Калаварот ’прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом’ (Сержп.), коловоротка, коловоруток, коловорыток, коловорыдка; з гаплалогіяй складу: рус. коворыдка, ковориток ’тс’. Магчыма, стары ўсх.-слав. тэрмін, ужыты для намінацыі новай культурнай рэаліі. У краінах Заходняй Еўропы калаўротак ужываецца з XVI ст., значна пазней з’яўляецца на ўсходзе (Нікіфароўскі, Очерки, 174: «Самопрялка… появляется позже и вытесняет веретено и прялку». Параўн. яшчэ Фалінская, II, 1, 80–83. Аб складаных шляхах пранікнення рэаліі сведчаць польск. дыял. kołowrotek francuski, niemiecki, ruski, kółek ruski, francuski. Адна к гэтыя назвы могуць быць параўнальна познімі, а наогул рэалія прыйшла з захаду, і бел. форма з непаўнагалоссем з’яўляецца новай. Але не вельмі ясна, быў тут толькі ўплыў польскай лексемы ці яе запазычанне. Наяўнасць калаварот ’кругаверць’ (Нас.), шэраг значэнняў лексемы калаўротак (гл.) дазваляюць прыняць першую версію ва ўсякім разе для шэрагу значэнняў «не самапрадка». Запазычанне кантактным шляхам (інфільтрацыю) можна сцвярджаць галоўным чынам толькі для некаторых зах.-палес. форм (Фалінская. II, 2, к. 38). Інфільтрацыя, калі яна мела месца, была з польск. літар. мовы. Польск. kołowrót у розных значэннях, у тым ліку і ў многіх тэхнічных, бел. калаварот ’вір’, укр. коловорот, рус. коловорот, в.-луж. kołwrot, н.-луж. kołowrot, чэш. kolovrat, славац. kolovrat, славен. kolovrat, серб.-харв. ко̏ловрат, балг. дыял. больш далёкае фармальна і семантычна коловрътник дазваляюць рэканструкцыю прасл. злучэння kolovortъ (kolo + дэрыват ад vr̥těti). Слаўскі, 2, 371–373, дзе падрабязна аб слав. значэннях і літ-ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серабро ‘срэбра’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сірабро́ ‘тс’ (Шымк. Собр.), сры́бра ‘тс’ (Ласт.), се́рабра ‘тс’ (Касп., Др.-Падб.), жыво́е серабро́ ‘ртуць’ (Шымк. Собр.; Яшк. Мясц.), ст.-бел. серебро, сребро (Альтбаўэр), серебра (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі, 1, 248); сюды ж серэбра́нка ‘мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ), серабрыць ваду ‘класці сярэбраную манету пры купанні нованароджанага’ (Нік. Бабы). Параўн. укр. серебро́, срібро́, рус. серебро́, ст.-рус. сьребро, серебро, польск. srebro, в.-луж. slěbro, н.-луж. slobro, slabro, чэш. stříbro, славац. striebro, серб.-харв. сре́бро, славен. srebrọ̑, балг. сребро́, макед. сребро, ст.-слав. сьрекро, съребро. Прасл. *sьrebro ‘срэбра’. Слова мае балтыйскія і германскія паралелі, параўн. літ. sidãbras ‘серабро’, лат. sidrabs, гоц. silubr, с.-в.-ням., нов.-в.-ням. Silber ‘тс’, якія аднак узыходзяць да розных архетыпаў: усх.-балт. *sudrab‑/*sidarb‑, герм. *silubr‑/*silabr‑, слав. *sirabr‑, у аснове якіх нейкая назва, запазычаная разам з рэаліяй з Усходу. Трубачоў (Этногенез₂, 122) прапануе ў якасці зыходнай *śúb(h)‑riapa ‘светлая вада’, што атаясамліваецца з тапонімам Σιβριάπα, які Пталемей лакалізуе на Кубані. Махэк₂ (587) прапаноўвае сувязь з асір. sarrupum ‘тс’; Будзімір (Слав. филология, 2, 1958, 113) узводзіць да анаталійскага архетыпу *subau‑ro ‘бліскучы’. Гл. таксама Мюленбах-Эндзелін, 3, 835; Торп, 441; Фрэнкель, 780 і наст.; Фасмер, 3, 606; Борысь, 573; Сной₁, 601. Формы з псеўдапоўнагалоссем у выніку прыпадабнення зыходнага ь да наступнага е (Векслер, Гіст., 119).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́ха, ст.-бел. троха ‘крыха, невялікая колькасць’: таꙗ троха крови (ГСБМ), фіксуецца ў спалучэнні з назоўнікамі ў розных склонах з 1543 г.: тую троху земице; з тоей трохи муки, з трохою хлеба, на тросѣ соломы, а таксама з дзеясловамі, прыметнікамі і прыслоўямі, на базе якіх сфарміравалася ўжыванне ў функцыі прыслоўя (Жураўскі, БЛ, 1, 63), у тым ліку ў форме, ідэнтычнай назоўніку тро́ха ‘нямнога’ (Касп., ТС, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.; ашм., Стан.), гл. таксама траха, трохі, троху. Параўн. рус. дыял. тро́ха ‘невялікая колькасць’, польск. trocha ‘тс’, чэш. trocha ‘тс’, славац. trocha ‘тс’, старое в.