ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё), пратэразойская акратэма (акрон),
верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд.г. назад і закончыўся 570 млн.г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.
Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл.Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд.г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.
Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.
На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл.Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.
Літ.:
Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛАДАБУДАВА́ННЕ,
комплекс галін прам-сці па вытв-сці сродкаў вымярэнняў, аналізу, апрацоўкі і прадастаўлення інфармацыі, прылад і прыстасаванняў кантролю і рэгулявання тэхнал. працэсаў, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці, сістэм кіравання і навук. даследаванняў. У залежнасці ад тэхнал. асаблівасцей адрозніваюць П. дакладнай механікі і электрамеханікі, аптычнае, оптаэлектроннае і лазернае, электроннае. Найб.пашыраны прылады вымярэння мех. (вуглавых і лінейных памераў і перамяшчэнняў, масы, сілы, вібрацыі, цвёрдасці, дэфармацыі, трываласці), эл. і магн. (напружання, току, магутнасці, частаты, супраціўлення, ёмістасці), цеплаэнергет. (т-ры, ціску, расходу рэчыва, узроўню), аптычных, радыяцыйных і інш. велічынь. Сродкі вымяральнай тэхнікі ў спалучэнні з рэгулюючымі, вылічальнымі і выканаўчымі прыстасаваннямі складаюць тэхн. базу аўтаматызаваных сістэм кіраваннятэхнал. працэсамі.
Значнае месца ў П. займаюць: прылады і прыстасаванні вылічальнай тэхнікі, што выкарыстоўваюцца для механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў вылічэнняў і апрацоўкі інфармацыі пры рашэнні інж. і навук. задач; аналітычныя прылады для вызначэння саставу і канцэнтрацыі рэчываў у розных асяроддзях, матэрыялах і прадуктах (электрахім., ультрагукавыя, аптычныя, ядзерныя і інш. аналізатары); сродкі тэлемеханікі для перадачы інфармацыйных сігналаў і кіроўных імпульсаў на вял. адлегласці; прылады і прыстасаванні выпрабавальнай тэхнікі, аргтэхнікі. Стварэнню кампактных надзейных прылад, вымяральных, вылічальных і інш. сродкаў тэлемеханікі і аўтаматыкі садзейнічала развіццё мікраэлектронікі. оптаэлектронікі, мікрамеханікі і г.д., выкарыстанне матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі (плёнак, вадкіх крышталёў, магн. вадкасцей і да т.п.), новых тэхналогій.
Прадукцыя П. шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і быту.
У 19 ст. ў Расіі было некалькі невял. прадпрыемстваў, якія выпускалі тэрмометры, вагі. манометры, вадамеры і інш. найпрасцейшыя прылады. У СССРпрамысл.вытв-сць прадукцыі П. пачалася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. З 1965 існавала Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання. Найбольшыя спецыялізаваныя прадпрыемствы пабудаваны ў Маскве, Ленінградзе, на Украіне, Беларусі, у рэспубліках Прыбалтыкі.
На Беларусі ў 1789—93 дзейнічала Беражанская гадзіннікавая мануфактура, з канца 19 ст. — ф-ка ў Віцебску, якая вырабляла акуляры, фіз., аптэкарскія і хірург. інструменты, і некалькі майстэрняў па рамонце нескладаных прылад. У 1920-я г. адзін з цэхаў мінскага з-да «Энергія» вырабляў вагі. У 1930 створаны вагавы з-д «Ударнік». У пач. 1950-х г. пачата вытв-сць больш складаных і дакладных прылад. Як асобная галіна П. сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысл., энергет. і быт. прызначэння выпускаюць Брэсцкі электрамеханічны завод, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскі прыладабудаўнічы завод, Гродзенскі завод «Радыёпрылада», Магілёўскі завод «Электрарухавік», Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі прыборабудаўнічы завод і інш.