ВЕ́НТЫЛЬ (ад ням. Ventil клапан),

1) вентыль трубаправодны — запорнае прыстасаванне для ўключэння і выключэння ўчастка трубаправода, рэгулявання патокаў вадкасці, газу ці пары. Вялікія вентылі злучаюцца з трубамі, помпамі і інш. спец. фланцамі, малыя — з дапамогай разьбы.

2) вентыль электрычныэл. прылада, праводнасць якой у адным напрамку на адзін або некалькі парадкаў вышэй, чым у процілеглым. Выкарыстоўваецца ў выпрамніках, інвертарах, пераўтваральніках частаты, камутацыйных прыстасаваннях і інш. Бываюць электралітычныя, газаразрадныя (у т. л. ртутныя), электравакуумныя, паўправадніковыя. У якасці вентыляў выкарыстоўваюцца дыёды, тыратроны, тырыстары. Магутнасць эл. вентыляў ад долей вата да дзесяткаў кілават.

3) вентыль у вылічальнай тэхніцы — электроннае прыстасаванне на паўправадніковых прыладах (дыёдах, транзістарах) або ў выглядзе інтэгральнай схемы з некалькімі (часцей двума) уваходамі і адным выхадам. У гэтым вентылі сігнал на выхадзе ўтвараецца толькі тады, калі ёсць сігнал на ўсіх уваходах. Выкарыстоўваецца для кіравання перадачай сігналаў і ажыццяўлення лагічных аперацый.

4) Прыстасаванне ў камеры пнеўматычнай шыны, якое дапамагае напампоўваць паветра ў камеру і перашкаджае яго выхаду.

5) Механізм, які зменьвае (звычайна павялічвае) даўжыню канала духавых інструментаў (валторнаў, труб і інш.).

Трубаправодны вентыль: 1 — шпіндэль-вінт; 2 — накрыўка; 3 — клапан; 4 — фланец.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКАЯ РАЗЬБА́,

1) аб’ёмна-ажурная пазалочаная разьба, якой у г. Ветка Гомельскай вобл. ў 18—19 ст. аздаблялі ківоты да абразоў. Была высокаразвітым пасадскім ці манастырскім рамяством, працягвала і развівала традыцыі беларускай рэзі. Дэкор уключаў вінаградныя лозы, лісце, гронкі, пазней кветкі і інш. На пач. 20 ст. прыйшла ў заняпад. Калекцыя ўзораў веткаўскай разьбы ёсць у Веткаўскім музеі народнай творчасці.

2) Архітэктурны дэкор, пашыраны ў г. Ветка і навакольных вёсках. Традыцыя ідзе ад перасяленцаў з Цэнтр. Расіі (17—18 ст.). Веткаўская разьба арганічна спалучае бел. і рус. традыцыі нар. арх. дэкору. У 18—19 ст. нескладанай выемчатай разьбой геам. характару аздабляліся пераважна аконныя ліштвы. З сярэдзіны 19 ст. пад уплывам класіцызму дэкор узбагаціўся накладнымі элементамі ў выглядзе ромбаў, прамавугольнікаў, рэечак, такарных дэталей. Верхнія часткі ліштваў набылі форму трохвугольных франтончыкаў з прафіляванымі накладкамі, дэкор карнізаў і вуглоў часам імітаваў элементы мураванай архітэктуры класіцызму. З канца 19 ст. пашырыўся прапілаваны дэкор расліннага характару, якім багата аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі, вароты, а ў наш час і веранды, мансарды, франтоны. Сучасная веткаўская разьба звычайна спалучаецца з паліхромнай расфарбоўкай, вызначаецца павышанай дэкаратыўнасцю, перавагай стылізаваных раслінных матываў, шматпланавасцю кампазіцыі.

Я.​М.​Сахута.

Фасад дома, аздоблены традыцыйнай веткаўскай разьбой.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЙКА,

невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.

Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часу найб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.​Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.​Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел. прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.​Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.​Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.​Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.​Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.​Корбан, Э.​Валасевіч, М.​Скрыпка і інш.