-луж. trocha ‘драбніца, маласць’, н.-луж. tšocha ‘тс’, славен. troha ‘крыха, невялікая колькасць’, серб. тро̏ха ‘крошка (хлеба)’, харв. trȍha ‘тс’, балг. троха́ ‘тс’, макед. троа ‘мала, крышку’, трошка ‘крошка’, ст.-слав. троха ‘крыха, невялікая колькасць’. Прасл.*troxa (варыянт *trъxъ, параўн. ст.-рус. тръхът ‘крыха, дробная манета’) выводзяць ад прасл. *trěskati ‘трашчаць, трэскаць’, параўн. літ. trekšė́ti ‘трашчаць, хрустець’, гоц. priskan, ст.-в.-ням. drescan ‘малаціць’, што чаргуецца з прасл. *trexati ‘калаціць, трэсці’ (гл. тро́хаць) адпаведна прасл. *‑sk‑: *‑x‑, параўн. труско́м і тру́хам ‘рыссю’, гл. Сной₂, 786; Борысь, 642 (звязвае з *troska ‘тое, што з’яўляецца вынікам растрэсквання; асколак’; параўн. Брукнер, 576). Меркаванні пра сувязь з *terti (гл. церці), а таксама сумненні наконт гэтага гл. у Фасмер, 4, 107; Шустар-Шэўц, 1531; ЕСУМ, 5, 653.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туфта́ ‘хлусня’ (ТС), тухта́ ‘падман’ (Краязн. газета, 2013, 12, 6). Пранікненне з турэмна-лагернага жаргону, параўн. укр. аргат. туфта́ ‘падробка, фальшыўка’ (Горбач, Арго школярів), рус. туфта́, тухта́ ‘хлусня, падман, ашуканства’, ‘фальсіфікат, падробка’, туфте́ть ‘ілгаць, падманваць’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика), польск. tufta ‘кабета’, ‘прастытутка’, ‘падман’ (з рус., Каня, Słownik). Без пэўнай этымалогіі. Выводзяць з фін. tohko ‘гнілое дрэва’, фін. дыял. tohta ‘розныя рэчы, транты, смецце’, што з улікам асноўнага значэння жаргоннага слова ‘махлярства, калі замест дабраякаснай рэчы прадаюць падробку’ тлумачыць семантыку слова (Вострыкаў, Этим. иссл., 3, 37–38; Гарачава, Этимология–1982, 168; Арол, 4, 122; Анікін, РЭС, 2, 284). Горбач (Арго школярів, 27) параўноўвае з цюрк. takta ‘дошка’ як фігуральнае абазначэнне пачкі паперы, што выдаецца махлярамі замест упакаваных у банку асігнацый; на мажлівую цюркскую крыніцу арыентуе і балг. аргат. ту́фтя, туфти́свам ‘хлусіць’, ту́фа ‘крадзеж’, та́фя, та́фим ‘красці, хлусіць’, таф ‘хлусня, абман’ < тур. tav у розных значэннях, у тым ліку і ‘падман’, параўн. Стойкаў, Соф. ученич. говор, 24, 51. Былыя вязні сталінскіх лагераў бачаць у слове абрэвіятуру ТФТ (рус. «тяжёлый физический труд»), якая ў 1930‑я гады пранікла з лагернай зоны на волю (Шыдлоўскі, Рысы майго пакалення, Мінск, 2001, 126). Урэшце, з улікам сфер ужывання, варта звярнуць увагу на фармальнае падабенства з ід. tuft(e), toft(e), duft(e) ‘выдатны, цудоўны, першакласны’, адносна якога гл. Штэрн, Wörterbuch, 83.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушы́ць 1 ‘гасіць, спыняць гарэнне’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Яруш., Сержп. Прымхі, ТС, Юрч. Сін., Вруб.): pierunovy ahoń hrech tuszyć (Пятк. 2), перан. ‘спыняць, заглушаць, не даваць развівацца’ (ТСБМ). Параўн. укр. туши́ти ‘гасіць, супакойваць’, рус. туши́ть ‘тс’, стараж.-рус. утушити ‘задушыць’. Прасл. *tušiti ‘тушыць, супакойваць, рабіць ціхім’ — каўзатыўны дзеяслоў у адносінах да *tuxnǫti (гл. тухнуць 1), з якім знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі (Борысь, 655), роднасны ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, літ. tausýtis ‘сціхнуць (пра вецер)’, ст.-інд. tosáyati ‘супакойвае’, што да < і.-е. *tou̯s‑ ‘ціхі, мірны’ (Скок, 3, 528; Фасмер, 4, 128; ЕСУМ, 5, 687). Сюды ж адносіцца запазычанае са ст.-польск. tuszyć ‘спадзявацца, мець надзею’ ст.-бел. тушити, тушыти ‘тс’ (1577 г., ГСБМ) з развіццём значэння ад ‘супакойвацца, суцішацца’ да ‘спадзявацца’ (Борысь, 655; ЕСУМ, 5, 689), што можа лічыцца семантычнай інавацыяй часткі іранска-праславянскага моўнага арэала (Трубачоў, Труды, 2, 83).