Н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў галіне П. вядуцца ў Мінскім навукова-даследчым прыборабудаўнічым інстытуце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКІ САЛЯНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Размешчаны ва ўсх.ч.Беларускага Палесся, у межах Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс.км², даўж. да 260 км, шыр. да 130 км. Разведаныя запасы каменнай солі 22 012,8 млн.т, калійнай — 7171,7 млн.т. Перспектыўныя запасы калійнай солі — 4229,8 млн.т. Першае Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей (разведана ў 1949) эксплуатуецца з 1963. На калійныя солі разведаны Петрыкаўскае радовішча калійных солей і Акцябрскае, выяўлена 5 перспектыўных плошчаў: Драздоўская, Светлагорская, Навадубраўская, Капаткевіцкая і Жыткавіцкая. Разведаны радовішчы каменнай солі: Давыдаўскае радовішча каменнай солі, Мазырскае радовішча каменнай солі і Старобінскае. Мазырскае радовішча эксплуатуецца шляхам падземнага растварэння каменнай солі і здабычы расолу праз свідравіны штогод да 180—360 тыс.т; на Старобінскім радовішчы каменная саль здабываецца шахтавым спосабам (500—520 тыс.т за год). У П.с.б. сярод сярэдне- і верхнедэвонскіх і ніжняпермскіх адкладаў выяўлена 5 саляносных фармацый: эйфельская, верхняфранская, ніжнефаменская, сярэдняверхнефаменская і ніжняпермская, якія залягаюць на глыб. 300—4695 м. У эйфельскай фармацыі лёгкарастваральныя ў вадзе солі прадстаўлены каменнай соллю, якая ўтварае ў паўн.ч. Прыпяцкага прагіну пласт магутнасцю да 31 м. Верхняфранская саляносная фармацыя пашырана на пл. каля 20 тыс.км², магутнасць 150—800 м, у раёнах праяўлення салянога тэктагенезу (Ельская, Маладушынская, Залатухінская і інш. структурныя плошчы) дасягае 1000—1500 м. Фармацыя прадстаўлена пераслойваннем пластоў і пачкаў каменнай солі, даламітавых мергеляў і глін, сульфатна-гліністых, карбанатна-сульфатна-гліністых парод, пясчанікаў, алеўралітаў, ангідрытаў, вулканічных туфаў і туфітаў. На З і Пд басейна ў асобных пластах каменнай солі развіты калійныя гарызонты (да 4) магутнасцю 1—1,5 м. Ад верхняфранскай і ніжнефаменскай саляносных фармацый сярэдневерхнефаменская фармацыя аддзяляецца магутным (да 900 м і больш) міжсалявым тэрыгенна-сульфатна-карбанатным комплексам, у якім на асобных участках у цэнтр. і паўд.ч. Прыпяцкага прагіну адзначаны адзінкавыя пласты каменнай солі магутнасцю 1—17 м. Сярэдневерхнефаменская саляносная фармацыя пашырана на пл. больш за 26 тыс.км², магутнасцю 100—3000 м. Паводле літалагічнага складу яна падзяляецца на ніжнюю, або галітавую (соленасычэнне да 85—95%) і верхнюю, або каліяносную субфармацыі. Каліяносная прадстаўлена пераслойваннем пластоў каменнай і калійных солей, карбанатна-гліністых і тэрыгенных парод. Калійныя солі пашыраны на пл. каля 14 тыс.км², выяўлена каля 60 гарызонтаў сільвінітавага, сільвін-карналітавага і карналітавага саставу. Фарміраванне саляносных адкладаў звязана з рыфтавым этапам развіцця Прыпяцкага прагіну. Дыферэнцыраваныя рухі па разломах з амплітудай да 2 км і больш абумовілі працэсы салянай тэктонікі, што асабліва праявіліся ў сярэдняверхнефаменскай галітавай субфармацыі ў выглядзе працяглых саляных валоў і сінклінальных зон субшыротнага напрамку. На З Прыпяцкага прагіну разломы з фундамента пранікаюць у каліяносную субфармацыю, што абумовіла плікатыўна-блокавую яе будову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БЫ (Pisces),
падклас сківічнаротых водных пазваночных. Вядомы з дэвону (каля 410 млн.г. назад). 5 кл.: 3 выкапнёвыя — акантоды, плакадэрмы і крылапанцырныя (Pterichthyes) і 2 сучасныя — храстковыя рыбы і касцявыя рыбы. Больш за 25 тыс. відаў (сучасных больш за 20 тыс. — каля 50% усіх відаў пазваночных), з якіх большасць (96%) складаюць касцявыя рыбы. Кісцяпёрыя Р., магчыма, далі пачатак наземным пазваночным. Пашыраны Р. паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. Жывуць у разнастайных экалагічных умовах: пры дыяпазоне т-р ад -2,1 °C (антарктычныя воды) да 50 °C (тэрмальныя крыніцы), вытрымліваюць салёнасць да 70%. Многія Р. робяць міграцыі дзеля размнажэння, адкорму і зімоўкі. На Беларусі адзначана 58 (59) відаў з 17 сям. Р. з атр.акунепадобных, асетрападобных, вугрападобных, карпападобных, ласосепадобных, траскападобных; з іх 46 (47) відаў мясцовыя, 12 завезены з мэтай акліматызацыі і рыбагадоўлі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 194 віды і падвіды Р., у Чырв. кнігу Беларусі — 5 відаў.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 20 м і больш, маса ад 1,5 г да 14 тон. Цела двухбакова-сім. (акрамя камбалападобных), разнастайнай формы. Канечнасці ў выглядзе няпарных і парных плаўнікоў (часам адсутнічаюць). Скура ўкрыта лускою, зрэдку з касцявымі пласцінкамі або голая. Шкілет храстковы або касцявы. Сэрца двухкамернае, адзін круг кровазвароту. Дыхаюць жабрамі, некат. (дваякадыхальныя) маюць дадатковыя органы дыхання, т.зв. «лёгкія». Галаўны мозг невял., прымітыўны. Кішэчнік слаба дыферэнцыраваны на аддзелы, часта ёсць піларычныя прыдаткі — сляпыя вырасты, якія адкрываюцца ў сярэднюю кішку; у іх ідзе дадатковае ператраўліванне корму. Большасць Р. мае плавальны пузыр. У многіх відаў добра развіты нюх, дотык, зрок, слых. Некат. маюць эл. органы. Спецыфічныя для Р. органы бакавой лініі ўспрымаюць водныя ваганні. У глыбакаводных Р. ёсць органы свячэння. Паводле спосабу жыўлення Р. — планктафагі, бентафагі, дэтрытафагі, фітафагі і драпежнікі. Размнажэнне — пераважна шляхам адкладвання ікры, ёсць жывародныя (сярод храстковых). Р. — адна з асн. крыніц харч. бялку, займаюць важнае месца ў харчаванні чалавека і яго гасп. дзейнасці. Агульны гадавы адлоў Р. ў свеце складае каля 75 млн.т (з прэсных вод — каля 10 млн.т). Узнаўленне некат. Р. падтрымліваецца развядзеннем на рыбаводных заводах, у сажалках і рыбагадавальніках. У многіх краінах вядзецца аквакультура і марыкультура. Пашырана акварыумнае рыбаводства (гл.Акварыум, Акварыумныя рыбы), аматарскі лоў і рыбалоўны спорт. Навука аб Р. — іхтыялогія.
Літ.:
Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;
Яго ж. Экология рыб. 3 изд. М., 1974;
Жизнь животных. Т. 4. 2 изд. М., 1983;
Wheeler A. The World encyclopedia of fïshes. London, 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКІ РАМА́Н,
жанр сярэдневяковай свецкай рыцарскай л-ры. Узнік у рамана-германскім культ. рэгіёне, на ПнЗ Францыі і частцы тэр. Англіі, дзе спалучыліся раманскія, герм. і кельцкія ўплывы Вытокі Р.р. — сярэдневяковыя паданні кельтаў, германцаў, народаў з Усходу, гіст. хронікі (лац. «Гісторыя каралёў Брытаніі» Гальфрыда Монмаўцкага, 12 ст.), з ант. л-ры (паданні пра Аляксандра Македонскага, авантурны раман «Метамарфозы» Авідзія). Пашырыўся ў 12—14 ст. (час росквіту рыцарства). Эвалюцыя жанру звязана з адыходам ад крыніц і развіццём апавяд. форм (з 13 ст. з’яўляюцца празаічныя апрацоўкі), у якіх адлюстроўваецца новы гіст.-культ. кантэкст. У цэнтры традыц. Р.р. — апісанне подзвігаў героя, якія здзяйсняюцца дзеля ўласнай славы і кахання да Панны. Кодэкс рыцарскай дабрачыннасці склалі гераічны (ваен. майстэрства, мастацтва бою) і эстэт. (свецкае, прыдворнае выхаванне) ідэалы. Рыцарскае каханне ідэалізаванае. Індывідуалізуюцца пачуццёвы свет, мова герояў. У сюжэце пераважаюць фантаст. матывы як казачнага, так і незвычайнага, пазабудзённага зместу, экзатычныя апісанні, партрэтныя характарыстыкі, наяўнасць дыялогаў і маналогаў. Вылучаюць сюжэты Р.р.: ант. («Александрыя», «Раман пра Энея», «Троя»), брэтонскі ці артураўскі (раманы пра рыцараў «Круглага стала», пра Трыстана і Ізольду — версіі Тама, Беруля, Марыі Французскай, Готфрыда Страсбургскага, раманы Крэцьена дэ Труа, Вольфрама фон Эшэнбаха, раман Т.Мэлары «Смерць Артура», 15 ст.), візант. («Флуар і Бланшэфлёр», «Акасен і Нікалет»). Тыпалагічныя паралелі Р.р.: прыдворная аповесць (яп. «Гэндзі-Манагатары»), рыцарская паэма (Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры», перс. і тадж. паэта 11 ст. Гургані «Віс і Рамін»). Пародыяй на стылізаваныя перапрацоўкі Р.р., якія былі пашыраны ў ісп. л-ры Адраджэння, стаў «Дон Кіхот» М.Сервантэса. На Беларусі першыя пераклады Р.р. з’явіліся ў 15 ст. — «Александрыя» (сербская рэд.). У 16 ст. перакладзены на бел. мову лац. рэдакцыя гэтага твора, а таксама з польскай крыніцы раман пра Траянскую вайну італьян. пісьменніка 13 ст. Гвіда дэ Калоны (Калумны) «Гісторыя разбурэння Троі». У бел. спісе прыблізна 1580 захавалася бел. рэдакцыя Р.р. — «Аповесць пра Трышчана», у якой вял. пачуццё, сапраўднае каханне перамагае нормы і ўмоўнасці феад. саслоўнай маралі, што часткова выводзіць гэты твор за жорсткія рамкі куртуазнай дактрыны. Багатырскую казку нагадвае «Аповесць пра Баву». Адзін з апошніх бел. перакладных твораў, блізкіх да Р.р., — «Гісторыя пра Апалона Тырскага». Творы Р.р. бытавалі на Беларусі пераважна ў асяроддзі шляхты. Р.р. садзейнічаў секулярызацыі бел. л-ры, развіццю маст. вымыслу, белетрызацыі гіст. прозы, а таксама служыў задавальненню павялічанага чытацкага попыту бел. грамадства таго часу на творы свецкага зместу.
Літ.:
Мелетинский Е.М. Введение в историческую поэтику эпоса и романа. М., 1986;
История всемирной литературы. Т. 2. М., 1984;
Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998;
Адамовіч Г.Я. З крыніц сусветнай літаратуры Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУеўрап.ч. Расійскай Федэрацыі, у сярэднім цячэнні р. Волга. Утворана 14.5.1928 як Сярэдняволжская вобл., з 1929 Сярэдняволжскі край, з 1935 Куйбышаўскі край, у 1936 Куйбышаўская вобл., з 1990 сучасная назва. Пл. 53,6 тыс.км². Нас. 3295 тыс.чал. (2000), гарадскога 81%. Цэнтр — г.Самара. Найб. гарады: Тальяці, Сызрань, Навакуйбышаўск, Чапаеўск.
Правабярэжная ч. вобласці занята Прыволжскім узв. (выш. да 315 м), якое парэзана ярамі і лагчынамі, і гарамі Жыгулі выш. да 370 м. Левабярэжжа — хвалістая раўніна, на ПнЗ размешчана Нізкае Заволжа, на ПнУ — Высокае Заволжа (Сокскія і Кінельскія Яры), на Пд і ПдУ Каменны і Сярэдні Сырт. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), гаручыя сланцы, сера, гіпс, вапнякі, бітум, фасфарыты. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 21 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал.р. Волга (340 км на тэр. вобласці) утварае вял. выгін — Самарскую Луку. Прытокі Волгі: Уса, Сызрань (справа), Вял. Чарамшан, Сок, Самара, Чапаеўка, Чагра, Вял. Іргіз (злева). Куйбышаўскае і Саратаўскае вадасх. Вобласць размешчана ў лесастэпавай і стэпавай зонах. Глебы пераважна чарназёмныя (вышчалачаныя, сярэднягумусавыя і тлустыя), на правабярэжжы шэрыя і цёмна-шэрыя, на Пд цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы. Лясы займаюць каля 12% (пераважна на правабярэжжы і ў Жыгулях). Пашыраны шыракалістыя лясы (дуб, ліпа, клён). Нац. парк Самарская Лука, Жыгулёўскі запаведнік.
Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка (58,9% па кошце прадукцыі, 1999). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў, самалётаў, касм. тэхнікі, с.-г. машын, авіярухавікоў, абсталявання для аэрадромаў, нафтаздабычы, аўтарамонту, энергетыкі; станкоў, матораў, тэлевізараў, суднарамонту. Паліўна-энергет. комплекс (13,5%) прадстаўлены здабычай нафты (7,8 млн.т разам з газавым кандэнсатам, 1999), прыроднага газу, вытв-сцю электраэнергіі (25,5 млрд.кВт∙гадз). Волжская ГЭС, Самарская ДРЭС. Развіта нафтаперапрацоўчая, нафтахім. і хім. (вытв-сцьсінт. спірту і смол, фенолу, аміяку, мін. угнаенняў, палімернай плёнкі), буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, азбацэментных труб, шыферу), харч. (мукамольная, мясная, малочная, алейная), дрэваапр., у т. л. мэблевая, лёгкая (швейная, трыкат., абутковая) прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, мяса-малочнай і мяса-воўнавай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 2,2 млн.га, у т. л. збожжавыя 65%. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, проса, грэчку, авёс, з тэхн. — сланечнік, кармавыя культуры. Бульба- і агароднінаводства. Садоўніцтва. Вял. масівы арашальных зямель. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Даўж. чыгунак 1388 км, гал. Масква—Сызрань—Самара—Уфа—Чэлябінск. Чыг. вузлы: Самара, Акцябрск, Кінель, Сызрань. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7 тыс.км. Суднаходства па р. Волга. Рачныя парты: Тальяці, Жыгулёўск, Самара, Акцябрск, Сызрань. Развіты трубаправодны транспарт. Тэр. вобласці перасякае нафтаправод «Дружба». Курорт — Сергіеўскія Мінер. Воды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́ТАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУеўрап.ч. Расійскай Федэрацыі, у Ніжнім Паволжы. Утворана 10.1.1934. Пл. 100,2 тыс.км². Нас. 2907 тыс.чал. (2000), гарадскога 73%. Цэнтр — г.Саратаў. Найб. гарады: Балакова, Энгельс, Балашоў, Вольск.
Вобласць падзяляецца р. Волга на 2 часткі: зах. (правабярэжную) і ўсх. (левабярэжную, Заволжа). Б.ч. правабярэжжа займае Прыволжскае ўзв. (выш. да 370 м), на З — Окска-Данская раўніна. Левабярэжная частка раўнінная, з У і ПнУ абмежавана адгор’ямі Агульнага і Каменнага Сырта. На ПдУ — ч. Прыкаспійскай нізіны. Паверхня моцна парэзана ярамі. Карысныя выкапні: прыродны газ, нафта, гаручыя сланцы, калійна-магнезіяльныя солі, фасфарыты, сыравіна для буд. матэрыялаў. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 21,7 °C. Ападкаў за год ад 250 мм на ПдУ да 450 мм на Пн. Гал.р. Волга (у межах вобласці 420 км) з прытокамі Церашка (справа), Вял. і Малы Іргіз (злева); найб. прытокі р. Дон — Хапёр і Мядзведзіца, рэкі Вял. і Малы Узень у Заволжы. Валгаградскае і Саратаўскае вадасховішчы. Саратаўскі і Ерусланскі абвадняльныя каналы. Каля 80% тэр. вобласці ў стэпавай зоне з чарназёмнымі глебамі, у Заволжы пашыраны каштанавыя і светла-каштанавыя глебы. Лясістасць 5,5% (вяз, дуб, бяроза). Хвалынскі нац. парк.
Асн. галіна эканомікі — прамысловасць, дзе вылучаюцца машынабудаванне і металаапрацоўка (20,1% кошту прадукцыі, 1999). Вытв-сць самалётаў, тралейбусаў, станкоў, электрарухавікоў, акумулятараў, прылад, падшыпнікаў, дызеляў, аўтатрансп. прычэпаў, запчастак для аўтамабіляў, халадзільнікаў і маразільнікаў; аўтарамонт. Паліўна-энергет. комплекс (29%) прадстаўлены здабычай прыроднага газу (367 млн.м³), нафты і кандэнсату (1,5 млн.т), вытв-сцю электраэнергіі (31,1 млрд.кВт∙гадз, 1999). Саратаўская ГЭС, Балакоўская АЭС. Развіта хім. і нафтахім. (штучнае і сінт. валакно, мінер. ўгнаенні, серная к-та, гумава-тэхн. вырабы), буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вапна, мел, тэхн. шкло, цэгла і інш.), дрэваапр., лёгкая (трыкат., абутковая, швейная, вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін), харч.прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа. У структуры сельскай гаспадаркі 81 % прыпадае на прадукцыю жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 4,4 млн.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 72% (пшаніца азімая і яравая, ячмень, проса, жыта), тэхн. 9,4% (сланечнік, цукр. буракі), кармавымі 17,3%. Вырошчваюць бульбу і агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Даўж. чыгунак 2312 км; асн. чыгункі Масква—Саратаў—Арэнбург, Валгаград—Казань. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9828 км (Саратаў—Варонеж, Саратаў—Пенза і інш.). Суднаходства па Волзе і Вял. Іргізе. Парты: Саратаў, Энгельс, Вольск, Балакова. Буйн. газаправоды: Саратаў—Масква, Саратаў—Пенза—Ніжні Ноўгарад—Чарапавец, Сярэдняя Азія—Цэнтр. Курорт імя В.І.Чапаева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЭ́ЗМ,
старажытная дзяржава ў Сярэдняй Азіі з цэнтрам у нізоўі р. Амудар’я, вобласць развітага ірыгацыйнага земляробства, рамесніцтва і гандлю. высокай культуры. Упершыню згадваецца ў іран. крыніцах 6 ст. да н.э. У канцы 6 ст. да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 4—1 ст. да н.э. — незалежная дзяржава; у 1—2 ст.н.э. ў складзе Кушанскай дзяржавы, у 3 ст. зноў незалежны. У 712 заваяваны арабамі. У 995 аб’яднаны пад уладай эміра г. Ургенч. Найб. магутнасці Х. дасягнуў пры Вял.харэзмшахах [951—1220]. З 1220 у складзе Манг. імперыі, з 1224 — улуса хана Джучы, потым у Залатой Ардзе. У 1388 Х. падпарадкаваў Цімур. На працягу стагоддзя за валоданне ім змагаліся Цімурыды і ханы Залатой Арды. З пач. 16 ст. большасць тэр. Х. ўключана ў Хівінскае ханства, якое на мясц.афіц. тэрміналогіі наз. Харэзмскай дзяржавай, што дало падставу так назваць створаную ў 1920 Харэзмскую народную савецкую рэспубліку.
У перыяд Ахеменідаў у мастацтве Х. захоўваліся асобныя рысы сакаў. У 4—3 ст. да н.э. на аснове сінтэзу мясц. і запазычаных элементаў сфарміравалася самаст.маст. культура. На выяўл. мастацтва паўплывала эліністычнае мастацтва, успрынятае ад парфян (гл.Парфянскае царства) і кушан (гл.Кушанская дзяржава). Адметныя рысы архітэктуры — масіўнасць і лаканічнасць аб’ёму, стрыманасць вонкавага дэкору; буд. матэрыялы — пахса і сырцовая цэгла. Традыц. былі каменныя базы ў форме гаршка на 3-ступеньчатым квадратным падмурку. Гарады звычайна прамавугольныя ў плане, з рэгулярнай забудовай, умацаваны сценамі з галерэямі і вежамі (Кюзелі-Гыр). У асобных гар. кварталах ці палацавых комплексах узводзілі храмы і свяцілішчы з брукаванай пляцоўкай для свяшчэннага агню. Палацы ўключалі парадныя двары з айванамі, залы і шматлікія пакоі, злучаныя калідорамі (Калалы-Гыр, 5—4 ст. да н.э.; Тапрак-Кала, 2—6 ст.). Пахавальныя збудаванні ўяўлялі сабой вежападобныя пабудовы з крыжападобнай планіроўкай (на гарадзішчы Кюзелі-Гыр, 5 ст. да н.э.) або цыліндрычныя храмы-маўзалеі (Кой-Крылган-Кала, 4—3 ст. да н.э.). У сінтэзе з архітэктурай развіваліся жывапіс і скульптура (гліняныя расфарбаваныя статуі і барэльефы, шматкаляровыя размалёўкі мінер. фарбамі). Асаблівы від мастацтва — урны-асуарыі ў выглядзе пустацелых статуй (5 ст. да н.э.) ці ў форме куфэрка (7—8 ст.), часам з размалёўкай. Пашыраны тэракотавыя статуэткі. У 4—3 ст. да н.э. выраблялі керамічныя біклагі з барэльефамі міфічнага зместу. Сярэдневяковыя дойліды Х. распрацавалі арыгінальныя шатрова-купальныя канструкцыі (маўзалеі 12 ст. ў г. Ургенч), у арх. дэкоры выкарыстоўвалі ўзорыстую цагляную муроўку, разную тэракоту, ганч. Развіццё мастацтва познафеад. Х. звязана з узвышэннем Хівы (культавыя і палацавыя ансамблі, кераміка, чаканка па медзі, разьба па дрэве, мармуры, ганчы).
Да арт.Харэзм. Тапрак-Кала. Фрагмент манументальнай скульптуры з алебастру. 3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЛЯ́БІНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на Паўд. Урале, у Рас. Федэрацыі. Утворана 17.1.1934. Пл. 87,9 тыс.км². Нас. 3651 тыс.чал. (2001), гарадскога 81%. Цэнтр — г.Чэлябінск. Найб. гарады: Магнітагорск, Златауст, Міяс, Азёрск, Троіцк, Капейск.
Паводле характару рэльефу Ч.в. падзяляюць на 2 ч.: зах. — з хрыбтамі і градамі Паўд. і Сярэдняга Урала (выш. да 1406 м, г. Нургуш) і ўсх. — раўнінную (на ПдУ Зауральскае плато, на ПнУч.Зах.-Сібірскай раўніны). Карысныя выкапні: буры вугаль (запасы 542,2 млн.т), жал. руда, магнезіт, графіт, вогнетрывалыя гліны, ільменітавыя, тытана-магніевыя, медныя і нікелевыя руды, баксіты, золата, тальк, фасфарыты, малахіт, каштоўныя камяні, мінер.буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -16 да -18 °C, ліп. 17—19 °C. Ападкаў за год ад 270 мм на раўнінах да 600 мм у гарах. Гал. рэкі: Урал, Ай і Уфа (бас.р. Волга), Міяс і Уй (бас.р. Об). Шмат азёр (Увільды, Чэбаркуль, Тургаяк). Вадасх. Аргазінскае і Верхнеўральскае. Глебы — звычайныя і вышчалачаныя чарназёмы, шэрыя лясныя, горна-лясныя шэрыя і лугава-чарназёмныя. Пад лесам 28% тэр., пераважаюць хвойныя пароды. Цэнтр.ч. займае лесастэп, на Пд — разнатраўна-злакавы стэп. Нац. паркі Зюраткуль і Таганай, запаведнікі Ільменскі і ч.Паўд.-Уральскага.
Ч.в. — індустр.-агр. рэгіён Расіі. Доля прам-сці ў валавым рэгіянальным прадукце складае 41%. Пераважаюць галіны цяжкай прам-сці. Здабыча руд чорных і каляровых металаў. Чорная (51% прамысл. прадукцыі; чыгун, сталь, пракат, коксахімія) і каляровая (цынк, медзь, нікель) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для горнай і металургічнай прам-сці, грузавыя аўтамабілі і запчасткі да іх, гусенічныя трактары, бульдозеры, грэйдэры, танкі, ракетна-касм. тэхніка, стратэгічныя ракеты падводнага старту, ядзерныя боепрыпасы, станкі, электрарухавікі, акумулятары, халадзільнікі, мед. інструменты і інш.), хім. (азотныя ўгнаенні, лакі, фарбы, сінт. смолы) прам-сць. Паліўна-энергет. комплекс звязаны са здабычай бурага вугалю і выпрацоўкай электраэнергіі (17,8 млрд.кВт∙гадз) на ДРЭС (Троіцкая, Паўд.-Уральская, Чэлябінская) і ЦЭЦ (Магнітагорская, Кыштымская, Чэлябінская -1, -2, -3). Развіта лясная і дрэваапр. (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць мэблі), лёгкая (абутковая, трыкат., швейная), харч. (мяса-малочная, кандытарская, лікёра-гарэлачная, алейна-тлушчавая, макаронная і інш.) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (65% валавой с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Пл.с.-г. угоддзяў 4,7 млн.га, у т. л. ворныя землі 3,8 млн.га. Пераважаюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, проса); з тэхн. культур пашыраны сланечнік. Бульбаводства, агародніцтва. Пладаводства. Даўж. чыгунак 1793 км; гал. магістралі Уфа—Чэлябінск—Курган, Беларэцк—Магнітагорск—Карталы, Орск—Карталы—Троіцк—Чэлябінск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8108 км. Развіты трубаправодны транспарт. Курорты: Кісегач, Увільды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАСЛА́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У цэнтры еўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 11.3.1936. Пл. 36,4 тыс.км². Нас. 1373 тыс.чал. (2003), гарадскога 80,6%. Цэнтр — г.Яраслаўль. Буйныя гарады: Рыбінск, Тутаеў, Пераслаўль-Залескі, Угліч, Растоў.
