МАЗЫ́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1948, адкрыты ў 1949 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 273,2 м², каля 23 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў жаночыя ўпрыгожанні бронзавага веку, амфара 12 ст., кафля і посуд 16—18 ст. з археал. помнікаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., падзеі грамадз. вайны, пра дзейнасць падполля і партыз. руху на Мазыршчыне ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза М.У.Барысава, М.П.Катлаўца, М.В.Мураўёва, пра Азарыцкія лагеры смерці, вызваленне раёна ад ням.-фаш. захопнікаў, гасп. і культ. жыццё ў пасляваен. час. Аб’ядноўвае музеі дэкар.-прыкладнога мастацтва кераміста М.М.Пушкара, прыроды і археалогіі і «Палеская веда», цэнтр рамёстваў.

І.​І.​Васількова.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ГУА (Managua),

горад, сталіца Нікарагуа, на паўд. беразе воз. Манагуа, за 45 км ад Ціхага ак. Утварае самастойную адм. адзінку — нац. акругу Манагуа. 682 тыс. ж. (1997). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Гандл. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. Чыг. станцыя. Прам-сць: тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая; вытв-сць тавараў шырокага ўжытку; цэментны і нафтаперапр. з-ды. Ун-т, мед. акадэмія, акадэмія геаграфіі і гісторыі Нікарагуа. Нац. музей Нікарагуа. Нац. тэатр.

Засн. іспанцамі ў 16 ст. на месцы індзейскага паселішча. У 1846 атрымала гар. правы. З 1858 сталіца рэспублікі Нікарагуа. У 1912—25 і 1926—33 акупіравана войскамі ЗША Неаднаразова разбуралася, у т. л. ў выніку паводкі (1876), пажараў (1885), землетрасенняў (у 1972 амаль цалкам).

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАНІ́Н (ад італьян. mezzanino),

надбудова над цэнтр. ч. жылога, звычайна невял., дома. Уключаецца ў агульную кампазіцыю будынка, узбагачае яго сілуэт і стварае верт. акцэнт. На Беларусі вядомы ў грамадз., сядзібнай і палацавай архітэктуры 18—20 ст. У Расіі пашыраны ў 19 ст. ў драўляных, зрэдку у мураваных малапавярховых будынках. У познабарочных пабудовах М. вырашаўся пластычным аб’ёмам, завершаным фігурным франтонам і насычаным арх. дэкорам, звычайна меў выхад на балкон ці тэрасу. У класіцыстычных збудаваннях М. быў кампазіцыйным цэнтрам гал. фасада ў выглядзе порціка або ратонды. Часам дваровая ч. М. выкарыстоўвалася для верхняга асвятлення параднай залы. Спрошчаную трактоўку меў М. у невял. драўляных сядзібных дамах. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым жыллёвым буд-ве.

А.​М.​Кулагін.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ ГІДРАГЕАЛО́ГІЯ,

адзін з прыкладных раздзелаў гідрагеалогіі, што вывучае заканамернасці фарміравання падземных вод на тэрыторыях, дзе праводзіцца меліярацыя зямель. Метады М.г. грунтуюцца на гідрагеал. і інж.-геал. даследаваннях на мясцовасці, складанні гідрагеал. карт і геафільтрацыйных схем, правядзенні гідрагеал. раянавання. Па выніках даследаванняў даецца гідрагеалагічнае абгрунтаванне таго ці інш. тэхн. спосабу меліярацыі, у т. л. разлік гарыз. і верт. дрэнажу, складаюцца прагнозы змены гідрагеал. умоў пад уплывам праектуемых мерапрыемстваў, распрацоўваюцца рэкамендацыі па эксплуатацыі меліярац. сістэм і ахове водных рэсурсаў. На Беларусі праблемы М.г. вывучаюць у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел. політэхн. акадэміі, Бел. н.-д, геолага-разведачным ін-це, Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі.

В.​І.​Пашкевіч.

т. 10, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНА́МСКАЯ НІЗІ́НА У басейне р. Менам-Чао-Прая, у Тайландзе. Абмываецца Сіямскім зал. Паўд.-Кітайскага м. Даўж. каля 500 км. Пл. каля 100 тыс. км². Размешчана на месцы тэктанічнай упадзіны, паміж гарамі цэнтр. ч. Індакітая на З і плато Карат на У. Запоўнена алювіяльнымі адкладамі р. Менам-Чао-Прая і яе прытокаў. Пераважаюць раўніны, на Пн з градамі астанцовых узгоркаў, складзеных пераважна з вапнякоў. На Пд — берагавыя валы ўздоўж узбярэжжа Сіямскага зал. Густая сетка рэк і арашальных каналаў, шмат балот. Клімат субэкватарыяльны мусонны, ападкаў больш за 1000 мм за год. Лістападныя мусонныя лясы і хмызнякі, у дэльце — мангравыя лясы, зараснікі пальмы ніпа. Значныя тэрыторыі разараны пад пасевы рысу (жытніца краіны). На М.н. — г. Бангкок.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСЕКВО́Я (Metasequoia),

род хвойных дрэў сям. таксодыевых. 1 від — М. рассечанашышкавая (M. glyptostroboides). Пашырана ў Цэнтр. і Паўд.-Зах. Кітаі. Расце ў горных цяснінах, па берагах ручаёў. Рэдкая рэліктавая расліна, апісана па выкапнёвых знаходках і лічылася вымерлай, знойдзена жывая ў 1941—46. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М. (пылок, шышкі, галінкі з ігліцай) знойдзены ў адкладах алігацэну і міяцэну.

