўляюцца элементам афармлення і добраўпарадкавання (мемарыяльныя стэлы, абеліскі, надмагіллі, фантаны, каскады, басейны, паркавыя павільёны, пандусы, балюстрады, агароджы, пергалы, вазы, дэкар. і прыдарожная скульптура і інш.). Ім належыць важная роля ў фарміраванні аблічча населеных пунктаў, трансп. магістраляў, зон адпачынку.
У адрозненне ад частак будынкаў і арх. дэталяў творы архітэктуры малых формаў адносна самастойныя. Ім належыць важнае месца ў кампазіцыі садова-паркавых ансамбляў, добраўпарадкаванні жылых груп, тэр. школьных і дашкольных устаноў, дзіцячых пляцовак і гарадкоў; яны — неад’емная частка сучасных населеных месцаў (электрасвяцільні, кіёскі, павільёны, гандл. аўтаматы, тэлефонныя будкі, стэнды для афіш і рэклама).
Да арт.Архітэктура малых формаў. Скульптура ў Алімпійскім парку Сеула. 1988.Да арт.Архітэктура малых формаў. Аркада галоўнага ўвахода стадыёна «Дынама» ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. destructio разбурэнне, парушэнне),
1) парушэнне нармальнай структуры чаго-н., напр., дэструкцыя ландшафтаў, дэструкцыя палімераў; парушэнне або разбурэнне структуры ўсталяваных эканам., вытв. сувязей у нар. гаспадарцы, устаноўленага парадку і духоўных асноў дзяржавы, іншых утварэнняў, нежыватворчы працэс у розных галінах дзейнасці і пазнання.
2) Высвятленне асноў філас. палажэнняў, адно з цэнтр. паняццяў фундаментальнай анталогіі М.Хайдэгера, якое адыграла ў ёй канструктыўную ролю. Пад Д. ён разумеў аналіз («разбор») гіст. асаблівасцей розуму і выяўленне перадумоў чалавечага існавання. Для гэтага, лічыў Хайдэгер, дастаткова ажыццявіць 3 адпаведныя аперацыі: рэдукцыю, або вяртанне ад існага да быцця агульных форм узаемадзеяння аб’ектаў; канструкцыю быцця; дэструкцыю традыцыі, якая ўвасабляе аб’ектываванае навук.-тэарэт. разуменне свету, адначасовае выкарыстанне і сціранне традыц. метафізічных паняццяў. З хайдэгераўскай Д. супастаўныя больш пазнейшыя і часткова залежныя ад яе канцэпцыі «генеалогіі» ў неаніцшэянстве, «археалогіі ведаў» у М.П.Фуко, дэструкцыі ў Ж.Дэрыда, «дэзабструкцыі» ў Ф.Везена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕЛАЎСТО́НСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Yellowstone National Park). На ПнЗ ЗША у штатах Ваёмінг, часткова Мантана і Айдаха. Першы ў свеце нац. парк. Засн. ў 1782 1872. Пл. 898,3 тыс.га. Ландшафты Скалістых гор, каньёны, вадаспады (выш. да 94 м) на р. Йелаўстан, больш за 3 тыс. гарачых крыніц і гейзераў, у т. л. гейзер Экселсіёр (выш. вывяржэння да 90 м), найб. ў Паўн. Амерыцы высакагорнае воз. Йелаўстан (на выш. 2359 м, пл. 360 км²). 90% тэр. пад хваёвымі лясамі (хвоя, елкі блакітная і Энгельмана, піхты горная і дугласава) з дамешкамі вольхі, бярозы, асіны. Акамянелыя дрэвы на ўчастках, якія раней былі пахаваны пад вулканічным попелам і лавай. У фауне чарнахвосты алень, мядзведзі (барыбал, грызлі), бізон, лось, горны баран і інш.; каля 200 відаў птушак, у т. л. гняздоўі белагаловага арла (нац. сімвал ЗША). Біясферны рэзерват. Турызм. Уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаўсусв.культ. і прыроднай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕнавакольнага асяроддзя,
забруджванне навакольнага асяроддзя адносна інертнымі ў фіз.-хім. адносінах агентамі, якія аказваюць на яго пераважна мех. ўздзеянне. Найб. закранае зямную паверхню, глебу і водныя аб’екты. Адрозніваюць М.з. прыроднае (напр., выкліканае селевым патокам, паводкай) і антрапагеннае (выкліканае дзейнасцю чалавека), асн. крыніцы якога — вытв. і бытавыя адходы (адвальныя пароды, шлакі, пыл, рэшткі драўніны, пластмасы, буд. смецце, адходы с.-г. і харч. вытв-сці, упаковачныя матэрыялы і інш.). Павялічваецца пераважна за кошт пашырэння адкрытай распрацоўкі карысных выкапняў, уцягвання ў эксплуатацыю бедных асн. рэчывамі парод, росту гарадоў і аб’ёмаў вытв-сці. Парушае натуральныя ўмовы існавання многіх арганізмаў, перашкаджае суднаходству, пагаршае эстэт. і рэкрэацыйныя вартасці асяроддзя, спрыяе развіццю другасных працэсаў яго фіз., хім. і біял. (у т. л.мікрабіял.) забруджвання (гл. адпаведныя арт.). Вылучаюць таксама забруджванне космасу — вывад у каляземную і найбліжэйшую касм. прастору аб’ектаў з выпадковымі арбітамі, якія перашкаджаюць функцыянаванню наземных устройстваў (пераважна радыётэхн. і астранамічных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ КАСМІ́ЧНЫЯ НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
спадарожнікавыя сістэмы вызначэння каардынат рухомага аб’екта, аснашчанага адпаведнай апаратурай. Рас. сістэма наз. ГЛАНАСС (ад ГЛАбальная НАвігацыйная Спадарожнікавая Сістэма), амерыканская GPS (ад Global Positioning System глабальная сістэма вызначэння каардынат).
