«ДАЛЕ́НГА»,

прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная падкова, з сярэдзіны падковы выходзіць страла джалам уніз, над падковай — залаты крыж; клейнод — прабітае стралой птушынае крыло. Існуюць варыянты герба: страла накіравана ўлева, клейнод — 3 страусавыя пёры. Паводле падання, узнік у канцы 12 ст. У ВКЛ пашыраны з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 150 родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.

А.​К.​Цітоў.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСАПТЭ́РЫЕВАЯ ФЛО́РА, гандванская флора,

існавала на мацерыку Гандвана з позняга карбону да ранняга трыясу. Выяўлена па знаходках у Антарктыдзе, Аўстраліі, Еўропе. Узнікненне і развіццё гіпатэтычнага мацерыка Гандвана з пашыраным абледзяненнем вызначылі аднастайны і бедны ў відавых адносінах своеасаблівы склад гласаптэрыевай флоры, для якой было характэрна мноства гласаптэрысаў і хвашчоў. На Беларусі магчыма існаванне рэшткаў гласаптэрыевай флоры ў адкладах позняга карбону і ранняй пярмі.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬБІН (Якаў Абрамавіч) (н. 1.7.1925, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1970), праф. (1976). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1949). З 1949 у Дзяржплане БССР. У 1950—94 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследуе праблемы эканомікі ліцейнай вытв-сці, прадукцыйнасць працы. Аўтар прац «Пытанні эканомікі ліцейнай вытворчасці» (1960), «Планаванне і рэзервы ліцейных цэхаў» і інш.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́СІМАЎ (Мікалай Васілевіч) (2.12.1940, в. Хачэні Наўгародскай вобл., Расія — 18.4.1989),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1983). Скончыў БДУ (1967). З 1970 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследаваў метадалагічныя і тэарэт. праблемы вытв. адносін.

Тв.:

Общественные фонды потребления: необходимость, сущность, направление развития. Мн., 1978;

Совершенствование соцобеспечения семьи, здравоохранения, распределения и оплаты жилья. Мн., 1981;

Экономическая система: генезис, структура, развитие. Мн., 1991.

т. 5, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЎСТАФ’ЕЎ (Серафім Фёдаравіч) (н. 2.1.1914, г. Чыятура, Грузія),

бел. інжынер. Сын Ф.Ф.Еўстаф’ева. Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1940). З 1950 у Ін-це торфу АН Беларусі, у 1954—70 у БПІ. Сканструяваў пнеўматычны барабан для перакочвання цыліндрычнага торфу пры яго сушцы, воданаліўны каток для ўшчыльнення грунту. Распрацаваў тэорыю праектавання і выяўлення на чарцяжах святлоценявых форм. Аўтар успамінаў пра Ф.​Ф.​Еўстаф’ева.

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАНО́ВІЧЫ,

бальнеагразевы і кліматычны курорт на Беларусі. За 12 км ад Мінска, непадалёку ад вадасховішчаў Заслаўскага (Мінскага м.) і Дразды. Засн. ў 1922. Асн. лек. фактары — умерана кантынентальны клімат, мясц. мінер. воды (хларыдна-сульфатна-натрыевая і хларыдна-натрыевая), сапрапелевыя і інш. гразі выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, парушэнняў абмену рэчываў, рэабілітацыйна-аднаўленчага лячэння пасля аперацый.

Курорт Ждановічы.

т. 6, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ (Васіль Пятровіч) (1922, в. Бярозаўка Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 12.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Камандзір кулямётнага разліку ст. сяржант Ж. у ліп. 1944 у баі за г. Масты Гродзенскай вобл. агнём са станковага кулямёта адбіў 3 контратакі праціўніка, адрэзаў яго пяхоту ад танкаў, гранатамі падбіў танк, пад другім загінуў сам.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛО́НА стратэгічная,

аператыўнае аб’яднанне вайск. атрадаў Сав. Расіі ў 1918. Уведзена Вышэйшым ваен. саветам у сак. 1918 для абароны дэмаркацыйнай лініі, устаноўленай паводле Брэсцкага міру 1918 (ад Фінскага зал. да Курска). Падзялялася на ўчасткі атрадаў. Атрады, што займалі лінію на тэр. Беларусі, уваходзілі ў Заходні ўчастак атрадаў заслоны. У канцы 1918 — пач. 1919 участкі атрадаў сталі базай для ўтварэння армій і франтоў.

т. 6, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1845—49 у Пецярбургу на рус. мове. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве розных рэгіёнаў Рас. імперыі. Сярод матэрыялаў пра Беларусь «Беларускае вяселле», «Горад Барысаў: (З падарожных нататкаў)», «Горад Барысаў: (Эпізод Бярэзінскай бітвы)» Р.​Друцкага-Падбярэскага і «Некалькі слоў пра мястэчка Гомль» В.​Шабякіна (усе 1848), пераклад «Нарыса паўночнай Беларусі» Я.​Баршчэўскага (1846) і «Узор паэзіі беларусаў» (1848).

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НЕЙ,

тонкі слой ледзяных крышталёў, якія ўтвараюцца на глебе, траве і наземных прадметах у халодныя, ясныя і ціхія ночы. Узнікае пры ахаладжэнні зямной паверхні ў выніку цеплавога выпрамянення ніжэй за 0 °C і сублімацыі вадзяной пары на паверхні прадметаў. І. адрозніваюць ад шэрані, якая ўтвараецца пры тумане, у мароз. На тэр. Беларусі І. назіраецца з вер. да мая, ад 50 да 80 сутак.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)