гідралагічны заказнік у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў. Пл. 950 га (1995). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град, на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў. Уключае воз. Белае ў бас.р. Шоша і прылеглую тэрыторыю ў межах вадазборнай плошчы. У возеры водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, краснапёрка, верхаводка; па берагах пасяленні баброў. Пашыраны мох фантыналіс — адзін з рэдкіх для Беларусі відаў воднай флоры (утварае плаваючыя дзярнінкі). На Пд пераважна хваёвыя лясы, на ПдЗ і З трапляюцца ельнікі. Лясістасць 90%. На ПнУ асобныя ўчасткі хваёва-яловых лясоў, уздоўж азёрнага берага курціны шэраалешнікаў.
дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі, публіцыст, філосаф. Першапачаткова адзін з лідэраў вігаў, пасля 1788 наблізіўся да торы. Выступаў супраць узмацнення каралеўскай улады, за больш актыўную ролю парламента і паліт. партый. У час вайны за незалежнасць у Паўд. Амерыцы (1775—83) быў прыхільнікам кампрамісу з паўстанцамі, патрабаваў ліквідаваць рабаўладальніцтва. У працы «Роздум аб Французскай рэвалюцыі» (1790) з кансерватыўных пазіцый абвяргаў ідэі рэвалюцыі і Асветніцтва. Стваральнік ідэалогіі кансерватызму. Асуджаў тэорыю і практыку грамадскіх пераваротаў, ідэям франц. рэвалюцыі проціпастаўляў канцэпцыю нацыі як «саюза пакаленняў» — арган. цэласнасці, сфарміраванай у ходзе гіст. працэсу. У эстэтыцы развіваў паняцце аб прыгожым, разумеючы яго як аб’ектыўную ўласцівасць прадметаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІХЕВІЯРЫ́ЗМ (ад англ. behaviour паводзіны),
адзін з пашыраных кірункаў у сучаснай зах. псіхалогіі. Засн. у 1913 амер. псіхолагам Дж.Уотсанам. Эксперым. асновай біхевіярызму паслужылі даследаванні амер. псіхолагам Э.Торндайкам паводзін жывёл. Працягваючы механістычны кірунак у псіхалогіі, біхевіярызм атаясамліваў свядомасць і паводзіны, зводзіў псіхічныя з’явы да рэакцый арганізма, а ўсё пазнанне — да ўтварэння ў арганізмах (уключаючы і чалавека) умоўных рэакцый. У 1920-я г. біхевіярызм распаўся на шэраг кірункаў, якія спалучалі асн. дактрыну з элементамі інш. тэорый (гештальтпсіхалогіі, псіхааналізу), узнік неабіхевіярызм. Ідэі біхевіярызму паўплывалі на лінгвістыку, антрапалогію, сацыялогію, семіётыку і сталі адным з вытокаў кібернетыкі.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАХІ́НЦАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (11.1.1908, Масква — 27.1.1979),
савецкі фізік, адзін з кіраўнікоў стварэння 1-й у свеце АЭС. Чл.-кар.АНСССР (1958). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Маскоўскі дзярж.ун-т (1930). У 1956—65 дырэктар Аб’яднанага ін-та ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па квантавай тэорыі цвёрдага цела, акустыцы, оптыцы, квантавай механіцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц, метадалогіі фізікі. Аўтар падручніка «Асновы квантавай механікі» (6-е выд., 1983). Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэмія СССР 1952, 1971.
Тв.:
Акустика неоднородной движущейся среды. 2 изд. М., 1981;
Пространство и время в микромире. 2 изд. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Рэйнскі універсітэт імя Фрыдрыха Вільгельма ў Боне,
адзін з буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1777 у Боне як акадэмія, якая павінна была стаць цэнтрам асветы на Рэйнскіх землях. У 1786 перайменавана ва ун-т. Праз 10 гадоў зачынены ў час акупацыі Рэйнскіх правінцый франц. войскамі. У 1818 аднавіў дзейнасць пасля перадачы Прусіі Рэйнскіх правінцый каралём Фрыдрыхам Вільгельмам III. У 19 ст. Бонскі універсітэт саступаў па сваёй значнасці ў Германіі толькі Берлінскаму ун-ту. Сярод выкладчыкаў ун-та буйнейшыя вучоныя Б.Нібур, Ф.Дзіц, А.Шлегель, Г.Гельмгольц, Ф.Паўльсен. Ф-ты: паліт. навук, права, матэм., прыродазнаўчых навук, мед., свабодных мастацтваў, 2 тэалагічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЙЦАЎ (Іван Раманавіч) (27.1.1870, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 4.1.1947),
рускі і бел. матэматык. Праф. (1924). Д-рфіз.-матэм.н. (1935). Брат Я.Брайцава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896), працаваў у ім. З 1900 у Варшаўскім, з 1916 у Ніжагародскім політэхн. ін-тах, з 1918 у Ніжагародскім ун-це. Адзін з арганізатараў БДУ, складальнік праекта вучэбнага плана для фіз.-матэм. ф-та (1921). Навук. працы па тэорыі аналітычных функцый і функцыянальных ураўненняў.