Лістападныя дрэвы з пірамідальнай ажурнай кронай выш. да 40 м і дыям. ствала да 2 м. Кара чырванавата-карычневая, адслойваецца. Ігліца ярка-зялёная, мяккая, вузкалінейная, даўж. 1—3 см, ападае на зіму разам з укарочанымі парасткамі. Шышкі вісячыя. Насенне з крылцам. Дэкар. расліна. Культывуецца ў Еўразіі і Амерыцы (на Беларусі вымярзае).

У.​І.​Торчык.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧАХВО́СТЫ (Xiphosura),

атрад марскіх членістаногіх жывёл кл. мерастомавых. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 12 выкапнёвых і 3 сучасныя роды; 5 сучасных відаў. 1 від пашыраны каля берагоў Паўн. і Цэнтр. Амерыкі, астатнія — у Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. Жывуць на мелкаводдзі, плаваюць брухам дагары, закопваюцца ў грунт.

Даўж. да 90 см. Цела сплошчанае, падзяляецца на ўкрытыя злітным хіцінавым шчытом галавагрудзі з 6 парамі канечнасцей (для перамяшчэння, захопу корму і яго драбнення) і брушка з хваставым шыпам (адсюль назва) і 6 парамі лістападобных канечнасцей са шматлікімі шчэлепнымі лісткамі. Пераважна драпежнікі, кормяцца малюскамі, бентасам, часам водарасцямі. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем. У Амерыцы і Японіі аб’ект промыслу.

Мечахвосты.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦАК»,

беларуска-амерыканскі культурна-асветны цэнтр у ЗША. Размешчаны ў ваколіцы Стронгсвіл каля г. Кліўленд (штат Агайо). Засн. ў 1968 па ініцыятыве і пры падтрымцы бел. грамадскіх дзеячаў у эміграцыі С.Карніловіча і К.​Калошы. З’яўляецца месцам сходаў і вечарын грамадскасці, сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, сямейных святкаванняў, маст. выставак, спарт. спаборніцтваў. Збірае і адпраўляе ў Беларусь гуманіт. дапамогу (у т. л. лекі) пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прымае на лячэнне і аздараўленне бел. дзяцей з забруджанай зоны. На тэр. цэнтра дзейнічае правасл. царква Жыровіцкай Божай Маці, будуецца новая царква. На ахвяраваныя цэнтрам сродкі набыта выдавецкае абсталяванне і ў 1991—97 выдаваўся час. «Полацак». Кіруючы орган — управа.

А.​С.​Ляднёва.

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ АКРУ́ГА 1) адм.-тэр. адзінка ў БССР у ліп. 1924—ліп. 1930. Цэнтрг. Полацк. Пл. 9366 км², пасля ўзбуйнення ў 1927—10 807 км², нас. 374,2 тыс. чал. (1926). У 1924—27 уключала Асвейскі, Валынецкі (з сак. 1929 Боркавіцкі), Ветрынскі, Дрэтунскі (пазней Краснапольскі, скасаваны ў 1927), Дрысенскі, Полацкі, Расонскі, Ульскі, Ушацкі р-ны. У 1927 са скасаванай Барысаўскай акругі ў П.а. ўвайшоў Лепельскі р-н. Акр. газ. «Полоцкий пахарь», з 1926 «Чырвоная Полаччына».

2) Адм.-тэр. адзінка (пагранічная) у БССР у чэрв. 1935 — лют. 1938. Уключала Асвейскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Полацкі, Расонскі р-ны. Акр. газ. «Бальшавік Полаччыны». Скасавана ў сувязі з увядзеннем у БССР абл. падзелу. Усе раёны перададзены ў Віцебскую вобласць.

т. 12, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР з 20.9.1944 да 8.1.1954. Цэнтрг. Полацк. Пл. 17,8 тыс. км², нас. 394,6 чал. (на 1.1.1947), 6 гарадоў (Браслаў, Глыбокае, Дзісна, Докшыцы, Дрыса, Полацк), 6 гар. пасёлкаў (Асвея, Відзы, Друя, Дунілавічы, Ушачы, Шаркаўшчына), 217 сельсаветаў, 15 раёнаў: Асвейскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Полацкі, Расонскі, Ушацкі (перададзены з Віцебскай вобл.), Браслаўскі, Відзскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Міёрскі, Пліскі, Шаркаўшчынскі (перададзены з б. Вілейскай вобл.). Выдавалася абл. газ. «Бальшавіцкі шлях» (з 1952 «Сцяг камунізма») і 15 раённых газет. Пасля скасавання П.в. Браслаўскі, Відзскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Міёрскі, Пліскі, Шаркаўшчынскі р-ны перададзены ў Маладзечанскую вобласць; Асвейскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Полацкі, Расонскі, Ушацкі — у Віцебскую вобласць.

т. 12, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)