пусты́ня, ‑і, ж.
1. Вялікая, звычайна бязводная прастора з беднай расліннасцю або без расліннасці. Пустыня Сахара. Пустыня Каракумы. // перан.; якая або чаго. Прастора, якая рассцілаецца на вялікую адлегласць. Снежная пустыня. □ Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе маркотна выступалі адны толькі парыжэлыя купіны з сухою леташняю травою. Колас.
2. перан. Бязлюднае, разбуранае, зруйнаванае месца. Няваду больш узнепакоіла агульная сумліцкая пустыня, чым пустыня гэтай хаты. Чорны. — Вясна наступіла, а ў мяне ні кала, ні двара. Пустыня, — скардзілася трэцяя [жанчына], — страха цячэ, як рэшата. Сергіевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбо́р, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1–7 знач.).
2. (звычайна з прыназоўнікамі «з» і «без»). Разм. Выбар, адбор. Лес тут быў калгасны, высякалі яго многа і без разбору. Б. Стральцоў. Я разумею: крытыкаваць .. трэба, без гэтага нельга, але крытыкуй з разборам. Хадкевіч.
3. Разгляд судовай справы. Судовы разбор. □ [Сымон:] Адбудую хату нанава, гаспадарку нанава завяду.. Вось толькі .. разбору дзела дачакацца! Купала.
•••
На (пад) шапачны разбор; на разбор шапак — пад канец справы, пад канец (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сентымента́льнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць, якасць сентыментальнага (у 2 знач.). Сентыментальнасць адносін. // Залішняя чуллівасць, сентыментальныя адносіны да каго‑, чаго‑н. [Яраш] ніколі не бачыў у яе праяў сентыментальнасці, [Маша] заўсёды была строгая і маласлоўная. Шамякін. [Канькоў:] — Тамарка, родная... — А вось гэта ўжо лішняя сентыментальнасць. Асіпенка. // звычайна мн. (сентымента́льнасці, ‑ей). Сентыментальныя ўчынкі; сентыментальныя выразы. Гаварыць сентыментальнасці. □ Уборачная? — угадвала Андрэева думкі Ніна. Андрэй усміхнуўся. — Не, Ніначка, не ўборачная... Так, сентыментальнасці. Лобан.
2. Асаблівасці, характэрныя для сентыменталізму як літаратурнага кірунку. П’еса «Машачка» [А. Афінагенава] не пазбаўлена рыс сентыментальнасці. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Разм. Хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты, без справы); бадзяцца без работы. І па шырокім тратуары Ужо сланяюцца не пары, А хлопцы крочаць на завод, І кожнаму — дваццаты год. Грахоўскі. Вавіць час застаўся Дома матчын сын, З кута ў кут сланяўся Без яе, адзін. Калачынскі. Палонныя сланяліся, як сонныя мухі, па двары і хаваліся ў будынак. С. Александровіч.
2. Злёгку хістацца. Сланяцца ад стомы. □ [Маці:] — Што ты, здурэў? Чалавек з голаду аж сланяецца, а ён — галіцца. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сло́ўнік, ‑а, м.
1. Кніга, у якой сабраны і размешчаны ў пэўным парадку (звычайна ў алфавітным) словы з тлумачэннем або з перакладам на іншую мову. Тлумачальны слоўнік. Беларуска-рускі слоўнік. Арфаграфічны слоўнік. Дыялектны слоўнік.
2. толькі адз. Сукупнасць слоў, якія выкарыстоўваюцца кім‑н. або дзе‑н.; лексіка. Узбагачэнне слоўніка дзяцей. Паэтыка коласаўскіх паэм, іх паэтычны слоўнік самым цесным чынам звязаны з тагачаснай сучаснасцю. Навуменка.
•••
Частотны слоўнік — тып слоўніка, у якім даюцца лічбавыя характарыстыкі ўжывальнасці слоў (словаформ, словазлучэнняў) у якой‑н. мове.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да сунуць (у 1–5 знач.).
2. каго-што. Перамяшчаць, перасоўваць з месца на месца. Варушыць Аўгіня вілачнікам гаршкі, чапялой патэльню совае да вуголляў. Бядуля. Потым пасажыры совалі кашалёк нагамі, пакуль ён не апынуўся ў кутку, дзе стаяў безбілетны Віця. Якімовіч.
3. безас. Разм. Пра рэзкі боль. Совае ў калена.
•••
Соваць (сунуць, тыцкаць) нос куды — умешвацца ў што‑н., звычайна не ў сваю справу.
Соваць (тыцкаць) пад нос каму — даваць, паказваць што‑н. непачціва, абы-як.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сплаў 1, сплаву, м.
Сумесь, злучэнне двух або некалькіх плаўкіх цел (звычайна металаў). Лёгкія сплавы. □ Акрамя адлівак з шэрага чыгуну, на некаторых заводах дарэвалюцыйнай Беларусі было асвоена прымітыўным спосабам ліццё медных сплаваў. «Весці». // перан. Злучэнне розных элементаў, частак і пад. чаго‑н. Мова літоўскіх летапісаў з’яўляецца своеасаблівым сплавам старой кніжнай мовы з элементамі жывой беларускай гаворкі. Шакун. [Паэма М. Танка] «Нарач» — смелая спроба зліць у адным сплаве элементы эпасу, лірыкі, драмы. Бярозкін.
сплаў 2, сплаву, м.
Дзеянне паводле дзеясл. сплаўляць 2 — сплавіць 2 (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумятлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны мітусіцца; залішне мітуслівы. Рухавы, трошкі сумятлівы, з вялікімі збянтэжанымі вачыма,.. [Антось] меў выгляд вінаватага чалавека. Дуброўскі. Чыстае, свежае ранішняе паветра разносіла .. песні жаваранкаў, шчэбет сумятлівых вераб’ёў, гагатанне гусей і гарластае ку-ка-рэ-ку верханскіх пеўняў. Колас.
2. Поўны сумятні, клопатаў, мітусні. Сумятлівы рэдакцыйны дзень пачаўся як звычайна. Сабаленка. Ноч цёмная і сумятлівая, людзі адно страляюць, крычаць ды бегаюць. Чыгрынаў. // Які сведчыць пра сумятню, перапалох. Набліжалася Масква. У вагоне той сумятлівы беспарадак, які заўжды пачынаецца ў канцы падарожжа. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укаці́ць, укачу, укоціш, укоціць; зак.
1. што. Закаціць што‑н. круглае або на колах унутр чаго‑н. Укаціць калёсы ў гумно. □ [Касперскі:] А бочку, хлопцы, укоціце ў склеп... Тут нельга пакідаць. Гурскі.
2. перан.; што каму. Разм. Зрабіць, учыніць (звычайна што‑н. непрыемнае). Укаціць вымову прагульшчыку. Укаціць вучню двойку. □ [Валянціна Міхайлаўна:] — А летась тут, у нас, памятаеце, колькі мы вам [Андрэй Іванавіч] уколаў укацілі. Васілевіч.
3. Разм. Уехаць куды‑н. Добра ціскануў па педалі і праз гадзіну ўкаціў у тую самую алейку з вязамі. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чалаве́цтва, ‑а, н.
Усе людзі планеты, чалавечы род, чалавечае грамадства. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла новую эру ў гісторыі чалавецтва. □ Чалавецтва прайшло вялікі шлях, і гэты шлях нас вучыць. Чорны. У 2000 годзе чалавецтву для задавальнення яго энергетычнай патрэбы неабходна будзе прыблізна 30×1010 тон паліва. «Маладосць». // з азначэннем. Вялікая колькасць людзей, частка чалавечага грамадства, аб’яднаная якой‑н., звычайна перадавой ідэяй. Прагрэсіўнае чалавецтва. Міралюбівае чалавецтва. □ Перадавое чалавецтва — Народы ўсіх акрас і моў Злучылі моцна сэрца з сэрцам. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)