род шматгадовых травяністых раслін і кустоў сям. мальвавых. 35 відаў у Амерыцы, Азіі, Афрыцы, Аўстраліі. Адна з асн.тэхн. культур (прадзільная культура). Вырошчваюць у аднагадовай культуры ў тропіках, субтропіках, паўд. раёнах умеранага пояса бавоўнік мексіканскі (звычайны, або упланд; Gossypium hirsutum; больш за 70% сусв. вытв-сці бавоўнавага валакна), бавоўнік індакітайскі (дрэвападобны; Gossypium arboreum), бавоўнік перуанскі, барбадоскі (Gossypium peruvianum, Gossypium barbadense) і інш.
Кусты і травы з моцнай стрыжнёвай каранёвай сістэмай. Кветкі вял., белыя, крэмавыя, жоўтыя, двухполыя; звычайна самаапыляльнікі. Плод — каробачка. Насенне ўкрыта доўгімі, пераважна белымі, валаскамі, што выкарыстоўваюцца як валакно — бавоўна. Цеплалюбівая расліна, патрабавальная да ўмоў увільгатнення, жыўлення і асвятлення. Вегетац. перыяд 110—145 сут Лепшыя глебы — лёгкія сугліністыя шэразёмы. Засоленыя глебы папярэдне меліяруюць. З насення бавоўніка атрымліваюць баваўняны алей (22—29%), з пладоў — бавоўну. Добры меданос (мёдавытворчасць 300 кг/га). Гл. таксама Баваўнаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К, белы грыб (Boletus edulis),
шапкавы грыб сям. балетусавых. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца нярэдка ў хвойніках, ельніках, дубровах, бярэзніках і мяшаных лясах. Расце адзіночна і групамі. Сапратроф. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв. — кастрычніку.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы масай да 2, рэдка 4 кг. Шапка паўшарападобная, дыям. 4—20 см, мясістая, пазней плоска-пукатая, матавая. У залежнасці ад умоў росту ад белага да фіялетава-карычневага колеру. Ножка цыліндрычная або клубнепадобная, белаватая, з тонкім сеткавым малюнкам. Мякаць і гіменафор (малады) белыя, прыемна пахнуць, на зломе не мяняюць колеру. Утварае мікарызу з многімі дрэвамі (адрозніваюць каля 20 формаў баравіка — хваёвы, яловы, бярозавы, дубовы, грабавы і інш.). Багаты бялком, вугляводамі, тлушчам, мінер. рэчывамі; мае вітаміны A, B, C, D, PP, таксама антыбіётыкі, танізавальныя і проціпухлінныя рэчывы. Спажываюць баравікі смажаныя, вараныя, марынаваныя, сушаныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТО́ЛАВА,
возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 16 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёраў. Пл. 8,2 км², даўж. 9,4 км, найб.шыр. 2,2 км, найб.глыб. 16,4 м. Пл. вадазбору 325 км². Даўж. берагавой лініі 38,8 км.
Катлавіна складаная, выцягнутая з У на З, мае некалькі шырокіх плёсаў. Схілы пераважна высокія, месцамі тэрасаваныя, на ПдУ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія, на Пн і ПнЗ зліваюцца са схіламі, там жа озавая града выш. да 30—35 м. Дно з упадзінамі і мелямі, уздоўж берагоў пясчанае, у паўн.-зах. плёсе камяністае і пясчана-галечнае, глыбей сапрапелевае. 7 астравоў агульнай пл. 0,3 км². Расліннасць у паўн.-зах. і паўд. плёсах утварае паласу шыр. да 200 м. Злучана пратокамі з азёрамі Ліпна і Чорная Урада, праз воз. цячэ р. Дзіва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛФАСТ (Belfast),
горад, адм. ц.Паўн. Ірландыі (Вялікабрытанія). 297 тыс.ж. (1989). Порт на беразе зал. Белфаст-Лох, вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. 2 аэрапорты. Буйны цэнтр суднабудавання. Развіты таксама самалёта- і машынабудаванне, эл.-тэхн., прыладабуд., тэкст. (пераважна льняная), хім., мэблевая, харч., швейная, абутковая прам-сць. Ун-т (з 1845). Арх. помнікі 19—20 ст. (сабор, будынкі музея, парламента і інш.). Музей, маст. галерэя.