Тв.:
Изыскание особых точек функции, определяемой рядом Тейлора. М., 1907;
Аб адным спосабе прадстаўлення функцыі, дэфініраванай радам Дырыхле // Зб. прац Фізікаматэм. ін-та БАН. Мн., 1935. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙУ́НСКІ (сапр.Сляпцоў) Платон Аляксеевіч [11.11.1893, Аляксееўскі р-н, Рэспубліка Саха (Якуція) — 31.10.1939], якуцкі пісьменнік і грамадскі дзеяч. У 1928—31 нарком асветы і аховы здароўя Якуціі, з 1935 дырэктар НДІ мовы і культуры. Адзін з пачынальнікаў якуцкай л-ры; прадстаўнік рамант. кірунку. Аўтар драм. паэмы «Чырвоны шаман» (1918), п’ес «Бальшавік» (паст. 1926), «Туйаарыма-Куо» (паст. 1928), аповесці «Выхад з твані» (1936), вершаў, апавяданняў; навук. прац «Якуцкая казка (аланхо), яе сюжэт і змест» (1927), «Пра тэорыю якуцкага вершаскладання» (1928), «Якуцкая мова і шляхі яе развіцця» (1935) і інш. Рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСО́Н (ад грэч. axōn вось),
нейрыт, восевы цыліндр, адростак нейрона, які праводзіць нерв. імпульсы ад цела нерв. клеткі да мышачных і залозістых клетак органаў, якія інервуюцца, або да інш. нейронаў. Ад кожнай нерв. клеткі адыходзіць адзін аксон дыяметрам у некалькі мікронаў, даўж. да 1 м і больш (у некаторых жывёл трапляюцца гіганцкія аксоны таўшчынёй да дзесятых доляў міліметра). Пачатковы сегмент аксон (бугарок) найбольш узбудлівы і з’яўляецца месцам генерацыі нерв. імпульсаў. Канцавыя разгалінаванні (тэрміналі) утвараюць сінаптычныя кантакты з інш. нейронамі, мышцамі або залозістымі клеткамі. Хуткасць перадачы ўзбуджэння залежыць ад структуры і дыяметра аксона, ступені пакрыцця іх міэлінавай абалонкай. Пучкі аксона і дэндрытаў утвараюць нервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, пры + littera літара),
адзін са спосабаў гукавой арганізацыі маўлення, паўтарэнне аднолькавых або падобных зычных гукаў. Словы, звязаныя алітэрацыяй, вылучаюцца ў моўнай плыні, набываюць пэўную інтанацыйную значнасць. Як стыліст. прыём алітэрацыі выкарыстоўваецца з даўніх часоў у вуснапаэт. і літ. разнавіднасцях маст. мовы (пераважна ў паэзіі).
На алітэрацыі пабудаваны многія прыказкі і прымаўкі («Дружба дружбай, а служба службай»), скорагаворкі («Пекар Пётр пёк пірог»). Прасцейшы від алітэрацыі — гукаперайманне, але ў чыстым выглядзе яно выступае рэдка, часцей служыць першаасновай для далейшых гукавых асацыяцый («Шурхатала трава затоеным шэптам: «Ш-ш-ш... с-с-с...» З.Бядуля). Алітэрацыя звычайна спалучаецца з асанансам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМНЫ МО́ДУЛЬ,
функцыянальны вузел электроннага прыстасавання, у якім дыскрэтныя элементы (паўправадніковыя прылады, рэзістары, кандэнсатары і інш.) размешчаны паралельна адзін аднаму і перпендыкулярна плоскасці іх злучэння ў эл. ланцугі адпаведна схеме. Бываюць зварныя (вывады элементаў злучаны зваркай), калончатыя (элементы паміж друкавальнымі платамі), сотавыя (элементы ў спец. гнёздах з ізаляцыйнага матэрыялу) і інш. Аб’ёмны модуль аднаго тыпу маюць аднолькавыя ці кратныя геам. памеры і ўтвараюць сістэму модуляў, дапасаваных паміж сабой па эл. параметрах.