БАЗЫ́ЛІК (Цыпрыян) (1535?, г. Серадз, Польшча — пасля 1600),
паэт, перакладчык, кампазітар, кнігавыдавец. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Прыблізна з 1556 адзін з кіраўнікоў капэлы канцлера ВКЛ М.Радзівіла Чорнага. Складаў рэліг. песнапенні (выдадзены асобнымі кніжкамі ў Брэсце ў 1556, 1558, 1559). У 1560—70-я г. ўладальнік і кіраўнік Брэсцкай друкарні. У некаторыя кнігі ўключаў свае вершы. Аўтар паэмы «Надпіс на помніку П.Сецыгнеўскага» (1570). Пераклаў з лац. мовы на польск. і выдаў «Гісторыю жорсткіх ганенняў царквы Божай» (1567, з А.Воланам), творы М.Барлетці пра Г.Скандэрбега (1569), М.Олаха «Пра Атылу, караля угорскага» (Кракаў, 1574; рукапіс бел. перакладу каля 1580) і А.Маджэўскага Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Лоск, 1577).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́Н (Баранаў) Сяргей
(27.9.1892, в. Віцькі Гродзенскага р-на — 1937?),
бел. грамадскі і культ. дзеяч. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Узначальваў гродзенскае т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны. У 1919 старшыня Бел.нац.к-та ў Гродне, заснавальнік і выкладчык Гродзенскай бел. гімназіі. Займаўся каап. дзейнасцю. У час выбараў у польскі сейм (1922) балаціраваўся ад блока нац. меншасцяў. Арыштаваны польскімі ўладамі і на суд. працэсе над удзельнікамі бел. эсэраўскага падполля ў Беластоку ў 1923 прыгавораны да 8 гадоў турэмнага зняволення. Пасля адбыцця пакарання ў канцы 1920-х г. эмігрыраваў у СССР, дзе ў 1930-я г. рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́РЫО (Ontario),
возера ў ЗША і Канадзе, ніжняе ў сістэме Вялікіх азёраўПаўн. Амерыкі. Пл. 19,5 тыс.км². Даўж. 311 км, шыр. да 90 км. Глыб. да 237 м. Пл. водазбору каля 90 тыс.км². Праз р. Ніягара прымае сцёк азёраў, што ляжаць вышэй; з возера выцякае р.Св. Лаўрэнція. Антарыо — частка суднаходнага шляху, які злучае Атлантычны ак. з унутр. раёнамі ЗША і Канады. Суднаходныя каналы звязваюць Антарыо з воз. Эры (канал Уэленд) і р. Гудзон (каналы Асуіга і Эры). Ледастаў са снеж. да красавіка. Пасля збудавання плаціны на р.Св. Лаўрэнція (1958) Антарыо знаходзіцца ў падпоры. Буйныя парты: Таронта, Гамільтан, Кінгстан (Канада), Рочэстэр (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎКАзвычайная,
старадаўні рускі зімовы сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў многіх абласцях Расіі, на Украіне, у Прыбалтыцы, Казахстане, Кыргызстане, а таксама ў Польшчы. На Беларусі раянаваны ва ўсіх зонах.
Дрэвы выш. 6—8 м, крона паўшарападобная. Плады масаю 80—140 г, розныя па форме, жаўтавата-зялёныя. Мякаць белая, сакаўная, вінна-салодкая з характэрным моцным пахам. Дрэвы зімаўстойлівыя, жывуць да 60—70 гадоў, непатрабавальныя да глебы. Пладаносяць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Плады выспяваюць у канцы верасня. Антонаўка ўстойлівая да хвароб, у дажджлівыя гады пашкоджваецца паршой. У культуры вядомы таксама антонаўка камянічка, антонаўка шасцісотграмовая і інш. (адрозніваюцца асобнымі марфалагічнымі прыкметамі, лёжкасцю пладоў і смакам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́ЗМ,
ідэйна-паліт. плынь і грамадскі рух прадстаўнікоў грамадства, паліт. сіл розных светапоглядаў і ідэалогій, а таксама палітыка дэмакр. урадаў, накіраваная супраць фашызму. Узнік у Еўропе на пач. 1920-х г., каб процідзейнічаць уплыву фаш. арг-цый і партый на паліт. жыццё і дзярж. ўладу. Значнага размаху дасягнуў з устанаўленнем у 1930-я г. адкрытых фашысцкіх дыктатур у Германіі, Італіі, Іспаніі, актывізацыяй фаш. сіл у шэрагу інш.еўрап. краін. У 2-ю сусв. вайну антыфашызм з’явіўся асновай антыгітлераўскай кааліцыі, вызв. барацьбы народаў свету супраць дзяржаў «восі» (Германія, Італія, Японія). Пасля вайны антыфашызм садзейнічаў пераадоленню рэшткаў фашызму ў грамадскім жыцці, нац. аднаўленню і адраджэнню. Захоўвае значэнне як сродак процідзеяння неафашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВА́ (раней Арэва),
вёска на Беларусі, у Круглянскім пасялковым Савеце Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. За 11 км на Пн ад Круглага. 73 ж., 41 двор (1995).
