АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С (ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),
тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм.працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).
На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая мае найб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл.рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pvγ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cp і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕБАКТЭ́РЫІ,
мікраарганізмы пракарыётнага тыпу. Адкрыты ў 1970-я г. Ад іншых пракарыётаў адрозніваюцца хім. будовай макрамалекул, напр. нуклеатыднымі паслядоўнасцямі 16S рыбасамальнай РНК, саставам мембранных ліпідаў, клетачных сценак і інш., і здольнасцю ажыццяўляць унікальныя біяхім. працэсы. Поруч з эўкарыётамі і эўбактэрыямі (сапраўдныя бактэрыі) складаюць адзін з кірункаў клетачнай эвалюцыі. Уключаюць бактэрыі, якія існуюць у экстрэмальных умовах: метанаўтваральныя архебактэрыі, экстрэмальныя галафілы (існуюць пры высокіх канцэнтрацыях хларыду натрыю), архебактэрыі без клетачнай сценкі, архебактэрыі, што аднаўляюць сульфаты, і экстрэмальныя тэрмафілы, якія метабалізуюць малекулярную серу. Хемалітатрофныя віды архебактэрый перспектыўныя для выкарыстання ў біягідраметалургіі, а таксама для абяссервання некандыцыйнага каменнага вугалю; метанаўтваральныя архебактэрыі могуць быць карысныя як прадуцэнты вітаміну B12 і метану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад позналац. dislocatio зрушэнне, перамяшчэнне) ў геалогіі, парушэнні залягання горных парод у зямной кары і на яе паверхні. Адбываюцца ў выніку ўнутрызямных (эндагенных) працэсаў: тэктанічных, магматычных, вулканічных, метамарфічных, гідрастатычнага выштурхоўвання, гравітацыйнага пераразмеркавання парод па шчыльнасці і пластычнасці; паверхневых (экзагенных) працэсаў: крыягенных (звязаных са шматгадовай мерзлатой), гляцыягенных (ледавіковых), эразійных (дзейнасці акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў і інш.), гравітацыйных (апоўзні, дэлювіяльна-пралювіяльныя перамяшчэнні), выціскання пластычных парод, карставых, саліфлюкцыйных (апаўзанне глеб на схілах стромкасцю больш за 3°—5°), дзейнасці ветру, тэхнагенных. Істотна ўплываюць на Д. і касм.працэсы: вярчэнне Зямлі, месячныя і сонечныя прылівы і адлівы, а таксама ўздзеянне інш.касм. цел. У выніку Д. адбываюцца дэфармацыі горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНА́ДЫ (ад грэч. gonaō нараджаю),
палавыя залозы, органы палавой сістэмы жывёл і чалавека, якія ўтвараюць палавыя клеткі і палавыя гармоны. У гермафрадытных арганізмаў мужчынскія (семяннікі) і жаночыя (яечнікі) ганады знаходзяцца ў адной асобіне, а ў гермафрадытных бруханогіх малюскаў ганады функцыянуюць спачатку як мужчынскія, а потым як жаночыя. У эмбрыягенезе пазваночных ганады закладваюцца ў выглядзе эпітэліяльнага ганаднага валіка з удзелам мезенхімы і канальцаў першаснай ныркі (мезанефрасу). У валік са сценкі жаўточнага мяшка мігрыруюць першасныя палавыя клеткі. Пасля агульнай стадыі першаснага іх размнажэння адбываецца палавая дыферэнцыяцыя (у жаночую або мужчынскую). Працэсы фарміравання і функцыі ганадаў рэгулююцца нерв. сістэмай, гармонамі ганадаў, а таксама ганадатропнымі гармонамі гіпофіза і эпіфіза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКЕМБРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
працэсы ўтварэння найстаражытнейшых складкавых сістэм зямной кары на працягу дакембрыю. Шматразова адбывалася з рознай інтэнсіўнасцю ў выглядзе спалучэння складкавых, насоўных і разломавых дэфармацый горных парод і іх метамарфізму. Эпохі Д.с. вызначаюцца па зменах структурнага плана комплексаў парод, метамарфізаваных у рознай ступені. Пад уплывам Д.с. да канца ранняга пратэразою сфарміравалася асн. частка кантынентальнай кары сучасных мацерыкоў. Найб. познія эпохі Д.с. праяўляліся на стараж. платформах у выглядзе расколвання, частковага ператварэння кары і лакальнага магматызму. Узрост эпох Д.с. вызначаецца радыелагічнымі метадамі. Найб. значныя эпохі Д.с.: саамская (3,7—3,5 млрд. гадоў), кольская (каля 3 млрд.), беламорская (2,8—2,6 млрд.), карэльская (1,7—1,6 млрд.), грэнвільская (каля 1 млрд.) і байкальская (680—480 млн. гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕАХІ́МІЯ (ад гідра... + геахімія),
раздзел гідрагеалогіі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і геахім.працэсы ў ёй. Выяўляе заканамернасці фарміравання хім. саставу падземных вод і міграцыю ў іх хім. элементаў.
