свідзі́на

(н.-лац. swida)

кустовая расліна сям. кізілавых з ярка-чырвонымі парасткамі, акруглым лісцем і белымі кветкамі ў шчыткападобных, мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях, пашыраная ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы; некаторыя віды вырошчваюцца як дэкаратыўныя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Мігаце́ць 1 ’паказвацца на кароткі час і знікаць з поля зроку’, ’свяціць няроўным бляскам’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Растарг.), ’ярка блішчэць’ (Шат.), ’пералівацца колерамі’ (КЭС, лаг.), мігце́ць ’тс’, ’ледзь свяціць’ (ТСБМ, Яруш.). Да прасл. migъtěti ’бліскацець, міргаць’ (Мяркулава, Этимология–1973, 58–59), і.-е. аснова *meig‑, якая ў балт. групе моў лае значэнні ’спаць’ (гл. міг) і ’туман’ (літ. miglà, лат. migla), як і ў ст.-грэч. (ὀμίχλη), алб. (mjegull), ст.-інд. (mēgha), авест. (māeɣa) мовах (Скок, 2, 420).

Мігаце́ць 2 ’імжыць’ (рэч., Нар. сл.). Семантычны балтызм. Параўн. літ. miglà, лат. migla ’туман’, літ. miglóti(s) ’засцілацца туманам’. Да мігаце́ць 1, міг (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́тлы ‘які ярка свеціць’, ‘добра асветлены’, ‘не цёмнага колеру’, ‘чысты, празрысты (аб вадкасці)’ (ТСБМ, Нас.). Укр. сві́тлий, рус. све́тлый, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтьлъ, польск. światły, в.-луж., н.-луж. swětły, чэш. světlý, славац. svetlý, серб.-харв. сви̏јетао, свијѐтла, свијѐтло, славен. svétel, балг. све́тъл, макед. светол. Прасл. *světьlъ, дэрыват ад *světъ (гл.) з суф. ‑ьlъ (Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 595). Інакш Сной₁ (622), які разглядае слова як дзеепрыметнік на ‑l‑ ад прасл. дзеясл. *svěsti, svísti ‘свяціць’, якія потым былі выцеснены новым дзеясловам *světiti (гл. свяціць), што, мабыць, залішне. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1387; БЕР, 6, 543–544; Борысь, 621; Мартынаў, Лекс. взаим., 169.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

размалёўваць

1. (фарбамі) bemálen vt; áusmalen vt, bunt ánstreichen*; zéichnen vt, mit Zéichnungen áusschmücken (алоўкам);

2. перан. (перабольшыць значэнне) áusmalen vt, éingehend beschréiben*;

3. разм. (ярка і груба намаляваць) (be)pínseln vt, (be)schmíeren vt, ánschmieren vt, ánmalen vt

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

БРА́ТАЎКА (Melampyrum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (M. nemorosum), братаўка польская (M. polonicum) і братаўка лугавая (M. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (M. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (M. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (M. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.

Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.

Братаўка: 1 — лугавая; 2 — дуброўная.

т. 3, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЕЎ (Кара Абульфаз аглы) (5.2.1918, Баку — 13.5.1982),

азербайджанскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1959). Акад. АН Азербайджана (1959). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1946, клас Дз.Шастаковіча). З 1946 выкладаў у Азерб. кансерваторыі (у 1950—53 рэктар, з 1959 праф.). Глыбокае веданне азерб. фальклору, майстэрства кампазіцыі абумовілі самабытны і ярка сучасны муз. стыль К. Сусв. вядомасць набылі яго балеты «Сем прыгажунь» (паст. 1952), «Сцежкаю грому» (паст. 1958; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — 1960), сімф. паэма «Лейлі і Меджнун» (1947), сімф. гравюры «Дон Кіхот» (1960), 3 сімфоніі (1943—65), канцэрт для скрыпкі з аркестрам (1967). Адна з творчых вяршынь К. — мюзікл «Нястрымны гасконец» (паст. 1978). Сярод інш. твораў: оперы «Радзіма» (з Дж.​Гаджыевым, паст. 1945), «Пяшчотнасць» (1972); камерна-інстр. ансамблі; 24 прэлюдыі для фп. (1951—63), 12 фуг (1981); рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948, Дзярж. прэмія Азербайджана 1965, Ленінская прэмія 1967.

Літ.:

Карагичева Л. Кара Караев. М., 1968;

Кара Караев. Баку, 1988.

К.А.Караеў.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДА́ТЫ,

солі малібдэнавых кіслот. Найб. пашыраны солі монамалібдэнавай (малібдэнавай) к-ты H2MoO4 — монамалібдаты. У прыродзе трапляюцца ў выглядзе мінералаў (напр., павеліт — М. кальцыю CaMoO4, вульфеніт — М. свінцу PbMoO4). Вядомыя М. не вылучаных у свабодным стане мезамалібдэнавай H4MoO5 (мезамалібдаты), ортамалібдэнавай H6MoO6 (ортамалібдаты) і полімалібдэнавых кіслот (напр., парамалібдату амонію тэтрагідрат (NH4)6Mo7O24∙4H2O).