Узнікла не пазней як у 1-й трэці 16 ст. на землях Друцкага княства як маёнтак князёў Друцкіх-Горскіх. Упершыню згадваецца ў дакументах Метрыкі ВКЛ у 1541 і 1544. У Лівонскую вайну 1558—83 спалена рус. войскамі (1566). Пасля 1772 у Шклоўскім пав. Магілёўскай губ. У 1835 заснавана вінакурня, у канцы 19 ст. — кардонная мануфактура, млын, у пач. 20 ст. паселішча ў Круглянскай вол. Магілёўскага пав., складалася з маёнткаў Вялікая Арава і Малая Арава. У складзе калгаса «Свабода». Пач. школа, клуб, магазін. Каля вёскі курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎШЧЫНА,
палітычны рэжым у Расіі ў 1815—25 (назва ад прозвішча А.А.Аракчэева). Устаноўлены для ўмацавання абсалютызму ва ўмовах пашырэння грамадскага руху пасля вайны 1812. У дзяржаве панавалі самавольства, паліцэйскі дэспатызм і дэспатычны парадак у арміі, жорстка каралася любая праява незадаволенасці. Для прадухілення рэв. руху ў гарадах размяшчаліся вайсковыя каманды. Узмацнілася памешчыцкая эксплуатацыя сялян, жорстка душыліся выступленні сялян, у т. л. ў Брэсцкім і Пружанскім пав., Мазырскім старостве. Узмацнілася рэакцыя ў галіне асветы і культуры: праследаваліся прагрэс, матэрыяліст. думка, прагрэс. навукоўцы, забаронена дзейнасць масонаў (1822), пачаліся ганенні на т-вы філаматаў і філарэтаў (1823). Метады аракчэеўшчыны захаваліся і ў перыяд царавання Мікалая I. Слова «аракчэеўшчына» стала сінонімам самавольства і паліцэйскіх метадаў кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМЕ́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з семіцкіх моў. У 14—11 ст. да н. э. арамеі сяліліся ў Сірыі і Месапатаміі, адкуль арамейская мова распаўсюдзілася на ўвесь Б. Усход. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 9—8 ст. да н. э. У 7—4 ст. да н. э. арамейская мова — міжнародная мова Б. і Сярэдняга Усходу. На ёй напісаны асобныя часткі Бібліі і Талмуда. Складалася са шматлікіх дыялектаў, у т. л. стараарамейскіх пальмірскага і набатэйскага, мандэйскага (мовы рэліг. кніг мандэйцаў 3—8 ст.), эдэскага, на аснове якога ўзнікла сірыйская, а пазней новасірыйская (асірыйская) мова. Пасля арабскіх заваяванняў паступова выцясняецца арабскай мовай. Некаторыя дыялекты арамейскай мовы ўжываюцца толькі ў асобных рэгіёнах Сірыі, Паўн. Месапатаміі, Ірака і Ірана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́ЦЫЯ (польск. ordynacja ад лац. ordinatio упарадкаванне),
1) у сярэдневяковай Польшчы збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арг-цыі, суды.
2) Збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы ардынацыі — непадзельнасць і неадчужальнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (жанчыны за нашчадкаў не лічыліся). Першыя ардынацыі (Нясвіжская і Клецкая на Беларусі, Алыцкая на Украіне) заснаваны Радзівіламі ў 1586, зацверджаны соймам у 1589. Уласныя ардынацыі стварылі магнаты Замойскія (зацверджана ў 1589), Мышкоўскія (1601), Астрожскія (1609), Сулкоўскія (18 ст.). Ардынацыі працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы; скасаваны сеймам у 1939.