ЦЁРКС І КА́ЙКАС, Цёркс і Кайкас астравы (Turks and Caicos Islands),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх.ч. архіпелага Багамскія а-вы ў Атлантычным ак. Уключаюць 2 аднайм. групы астравоў (каля 40 астравоў, з іх 8 населеныя). Пл. 430 км². Нас. 18,7 тыс.чал. (2002). Адм. ц. — Коберн-Таўн на в-ве Гранд-Цёрк. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень канстытуцыі (30 жн.).
Прырода. Астравы нізінныя, складзены з вапнякоў, акаймаваны каралавымі рыфамі. Пашыраны карст. Клімат трапічны, пасатны; дажджлівы перыяд з мая да кастрычніка. Сярэднія месячныя т-ры 23—27 °C, ападкаў больш за 1000 мм. Моцныя вятры, частыя ўраганы. Шмат салёных азёр. Прэснай вады мала. Зараснікі вечназялёных хмызнякоў, гаі какосавых пальмаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва негры і мулаты. Жывуць таксама англічане і амерыканцы (абслуговы персанал і ваеннаслужачыя ваенна-марской базы ЗША). Вернікі — пераважна пратэстанты (баптысты, метадысты, англікане). Сярэдняя шчыльн. 43,6 чал. на 1 км². У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у абслуговых галінах 80%.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў, афшорная фін. дзейнасць і рыбалоўства. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 128 млн.дол., каля 7,3 тыс.дол. на 1 чал. (1999). Штогод краіну наведвае каля 93 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША. Асн. даход адміністрацыі астравоў — банкаўскі і фін. сектары. На Ц. і К. замежныя кампаніі вызвалены ад падаткаў на прыбытак, адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай. Рыбалоўства мае экспартнае значэнне. Улоў рыбы і морапрадуктаў каля 1,6 тыс.т штогод, у т. л. каля 1 тыс.т лангустаў. На астравах найб. ў свеце ферма па вырошчванні малюскаў. Ёсць невял. рыбакансервавыя прадпрыемствы. Вытв-сць электраэнергіі 5 млн.кВт∙гадз (2000). Здабыча солі. Саматужныя промыслы. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 2% плошчы. Вырошчваюць кукурузу, бабовыя, маніёк, какосы, цытрусавыя, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Птушкагадоўля. Унутр. транспарт аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 121 км. Гал. парты: Коберн-Таўн, Провідэнсьялес. 8 аэрапортаў, у т. л. 4 міжнар. (на а-вах Гранд-Цёрк, Саўт-Кайкас, Норт-Кайкас, Провіндэнсьялес). Экспарт (13,7 млн.дол., 1999) амараў, лангустаў, марскіх ракавін. Імпарт (175,6 млн.дол., 1999) прадуктаў харчавання, тытуню, паліва, прамысл. тавараў, буд. матэрыялаў. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Гісторыя. Астравы адкрыты іспанцамі ў 1512, у 17 ст. заселены каланістамі з Багамскіх а-воў. З 1766 уладанне Вялікабрытаніі. У 1874—1962 у адм. падпарадкаванні Ямайкі. У 1959 астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне, 30.8.1976 прынята канстытуцыя. На в-ве Гранд-Цёрк базы ВВС і ВМС ЗША. На выбарах у Заканад. сход 4.3.1999 перамагла партыя Нар.дэмакр. рух (правячая з 1995). Губернатар са студз. 2000 М.Джонс, гал. міністр са студз. 1995 Д.Тэйлар. Паліт. партыі: Нар.дэмакр. рух і Прагрэс. нацыянальная партыя. Дзейнічае Прафсаюз прамысл. рабочых Сент-Джорджэса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ХІ (ад ням. Zeche знак),
аб’яднанні рамеснікаў адной ці некалькіх блізкіх прафесій у феад. гарадах. Найб.пашыраны былі ў гарадах Зах. Еўропы ў 13—15 ст. Манапалізавалі вытв-сць і збыт прадукцыі, абаранялі рамеснікаў ад самаўладдзя феадалаў і канкурэнцыі інш. рамеснікаў ва ўмовах вузкага ўнутр. рынку. Унутр. дзейнасць Ц. вызначалася статутамі (зацвярджалі манархі краін, а ў прыватнаўласніцкіх гарадах — іх уладальнікі), якія рэгламентавалі вытв-сць і збыт прадукцыі, якасць сыравіны і гатовых вырабаў, тэхналогію вытв. працэсу, час і ўмовы работы, арганізацыю навучання і інш. Ц. кантралявалі паводзіны сваіх членаў, наладжвалі ўзаемадапамогу. На Беларусі першыя Ц. ўзніклі ў 15 ст. з наданнем гарадам магдэбургскага права (ім папярэднічалі рамесніцкія брацтвы без пісьмовых статутаў), пашырыліся ў 16 ст. Яны развіваліся на зах.-еўрап. ўзор, але мелі асаблівасці: спалучалі Традыц. нормы рамесных брацтваў з магдэбургскім правам; пераважалі Ц. з работнікаў некалькіх спецыяльнасцей; характарызаваліся канфесіянальнай памяркоўнасцю. На чале Ц. стаялі цэхмістры (старасты), якіх выбіралі штогод; паўнапраўнымі членамі Ц. былі майстры, ім падпарадкоўваліся падмайстры, чаляднікі («таварышы»), вучні («хлопцы»). У некат. Ц. выбіраліся дапаможныя службовыя асобы — ключнікі, сталовыя, шафары, пісары, інстыгатары. Цэхавыя рамеснікі падлягалі юрысдыкцыі магістрата і феадалаў. Ц. ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці горада, выконвалі вайск. і інш. павіннасці на карысць дзяржавы ці ўладальніка горада. Для разбору выпадкаў парушэння цэхавых статутаў, цяжбаў і прэтэнзій паміж майстрамі склікаліся спец. сходкі Ц. Права суд. разбору і вызначэння меры пакарання належала цэхмістрам (часам са старэйшымі майстрамі). Рашэнне цэхавага суда мела права адмяніць гар. рада. У 2-й пал. 18 ст. Ц. ў дзярж. гарадах падначалены «камісіям добрага парадку».
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі бел. Ц. прыведзены ў адпаведнасць з цэхавай арг-цыяй, уведзенай Пятром I у 1721—22 на ўзор зах.-еўрап. рамесных аб’яднанняў і канчаткова вызначанай Даравальнай граматай гарадам 1785, якая патрабавала пагалоўнага запісу рамеснікаў у Ц ; у 1799 прыняты дзярж. «Статут цэхаў». Ц. былі падначалены рамесным управам, якія прымалі і выключалі рамеснікаў са складу Ц., збіралі падаткі, рэгулявалі вытв. дзейнасць. Рамеснікі падзяляліся на вечна-цэхавых (запісваліся ў Ц. «навечна» і карысталіся правамі мяшчан) і часова-цэхавых. Закон 1852 спрасціў кіраванне Ц., скасаваў цэхавыя арг-цыі ў невял. гарадах і мястэчках, увёў асобны цэхавы стан, адрозны ад мяшчанскага. У 1-й пал. 19 ст. колькасць цэхавых рамеснікаў расла (у 1830-я г. ў Мінску 455 майстроў, 100 падмайстраў, 187 вучняў) і значна перавышала колькасць пазацэхавых рамеснікаў, але з 2-й пал. 19 ст. пачала зніжацца. Цэхавая вытв-сць сустракала ўсё большую канкурэнцыю з боку прадпрыемстваў капіталіст. прам-сці. Цэхавая арг-цыя існавала ў Расіі да 1917, у Зах. Беларусі — да 1930-х г.
Літ.:
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1975;
Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАДЗЕ́ЙНЫЯ КА́ЗКІ,
жанравая разнавіднасць казачнага эпасу; казкі з тыповымі сюжэтамі, матывамі, будовай, дзе прысутнічаюць чарадзейства, незвычайныя героі, змагаюцца сілы дабра і зла, але заўсёды перамагае справядлівасць. Міжнар. паказальнікі казачных сюжэтаў адносяць Ч.к. да «ўласна казак». У іх аснове міфічнае светаўспрыманне, адметная сістэма вобразаў, у якой звычайна супрацьпастаўлены асілкі, іх памочнікі і іх ворагі, што ўвасабляюць варожыя людзям сілы. Існуюць розныя схемы класіфікацыі і падзелу Ч.к. на сюжэтна-тэматычныя групы. Першая група аб’ядноўвае казкі героіка-фантаст. зместу, творы маштабныя, прасякнутыя пафасам барацьбы з варожымі народу сіламі (Цмок, Кашч і інш.). Іх гал. героі асілкі — змагары за праўду, справядлівасць, абаронцы пакрыўджаных (Кацігарошак, Івашка Мядзведжае Вушка, Іван Удовін сын). У другую групу ўваходзяць Ч.к., пабудаваныя на сямейных калізіях. Яны маюць шмат агульных рыс у змесце, сістэме вобразаў, паэтыцы. Важнае месца ў гэтых казках займае матыў здабывання чарадзейнай жонкі, з дапамогай якой герой пазбаўляецца галечы і помсціць свайму крыўдзіцелю («Няшчасны егар», «Іван Васілевіч стралок» і інш.). Да гэтай групы адносяцца казкі, у якіх маст. вобразы звязаны з татэмістычнымі вераваннямі («Царэўна-жаба», «Сястрыца Алёнушка і брацец Іванушка», «Рак-царэвіч»), а таксама казкі пра бязвінна пакрыўджаных сірот. Да трэцяй групы адносяцца Ч.к., што адлюстравалі нар. ўяўленні аб праўдзе, крыўдзе, горы, лёсе, смерці, якія персаніфікуюцца, дапамагаюць раскрыць іх глыбінны сэнс.
Узніклі ў дакласавы і раннекласавы перыяд грамадства, што характарызуецца моцнай залежнасцю чалавека ад навакольнай прыроды, розныя з’явы якой ён адухаўляў, надзяляў уласнымі гіпербалізаванымі якасцямі. На гэтай ступені развіцця грамадскай свядомасці розным народам уласціва міфалагізаванне, г.зн. бессвядома-маст. перапрацоўка прыроды і грамадскіх адносін у фантазіі і пры дапамозе фантазіі. Міфалогія склала светапоглядную аснову Ч.к., фантастыка якіх адпавядала агульнаму ўзроўню грамадскай свядомасці, таму абапіралася на элементы татэмізму, анімізму, фетышызму і інш. вераванняў старажытнасці. Маст. выдумка казак не адрывалася ад жыцця. У многіх з іх увасоблены малюнкі сял. працы, якую героі самі або з дапамогай цудоўных памочнікаў робяць вельмі хутка, прыгожа і вынікова. Аднак сувязь прац. пачатку і мастацтва не з’яўляецца непасрэднай і прамалінейнай, і чым больш казка аддаляецца ад сваіх вытокаў, тым больш апасродкаваны характар яна набывае.
У бел. Ч.к. сюжэтны склад налічвае каля 220 сюжэтных тыпаў і падтыпаў. Большасць з іх міжнар., аднак ёсць сюжэты, выяўленыя толькі ў бел. фальклоры: «Рука-невідзімка і тры сястры», «Меч-самасек і жана-ведзьма» і інш.Найб.пашыраны Ч.к. «Тры царствы», «Бой на калінавым мосце», «Дзівосныя дзеці» і інш. Часта ў адным творы аб’ядноўваюцца 2 і больш сюжэтаў, утвараючы адзінае маст. цэлае. Напр., асн. сюжэт пра асілкаў-змеяборцаў часам ускладняецца сюжэтамі «Цудоўныя памочнікі», «Сіўка-Бурка» і інш.
Публ.:
Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мн., 1971;
Чарадзейныя казкі. Ч. 1—2. Мн., 1973—78.
Літ.:
Пропп В.Я. Исторические корни волшебной сказки. Л., 1946;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯМА́ЛА-НЕ́НЕЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У Цюменскай вобл.Рас. Федэрацыі. Размешчана на ПнЗах. Сібіры, часткова за Паўн. палярным кругам; уключае і групу астравоў у Карскім м. (Белы, Алені, Шакальскага і інш.). Утворана 10.12.1930. Пл. 750,3 тыс.км². Нас. 507,4 тыс.чал. (2002), гарадскога 83%. Цэнтр — г.Салехард. Найб. гарады: Наябрск, Новы Урэнгой, Надым (гл. карту да арт.Цюменская вобласць).
Асн. ч.тэр. — забалочаная нізінная раўніна. На Пн, да берагоў Карскага м. і яго заліваў, прылягаюць прыморскія раўніны, на Пдпашыраны марэнныя і водна-ледавіковыя раўніны. На З адгор’і Палярнага Урала (выш. да 1499 м, г. Паер), на ПдЗ Сібірскія Увалы і Паўн.-Сосьвінскае ўзвышша. Карысныя выкапні: прыродны газ (каля 6 трлн. м³; 37% сусв. і 90% запасаў Расіі), нафта і газавы кандэнсат (каля 1 млрд.т; 12% запасаў Расіі), золата, свінец, фасфаты, храміты, вапнякі і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма суровая, доўжыцца каля 8 месяцаў, з частымі мяцеліцамі і моцнымі бурамі. Сярэдняя т-растудз. ад -22 да -26 °C. Лета кароткае (каля 50 дзён), халаднаватае, з густымі туманамі. Сярэдняя т-раліп. ад 4 да 14 °C. Ападкаў 200—400 мм за год. На тэр. акругі каля 48 тыс. рэк, у т. л. 200 з даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі — Об, Таз, Надым, Пур, Месаяха. Каля 300 тыс. азёр, пераважна ледавіковага паходжання. Глебы тундравыя, глеевыя, балотныя, на Пд глеева-падзолістыя і падзоліста-балотныя. З Пн да Пд арктычная мохавалішайнікавая і хмызнячковая тундры паступова зменьваюцца лесатундрай. На Пд, па берагах рэк і азёр, лясы з сіб. лістоўніцы, елкі і кедра. У тундры трапляецца паўн. алень, заяц-бяляк, пясец і воўк; у паўд.ч. — собаль, каланок, вавёрка, бурундук, з птушак — белая і тундравая курапаткі, глушэц, рабчык і інш. У рэках і азёрах шмат рыбы (асетр, нельма, муксун, сіг), у Обскай і Тазаўскай губах водзяцца бялуха, нерпа. Верхнятазаўскі запаведнік.
Гал. галіна прам-сці — нафтагазавая (90% агульнага аб’ёму прадукцыі) уключае здабычу, першасную апрацоўку і транспарціроўку газу і нафты. Штогод здабываюць 530 млрд.м³ газу і 30 млн.т нафты і газавага кандэнсату. Асн. радовішчы газу — Урэнгойскае, Мядзведжае, Ямбургскае, Вэнгапураўскае і інш.; нафты — Халмагорскае і інш. Газаперапрацоўка на з-дах у Мураўленка, Наябрску, Вэнгапуры. Асн. прадпрыемствы галіны ў складзе канцэрна «Газпрам». Вытв-сць электраэнергіі на Урэнгойскай ДРЭС. Развіты лясная і дрэваапр.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ў Салехардзе (рыбакансервавы, малочны і інш. з-ды), Наябрску і інш. Аленегадоўля. Зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка). Пушны промысел. Бульбаводства (каля г. Салехард, у Краснаселькупскім, Шурышкарскім, Пураўскім р-нах). Даўж. чыгункі 495 км (Сургут—Новы Урэнгой, Сейда—Лабытнагі). Развіты трубаправодны транспарт. Сістэма газаправодаў звязвае акругу з еўрап.ч. Расіі, Уралам, Пд Сібіры, з замежнымі краінамі. Суднаходства па рэках Об, Надым, Пур, Таз і Паўн. марскім шляху. 3 аэрапорты. Мясц. перавозкі на аленях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКОМЫЯ.
Фауну насякомых Беларусі вызначае рознахарактарнасць ландшафтаў краіны, спрыяльныя ўмовы асяроддзя. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атрадаў. Найбольшыя атрады: двухкрылыя; жукі, або цвердакрылыя; матылі, або лускакрылыя; перапончатакрылыя. Сярод інш. найбольш відаў з атрадаў блох, клапоў, або паўцвердакрылых, раўнакрылых, стракоз, трыпсаў, шыцікаў (ручайнікаў). У атрадзе жукоў найбольш шматлікія сямействы божых каровак, вусачоў, даўганосікаў, жужаляў, караедаў, лістаедаў, пласцініставусых, плывунцоў, стафілінід, трубкакрутаў, шчаўкуноў. Сярод матылёў найбольш трапляюцца агнёўкі, блакітніцы, бялянкі, выемчатакрылыя молі, ліставёрткі, німфаліды, пядзеніцы, соўкі. З атрада перапончатакрылых найлепш вывучаны іхнеўманіды, мурашкі, наезнікі-браканіды, пільшчыкі, хальцыды, чмялі. З двухкрылых найбольш пашыраны галіцы, даўганожкі, журчалкі, званцы, злакавыя мушкі, камары, макрацы, мошкі, тахіны. Жывуць на палях, лугах, у лясах, садах, агародах, вадаёмах і інш. Фауна насякомых Беларусі мае мяшаны характар. Аснову яе складаюць палеарктычныя і заходнепалеарктычныя віды, звязаныя з лясной зонай. Ёсць віды еўрапейскія, еўрапейска-сібірскія, старажытнаўсходне-міжземнаморскія і міжземнаморскія. Блохі, вошы, камары, мухі, пухаеды, сляпні і інш. — насякомыя-паразіты чалавека, дзікай і свойскай жывёлы, крывасмокі і пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб. Асноўныя шкоднікі с.-г. культур: азімая соўка, даўганожка балотная, ільняныя блошкі, ільняная і гарохавая пладажэркі, каларадскі жук, канюшынны насенняед, моль капусная, мухі бураковая і шведская, паласаты шчаўкун, соўкагама, лубінавы слонік. Шкодзяць садам: медзяніца, кветкаед яблыневы, пільшчык вішнёвы слізісты, пладажэркі слівавая і яблыневая, тлі; шкоднікі лясоў: вусачы, караеды, пільшчыкі хваёвыя, пядзенік зімовы, шаўкапрад хваёвы. Псуюць зерне і прадукты яго перапрацоўкі: агнёўка мучная, даўганосік свірнавы, хрушчакі малы, мучны і інш. Вялікую карысць прыносяць насякомыя-апыляльнікі і энтамафагі — некаторыя жукі, пчолы, чмялі. Насякомыя і іх лічынкі, якія жывуць у глебе, адыгрываюць значную ролю ў глебаўтваральных працэсах. У барацьбе з насякомымі-шкоднікамі палёў і садоў выкарыстоўваюць яйцаеда-трыхаграму, агратэхнічныя, біялагічныя, хімічныя метады. Рассяляюць рыжых лясных мурашак, якія знішчаюць шкоднікаў лесу.
У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі ўключана 79 відаў насякомых.
Літ.:
Фауна и экология насекомых Белоруссии. Мн., 1979;
Влияние хозяйственной деятельности человека на беспозвоночных. Мн., 1980;
Панкевич Т.П. Пилильщики — вредители сельского и лесного хозяйства Белоруссии: (Эколого-фаунист. характеристика основных комплексов вредителей). Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́Й (Paraguay), Рэспубліка Парагвай (гуарані Tetâ Paraguay, ісп. República del Paraguay),
дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Балівіяй, на У з Бразіліяй, на Пд і З з Аргенцінай. Пл. 406,8 тыс.км². Нас. 5434,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — гуарані і іспанская. Сталіца — г.Асунсьён. Краіна падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (14 мая).
Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеаг. выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Кангрэсу (Палата дэпутатаў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на ўсеаг. выбарах на 5 гадоў, выканаўчая — ураду, які прызначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр краіны займае алювіяльная нізіна р. Парагвай, на ПнУ — ускраіны Бразільскага пласкагор’я, на З — раўніна Гран-Чака (выш. да 500 м, асобныя ізаляваныя горы выш. да 1000 м). Ёсць невял. радовішчы жал., марганцавых і медных руд, кухоннай солі, нафты і інш. Клімат трапічны, на У вільготны, на З сухі. Сярэдняя т-раліп. 17—19 °C, студз. 27—29 °C. Ападкаў ад 2200 мм на У да 700—1000 мм за год на З. Рачная сетка на У і ў цэнтры густая. Гал. рэкі Парана і яе прыток Парагвай. Пад лесам і хмызнякамі 32% тэрыторыі. На У мяшаныя трапічныя лясы, на З трапічнае рэдкалессе з каштоўнымі пародамі дрэў (квебраха, гуаякан, альгараба і інш.) і ўчасткі саваннаў. У складзе жывёльнага свету ягуары, тапіры, браняносцы, мурашкаеды, малпы, нутрыі, шмат птушак і змей. Нац. паркі — Дэфенсорэс-дэль-Чака, Тынфунке і інш.
Насельніцтва. Каля 95% складаюць парагвайцы — народ, які сфарміраваўся ад змяшання індзейцаў гуарані з нешматлікімі ісп. каланістамі 16—17 ст. Жывуць таксама бразільцы, немцы, аргенцінцы. У неабжытых раёнах захаваліся індзейскія плямёны. Вернікі пераважна католікі (больш за 90%), ёсць пратэстанты і інш. Сярэднегадавы прырост 2,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 13,4 чал. на 1 км². Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана на У ад р. Парагвай, дзе шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 53% насельніцтва. У г. Асунсьён 1,1 млн.ж. з прыгарадамі (1999), больш за 100 тыс.ж. у гарадах Энкарнасьён, Кансепсьён, Сан-Ларэнса, Вільярыка. У сельскай гаспадарцы занята 45% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 16%, у абслуговых галінах — 39%.
Гісторыя. У дакалумбаву эпоху на тэр. П. жыцці індзейцы гуарані, якія займаліся збіральніцтвам, паляваннем, рыбнай лоўляй, вырошчвалі с.-г. культуры. У 1537 у П. з’явіліся іспанцы, якія заснавалі г. Асунсьён — адм. цэнтр ісп. калоній на ПнУПаўд. Амерыкі. У 1588 з’явіліся місіянеры-езуіты. З мэтай хрысціянізацыі гуарані яны стварылі спец. пасяленні — рэдукцыі, у якіх індзейцы займаліся земляробствам. У хуткім часе рэдукцыі ператварыліся ў своеасаблівую «дзяржаву езуітаў». У 1767 ісп. кароль Карл III выгнаў езуітаў з ісп. калоній, рэдукцыі былі знішчаны, а іх землі захапілі ісп. каланісты. З 1776 П. — частка ісп. віцэ-каралеўства Ла-Плата з цэнтрам у г. Буэнас-Айрэс. У выніку антыісп. паўстання 14.5.1811 абвешчана незалежнасць П. У 1814—40 кіраўнік дзяржавы Х.Г.Франсія праводзіў палітыку ізаляцыі П. ад знешняга свету. У 1844 прэзідэнтам стаў К.А.Лопес, які спрыяў развіццю гандлю, буд-ву чыгунак, школ, стварыў моцную армію. У 1862 прэзідэнтам абраны яго сын Ф.С.Лопес, у час кіравання якога краіна ўцягнута ў вайну з Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем (1864—70); гл.Парагвайская вайна). У выніку паражэння П. страціў амаль палавіну тэр. і насельніцтва.
Пасля вайны ў П. вялася працяглая барацьба за ўладу паміж рознымі клікамі, за 1870—1932 змяніліся больш як 30 прэзідэнтаў. У 1954 у П. ўсталявалася дыктатура ген. А.Стрэснера, які абапіраўся на ваен. вярхі і партыю «Каларада» (засн. ў 1874). У час яго дыктатуры (1954—89) у выніку рэпрэсій загінула больш за 12 тыс.чал. У лют. 1989 Стрэснер скінуты ген. А.Радрыгесам, які пачаў паліт. лібералізацыю рэжыму. У маі 1993 адбыліся першыя за 40 гадоў свабодныя выбары, на якіх прэзідэнтам абраны лідэр партыі «Каларада» Х.К.Васмосі. У 1997 у 1-м туры прэзідэнцкіх выбараў перамог кандыдат «Каларада» Х.Аўеда, арыштаваны пазней па абвінавачанні ў забойстве паліт. саперніка. Новы прэзідэнт Р.А.Кубас Грау вызваліў Аўеда, але пад пагрозай імпічменту ў 1999 уцёк з краіны. У сак. 1999 прэзідэнтам П. абвешчаны кіраўнік Сената Л.А.Г.Макі. П. — чл.ААН (з 1945) і Лігі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18.11.1992. У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыянальна-рэсп. асацыяцыя «Каларада», Сапраўдная ліберальна-дэмакратычная, Рэвалюцыйная фебрэрысцкая і інш.
Гаспадарка. П. — аграрна-індустр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. У 1990-я г. ў гаспадарцы назіраецца паляпшэнне эканам. становішча, працягваюцца рэформы ў агр. сектары, прыватызацыя, лібералізацыя знешнегандлёвага абароту. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 19,8 млрд.дол. (3600 дол. на чалавека). 27% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы, 30% — у прам-сці, 43% — у абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы каля 2,5 млн.га выкарыстоўваецца пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, больш за 22 млн.га пад пашай і лугамі. Значная частка зямель належыць буйным латыфундыстам. Асн. галіна — пашавая жывёлагадоўля мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 9,8, свіней — 2,5, коней — 0,7, авечак — 0,4, коз — 0,1, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—14,8 млн. курэй). Гал.харч. культуры (тыс.т., збор у 1998): кукуруза — 690, маніёк — 2200, соя — 1410, пшаніца — 320, рыс — 80, батат, фасоля. На экспарт вырошчваюць бавоўну — 550 тыс.т (1998), цукр. трыснёг, каву, тунг, тытунь, арахіс, цытрусавыя. Асн. жывёлагадоўчыя раёны — міжрэчча Парагвая і Параны, усход Гран-Чака, земляробства ў далінах гал. рэк. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, асабліва квебраха, збор дзікарослага парагвайскага чаю (матэ). Рыбалоўства і паляўніцтва. У прам-сці вылучаецца электраэнергетыка. Працуюць 2 буйныя ГЭС на р. Парана — браз.-парагвайская Ітайпу (магутнасць 12,6 млн.кВт, найб. ў свеце) і аргенцінска-парагвайская Ясірэта-Апіпе (3,7 млн.кВт), некалькі сярэдніх ГЭС на інш. рэках. У 1996 атрымана 45 млрд.кВт∙гадз. электраэнергіі, з іх 99,9% — на ГЭС, экспартавана ў суседнія краіны (найб. у Бразілію) 40,3 млрд.кВт∙гадз. Здабыча каменнай солі і буд. матэрыялаў. Невял. прадпрыемствы па перапрацоўцы пераважна с.-г. сыравіны. Развіты харч. і харчасмакавая, найб. мясахаладабойная (выпускае штогод каля 300 тыс.т мяса і мясапрадуктаў) прам-сць, вытв-сць тунгавага, какосавага і эфірнага алею, дрэваапрацоўка і вытв-сць дубільнага экстракту з драўніны квебраха (1-е месца ў свеце), тэкст., тытунёвая галіны. Найб. прадпрыемствы: нафтаперапрацоўчы і па вытв-сці мінер. угнаенняў з-ды каля Асунсьёна, сталеплавільны ў г. Вілья-Аес (150 тыс.т сталі за год), цэментны каля г. Кансепсьён. Развіты саматужныя промыслы: ганчарны, пляценне сумак і кошыкаў, выраб нац. карункаў, адзення і абутку. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, чыгуначны. У краіне 29,5 тыс.км аўтадарог, у т. л. 2,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 3,1 тыс.км суднаходных рэк, 971 км чыгунак, 10 аэрапортаў; участак Панамерыканскай шашы і Трансчакская шаша (злучае Асунсьён з Балівіяй). Гал. порт — Асунсьён, там жа міжнар. аэрапорт. У 1997 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2,5 млрд.дол. У экспарце пераважаюць бавоўна (каля 50% па кошце), электраэнергія, соя, драўніна, алей, мясныя прадукты, кава; у імпарце спажывецкія тавары, машыны, абсталяванне і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Бразілія (48% экспарту, 29% імпарту), ЗША (адпаведна 4 і 22%), Аргенціна (9 і 14%). Замежны турызм. Краіна атрымлівае дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — гуарані.
Літаратура. Развіваецца на мовах ісп. і гуарані. У перыяд ісп.калан. панавання (16 — пач. 19 ст.) ствараліся гіст. хронікі, развіваўся багаты фальклор індзейцаў гуарані. Станаўленне нац. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. Першы паэт-рамантык, стваральнік нац.патрыят. лірыкі і нац. гімна — Н.М.Талавера. У канцы 19 — пач. 20 ст. пісьменнікі асветнікі С.Баэс, М.Дамінгес, Р.Барэт спалучалі літ. публіцыстыку і крытыку з гіст.-філас. пошукамі. Ідэі асветнікаў паўплывалі на творчасць Х.Э.О’Ліры, Э.Фарыньі Нуньеса. Анталогія нар. паэзіі «Лясныя кветкі» (1917) спрыяла актыўнаму выкарыстанню фальклору гуарані (паэзія А.Гуанеса, М.Артыса Герэра). Х.Карэа — заснавальнік нац. драматургіі (п’еса «Голад няшчасных») і арганізатар нар.т-ра гуарані. Развівалася маст. проза (хранікальна-дакумент. раманы Х.Пастара Бенітэса). Творчасць пісьменнікаў 1920—30-х г. адметная дэмакр. ідэямі, сац. тэматыкай, антыімперыяліст. накіраванасцю (Э.Кампас Сервера, Х.Пла, Э.Рамера, А.Роа Бастас). З канца 1940-х г.л-ра П. развівалася ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій; большасць пісьменнікаў эмігрыравала. У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у парагвайскую л-ру зрабілі Рамера (зб-кі вершаў «Параненая маланка», 1967; «Выгнанне і вечар», 1975), Роа Бастас (раманы «Сын чалавечы». 1960; «Я, Вярхоўны», 1974), Г.Касаксія (раманы «Выгнаннікі», 1966; «Наследнікі», 1975), Пла (п’есы і зб. вершаў «Закаханы пыл», 1968) і інш.
Архітэктура. У перыяд ісп. каланізацыі (з 1520-х г.) у місіях езуітаў (рэдукцыях) будавалі арх. комплексы з храмам, вял. дварамі, майстэрнямі, складамі, дамамі для індзейцаў. 3-нефавыя драўляныя каркасныя касцёлы, абкружаныя галерэямі, мелі прымітыўныя фасады з цэглы і адобы (сырцовая цэгла з дабаўленнем рэзанай саломы), якія кантраставалі з багатым аздабленнем інтэр’ера. У канцы 17 — пач. 18 ст. з’явіліся першыя каменныя храмы ў стылі барока (арх. Х.Б.Прымалі, А.Фаркада і інш.). Жылая забудова і цяпер пераважна 1-павярховая, спалучае ісп. тып дома (з унутр. дваром-патыо) з мясц. каркасна-галерэйнай сістэмай. У вёсках, невял. гарадах былі пашыраны хаціны з адобы, гліны, трыснягу, некалькі дамоў аб’ядноўваліся агульным дахам. З 18 ст. пачалі фарміравацца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, 2 цэнтр. плошчамі (адна — з храмам, другая — з ратушай). У 1840—65 сталіца П. Асунсьён перапланавана, на месцы знесеных будынкаў калан. часу ўзведзены грамадскія збудаванні і імпазантныя палацы ў неакласіцыстычным стылі: Паласіо дэль Кангрэса (б. оперны т-р на ўзор «Ла Скала» ў Мілане), Араторыо дэ Нуэстра Сеньёра дэ ла Асунсьён (цяпер Нац. пантэон герояў; абодва італьян.арх. А.Равіца), чыг. вакзал і інш. Пабудаваны сабор (1842—50, арх. Равіца), касцёлы Сантысіма Трынідад (1854), Ла Энкарнасьён (1893, італьян.арх. Дж.Каломба) — усе ў Асунсьёне; і інш. Сярод пабудоў 20 ст. — каледж «Бразілія-Парагвай» у Асунсьёне (1950—60-я г., браз.арх. А.Э.Рэйдзі, Р.Бурле Маркс) і інш. Паркі: «К.А.Лопес», Кавальера, батанічны. Музеі: прыгожых мастацтваў і старажытнасцей, гісторыі і этнаграфіі, Збор К.А.Пусінеры Скала і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. П. мастацтва індзейскіх плямён развівалася ў рэчышчы дэкар. аздаблення утылітарных рэчаў (керамічныя вырабы, адзенне і інш.). З 16 ст.ісп. каланізатары арганізоўвалі маст. школы для аздаблення храмаў. Пашырыліся алтарны жывапіс, разьба па дрэве і камені, гравіроўка па метале. У 17—18 ст. у стылях барока і маньерызму развіваліся жывапіс (Х.М.Кавію), графіка (Т.Тылькара). Самабытнасцю вызначаліся разное аздабленне парталаў, дэкор алтароў, паліхромная скульптура касцёлаў, у якіх спалучаліся стыль ісп. «чурыгерэска» і маст. традыцыі індзейцаў (выявы трапічных звяроў і пладоў, Хрыстос і анёлы з індзейскімі тварамі і інш.). З 19 ст. развіваецца свецкае мастацтва (пейзажы, партрэты, быт. кампазіцыі жывапісцаў А.Гарсія, С.Рыяса і інш.). У 1910 жывапісец і мастацтвазнавец П.Альборна заснаваў Парагвайскую АМ. У 20 ст. развіваліся рэаліст. кірунак (жывапісцы Альборна, А.Гевары, скульптары Ф.д’Альмейды, Э.Мей Ліча, В.Пальярола, А.Пеньі, графік Х. дэ ла Эрэрыя і інш.), мадэрнісцкія кірункі (жывапісец К.Каламбіна, скульпт. Б.Куджары і інш.). Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва спалучае індзейскія і ісп. традыцыі. Пашыраны выраб тонкіх карункаў «ньядуці», гліняных фігурак і пасудзін, упрыгожанняў з медзі, серабра, пер’я, фігуратыўных падвесак з дрэва і косці, пляценне з пальмавых валокнаў і інш.
Музыка П. ўключае музыку індзейскую (гуарані, мака) і крэольскую. У індзейскім муз. фальклоры пашыраны абрадавыя, прац., гіст., лірычныя і інш. песні, інстр. музыка. Сярод інструментаў: падоўжныя і папярочныя флейты (мімбі), акарыны, касцяныя (кангаэра) і бамбукавыя (туру) трубы, барабаны і інш. ўдарна-шумавыя, у т. л.бразготкі мбарака. У крэольскай музыцы найб.пашыраны танцы (парагвайская полька, галандрыяна, сьела, саліта, вальс), традыц. песенныя жанры (парагвайскія каньён і гуаранія). Асн.муз. інструменты гітара і арфа. У 19 ст. адзінымі пастаяннымі муз. калектывамі ў П. былі ваен. духавыя аркестры. У канцы 19 ст. гастраліравалі еўрап. музыканты, якія выступалі ў Нац. т-ры (цяпер Муніцыпальны), т-ры «Алімп». У 1895 створаны «Парагвайскі ін-т» у Асунсьёне з муз. секцыяй і сімф. аркестрам, у 1913 — «Парагвайская гімназія», якая мела сімф. аркестр і стр. «Гайдн-квартэт» (у 1934 ін-т і гімназія аб’яднаны ў «Парагвайскі Атэнеум»), Сярод музыкантаў канца 19—20 ст. кампазітар, спявак і дырыжор Л.Каведаньі, кампазітар, скрыпач і дырыжор Н.Пельегрыні (адзін з аўтараў нац. гімна), кампазітары Х.А.Флорес, Х.М.Бётнер, Р.Хіменес, Э.Хіменес, Х.К.Марэна Гансалес, К.Лара Барэйра і інш. У Асунсьёне працуюць муз. класы пры «Парагвайскім Атэнеуме», муз.-пед. вучылішча (з 1940), прыватныя муз. т-вы і навуч. ўстановы. Музыканты і інш. дзеячы мастацтва і навукі П. аб’яднаны ў Асацыяцыю парагв. аўтараў (з 1951).
Літ.:
Торрес-Риосеко А. Большая латиноамериканская литература: Пер. с исп. М., 1972.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Парагвая.Парагвай. Панарама Асунсьёна.Да арт.Парагвай. Сплаў лесу па р. Парана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства буд. матэрыялу (дрэва) і спецыфічных канструкцый; мастацтва ствараць будынкі з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйных і маст. задач.
Дрэва — канструкцыйны і аддзелачны матэрыял. Шырока ўжываецца ў буд-ве з-за лёгкасці апрацоўкі, дастатковай мех. трываласці, малой аб’ёмнай вагі, магчымасці ствараць эстэт. выразнасць яго структурнасці, фактуры, колеру. Выкарыстоўваюць розныя драўляныя элементы: бярвенне, брусы, дылі, гонту і інш.Маст. выразнасць у Д.д. дасягаецца спалучэннем і адначасова супрацьпастаўленнем простых геам. форм (у аснове якіх адзіны модуль, роўны даўжыні бервяна ці адзінцы вымярэння), а таксама разьбой. Д.д. — адметная з’ява ў матэр. і маст. культуры многіх народаў. Адзіныя буд. прыёмы вызначаюць архітэктуру практычна ўсіх тыпаў будынкаў (жылых, гаспадарчых, абарончых, грамадскіх, прамысловых і інш.) пры багацці і разнастайнасці агульных вырашэнняў, якія ўлічваюць сац.-эканам., прыродна-кліматычныя ўмовы. З-за параўнальнай недаўгавечнасці драўніны і пажараў не захавалася драўляных збудаванняў стараж. часоў, хоць археал. даследаванні даюць звесткі аб палевых пабудовах эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага веку. Найбольш стараж. помнікі Д.д., якія захаваліся, — каркасныя канструкцыі, што складаюцца са стоек, бэлек, раскосаў і агараджальных элементаў храмы ў Кітаі і Японіі (9 ст.), Нарвегіі (12 ст.). Каркасныя канструкцыі, у параўнанні са зрубнымі (гл.Вянковая канструкцыя), даюць магчымасць ствараць больш вольныя кампазіцыі, што фарміруюцца рытмічнымі радамі калон, бэлек, рыгеляў. Каркасная сістэма шырока выкарыстоўваецца ў Акіяніі, Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі. Зрубныя канструкцыі атрымалі пашырэнне ў Еўропе і Канадзе.
На Беларусі драўляныя пабудовы вядомы з эпохі палеаліту. Укапаныя ў зямлю слупы і сохі стваралі аснову сцен і падтрымлівалі дах. З часам з гэтых канструкцый развіліся каркасныя. Як іх варыянт у 16—18 ст. выкарыстоўвалі фахферк («прускі мур»). Прыкладна з 3 ст. атрымліваюць развіццё зрубныя канструкцыі з бярвён (звычайна ў сялянскім буд-ве) ці брусоў (у гар. і манум.). Больш дасканалыя і зручныя, яны сталі найб. пашыранымі. Змены ў сял. буд-ве ішлі павольна, а на манум. Д.д. (пачынаючы з 17 ст.) значна ўплывалі маст. стылі мураванай архітэктуры. Вызначыліся 2 асн. тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з мясц. традыцыямі (гл.Народнае дойлідства) і наватарская, арыентаваная на ўкараненне эстэт. канцэпцый стыляў барока, класіцызму з выкарыстаннем форм і прыёмаў, уласцівых мураванай архітэктуры (аркі, скляпенні, карнізы, пілястры, руст, шалёўка і інш.). Асн. тыпы жылых дамоў — 1-, 2-, 3-камерныя і больш складанай планіроўкі, якія будавалі асобна ці разам з інш. пабудовамі ў складзе сядзіб-комплексаў (Паазер’е), сядзіб вянковага (Падняпроўе, Паазер’е, Усх. Палессе) ці пагоннага (Зах. Палессе, Панямонне, цэнтр. Беларусь) тыпаў. У гарадах і мястэчках будавалі дамы з галерэямі на гал. фасадзе (падчэнню) і 2-павярховыя жылыя дамы. Асаблівасці гасп. пабудоў (свіран, лямус, адрына, гумно, хлеў, склеп і інш.) залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадаркі. Вытворчыя збудаванні (вятрак, вадзяны млын) характарызуюцца аб’яднаннем у адно цэлае механізма з драўлянымі канструкцыямі будынка. У сярэдневякоўі былі пашыраны драўляныя абарончыя збудаванні гарадоў (Віцебск, Полацк і інш.) і феад. замкаў (Радашковічы, Кобрын, Нясвіж і інш.). З дрэва будавалі ўсе тыпы грамадскіх будынкаў: ратушы (Шарашова, Віцебск, Драгічын), манежы (Клецк), свірны-«магазыны» (Тураў, Любча), тэатры (Слуцк, Нясвіж), гандлёвыя рады (Давыд-Гарадок, Карэлічы), крамы, корчмы, шпіталі, школы і інш. Драўлянымі былі будынкі першых мануфактур (Налібакі, Урэчча, Слуцк).
Драўляныя цэрквы 17—19 ст. падзяляліся на храмы восевай кампазіцыі, у якіх 1, 2, 3 ці больш зрубаў размешчаны па адной падоўжнай восі (Здзітаўская Мікітаўская царква ў Жабінкаўскім р-не, Слуцкая Міхайлаўская царква, Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква ў Столінскім р-не), і крыжовай, у якіх 4 або 5 зрубаў пастаўлены па 2 узаемна перпендыкулярных восях (Ельская Троіцкая царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква ў Лунінецкім р-не, Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква ў Докшыцкім р-не). Зрубы завяршаліся вальмавымі ці 2-схільнымі дахамі, шатрамі, шмат’яруснымі вярхамі, купаламі. Сярод касцёлаў 17—19 ст. вылучаюцца 1- і 3-нефавыя (Дудаўскі касцёл Марыі ў Іўеўскім р-не, Гудагайскі касцёл Маці Божай у Астравецкім р-не, Адэльскі касцёл Ушэсця ў Гродзенскім р-не), з якіх найб.пашыраны былі 3-нефавыя базілікі з 2-вежавым гал. фасадам. Такая аб’ёмна-планіровачная структура ў розных варыянтах спалучалася з традыц. вырашэннямі ў архітэктуры драўляных уніяцкіх цэркваў (Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква ў Жабінкаўскім р-не). Вядомы храмы цэнтрычнай кампазіцыі з 4-, 6- або 8-гранным планам, завершаныя шатром ці купалам. Званіцы ў выглядзе шмат’ярусных вежаў звычайна ставілі ў куце храмавага пляца або над галоўнай брамай у агароджы (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, в. Чэрск Брэсцкага р-на, в. Лявонпаль Міёрскага р-на). Сінагогі 17—18 ст. рабілі цэнтрычнай кампазіцыі з квадратнай малітоўнай залай, завершанай складаным, часам шмат’ярусным скляпеннем (Гродна, Нароўля, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на). У архітэктуры сінагог, як і ў драўляных мячэцях (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, г.п. Іўе), выкарыстоўваліся элементы мясц. грамадскай і жылой архітэктуры: алькежы, галерэі, маст. разьба.
Паляпшэнне якасці драўніны (прасаванне, антысепціраванне, выкарыстанне клею) дазваляе ствараць канструкцыйныя элементы практычна любых памераў і форм. Таму для грамадскіх і прамысл. будынкаў, асабліва з вял. (да 90 м і болей) пралётамі, з дрэва робяць аркі, рамы, абалонкі: крытыя стадыён у Фларыдзе (ЗША), каток у Грэноблі (Францыя), палац спорту ў Архангельску (Расія). На Беларусі клееныя рамы ствараюць аснову канструкцыі склада ў Салігорску, спарт. залаў у Мінску, Гомелі і інш. Дэкаратыўныя якасці драўляных элементаў істотна ўплываюць на стварэнне эфектнага вонкавага выгляду будынкаў і іх інтэр’ераў.
Помнікі бел. Д.д. прадстаўлены ў Археалагічным музеі Бярэсце і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Драўлянае дойлідства. Царква Святога Варфаламея. Сяло Кочы каля г. Хрудзім. Чэхія. 1307.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дамы ў вёсцы Рашкопаў. Паўночна-Заходняя Чэхія. Сярэдзіна 19 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Ільінская царква ў г. Белазерск Валагодскай вобл. (Расія). 1690.Да арт.Драўлянае дойлідства. Кіжы. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дом-музей П.Бажова ў г. Сысерць (Расія).Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Міхайлаўская царква. Закарпацкая Украіна. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Вятрак з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Сінагога. Горад Заблудаў. Польшча. Пач. 17 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Жылы дом у г. Клімавічы Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯПРО́ЎЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш.усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ БУДЫ́НКІ.
Прызначаны для падрыхтоўкі і правядзення тэатр. паказаў. Звычайна размяшчаюцца ў гар. грамадскіх цэнтрах, на плошчах або гар. магістралях і актыўна фарміруюць іх арх. аблічча. Паводле арх.-планіровачнай структуры памяшканні падзяляюцца на 4 асн. групы: відовішчную (глядзельная зала, касавы і ўваходны вестыбюль з гардэробам, фае, буфет, кулуары і інш.), сцэнічную (сцэна, артыстычныя прыбіральні, рэпетыцыйныя залы, склады аб’ёмных дэкарацый, мэблі і рэквізіту, касцюмерныя), вытв. майстэрняў і рэзервовых складоў. Паводле аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і размяшчэння месцаў для гледачоў залы сучасных Т.б. падзяляюцца на партэрна-ярусныя, амфітэатр і такія, дзе партэр ці амфітэатр дапаўняюцца балконамі. Т-ры лічацца вялікімі, калі маюць залы больш як на 1200 глядзельных месцаў, сярэднімі — да 1200 і малымі — да 800 месцаў.
Спец. збудаванні для тэатр. паказаў вядомы з антычнасці. У Стараж. Грэцыі склаўся класічны тып адкрытага т-ра з круглай ігравой пляцоўкай — архестрай і размешчанымі амфітэатрам месцамі для гледачоў (т-р Дыяніса ў Афінах, 6 ст. да н.э.). Далейшае развіццё Т.б. атрымалі ў Стараж. Рыме. У 1-й пал. 17 ст. з’явіліся Т.б. са шмат’яруснай глядзельнай залай. З канца 17 ст.пашыраны т.зв. італьян. тып Т.б. з авальнай у плане шмат’яруснай глядзельнай залай з лоджыямі. У 2-й пал. 18 ст. склаўся т.зв. франц. тып т-ра з круглай залай, на 3/4 па перыметры абкружаны адкрытымі суцэльнымі ярусамі, якія апіраюцца на калоны. У Расіі ў канцы 18—19 ст. будавалі т-ры італьян. і франц. тыпаў. У 20 ст.пашыраны залы традыц. ярусныя і з балконамі, а таксама адкрытыя Т.б. З 1930-х г. праектуюцца Т.б. новага тыпу для сінт. паказаў; для іх характэрны вял. ўмяшчальнасць, трансфармацыя сцэны і глядзельнай залы, каб пераносіць месца дзеяння са сцэны ў залу, механізацыя сцэн. абсталявання.
На Беларусі ў 17—18 ст. для паказаў школьнага т-ра ў будынках кляштараў, і калегіумаў, школ і інш. былі спец.тэатр. залы са сталай сцэнай, абсталяванай рознымі механізмамі, у т. л. люкамі, апафеозамі або глорыямі (прыстасаванні пад столлю над сцэнай для спуску з «нябёс» багоў, анёлаў) і інш. Такія залы былі ў калегіумах езуітаў у Полацку, Гродне, Нясвіжы, Навагрудку, Мінску і інш. Для прыватных т-раў, пашыраных, у 18—1-й пал. 19 ст. (Нясвіж, Слуцк, Слонім, Шклоў, Гродна, Свіслач, Віцебск, Магілёў), прыстасоўвалі розныя будынкі (напр., манеж у Слуцку, 1751) ці будавалі спецыяльна як ч. палацавага комплексу. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі выкарыстоўваўся т.зв. італьян. тып са шмат’яруснымі ізаляванымі лоджыямі, падковападобнай або авальнай залай, глыбокай сцэнай, аддзеленай ад залы невысокай балюстрадай, пляцоўкай для аркестра перад сцэнай. Найб. значныя будынкі былі ў Нясвіжы (т-р Радзівілаў «камедыенгаўз» 1747—48, арх. К.Ждановіч), Слуцку (1758), Слоніме (1777—80, арх. І.Мараіна), Шклове (1780, арх. П.Барцанці; усе не захаваліся). Захаваўся будынак Гродзенскай муз. школы А.Тызенгаўза (1780), у якім працавала і яго тэатр. школа. Вылучаўся корпус Ружанскага палацавага комплексу, дзе размяшчаўся т-р Сапегаў. Акрамя Т.б., з пач. 18 ст. магнаты стваралі ў сваіх парках і садах т-ры на вольным паветры (напр., т-р Радзівілаў Альбінскага палацава-паркавага ансамбля і каля Нясвіжскага замка на рове, зялёны т-р «Кансаляцыя»; т.зв. плывучы т-р М.Агінскага, 1771, гл.Слонімскі тэатр Агінскага). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў многіх гарадах узніклі публічныя т-ры, дзе для паказаў выкарыстоўвалі асобныя памяшканні розных будынкаў (у Мінску залы ратушы, 1847, Дваранскага сходу, 1864; бакавы флігель Святадухаўскага манастыра, 1803—17) ці будаваліся спецыяльна (тэатр. афіцына ў Мінску, 1799, арх. Ф.Крамер). У 2-й пал. 19 ст. пад Т.б. рэканструяваны жылыя дамы ў Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. У гар. садах і парках ствараліся летнія т-ры («Ваксалы» ў Віцебску, і 1846, і Магілёве; летні т-р у Мінску, адкрытая сцэна ў Максімаўскім парку ў Гомелі). Створаны стацыянарныя Т.б. ў Мінску (гл.Мінскі гарадскі тэатр), Магілёве (гл.Магілёўскі абласны драматычны тэатр), Віцебску (1845, арх. М.Чарвінскі, не захаваўся; 1889, арх. А.Кляменцьеў), Гомелі (1887—1900). У пач. 20 ст. пабудаваны летні драўляны гар.т-р у Оршы, т-р «Мадэрн» у Рагачове, электратэатр «Сатурн» у Гродне, летні тэатр-цырк у Брэсце, тэатр-вар’етэ з рэстаранам «Акварыум» у Мінску (адкрыўся ў 1905), т-р у Баранавічах (усе не захаваліся). Большасць дарэв. Т.б. былі яруснага тыпу. У 1930-я г. пад т-ры прыстасоўвалі культавыя будынкі (Чырвоны касцёл і Харальная сінагога ў Мінску і інш.). Узведзены Мазырскі клуб-тэатр, будынкі Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь»), Дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра Беларусі (цяпер Нац.акад.драм.т-р імя М.Горкага), Тэатра юнага гледача Беларусі (цяпер Бел.рэсп.т-р юнага гледача), Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (цяпер Нац.акад.т-р імя Я.Коласа) у Віцебску. Гал. фасады гэтых будынкаў упрыгожаны шматкалоннымі порцікамі, планы маюць традыц.тэатр. схему з сім. размяшчэннем памяшканняў, глядзельныя залы — партэр ці амфітэатр з балконамі. У 1965 пабудаваны Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі (цяпер Бел.дзярж.т-р лялек). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні Т.б. 1970—80-х г.маст. ролю адыгрываюць усе фасады, будынкам уласціва дынамічная кампазіцыя Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь, цяпер Бел.дзярж.муз.т-р; Гродзенскі абласны драматычны тэатр). Залы тэатр. тыпу маюць Дом афіцэраў у Мінску (1934—38, арх. І.Лангбард), большасць пабудаваных у 1960—70-я г. палацаў культуры, Рэспублікі палац, канцэртная зала «Мінск» (1987, арх. Л.Пагарэлаў, Ю.Кустоў, Л.Кустова, А.Чадовіч). У 1988 пабудаваны летні амфітэатр у Віцебску (арх. В.Бабашкін), у 1993 — комплексны будынак Дзярж. харэагр. каледжа Беларусі.