Монамалібдаты, ці нармальныя М., шчолачных металаў, амонію і магнію добра раствараюцца ў вадзе, інш. металаў — дрэнна. Нармальныя водарастваральныя М. атрымліваюць узаемадзеяннем трыаксіду MoO3 ці яго гідратаў з растворамі адпаведных гідраксідаў, інш. сінтэзуюць шляхам абменных рэакцый з М. шчолачных металаў ці спяканнем MoO3 з аксідамі металаў (гл. Малібдэн). Пры ўздзеянні аднаўляльнікаў (напр., дыаксіду серы, цынку, алюмінію) на растворы М. утвараюцца малібдэнавыя сіні — ярка-сінія рэчывы пераменнага саставу, напр. Mo8O23∙8H2O, Mo2O5∙H2O. У падкісленай вадзе (pH каля 4) яны ўтвараюць калоідныя растворы, якія выкарыстоўваюць для фарбавання шоўку, футра і валасоў. Выкарыстоўваюць CaMoO4 для выплаўкі ферамалібдэну; Na2MoO4 — у вытв-сці пігментаў, палівы, як інгібітар карозіі металаў; (NH4)2MoO4 — як малібдэнавае ўгнаенне; PbMoO4 — як пігмент; М. шчолачназямельных металаў і рэдказямельных элементаў — як лазерныя матэрыялы, сегнетаэл. матэрыялы ў мікраэлектроніцы.

т. 10, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКВІ́Н (Іван Міхайлавіч) (18.6.1874, Масква — 16.2.1946),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1936). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1896). З 1896 у Яраслаўскім т-ры, т-ры Корша ў Маскве. З 1898 у МХТ (з 1943 дырэктар). Творчасць М. вызначалася мастацтвам пераўвасаблення, жыццёвай дакладнасцю вобразаў, імкненнем да раскрыцця іх унутр. сутнасці, ярка выражаным нац. характарам. Сярод роляў: цар Фёдар («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​Талстога), Федзя Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.​Дастаеўскага), Наздроў («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Епіходаў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Хлынаў («Гарачае сэрца» А.​Астроўскага), Лука («На дне» М.​Горкага), Пугачоў («Пугачоўшчына» К.​Транёва) і інш. Выступаў як рэжысёр: «Сіняя птушка» М.​Метэрлінка і «Рэвізор» Гогаля (1908), «Месяц на вёсцы» І.​Тургенева (1909) і інш. Здымаўся ў кіно: «Палікушка» (1919, вып. 1922), «Калежскі рэгістратар» (1925) і інш. У 1941 з т-рам гастраліраваў у Мінску. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.

Літ.:

И.​М.​Москвин: Ст. и материалы. М., 1948.

І.М.Масквін.
І.Масквін у ролі цара Фёдара.

т. 10, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які абслугоўвае разнастайныя галіны навукі (тэхн., прыродазнаўчыя, гуманітарныя і інш.) і рэалізуецца ў манаграфіях, навук. артыкулах, дысертацыях, рэфератах, навук. паведамленнях, дакладах і інш. Мае 3 асн. падстылі; уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны. Асн. стылявыя рысы: яснасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць, доказнасць, недвухсэнсавасць, бязвобразнасць. Найб. ярка праяўляецца ў пісьмовай форме, у апошні час актыўна пранікае (зберагаючы сваю спецыфіку) і ў вуснае маўленне. У сучасным Н. с. многа розных наменклатурных знакаў, схем, табліц, дыяграм і інш. Н. с. ўласцівы; у лексіцы — шырокае выкарыстанне тэрміналогіі і слоў з абстрактным значэннем; у марфалогіі — пераважнае выкарыстанне некаторых класаў слоў, напр., назоўнікаў, прыметнікаў (каля 13% любога навук. тэксту), займеннікаў мнл. 1-й асобы для ўказання асобы аўтара; у сінтаксісе — складаныя сінтакс. канструкцыі, дзеепрыметныя і дзеепрыслоўныя словазлучэнні, розныя ўстаўкі, тлумачэнні і інш. Характарызуецца тэндэнцыяй да інтэрнацыяналізацыі.

Літ.:

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;

Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Современный русский язык. Ч. 3. 2 изд. Мн., 1998.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 11, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖБА́ (Іосіф Абрамавіч) (14.12.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.9.1995),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Пасля сканчэння студыі Маскоўскага трама працаваў у Маск. т-ры імя Ленінскага камсамола. У Айч. вайну ў рус. трупе Чувашскага т-ра драмы. З 1944 у Дзярж. рус. т-ры Беларусі. Выканаўца пераважна характарных роляў. Найб. ярка рысы творчай індывідуальнасці выявіліся ў вобразах нац. драматургіі; Малышаў, Духонін («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Багун, Мякішаў («Білет у мяккі вагон», «Пад адным небам» А.​Маўзона), Фёдар Шупеня, Ніканаў («Трывога», «Соль» А.​Петрашкевіча). Стварыў каларытныя вобразы і ў класічнай, сучаснай і замежнай драматургіі: Шалы («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Андрэй Жаркоў («З вечара да поўдня» В.​Розава), Леўшын, Маўрыкій Манахаў, Данат («Ворагі», «Варвары», «Ягор Булычоў і іншыя* М.​Горкага), Сілан і Бяссудны («Гарачае сэрца», «На бойкім месцы» А.​Астроўскага), Луп Кляшнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Казарын («Маскарад» М.​Лермантава), Яга і Глостэр («Атэла» і «Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Паўлет («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Харнблаўэр («Мёртвая хватка» Дж.​Голсуарсі) і інш. Выступаў у радыёспектаклях.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)