Кожная з сістэм мае 24 штучныя спадарожнікі Зямлі (ШСЗ) на спец. арбітах і сетку наземных станцый вызначэння каардынат ШСЗ і інш. параметраў. Апаратура карыстальніка прымае навігацыйныя радыёсігналы ад 4 ШСЗ і аўтаматычна вызначае каардынаты, скорасць руху і дакладны час аб’екта на зямлі, моры ці ў паветры і на ўбудаваным дысплеі паказвае напрамак руху да зададзенага пункта на электроннай карце мясцовасці. Навігацыйная інфармацыя ад прыёмніка можа выкарыстоўвацца таксама для работы аўтапілота, радара ці інш. апарата. Другое прызначэнне М.к.н.с. — аўтам. сачэнне за месцазнаходжаннем рухомых аб’ектаў (напр., з мэтай бяспекі руху). У гэтым выпадку рухомы аб’ект дадаткова мае спец. апаратуру для перадачы навігацыйнай інфармацыі на дыспетчарскі цэнтр, напр., авіякампаніі, параходства, аўтамаб. ці аўтобуснага парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФЕЛАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метрыя),
сукупнасць метадаў вымярэння інтэнсіўнасці святла (бачнага ці ультрафіялетавага), рассеянага ў зададзеным асяроддзі, з мэтай вызначэння канцэнтрацыі, формы і памераў дысперсных часцінак.
У Н. вымяраюць інтэнсіўнасць рассеянага святла з дапамогай нефелометраў ці фотаэл. колераметраў з адпаведнымі прыстасаваннямі, адчувальны элемент (дэтэктар) якіх можна размясціць пад рознымі вугламі да напрамку зыходнага светлавога патоку. Метады вымярэння грунтуюцца на залежнасці характару рассеяння святла, а таксама ступені яго палярызацыі ад суадносін паміж памерамі дысперсных часцінак і даўжынёй хвалі зыходнага святла. Напр., калі найб. памер часціц не перавышае 0,1 даўжыні хвалі, рассеянне святла будзе сіметрычным (гл.Рэлееўскае рассеянне святла); часцінкі большых памераў рассейваюць святло мацней і нераўнамерна. Н. выкарыстоўваецца ў хім. аналізе, для даследавання эмульсій ці інш. калоідных сістэм, у метэаралогіі, фізіцы мора, пры вывучэнні некаторых біял.аб’ектаў.
Літ.:
Шифрин К.С. Рассеяние света в мутной среде. М.; Л., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ АДХО́ДЫ,
вырабы, матэрыялы, рэчывы і біял. аб’екты, не прыдатныя да далейшага выкарыстання, у якіх утрыманне радыенуклідаў перавышае вызначаныя нормы. Паводле агрэгатнага стану Р.а. падзяляюцца на вадкія, цвёрдыя, газападобныя; паводле ўзроўню актыўнасці — на групы нізкага, сярэдняга і высокага ўзроўняў; паводле хім. якасцей — на гаручыя і негаручыя.
Утвараюцца ў працэсе работы і рамонту энергет.ядз. рэактараў на АЭС, суднах і інш.; пры выкарыстанні радыеізатопных крыніц і прэпаратаў у тэхніцы, навуцы, медыцыне, у працэсе апрацоўкі руд, горных парод і інш. Метады перапрацоўкі і захавання Р.а. залежаць ад іх фіз. і хім. якасцей. Для вадкіх Р.а. выкарыстоўваюць метады канцэнтравання і захавання ў стальных ёмістасцях, для цвёрдых — захаванне ў спец. бетонных сховішчах. Біял. Р.а. (трупы эксперым. жывёл і інш.) спальваюць тэрмічным або хім. спосабам ў спец. могільніках.
На Беларусі асобны тып Р.а. — прадукты дэзактывацыі аб’ектаў і тэр. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НТ (франц. remonte ад remonter паправіць, папоўніць, зноў сабраць),
сукупнасць тэхніка-эканам. і арганізац. мерапрыемстваў, звязаных з падтрыманнем і частковым або поўным аднаўленнем спажывецкай вартасціасн. фондаў (сродкаў вытв-сці) ці прадметаў асабістага карыстання. Бывае бягучы, сярэдні і капітальны.
Р. тэхн.аб’ектаў (канструкцый, машын, вырабаў) робяць з мэтай аднаўлення іх спраўнасці і работаздольнасці. Бягучы Р. праводзяць пры неабходнасці ліквідацыі адказаў і няспраўнасці абсталявання. Уключае ліквідацыю дробных пашкоджанняў заменай або аднаўленнем асобных вузлоў і дэталей, рэгуліровачныя работы. Сярэдні Р. вядуць для аднаўлення зрасходаванага рэсурсу машын, абсталявання. Уключае частковую разборку прыстасавання, устараненне выяўленых дэфектаў, капітальны Р. асобных частак. Капітальны Р. прадугледжвае поўную разборку і дэфектацыю агрэгатаў, машын, абсталявання, замену або аднаўленне ўсіх зношаных дэталей, вузлоў і механізмаў, іх зборку, комплексную праверку, рэгуліроўку і выпрабаванне. Р. бягучы звычайна выконвае абслуговы персанал, сярэдні і капітальны — спецыялізаваныя службы і прадпрыемствы; асабістыя прадметы рамантуюць пераважна службы быт. абслугоўвання.