Тушы́ць 2 ‘варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., ТС, Касп.). Укр. дыял. туши́ть ‘тс’, рус. туши́ть ‘тс’, польск. дыял. túszyć, побач з tusić, dusić ‘тс’, харв. túšiti, балг. задуша̀вам ‘тс’. Гістарычна фармальна ідэнтычнае прасл. *tušiti (гл. тушыць 1); варыянтнасць асновы слова ў розных славянскіх мовах тлумачыцца кантамінацыяй ці застаецца няяснай (Скок, 3, 528; Слаўскі, 1, 180; Махэк₂, 135).

Тушы́ць 3 ‘рабіць тухлым’, тушы́цца ‘рабіцца тухлым’ (Юрч. СНЛ). Да ту́хлы (гл.) з чаргаваннем х > ш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРГА́Н (ад грэч. organon прылада, інструмент),

клавішна-духавы муз. інструмент.

Складаецца з мноства трубаў (металічных і драўляных, лабіяльных і язычковых, адкрытых і закрытых) розных памераў і формаў, кожная з якіх дае гук пэўнай вышыні і тэмбру, паветранагнятальнага механізма (мяхі, паветраправоды), апарата кіравання — кафедры, дзе размешчаны клавіятуры для рук (2—7 мануалаў) і ног (1—2 педалі), дапаможныя прыстасаванні (кнопкі, рычагі, рэгістравыя ручкі); сістэма перадачы (трактура) — электрамеханічная (пры ёй кафедра можа перамяшчацца на эстрадзе). Групы трубаў аднаго тэмбру, але рознай вышыні гучання ўтвараюць рэгістры. З-за вял. памераў, шырокага гукавога дыяпазону, багацця тэмбраў і іх спалучэнняў арган наз. «каралём інструментаў».