Вядомы з 1117 як умацаваны замак нарманаў, неаднаразова разбураўся і аднаўляўся. У 1613 атрымаў гар. правы. У канцы 17 ст. праз р. Лаган пракладзены мост, які садзейнічаў развіццю горада, у сярэдзіне 19 ст. здадзены ў эксплуатацыю суднабуд. верфі. Пасля расколу Ірландыі ў 1921 адзін з цэнтраў нац вызв. барацьбы ў Паўн. Ірландыі. З 1969 месца крывавых сутычак і тэрарыстычных актаў паміж ірл. католікамі і англ. пратэстантамі.
Да арт.Белфаст. Будынак Каралеўскага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬМАНДО́ ((Belmondo) Жан Поль) (н. 9.4.1933, г. Нёі-сюр-Сен, Францыя),
французскі акцёр. Вучыўся на курсах драм. мастацтва ў П.Дзюкса і Р.Жырара. Працаваў у парыжскіх т-рах. З 1956 у кіно. Глыбіня драм. даравання і здольнасць да пераўвасаблення найб. выявіліся ў фільмах «На апошнім дыханні», «Пісьмы паслушніцы», «Чачара», «Жанчына ёсць жанчына» (усе 1960), «Леон Марэн, свяшчэннік» (1961), «Шалёны П’еро» (1965), «Злодзей» (1967), «Славутыя любоўныя гісторыі», «Адвержаныя» (паводле В.Гюго) і інш. Пазней пачаў здымацца пераважна ў прыгодніцкіх фільмах і баевіках («Сто тысяч долараў на сонцы», 1964; «Цудоўны», 1973; «Труп майго ворага», 1976; «Хто ёсць хто», 1979; «Прафесіянал» і «Ас з асаў», 1982; «Слава», 1984; «Вясёлы Вялікдзень», 1985). Выступае як прадзюсер («Ставіцкі», 1974, выканаў гал. ролю). Уладальнік кампаніі «Серыта-фільм». Аўтабіяграфія «30 гадоў і 25 фільмаў» (1963).
Ж.П.Бельмандо ў кінафільме «Славутыя любоўныя гісторыі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЭНС ((Behrens) Петэр) (14.4.1868, г. Гамбург, Германія — 27.2.1940),
нямецкі архітэктар і мастак-канструктар; адзін з заснавальнікаў новай ням. архітэктуры. Вучыўся ў Карлсруэ і Дзюсельдорфе (1886—89). Дырэктар Маст.-прамысл. школы ў Дзюсельдорфе (1903—07), праф. Венскай (1922—36) і Берлінскай (1936—40) АМ. Удзельнічаў у дзейнасці мюнхенскага Сецэсіёна і ням.Веркбунда. У ранніх арх. творах спалучаў прасторавыя рашэнні ў духу «мадэрн» з геам. дакладнасцю планіровачнай структуры і дэкору (крэматорый каля Хагена, 1907). З 1909 працаваў пераважна ў прамысл. архітэктуры; творы адлюстроўвалі неакласіцыстычныя тэндэнцыі: ф-кі ў Берліне (1909—12), Обергаўзене (1921—25), Хёхстэ (1925—26), ням. пасольства ў Пецярбургу (1911—12). У апошніх работах імкнуўся да функцыянальнай абумоўленасці ў планіроўцы (тытунёвая ф-ка ў г. Лінц, 1932—36). У яго майстэрні працавалі Ле Карбюзье, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ.