Літ.:
Барышев Г.И., Егорова И.Ю. Театральные здания и сооружения XVIII в. в Белоруссии // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1982. № 1;
Чарнатаў В.М. Архітэктура тэатраў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1973. № 1;
Дзянісаў У. З гісторыі тэатральных будынкаў XIX ст. ў Мінску // Тэатр. Мінск. 1985. № 3;
Кулагін А. Мадэрн, відовішча // Мастацтва. 1992 № 8.
В.І.Анікін, В.М.Чарнатаў.
Да арт.Тэатральныя будынкі. Адкрытая сцэна ў Максімаўскім парку ў Гомелі. Здымак пач. 20 ст.Да арт.Тэатральныя будынкі. Гарадскі тэатр у Віцебску. Здымак пач. 20 ст.Да арт.Тэатральныя будынкі. Гродзенскі абласны драматычны тэатр.Да арт.Тэатральныя будынкі. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМАЛА́І (ад санскр. хімалая — прыстанак снягоў),
найвышэйшая горная сістэма Зямлі, у Азіі, паміж Тыбецкім нагор’ем на Пн і Інда-Гангскай раўнінай на Пд, на тэр. Індыі, Непала, Кітая, Пакістана, Бутана. Працягнуліся з ПнЗ на У больш як на 2400 км, шыр. да 350 км, пл. каля 650 тыс.км². Выш. да 8848 м, г.Джамалунгма (Эверэст). Паводле рэльефу і геал. будовы ў Гімалаях вылучаюцца 3 часткі, якія ступенямі з Пд на Пн узвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай: Сівалікскія горы (Перадгімалаі), выш. 700—900 м, парэзаны шматлікімі рэкамі; Малыя Гімалаівыш. 3500—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м; Вялікія Гімалаі, дзе 11 вяршынь выш. 8000 м і больш, у т. л. Канчэнджанга (8585 м), Макалу (8470 м), Дхаўлагіры (8221 м), Кутанг (8126 м) і інш.; характэрны глыбокае тэктанічнае расчляненне, альпійскі рэльеф, вышынныя кантрасты, магутнае зледзяненне (пл. больш за 33 тыс.км², буйны ледавік — Ганготры). Гімалаі сфарміраваліся ў эпоху альпійскай складкавасці на месцы былога акіяна Тэтыс. Паўд. перадгор’і складзены пераважна з пясчанікаў і кангламератаў, карэнныя схілы і восевая зона — з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, філітаў і інш.крышт. і метамарфічных парод. Карысныя выкапні: золата, медзь, храміт, мыш’як, буры вугаль, гаручыя газы, нафта, каменная і калійная солі, сапфір. Гімалаі — прыродны кліматычны бар’ер паміж абласцямі трапічнага мусоннага клімату Паўд. Азіі і пустынна-стэпавага Цэнтр. Азіі. У перадгор’ях сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 25 °C. Вышыня снегавой лініі вагаецца ад 4500 м на паўд. схілах да 5700 м на паўночных. Перавалы ляжаць на выш. 3500—4500 м (Тангла). Вял. кантрасты ў Гімалаях ва ўвільгатненні: найб. колькасць ападкаў летам у перыяд паўд.-зах. мусону. У паўд.-ўсх.ч. гор выпадае да 3000 мм, у зах. — 1500—1000 мм, на паўн. схілах (падветраных, сухіх) — каля 100 мм за год. У Гімалаях пачынаюцца асн. рэкі Паўд. Азіі — Інд, Ганг, Брахмапутра. Ва Усх. Гімалаях на паўд. схілах да 400 м — тэраі — забалочаная паласа вільготных лясоў і хмызнякоў. Да выш. 1500 м вільготныя трапічныя лясы (пальмы, бамбукі, дрэвападобныя папараці, панданусы, магноліі, шмат ліян). Ад 1500 да 2700 м вечназялёныя дубовыя лясы (дубы, каштаны, рададэндраны, клёны, у падлеску імхі і лішайнікі). На выш. 2700—3700 м пояс хвойных лясоў з піхты серабрыстай, елкі блакітнай, лістоўніцы, цугі, кедра гімалайскага. Ад 3700 м да пояса снегу субальпійскія і альпійскія лугі. Вышэй за 5000—5400 м нівальны пояс (скалы, снег, лёд). У Зах. Гімалаях у ніжнім поясе міжземнаморскі тып вечназялёных хмызнякоў. Да 1500 м субтрапічныя шыракалістыя дубовыя і кляновыя лясы. На выш. 1500—3500 м пояс хвойных і лістападных лясоў. Да выш. 4600 м альпійскія лугі, вышэй пояс пустынь і ледавікоў. Паўн. схілы Гімалаяў бязлесныя, пашыраны пустынна-стэпавыя ландшафты з рэдкімі ксерафітнымі травамі і хмызнякамі. У джунглях перадгор’яў водзяцца сланы, насарогі, буйвалы, антылопы, тыгры, малпы, з птушак — паўліны, фазаны, папугаі, на паўн. схілах — які, дзікія бараны, козы, гімалайскі мядзведзь і інш. Ландшафты Гімалаяў зменены пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека: узараны перадгор’і і нізкагор’і (75% Кашмірскай даліны займае ворыва), тэрасаваны ўчасткі схілаў пад пасевы чайнага куста, рысу, садавіны, ячменю. Лесараспрацоўкі. Развіваецца альпінізм.