Вадзяны арган (гідраўлас) вядомы з 3 ст. да н. э. З 4 ст. ў Візантыі выкарыстоўваўся як свецкі інструмент, з 8 ст. паявіўся ў Зах. Еўропе, дзе ўведзены ў каталіцкія храмы. Росквіт арганнага мастацтва (16—18 ст.) звязаны з развіццём арганабудаўніцтва (сярод вядомых майстроў А.​Шнітгер, сем’і Каспарыні, Зільберманаў), узнікненнем арганных школ у Італіі, Францыі, Іспаніі, Нідэрландах, Германіі, дзейнасцю кампазітараў і выканаўцаў (А. і Дж.​Габрыелі, Дж.​Фрэскабальдзі, Ф.​Куперэн, І.​Пахельбель, І.​С.​Бах). У 19—20 ст. для аргана пісалі Ф.​Ліст, М.​Рэгер, П.​Хіндэміт, А.​Месіян, у Расіі С.​Танееў, Ф. і А.​Гедыке, Р.​Шчадрын і інш. На Беларусі паяўленне аргана, дакументальна засведчанае ў пач. 16 ст., абумоўлена распаўсюджаннем каталіцкага веравызнання, буд-вам касцёлаў, правядзеннем службаў. Захаваліся арганы, багата дэкарыраваныя ў барочным і класіцыстычным стылях у касцёлах езуітаў і францысканцаў у Гродне, у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на. Мясц. музыканты атрымлівалі адукацыю ў Варшаве, Вільні, Мінску (у 1871—97 існавала Мінскае вучылішча арганістаў). У 2-й пал. 20 ст. арган і выканальніцтва на ім сталі прыкметнай з’явай свецкай муз. культуры рэспублікі. Арган ўстаноўлены ў Бел. філармоніі (1963), у зале камернай музыкі Бел. філармоніі ў Троіцкім Залатагорскім касцёле (1983), у Полацкім Сафійскім саборы (1985). Сярод бел. арганістаў А.​Янчанка, К.​Шараў. Музыку для аргана пішуць бел. кампазітары А.​Залётнеў, А.​Навахрост, Л.​Шлег і інш.

І.​Дз.​Назіма.

Арган у зале Беларускай філармоніі.
Арган Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 1762.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БА,

чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.

Літ.:

Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;

Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;

Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.

С.​П.​Макараў.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭКАЗНА́ЎСТВА,

галіна навукі, якая распрацоўвае тэарэт. асновы грамадскага карыстання творамі друку. Асн. яго задачы: развіццё тэорыі бібліятэчнай справы, аналіз заканамернасцяў гэтага развіцця як сац. з’явы, стварэнне бібліятэк і аб’яднанне іх у адзіную сетку, камплектаванне і арганізацыя бібліятэчных фондаў, іх каталагізацыя і класіфікацыя, інфармацыйная і бібліягр. дзейнасць, абслугоўванне чытачоў. Раздзелы бібліятэказнаўства: агульнае бібліятэказнаўства даследуе агульныя прынцыпы і заканамернасці арганізацыі грамадскага выкарыстання кніжных багаццяў, метадалагічныя, агульнатэарэтычныя і інш. пытанні; бібліятэчныя каталогі і фонды вывучаюць тэорыю, гісторыю апрацоўкі твораў друку, тэорыю, гісторыю і методыку фарміравання і камплектавання фондаў, арганізацыі і кіравання; абслугоўванне чытачоў распрацоўвае тэорыю і методыку абслугоўвання чытачоў (вывучэнне попыту чытачоў, методыка прапаганды л-ры, арганізацыя работы на абанеменце, чытальнай зале і інш.); бібліятэчна-інфармацыйны маркетынг і менеджмент даследуе канцэпцыю паводзін стваральніка бібліятэчна-інфарм. твораў і паслуг ва ўмовах рыначнай эканомікі, распрацоўвае тэорыю і методыку арганізацыі, тэхналогіі і працы ў б-цы, эканоміку бібліятэчнай справы, структуру і прынцыпы арганізацыі адзінай сістэмы б-к і кіраванне бібліятэчнай справай; гісторыя бібліятэчнай справы вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця б-к, бібліятэчных сістэм і сетак, эвалюцыю тэорыі і поглядаў грамадства на арганізацыю грамадскага карыстання кнігамі ў мінулым і на сучасным этапе; распрацоўваюць методыку выкарыстання вылічальнай, капіравальна-размнажальнай тэхнікі, аўдыёвізуальных і інш. тэхн. сродкаў у розных працэсах у б-цы. Метадалагічныя асновы і праблематыку бібліятэказнаўства на кожным гіст. этапе вызначаюць ідэалогія і сац.-эканам. ўмовы. На сучасным этапе развіцця ў цэнтры ўвагі бібліятэказнаўства праблемы: прырода, сутнасць, змест і сац. ўмовы фарміравання інтарэсаў чытачоў; месца і роля б-кі ў сістэме навук. і тэхн. інфармацыі; навук.-тэарэт. асновы адзінай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Вядучыя цэнтры навук. даследаванняў у галіне бібліятэказнаўства на Беларусі — Бібліятэка нацыянальная Беларусі, кафедра бібліятэказнаўства Беларускага універсітэта культуры. Падрыхтоўка бібліятэчных кадраў вядзецца на ф-це бібліятэчна-інфарм. сістэм Бел. ун-та культуры. Пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўства і бібліяграфіі на Беларусі зрабілі Ю.І.Бібіла, Н.Б.Ватацы, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі і інш.