Размешчана ў межах цэнтр. часткі Усх.-Еўрапейскай раўніны, у Верхнім Паволжы. Паверхня — узгорыстая раўніна, з ПдЗ на ПнУ працягваюцца ўзв. Барысаглебскае, Угліцкае, Данілаўскае, на Пд — паўн. схілы Клінска-Дзмітраўскай грады. Карысныя выкапні: цагляная і керамзітавая сыравіна, жвір, пясчана-жвіровы матэрыял, торф, сапрапель; крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 17,5—18,5 °C, ападкаў каля 600 мм за год. На тэр. Я.в. 4327 рэк (агульная даўж. 20 тыс.км); найб. — Волга (340 км у межах вобласці) з прытокамі Кастрама, Котарасль, Нерль, Соць. 83 возеры (пл. каля 5 тыс.км²); найб. — Нера, Пляшчэева. Вадасховішчы: Рыбінскае, Угліцкае, Кастрамское. Каля 1 тыс. балот (пл. 95,6 тыс.га). Глебы дзярнова-падзолістыя, у далінах рэк алювіяльна-лугавыя і тарфяныя. Пад лесам каля 47% тэрыторыі. На Пнпашыраны хвойныя лясы, на Пд — мяшаныя. Пераслаўскі нац. парк, Дарвінскі запаведнік, 20 фауністычных заказнікаў, 250 помнікаў прыроды.
Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (31,9% прамысл. прадукцыі), хім. і нафтахім. (21,8%), харч. (17,4%), электраэнергетыка (8,2%), паліўная (8,1%), лёгкая (3,5%). Спецыялізацыя маш.-буд. галіны — эл.-тэхн. прам-сць, хім. і нафтахім. машынабудаванне, станка-, дызеле-, прылада- і суднабудаванне, вытв-сць гадзіннікаў, паліграф. і дарожных машын. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць лакі, фарбы, пластмасы, сінт. смолы, каўчук, шыны, хім.-фатаграфічныя прылады і інш.; харч. прам-сці — крухмала-патачныя, мукамольныя, кандытарскія, лікёра-гарэлачныя, піва-безалкагольныя, камбікормавыя, мяса-малочныя вырабы. У лёгкай прам-сці развіты тэкст., абутковая, швейная галіны. Лясная, мэблевая, папяровая прам-сць. Здабыча торфу. Рыбінская і Угліцкая ГЭС на р. Волга. Нар.маст. промысел — растоўская фініфць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, аўчынна-шубнай авечкагадоўлі, вырошчванні бульбы, агародніны, лёну. У Я.в. выведзена яраслаўская парода буйн. раг. жывёлы, брэйтаўская парода свіней, раманаўская парода авечак. Развіта птушкагадоўля. Рыбалоўства. С.-г. ўгоддзі займаюць (тыс.га) 1151,7 (32% пл.), у т. л. ворныя землі — 801,1, пашы — 225, сенажаці — 109,4, інш. — 16,2. Вырошчваюць збожжавыя (авёс, жыта, пшаніца), кармавыя, тэхн. (лён, цыкорыя) культуры, бульбу, агародніну. Даўж. чыгунак 707 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 5 тыс.км, унутр. водных шляхоў 789 км. Гал. чыгунка Масква — Яраслаўль — Данілаў (электрыфікаваная), аўтамагістралі Кастрама—Яраслаўль—Масква, Яраслаўль—Волагда, Цвер—Яраслаўль. Суднаходства па р. Волга і Рыбінскім вадасховішчы. 2 аэрапорты. Газаправоды «Ззянне Поўначы», Саратаў—Яраслаўль—Чарапавец, нафтаправоды Альмецьеўск—Яраслаўль—Кірышы, Ухта—Яраслаўль—Масква і інш. Па тэр. вобласці праходзіць турысцкі маршрут «Залатое кальцо Расіі».