Літ.:

Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма пісьма. Пашыраная ў арабамоўных краінах, а таксама сярод шэрагу інш. мусульманскіх (ісламскіх) народаў (Іран, Пакістан, Афганістан і інш.). Выпрацавана ў 4—6 ст. для арабскай мовы на базе арамейскага пісьма. Да канца 1920-х г. арабскае пісьмо выкарыстоўвалі носьбіты многіх цюркскіх моў (туркі, узбекі і інш.). Ім карысталіся бел. татары для напісання т.зв. кітабаў. З 7—8 ст. н. э., калі быў напісаны Каран, арабскае пісьмо мала змянілася. Мае кансананты характар. 28 літар перадаюць зычныя; 3 з іх ужываюць і для доўгіх галосных, кароткія галосныя перадаюцца дыякрытычнымі знакамі. Кожная літара арабскага пісьма мае 4 абрысы: на пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова і пры ізаляваным ужыванні. Для прыстасавання арабскага пісьма ў асобных мовах выкарыстоўваліся дадатковыя знакі. Так, для перадачы бел. гукаў «дз’ (дзь)» і «ц’ (ць)» ужываліся звычайна літары «даль» і «сад» з трыма падрадковымі дыякрытычнымі кропкамі, для абазначэння гука «с» — розныя знакі: «сад» — для цвёрдага «с», а «са», «сін» або «шын» — для мяккага «с’ (сь)». Накірунак арабскага пісьма гарызантальны, справа налева. Развітая каліграфія дала высокамастацкія ўзоры арнаментальнага пісьма арабскай вяззю.

А.​Я.​Супрун.

Арабскае пісьмо.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІД,

асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.

Паняцце віду ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.​Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.​Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч.​Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ О́РГАНАЎ ДЗЯРЖА́ЎНАГА КІРАВА́ННЯ,

дакументальная юрыд. форма дзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў дзяржавы. У іх рэалізуюцца паўнамоцтвы адпаведных дзярж. органаў, змяшчаюцца правілы, афіцыйныя прадпісанні і ўказанні, абавязковыя да выканання. З’яўляюцца падзаконнымі, таму што прымаюцца на аснове законаў і ў адпаведнасці з імі ў межах кампетэнцыі пэўнага дзярж. органа. Лічацца нарматыўнымі, калі змяшчаюць нормы права, і індывідуальнымі, калі прымаюцца для вырашэння канкрэтных пытанняў. Сярод нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь асаблівае значэнне маюць пастановы і распараджэнні Кабінета Міністраў як вышэйшага выканаўчага і распарадчага органа краіны. Кіраўнікі мін-ваў, дзярж. к-таў і ведамстваў выдаюць, як правіла, загады і інструкцыі: выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў — рашэнні і распараджэнні; кіраўнікі аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый — загады, інструкцыі, распараджэнні. Такія акты звычайна набываюць сілу з моманту іх прыняцця або давядзення да ведама выканаўцаў. Тэрмін уступлення іх у дзеянне часам указваецца ў самім акце.

Кантроль над законнасцю актаў ажыццяўляюць вышэйшыя органы дзяржаўнага кіравання. У выпадку, калі акт ніжэйшага органа не адпавядае закону або акту вышэйшага органа, апошні абавязаны адмяніць яго. Агульны нагляд над законнасцю актаў ажыццяўляе пракуратура. Адпаведнасць нарматыўнага акта любога дзярж. органа Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пры неабходнасці можа быць разгледжаны Канстытуцыйным Судом.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛАГАВАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА (АВМ),

вылічальная машына, у якой апрацоўка інфармацыі выконваецца з дапамогай спецыяльна падабранага фіз. працэсу, што мадэлюе выліч. заканамернасць. Звычайна складаецца з суматараў, інтэгравальных і дыферэнцыравальных элементаў і інш. У адрозненне ад электроннай вылічальнай машыны рашэнне атрымліваецца практычна імгненна пасля задання параметраў задачы; мае простую канструкцыю і праграмаванне, але невысокую дакладнасць вылічэнняў і меншую універсальнасць.

Папярэднікамі сучаснай АВМ можна лічыць лагарыфмічную лінейку, графікі і намаграмы (гл. Намаграфія) для вызначэння функцый некалькіх пераменных, упершыню прыведзеныя ў дапаможніках па навігацыі (1971), аналагавую прыладу (планіметр) англ. вучонага Дж.​Германа для вызначэння плошчы, якая ўтворана замкнутай крывой на плоскасці (1814). Першая мех. АВМ для рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў пры праектаванні караблёў прапанавана рус. вучоным А.​М.​Крыловым у 1904. Сав. Матэматык С.​А.​Гершгорын (1927) заклаў асновы пабудовы сеткавых мадэляў АВМ.

Выкарыстоўваюцца АВМ для рашэння задач па апераджальным аналізе, аналізе дынамікі і сінтэзе сістэм кіравання і рэгулявання, у эксперыментальных даследаваннях паводзін сістэмы з апаратурай кіравання ці рэгулявання ў лабараторных умовах, пры вызначэнні ўзбурэння ці карысных сігналаў, што ўздзейнічаюць на сістэму і інш. АВМ, у якой лікавыя характарыстыкі мадэлявальнага фіз. працэсу выяўлены ў лічбавай форме, наз. гібрыднай вылічальнай машынай.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.

Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАГАНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

1) мноства {xn} ненулявых вектараў у эўклідавай (гільбертавай) прасторы, для якіх скалярны здабытак (xn, xm) = 0 пры n ≠ m. Калі модуль кожнага вектара роўны 1, то сістэма {xn} наз. артанармоўнай. Поўную артаганальную сістэму наз. артаганальным базісам. Адпаведна вызначаецца і артанармоўны базіс.

2) Сістэма каардынатаў, у якой каардынатныя лініі (або паверхні) перасякаюцца пад прамым вуглом. Звычайна карыстаюцца дэкартавымі, палярнымі, эліптычнымі, сферычнымі, цыліндрычнымі артаганальнай сістэмай каардынатаў.

3) Сістэма мнагаскладаў {Pn(x)}, n = 0, 1, 2, ..., якія на адрэзку [a, b] з вагой g(x) задавальняюць умовам артаганальнасці ∫​ba Pn(x)Pm(x)g(x)dx = 0 /n≠m/, пры гэтым ступень кожнага мнагасклада Pn(x) супадае з яго індэксам n. Выкарыстоўваюцца ў задачах матэм. фізікі, тэорыі выяўленняў груп, вылічальнай матэматыкі і інш. 4) Сістэма функцый, n = 1, 2..., якія на адрэзку [a, b] з вагой p(x) задавальняюць умовам артаганальнасці: ∫​ba φn(x)φ​*m(x)p(x)dz = 0 пры n≠m, дзе ​* — знак камплекснай спалучанасці. Напр., сістэма трыганаметр. функцый ½, cos nπx, sin nπx (n = 1, 2, ...) — артаганальная сістэма на адрэзку [-1,1] з вагой 1. Выкарыстоўваецца для рашэння задач, напр., спектральнага аналізу ў тэорыі ваганняў, акустыкі, радыёфізікі, оптыкі.

В.​А.​Ліпніцкі.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА,

гіст. агульнасць археалагічных помнікаў, што існавалі на акрэсленай тэрыторыі, прыкладна ў адзін час, аднастайныя па сваёй матэрыяльнай культуры, але істотна адрозніваюцца ад адначасовых помнікаў суседніх абласцей. Археалагічная культура — аб’ектыўна існуючая рэальнасць, якая адлюстроўвае ў рэштках матэрыяльнай культуры генезіс развіцця і гіст. лёс этнасу, якому яна належала. Звычайна археалагічнай культуры даюць назву па найб. характэрнай прыкмеце (штрыхаванай керамікі культура, шарападобных амфар культура), абрадзе пахавання (адзінкавых пахаванняў культуры), ад найб. значнага ці найб. даследаванага помніка (банцараўская культура, калочынская культура, мілаградская культура) або мясцовасці, дзе пашыраны старажытнасці гэтай культуры (верхнедняпроўская культура, нёманская культура і інш.). Адрозненні археалагічнай культуры павінны існаваць у такіх памерах і разнастайнасцях, якія немагчыма растлумачыць ні падабенствам умоў існавання, экалогіі і гасп.-культурнага тыпу, ні аднолькавым узроўнем грамадска-эканам. развіцця. У раннім жалезным веку адпаведнасць археалагічнай культуры пэўнаму этнасу парушаецца. Пад уплывам прыродных працэсаў і чалавечай дзейнасці яна можа ўзбагачацца або збядняцца. Разам з тым археалагічная культура — навук. паняцце, з дапамогай якога даследуецца гіст. працэс.

Літ.:

Клейн Л.С. Археологическая типология. Л., 1991;

Загорульский Э.М. Археология Белоруссии. Мн., 1965;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 1, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)