Літ.:

Шира Д.Х. Введение в библиотековедение: Пер. с англ. М., 1983.

У.​А.​Акуліч.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),

форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.

Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).

На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ ІАНІЗАВА́ЛЬНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

біяхімічныя, фізіял., генет. і інш. змяненні, што ўзнікаюць у жывых клетках і арганізмах пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў. Дзеянне на арганізм залежыць ад віду і дозы выпрамянення, умоў апрамянення і размеркавання паглынутай дозы ў арганізме, фактару часу апрамянення, выбіральнага пашкоджання крытычных органаў, а таксама ад функцыян. стану арганізма перад апрамяненнем. Асн. вынікам узаемадзеяння іанізавальных выпрамяненняў са структурнымі элементамі клетак жывых арганізмаў з’яўляецца іанізацыя, якая прыводзіць да індуцыравання розных хім. і біял. рэакцый ва ўсіх тканкавых сістэмах арганізма. Радыебіял. працэсы, што ідуць на ўзроўні клеткі, ідэнтычныя для чалавека, жывёл і раслін. Адрозненне паміж імі выяўляецца на ўзроўні арганізма. Вылучаюць 2 асн. класы радыебіял. эфектаў: саматычныя (да іх належаць рэакцыі элементаў біясістэмы, што ідуць на працягу ўсяго антагенезу) і генет. (змены, якія рэалізуюцца ў наступных пакаленнях). Да саматычных належаць: радыяцыйная стымуляцыя, радыяцыйныя парушэнні, прамянёвая хвароба, паскарэнне тэмпаў старэння, скарачэнне працягласці жыцця, гібель арганізма. Генетычныя (ці мутагенныя) эфекты іанізавальных выпрамяненняў найбольш небяспечныя. Уздзейнічаючы на ДНК саматычных і генератыўных клетак, іанізавальныя выпрамяненні могуць выклікаць мутацыі, злаякасныя перараджэнні клетак. Ступень біялагічнага дзеяння іанізавальных выпрамяненняў залежыць і ад радыеадчувальнасці: маладыя арганізмы больш адчувальныя да выпрамяненняў, паўлятальная доза (D50) для большасці млекакормячых не перавышае 4—5, для некаторых раслін дасягае 30—40 і больш за сотню грэй. У арганізмах вылучаюцца крытычныя органы, якія першыя рэагуюць на іанізавальныя выпрамяненні: у чалавека і жывёл гэта касцявы мозг, эпітэлій страўнікава-кішачнага тракту, эндатэлій сасудаў, хрусталік вока, палавыя залозы; у вышэйшых раслін — утваральныя тканкі (мерыстэмы). Асобнае месца пры ўздзеянні на біясістэмы належыць малым дозам іанізавальных выпрамяненняў, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ператварыліся ў паўсядзённы фактар асяроддзя на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях Беларусі, Украіны, Расіі. Рэгулёўнае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў шырока выкарыстоўваецца ў медыцыне (рэнтгенадыягностыка, радыетэрапія, выкарыстанне ізатопных індыкатараў і інш.), сельскай гаспадарцы (радыяцыйны мутагенез і інш.).

Літ.:

Кудряшов Ю.Б., Беренфильд Б.С. Основы радиационной биофизики. М., 1982;

Кузин А.М. Структурнометаболическая теория в радиобиологии. М., 1986;

Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;

Гродзинский Д.М. Радиобиология растений. Киев, 1989;

Гудков И.Н. Основы общей и сельскохозяйственной радиобиологии. Киев, 1991.

А.​П.​Амвросьеў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)