П.Берэнс. Турбінная фабрыка фірмы «АЭГ» у Берліне. 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛАВУ́С (Дзмітро) (Дзмітрый Рыгоравіч; н. 24.4.1920, с. Курманы Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),
украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі ун-т (1945). Творчасць Білавуса, пераважна вострасатырычнага і гумарыстычнага кірунку, выкрывае негатыўныя з’явы жыцця (зб-кі вершаў «Вясёлыя твары», 1953; «Зігзаг», 1956; «Альфы — не амегі», 1967; «Асцярожна: слова!», 1984; ліра-эпічныя паэмы «Жыццё Адаркі Палягечы», 1956; «Грыц Гачык», 1986). Піша для дзяцей. На ўкр. мову перакладаў творы рус., літ., балг., а таксама бел. пісьменнікаў (Ф.Багушэвіча, П.Броўкі, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, М.Калачынскага, Я.Коласа, У.Корбана, К.Крапівы, Я.Купалы, М.Макаля, М.Танка і інш.). На бел. мову творы Білавуса пераклалі А.Бялевіч, Вялюгін, Гілевіч, С.Дзяргай. Літ. прэмія Украіны імя М.Рыльскага 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАЦЭНО́З (ад бія... + геа... + цэноз),
узаемаабумоўлены комплекс жывых і нежывых кампанентаў, звязаных паміж сабой абменам рэчываў і абменам энергіі; адна з найб. складаных прыродных сістэм. Паняцце біягеацэнозу прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў (1940). Жывыя кампаненты біягеацэнозу — аўтатрофы (фотасінтэзавальныя зялёныя расліны, хемасінтэзавальныя мікраарганізмы) і гетэратрофы (жывёлы, грыбы, многія бактэрыі, вірусы), нежывыя — прыземны слой атмасферы з газавымі і цеплавымі рэсурсамі, сонечная энергія, глеба з водамінер. рэсурсамі і часткова кара выветрывання (у водным біягеацэнозе — вада). Сукупнасць усіх жывых арганізмаў біягеацэнозу (біяцэноз) уключае прадуцэнтаў (пераважна зялёныя расліны), што ўтвараюць арган. рэчывы, кансументаў (жывёлы) і рэдуцэнтаў (мікраарганізмы), якія жывуць за кошт гатовых арган. рэчываў і ажыццяўляюць іх раскладанне да простых мінер. кампанентаў, зноў спажываных раслінамі. Біягеацэноз — элементарная адзінка біясферы зямнога шара. Межы біягеацэнозу — канкрэтныя раслінныя згуртаванні. Блізкі да біягеацэнозу тэрмін фацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙДА́ХА (Idaho),
штат на ПнЗ ЗША. Уваходзіць у групу горных штатаў Далёкага Захаду. Пл. 214,3 тыс.км²; нас. 1099 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Бойсе. Найб. гарады Айдаха-Фолс і Пакатэла. Гар. насельніцтва каля 50%. На б.ч. тэрыторыі адгор’і Скалістых гор (выш. да 3857 м), на З ускраіна Калумбійскага плато, на Пд пласкагор’е Вял. Басейн і раўніна р. Снейк. Клімат кантынентальны, змякчаецца Ціхім акіянам. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (серабро, свінец, сурма, малібдэн, ртуць, золата, кобальт, ванадый, цынк, фасфаты, паўкаштоўныя камяні), харч. (асабліва перапрацоўка бульбы), лясная і дрэваапр., хім., радыёэлектронная, каляровая металургія. У таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі пераважае раслінаводства. Гал. культуры: бульба (каля 1/4 збору краіны), пшаніца, кукуруза, ячмень, цукр. буракі, хмель. Садоўніцтва (пераважна яблыкі). Пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Транспарт аўтамаб., чыгуначны. Штат перасякаюць 2 транскантынентальныя чыг. магістралі. Развіты турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЯ́ЛЬНАЕ ФАСФАРЫЛІ́РАВАННЕ,
біясінтэз малекул адэназінтрыфосфарнай к-ты (АТФ) з адэназіндыфосфарнай (АДФ) і фосфарнай к-т за кошт энергіі акіслення субстрату: АДФ + H3PO4 → АТФ + H2O (гл.Акісленне біялагічнае). Асн. субстратам для акісляльнага фасфарыліравання служаць малекулы арган. рэчываў, пераважнаарган.к-т, якія ўтвараюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Акісляльнае фасфарыліраванне адкрыта сав. біяхімікам У.А.Энгельгартам (1930). Адбываецца ў жывых клетках (у мітахондрыях) пры пераносе электронаў і пратонаў па дыхальным ланцугу з удзелам значнай колькасці дыхальных ферментаў і каферментаў (ферментны комплекс АТФ-сінтэтаза). Паказчык эфектыўнасці акісляльнага фасфарыліравання — адносіны колькасці фасфату, звязанага АДФ пры акісляльным фасфарыліраванні, да паглынутага кіслароду (P/O). Малекула АТФ утвараецца пры пераносе 2 электронаў праз пункт энергет. злучэння, у якім адбываецца утылізацыя энергіі, што вызваляецца. У выніку акісляльнага фасфарыліравання ў клетках назапашваецца АТФ — важнейшае макраэргічнае злучэнне, якое забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці.