КАСА́І (Kasai),
рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга (часткова — мяжа паміж імі), буйнейшы левы прыток р. Конга. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна 880,2 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда, спускаецца з яго паўн. схілаў ва ўпадзіну Конга, утварае парогі і вадаспады. У ніжнім цячэнні наз. Ква. Гал. прытокі: Лулуа, Санкуру (справа), Кванга (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводка з вер.—кастр. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў нізоўі каля 10 тыс. м³/с. Суднаходная на 790 км ад вусця. Рыбалоўства. У бас. К. — буйная здабыча алмазаў. 3 ГЭС. Буйная прыстань — Ілеба (Дэмакр. Рэспубліка Конга).
т. 8, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЁНКАЎСКА-БО́РШАЎСКІ РАЁН,
археалагічныя помнікі каменнага веку, размешчаныя ў сярэднім цячэнні р. Дон у раёне г. Варонеж. Назва ад помнікаў каля в. Касцёнкі і Боршава. 24 помнікі эпохі верхняга палеаліту. На іх выяўлены 4 пахаванні неаантрапаў, якія адрозніваюцца асаблівасцямі пахавальнага абраду і магільных пабудоў, жылыя комплексы (вял. родавыя дамы); знойдзена шмат прылад працы з крэменю і косці, упрыгожанняў з косці, іклаў маманта, каралаў, белемніту, мергелю, зубоў жывёлы і ракавін, вырабы дробнай пластыкі, у т. л. антрапаморфныя і зааморфныя фігуркі. Помнікі згрунтаваны. ў розныя археал. культуры: стралецкую верхнепалеалітычную, спіцынскую, гарадцоўскую, тэльманскую, касцёнкаўска-аўдзееўскую касцёнкаўска-вілендорфскага адзінства.
т. 8, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУА́РА (Loire),
самая доўгая рака Францыі. Даўж. 1012 км, пл. басейна 115 тыс. км². Вытокі ў гарах Севены, цячэ па Цэнтр. Французскім масіве і Луарскай нізіне. Упадае ў паўн. ч. Біскайскага зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Алье, Шэр, В’ена (злева), Сарта з Луарам (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 800 м³/с. Суднаходная ад г. Раан (часткова па абводных каналах), злучана каналамі з рэкамі Сена, Сона, Рэйн. На Л. гарады Арлеан, Тур, Нант (пачатак марскога суднаходства), у эстуарыі — порт Сен-Назер. У даліне Л. — шматлікія замкі 15—16 ст.
т. 9, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),
рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл. бас. 36 тыс. км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).
т. 9, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГІЯ́НА (грэч. Margianē, стараж.персідскае Маргуш),
назва стараж. вобласці ў Сярэдняй Азіі, па цячэнні р. Мургаб (на ПдУ сучаснай Туркменіі і Пн Афганістана). Упершыню згадваецца ў «Авесце» і надпісе на скале Бехістун. М. межавала на З з Парфіяй, ПнУ з Согдам, У з Бактрыяй, на Пд з Арэяй. Сталіца М. знаходзілася ў раёне Стараж. Мерва. У 522 да н.э. ў М. адбылося нар. паўстанне супраць улады Ахеменідаў, задушанае царом Дарыем I Вялікім (521; гл. ў арт. Дарый). Потым М. паслядоўна ўваходзіла ў склад дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, Парфянскага царства. У сярэдневякоўі землі М. ўвайшлі ў Харасан.
т. 10, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́М-ЧА́О-ПРА́Я, Менам, Чаўпхрая,
рака на паўвостраве Індакітай, самая вялікая ў Тайландзе. Даўж. каля 1200 км (ад вытоку гал. прытока М.-Ч.П. — р. Пінг — 1500 км), пл. басейна каля 150 тыс. км². Пачынаецца ў гарах на Пн краіны, цячэ па Менамскай нізіне, упадае ў Сіямскі зал. Паўд.-Кітайскага м., утварае дэльту. Жыўленне дажджавое, рэжым мусонны. Паўнаводная летам, сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2700 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння рысавых палёў. Рыбалоўства. Суднаходная на 400 км (ад вусця р. Пінг), у паводкі на 750 км (ад г. Утарадыт). Сплаўная. У дэльце М.-Ч.-П. — г. Бангкок.
т. 10, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТЫ (ням. Passat, галанд. passaat, верагодна, ад ісп. viento de pasade вецер, які спрыяе пераезду),
устойлівыя на працягу года паветраныя цячэнні ў трапічных і экватарыяльных шыротах (ад 25—30° паўн. ш. і паўд. ш. амаль да экватара) пераважна над акіянамі. Паблізу зямной паверхні ў выніку трэння і дзейнасці Карыяліса сілы ў Паўн. паўшар’і вятры маюць паўн.-ўсх. напрамак, у Паўд. — паўд.-ўсходні. Паміж П. Паўн. і Паўд. паўшар’яў — унутры-трапічная зона канвергенцыі; над П. дзьмуць антыпасаты. П. маюць важнае значэнне ў агульнай цыркуляцыі атмасферы, абумоўліваюць узнікненне пасатных цячэнняў, на сушы садзейнічаюць утварэнню і захоўванню трапічных пустынь (гл. Пасатны клімат).
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАТУ́ЦЬ,
рака ў Дзяржынскім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Уса (бас. Нёмана). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 344 км². Пачынаецца за 1,4 км на ПнЗ ад в. Лучыцы Дзяржынскага р-на, цячэ па паўд. схілах Мінскага ўзв. і каля г.п. Негарэлае. Упадае ў Усу на З ад в. Кухцічы Уздзенскага р-на. Даліна на вял. працягу невыразная, месцамі трапецападобная. Пойма пераважна роўная, месцамі пад хмызняком. Рэчышча ў верхнім цячэнні і на асобных участках сярэдняга цячэння каналізаванае, яго шыр. 8—10 м, зрэдку да 15 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,2 м²/с.
т. 12, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КАЦЬ,
рака ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., Чачэрскім і Веткаўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 76 км. Пл. вадазбору 504 км². Пачынаецца за 500 м на З ад пас. Няўмесны Краснапольскага р-на, вусце за 1 км на ПнЗ ад в. Петраполле Веткаўскага р-на. Цячэ па Чачорскай раўніне. Даліна на вял. працягу добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 0,5—1,5 км, у верхнім цячэнні невыразная, у ніжнім зліваецца з поймай р. Сож. Рэчышча каналізаванае ў Чачэрскім р-не на працягу 3,3 км, на астатнім працягу моцназвілістае, меандруе. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
т. 12, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
сярэдневяковая рус. дзяржава ў сярэднім цячэнні р. Ака і ў вярхоўях Дона ў 1129—1521. Вылучылася з Чарнігаўскага княства. Цэнтр — г. Старая Разань, з сярэдзіны 14 ст. — г. Пераяслаўль-Разанскі (сучасная Разань). У 1237 і 1239 спустошана мангола-татарамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Да пач. 15 ст. часта варагавала з Маскоўскім вял. княствам, уступала ў саюзы з мангола-тат. ханамі і ВКЛ, да якога пры Вітаўце трапіла ў часовую залежнасць (з 1427). З сярэдзіны 15 ст. ў залежнасці ад Маскоўскага вял. княства, да якога далучана ў 1521.
т. 13, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)