КАРНАЧО́НАК (Мікалай Аляксандравіч) (1922, в. Баркі 1-я Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.9.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў аэраклуб у Оршы і Адэскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1941). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. і Сталінградскім франтах. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант К. зрабіў 349 баявых вылетаў, збіў 10 варожых самалётаў. Загінуў у баі. На тэр. Аршанскага мясакансервавага камбіната, дзе ён працаваў да вайны, К. пастаўлены бюст.

М.А.Карначонак.

т. 8, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫ́Т (ад лац. cuprum медзь),

чырвоная медная руда, мінерал класа прыродных аксідаў, аксід медзі, Cu2O. Прымесі: цынк, свінец, жалеза, волава, кадмій і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя і зямлістыя. Колер чырвоны розных адценняў. Бляск алмазны або паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 6,1 г/см³. Трапляецца ў верхніх акісленых частках медзяносных жыл, дзе асацыіруе з ліманітам, самароднай меддзю, азурытам, малахітам і хрызаколай. Руда медзі. Радовішчы ў Расіі (Урал), ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.

Купрыт.

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́ ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці χ некаторых парамагнетыкаў. Мае выгляд χ = C/T, дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры). Адкрыты ў 1895 П.Кюры. К.з. падпарадкоўваюцца газы, пара шчолачных металаў, разбаўленыя растворы парамагн. солей і інш. Класічная тэорыя К.з. грунтуецца на стат. разглядзе ўласцівасцей сістэмы («газу») слаба ўзаемадзейных атамаў, малекул ці іонаў, якія маюць магн. дыпольны момант. У знешнім магн. полі адбываецца арыентацыя гэтых момантаў уздоўж поля, якой перашкаджае цеплавы рух часціц. Гл. таксама Кюры—Вейса закон.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСГЕНІТАЛІ́ЗМ (ад дыс... + лац. genitalis дзетародны, палавы),

агульная назва парушэнняў развіцця палавых органаў, пры якіх яны маюць празмерна вял. ці малыя памеры. Д. можа мець дачыненне да розных аддзелаў палавых органаў, аднак у плане сексуальных узаемаадносін вядучую ролю адыгрываюць змяненні формы і памераў геніталій (палавога члена, вульвы, похвы, шыйкі маткі), дзе ёсць эрагенныя зоны. Д. адрозніваюць ад набытых змяненняў формы і велічыні палавых органаў у выніку мех. пашкоджанняў, запаленчых, сасудзістых і інш. захворванняў, пухлін, парушэнняў лімфаадтоку.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФУЗІ́ЙНЫ АПАРА́Т, дыфузар, экстрактар,

апарат для здабывання растваральных рэчываў з цвёрдай здробненай сыравіны метадам дыфузіі. Бываюць бесперапыннага (вертыкальныя, нахіленыя і гарызантальныя; ратацыйныя, стужачныя і шнэкавыя) і перыядычнага (складаюцца з герметычна закрытых пасудзін) дзеяння. У больш дасканалых Д.а. бесперапыннага дзеяння растваральнік (вада) абагачаецца карыснымі рэчывамі, якія вылучаюцца пры сустрэчным руху (супрацьцёку) растваральніку і здробненай сыравіны. Пашыраны пераважна ў цукр. вытв-сці, дзе выкарыстоўваюцца для атрымання цукр. соку з бурачнай стружкі, а таксама ў кансервавай, вітаміннай і інш. вытв-сцях.

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭШТ-І-КІПЧА́К, Кіпчакскі стэп,

назва ў арабскіх і перс. крыніцах 11—15 ст. тэр. ад р. Іртыш да р. Дунай, ад Крыма да г. Балгар Вялікі (гл.

Балгарыя Волжска-Камская), дзе качавалі кіпчакі (полаўцы). У 13 ст. заваяваны манголамі. Падзяляўся мяжой па Урале і р. Яік (цяпер Урал) на Усх. і Заходні Кіпчак (вядомы ў рус. летапісах пад назвай Палавецкая зямля). У 16—18 ст. Д.-і-К. называлася толькі ўсх. частка (тэр. сучаснага Казахстана).

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́НАЯ РЫ́ФМА,

канцавая рыфма, якая звязвае не цэлыя словы, а толькі часткі іх, раздзеленыя (разламаныя) міжрадковымі паўзамі:

Яны вучылі ненавідзець пана,
яшчэ — кахаць хаўрус сям’і працоў-
ных і працы. І ў абшарпана-
га пастушка будзілі кроў.
(У.​Дубоўка. «Там, дзе азёры»).

Пры фармальнай зададзенасці Л.р. можа служыць больш дынамічнаму, рытмічнаму стварэнню вобразаў:

Прысніў-
ся мне
звон дзіў-
ны ў сне.
Прыйшоў
я ў гай —
мой жоў-
ты край.
(Я.​Сіпакоў. «Мелодыя на званах»).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНТО́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (7.3.1903, Масква — 30.3.1981),

расійскі фізік-тэарэтык, стваральнік навук. школы па радыёфізіцы і фізіцы плазмы. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923), дзе і працаваў. У 1934—41 і 1946—52 у Фіз. ін-це, з 1951 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР. Навук. працы па электрадынаміцы, оптыцы, стат. фізіцы, тэрмадынаміцы, радыёфізіцы, фізіцы плазмы і інш. З 1951 узначальваў даследаванні па праблемах кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу і фізіцы плазмы. Ленінская прэмія 1958.

М.А.Леантовіч.

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НГМЮРА ФО́РМУЛА,

аналітычная залежнасць эл. току паміж электродамі, змешчанымі ў вакуум, ад прыкладзенага да іх напружання. Названа ў гонар І.Ленгмюра, які даследаваў гэтую залежнасць для розных канфігурацый электродаў. Выгляд Л.ф. залежыць ад формы электродаў і геаметрыі міжэлектроднай прасторы, у найб. простых выпадках сіла току прапарцыянальная U​3/2 (закон трох другіх), дзе U — прыкладзенае да электродаў напружанне. Выкарыстоўваецца пры разліках і канструяванні эл.-вакуумных прылад (пераважна для электронных лямпаў з напаленым катодам). Гл. таксама Тэрмаэлектронная эмісія.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЯ ЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ,

найпрасцейшы від матэматычнай залежнасці; суадносіны віду C1u1 + C2u2 + ... + Cnun = 0 , дзе C1, C2, ..., Cn — лікі, з якіх хоць бы адзін не роўны нулю, а u1, u2, ..., unматэм. аб’екты, для якіх вызначаны аперацыі складання і множання на лік. Паняцце «Л.з.» выкарыстоўваецца ў многіх раздзелах матэматыкі. Напр., Л.з. можа мець месца паміж вектарамі, паміж функцыямі ад адной ці некалькіх пераменных, паміж элементамі лінейнай прасторы і інш.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)