рака, левы прыток р. Дняпро, у Расіі і на Украіне. Даўж. 1130 км. Пл.бас. 88,9 тыс.км². Бярэ пачатак на Смаленска-Маскоўскім узв., упадае ў Дняпро вышэй Кіева. У верхнім цячэнні берагі пераважна нізінныя і забалочаныя, ніжэй г. Бранск правы бераг павышаецца. Пасля ўпадзення р. Сейм даліна расшыраецца, рака ўтварае шмат рукавоў і старыц. Рэчышча пясчанае, звілістае, няўстойлівае, шмат мелей. Гал. прытокі: Судасць, Сноў (справа), Болва, Наўля, Няруса, Сейм і Асцёр (злева). Ледастаў са снеж. да красавіка. Вясной у паводку шырока разліваецца. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 360 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Ноўгарад-Северскі. Гал. прыстані: Ноўгарад-Северскі, Макошына, Чарнігаў, Асцёр, Жукін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЛУ́СКІ (Dłuski) Астап [сапр.Лангер
(Langer) Адольф; 31.10.1892, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 12.2.1964], польскі дзярж. і паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Венскі ун-т (1918). З 1911 чл. Польскай с.-д. партыі. Адзін з заснавальнікаў (1918) кампартыі Аўстрыі. З 1918 чл. кампартыі Польшчы і кампартыі Усх. Галіцыі (з 1923 кампартыі Зах. Украіны). Рэдагаваў парт. выданні. У 1929—33 у СССР, чл.ВКП(б). У 1936—45 у Францыі, у час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у Руху Супраціўлення. Пасля вяртання ў Польшчу чл.ЦК Польскай рабочай партыі (з 1948 ПАРП),
дырэктар Польскага ін-та па міжнар. справах (з 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́А (Гершан Майсеевіч) (парт.псеўд. Д.Боген; 5.5.1892, г. Седльцы, Польшча — 12.11.1948),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. За рэв. дзейнасць у 1916—18 зняволены герм.акупац. ўладамі ў канцлагер. З 1920 у Палесціне, адзін з заснавальнікаў і ген. сакратар ЦК Кампартыі Палесціны, высланы англ. каланіяльнымі ўладамі. У 1925—32 чл.ЦККПЗБ, прадстаўніцтва ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б. Неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі. У 1933—35 у апараце выканкома Камінтэрна. У 1937 у складзе паліт. кіраўніцтва інтэрнац. брыгад рэсп. Іспаніі. Пасля паражэння рэспублікі эмігрыраваў у Францыю, потым на Кубу, быў карэспандэнтам камуніст. друку ў ЗША. З 1947 у Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЛЕ́ЦКІ (Мікалай Паўлавіч) (каля 1613, Кіеў — пасля 1680),
украінскі муз. тэарэтык, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Варшаве і Вільні, з канца 1670-х г. працаваў у Маскве. Аўтар трактата «Граматыка мусікійская», дзе найб. поўна выкладзены кампазіцыйныя асновы партэсных спеваў, вытлумачаны выразныя магчымасці музыкі ў духу тэорыі афектаў (гл.Афектаў тэорыя). Вядома некалькі рэдакцый гэтага трактата на розных мовах — польскай (1675, Вільня, не захаваўся), царк.-слав. (1677, Смаленск), рус. (1679, 1681, 1979, Масква; 1910, С.-Пецярбург), укр. (1723, Пецярбург; 1970, Кіеў). Гэта фундаментальная праца некалькі дзесяцігоддзяў была асноўнай пры вывучэнні тэорыі музыкі і кампазіцыі. Пад уплывам творчасці Д. склалася кампазітарская школа шматгалосых царк. спеваў. Яму належаць шматгалосыя хар. кампазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́С,
у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.Альтдорфера, Тыцыяна, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).
Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗІНФЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + інфекцыя),
спосабы поўнага ці выбіральнага знішчэння патагенных для чалавека і жывёл мікраарганізмаў на шляху перадачы ад крыніцы інфекцыі да здаровага арганізма. Робяць Д. хім. рэчывамі (дэзінфетантамі), фіз. (кіпячэнне, абпальванне, ультрафіялетавым і радыяцыйным выпрамяненнем і інш.) і біял. (бактэрыяфагі, фільтры) дэзінфекцыйнымі сродкамі. У ачагах інфекцыі (бальніцы, дзіцячыя і грамадскія ўстановы) робяць прафілактычную Д., калі ёсць хворы ці бактэрыяносьбіт — бягучую Д., пасля іх выдалення з памяшкання — заключную Д. У ветэрынарыі аб’ектамі Д. з’яўляюцца жывёлагадоўчыя памяшканні, прадметы догляду за жывёлай, збруя, трансп. сродкі для перавозкі жывёл і прадуктаў жывёльнага паходжання, месцы забою жывёл, перапрацоўкі і захавання прадуктаў жывёльнага паходжання, рыбагасп. вадаёмы, гной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ-ЛОНГ ((De Long) Джордж Вашынгтон) (22.8.1844, Нью-Йорк — 30.10.1881),
амерыканскі палярны даследчык. Скончыў марскую Акадэмію ЗША (1865). Першае плаванне здзейсніў у Бафінаў зал. (1873). У 1879 узначаліў экспедыцыю на яхце «Жанета», мэтай якой было дасягненне Паўн. полюса і пошукі экспедыцыі Н.А.Нордэншэльда. На ПнУ ад в-ва Геральд яхта ўмерзла ў ільды; у час дрэйфу адкрыты а-вы Жанеты і Генрыеты. Пасля гібелі яхты ў чэрв. 1881 экіпаж дрэйфаваў на льдзіне, адкрыў в-аў Бенета. Д.-Л. з часткай спадарожнікаў, калі вызваліўся ад дрэйфу, дасягнуў вусця р. Лена, дзе загінуў ад голаду. Імем Д.-Л. названа група астравоў ва Усх.-Сіб. моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАЛЕ́ЗНАЯ ГВА́РДЫЯ»
(«Garda de fier»),
фашысцкі рух у Румыніі ў 1930—44. Узнікла на базе нацыяналіст., хрысц.-містычнай і антысеміцкай арг-цыі «Легіён Міхаіла Архангела» (засн. ў 1927) на чале з К.Кадрану. Прапагандавала ідэі нац. выключнасці румынаў, ліквідацыі сац. несправядлівасці, узмацнення пазіцый сялянства і інш. За тэрарыст. дзейнасць (у т. л. забойства прэм’ер-міністра І.Г.Дукі) у 1934 забаронена, у 1935 адноўлена як партыя «Усё для айчыны», у 1938 зноў забаронена. У 1940 як «Рух легіянераў» (лідэры Х.Сіма і інш.) удзельнічала ў фарміраванні ўрада ген. І.Антанеску. Канчаткова забаронена пасля вызвалення Румыніі ў 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАМЧУ́ЖЫН»,
рачны манітор Дняпроўскага атрада Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях летам 1941. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Меў на ўзбраенні 7 гармат і 3 кулямёты, экіпаж 72 чал. З 27.11.1936 у складзе Дняпроўскай ваен. флатыліі, удзельнічаў у паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). З 8.7.1940 у Дунайскай ваен. флатыліі. У пач.Вял.Айч. вайны абараняў вусце Дуная. У канцы ліп. 1941 пераведзены на Дняпро. Прыкрываў пераправы і адыход сав. войск на левы бераг Дняпра на Пд ад Кіева, каля гарадоў Ржышчаў і Канеў. Узарваны экіпажам 12.8.1941 пасля няўдалай спробы прарыву з Чаркасаў да Краменчуга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ВІЧ (Платон Мікалаевіч) (26.9.1857, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 30.11.1919),
бел. гісторык. Чл.-кар Расійскай АН (1918). Праф. (1894), Д-рцарк. гісторыі (1901). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1881). Выкладаў у Полацкім духоўным вучылішчы, у Вільні, з 1891 у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У 1918 уваходзіў у Беларускае вольна-эканамічнае таварыства ў Петраградзе. Даследаваў рэліг. адносіны ў Рэчы Паспалітай, палітыку Расіі на Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.
Тв.:
Кардинал Гозий и польская церковь его времени. СПб., 1882;
Борьба против унии на современных ей литовско-польских сеймах (1595—1600 гг.). СПб., 1897;
Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—02.