Грунтуецца на ўяўленнях аб структуры прыродных вод, пашырэнні хім. элементаў у зямной кары і горных пародах, фактарах міграцыі, назапашвання і рассейвання розных хім. элементаў і іх ізатопаў у прыродных водах, саставе газаў у падземных водах і інш. Асновы гідрагеахіміі распрацаваў У.І.Вярнадскі. Як галіна гідрагеалогіі аформілася ў 1940-я г. З 1950-х г. развіваецца яе раздзел — радыегідрагеахімія, якая вывучае міграцыю радыеактыўных элементаў у падземных водах.
На Беларусі даследаванні ў галіне гідрагеахіміі вядуцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ЛЯСЫ́,
лясныя масівы на тэрыторыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў і каштоўныя ўчасткі лесу, абвешчаныя помнікамі прыроды, якія знаходзяцца пад аховай запаведнага рэжыму. З’яўляюцца эталонамі прыроды, прызначаны для захавання генет. фонду жывёл і раслін, натуральных раслінных згуртаванняў і экасістэм, выкарыстоўваюцца для вывучэння прыродных працэсаў у лясах. Частка З.л. (у запаведніках) абсалютна запаведныя, у іх выключаецца любое ўмяшанне ў прыродныя працэсы. На Беларусі агульная пл. З.л. каля 1200 тыс.га, у т. л. лясоў-запаведнікаў і нац. паркаў 240 тыс.га, ландшафтных, біялагічных і гідралагічных заказнікаў каля 800 тыс.га, каштоўных участкаў лесу 5,0 тыс.га. З.л. належаць да лясоў 1-й групы, у іх забаронена высечка і інш. лесагасп. дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ТЭХНАЛО́ГІІ МЕТА́ЛАЎНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 у Магілёве на базе Магілёўскага аддзялення Фіз.-тэхн. ін-та АН Беларусі (існавала з 1970). У ін-це (1998): 6 лабараторый, 1 аддзел, аспірантура.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: цеплафізіка і распрацоўка тэарэт. асноў кіравання працэсамі фарміравання структуры і ўласцівасцей металаў і сплаваў пры крышталізацыі і зацвердзяванні з мэтай стварэння новых матэрыялаў і тэхнал. працэсаў іх атрымання і ўмацавання. Распрацаваны тэхнал.працэсы і абсталяванне бесперапыннага гарыз. ліцця профільных загатовак металаў і сплаваў, полых загатовак з розных марак чыгуну метадам накіраванага зацвердзявання, адлівак тыпу крацістых панэлей і палос у ротарна-прахадныя крышталізатары. У ін-це працаваў акад.Нац.АН Беларусі Г.А.Анісовіч (да 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ВІН (Сяргей Аляксеевіч) (19.8.1858, Масква — 26.10.1908),
рускі жывапісец-жанрыст. Брат К.А.Каровіна. Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1876—86, у В.Пярова), выкладаў у ім з 1888. Блізкі да перасоўнікаў. У творчасці развіваў традыцыі дэмакр.рэаліст. мастацтва. Творы пераважна сялянскай тэматыкі, вызначаліся псіхалагізмам і вастрынёй характарыстык вобразаў, адлюстроўвалі сац.працэсы парэформеннай вёскі («Перад пакараннем», 1884; «На людзях», 1893, і інш.). Звяртаўся да тэм жыцця рус. арміі («На манеўрах», 1885; «Кавалерысты ля калодзежа», 1887; «Манеўры Сумскага палка», 1880-я г.), вандроўнікаў-багамольцаў (творы 1890-х г.). Ілюстраваў творы А.Пушкіна, М.Гогаля і інш. Вучнямі К. былі В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОВАЗВАРО́Т,
цыркуляцыя крыві ў чалавека і жывёл, што забяспечвае абмен рэчываў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем. Апісаны англ. фізіёлагам У.Гарвеем (1628). Асн. функцыі сістэмы К.: транспарт рэчываў, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці (антыцелы, гармоны, вада, пажыўныя рэчывы, кісларод і інш.); адвядзенне метабалітаў (канчатковыя прадукты абмену, вуглякіслы газ, таксіны); гумаральная (праз вадкасць) сувязь органаў і тканак; абмен цяпла; адаптацыя арганізма да змены ўнутр. і знешняга асяроддзя; падтрыманне гамеастазу. Адрозніваюць вялікае (кантакт з органамі і тканкамі) і малое (лёгачнае, кантакт з навакольным асяроддзем) колы К. Забяспечвае працэсы жыццядзейнасці на 3 узроўнях: цыркуляцыя крыві ў сістэме (арганізм); органны К. (кровазабеспячэнне органаў і тканак); мікрацыркуляцыя — транскапілярны абмен (забеспячэнне метабалічнай функцыі сасудаў). Рэгуляцыя К. — нерв. і гумаральная.