ГАНДВА́НА (ад назвы гіст. вобласці ў Цэнтр. Індыі),
гіганцкі суперкантынент, які існаваў у Паўд. паўшар’і Зямлі на працягу б.ч. палеазою (верагодна, і ў дакембрыі) і ў пач. мезазою. Мяркуюць, што Гандвана — мацярык яйцападобнай формы, антыподам якой у Паўн. паўшар’і была Лаўразія. У тэктанічных адносінах Гандвана — дакембрыйская платформа, адна з найб. структур Зямлі. Уключала шэраг стараж. платформаў Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Азіі (Аравійская і Індастанская), Аўстраліі і Антарктыды. Пра тое, што гэтыя часткі кантынентаў былі адзіным цэлым, сведчаць вялікае падабенства або ідэнтычнасць познапалеазойскіх і раннемезазойскіх кантынентальных адкладаў, наяўнасць слядоў палеазойскага мацерыковага зледзянення, пашырэнне гласаптэрыевай флоры і інш. агульныя рысы. У сярэдзіне юрскага перыяду пачаўся раскол Гандваны, які завяршыўся да канца ранняга мелу. Часткі яе пачалі разыходзіцца і ў выніку дрэйфу кантынентаў занялі сучаснае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ ФУ (712, каля г. Сіянь, Кітай — 770),
кітайскі паэт. Шмат вандраваў па Кітаі з Гао Шы і Лі Бо (сяброўства з якім у многім вызначыла яго далейшы творчы лёс). З 746 жыў у сталіцы Чан’ані. У творчасці гэтага перыяду пераважалі тэмы нар. пакут, спагады беднякам, выкрыцця тых, хто прагнуў вайны: «Песня пра баявыя калясніцы», «З сталіцы ў Фэнсянь». У час антыўрадавага мяцяжу ў 756 пакінуў сталіцу, жыў на чужыне. У творах таго часу пачуццё болі за свой народ і краіну («Вёска Цянцунь», цыклы вершаў «Тры чыноўнікі» і «Тры расстанні»). З 759 жыў у Чэнду, напісаў каля 1000 вершаў, у цэнтры якіх — імкненне ахвяраваць сабой дзеля людзей. Стыль Д. адметны яснасцю, акварэльнай празрыстасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РНІЦКАЯ КУЛЬТУ́РА, нарвенскі цыкл,
археалагічная культура перыяду ранняга мезаліту на тэр. Польшчы і Зах. Беларусі (9—7-е тыс. да н.э.). Назва ад в. Каморніца (Польшча).
Для К.к. характэрны крамянёвыя прылады працы з пласцінкападобных адшчэпаў, пры апрацоўцы якіх выкарыстоўвалася мікралітычная тэхналогія (восі прылад звычайна не супадаюць з восямі загатовак). На помніках К.к. найчасцей знаходзяць вастрыі, апрацаваныя сустрэчнай рэтушшу, і паўвастрыі з дугападобным краем (тыпу Каморніца), «тупаспіннікі» (мікраграветы) з прамым краем (тыпу Ставінога або Кудлаеўка), выгнутыя ланцэтападобныя вастрыі, сегменты і падобныя да іх прылады разнастайнай шырыні з тупым вуглом у аснове, трохвугольнікі, кароткія і акруглыя скрабкі, вуглавыя і папярочныя разцы і інш.
Асобныя вырабы і комплексы рэчаў, якія нагадваюць каморніцкія, сустракаюцца ў Панямонні, на ПдУ Беларусі (Беласарока), у складзе рудавостраўскай культуры Паўн. Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́,
школа японскага дэкар. жывапісу. Засн. ў 2-й пал. 15 ст. мастакамі дынастыі Кано (адсюль назва) на традыцыях кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу перыядуПаўд. Сун і яп. паліхромнай школы Тоса, якая развівала традыц. жывапіс ямата-э. Творы К. выконвалі ў жанры пейзажа на скрутках, шырмах, перасоўных перагародках, рабілі насценныя размалёўкі і інш.; ім уласціва спалучэнне агульнай умоўна-дэкар. трактоўкі кампазіцыі (плоскасныя формы, дакладна прамаляваныя контуры) з падкрэслена праўдападобнымі выявамі асобных матываў (птушак, галін дрэў і інш.), вылучэнне гал. буйнога кампазіцыйнага цэнтра, экспрэсіўная эмацыянальнасць выяў. Сярод прадстаўнікоў школы: Кано Масанобу, Кано Матанобу (заснавальнікі), Кано Эйтоку, Кано Санраку, Кано Міцунобу і інш. У 17—20 ст. жывапіс К. стаў, па сутнасці, паўторам старых узораў.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Кано. Кано Эйтоку. Арол на хвоі. Дэталь размалёўкі шырмы. Канец 16 ст.
польскі гісторык-медыявіст, славяназнавец. Акад. Польскай АН (1956). Скончыў Віленскі ун-т (1923). Д-р габілітаваны (1932), праф. (1934) Віленскага ун-та. З 1945 праф., заг. кафедры, з 1951 дырэктар Ін-та гісторыі Пазнанскага ун-та, заг. аддзела гісторыі Польшчы феад.перыяду Ін-та гісторыі Польскай АН. Аўтар прац пра паходжанне польскай дзяржавы і народнасці. Даследаваў паліт., эканам., ідэалаг. праблемы гісторыі ВКЛ, гісторыю рэлігіі і культуры балцкіх народаў эпохі сярэдневякоўя, працэсы фарміравання дзяржаўнасці ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Вывучаў пытанні гісторыі Беларусі: генезіс Полацкай зямлі, асобу кн.Вітаўта, Крэўскую унію 1385, вайск. попісы ВКЛ у 16 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНЫ БЫК, тур (Bos primigenius),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных; продак еўрап. свойскай буйн. раг. жывёлы. Быў пашыраны ў лесастэпах і стэпах Усх. паўшар’я ў 2-й пал. антрапагенавага перыяду. На Беларусі трапляўся да пач. 17 ст. ў Белавежскай пушчы, лясах Панямоння і Прыбужжа. Апошні тур (самка) у прыродных умовах забіты ў Польшчы ў 1627, на тэр.Зах. Сібіры дажыў да 18 ст.
Выш. ў карку да 2 м, маса да 1,5 т. Падобны да сучасных свойскіх быкоў, за выключэннем пераважна чорнай афарбоўкі цела і белай паласы ўздоўж спіны. У канцы антрапагену П.б. распаліся на буйную і дробную расы. Лічыцца, што буйная засталася ў дзікім стане (была аб’ектам палявання), а дробная прыручана ў Грэцыі каля 4 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-САЛЬВАДО́Р (San Salvador),
горад, сталіца Сальвадора, у даліне р. Амакас, каля падножжа вулкана Сан-Сальвадор. Цэнтр.аднайм. дэпартамента. 1408 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). На Панамерыканскай шашы, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт.
Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст. (баваўняная і шаўковая, вытв-сць вырабаў з хенекену), металаапр., гарбарна-абутковая, дрэваапр., керамічная, мінер. угнаенняў. АН і Сальвадорская акадэмія гісторыі. 2 ун-ты. Кансерваторыя. Нац. музей. Бат. сад. Арх. помнікі калан.перыяду.
Засн. ў 1525 ісп. заваёўнікам П. дэ Альварада. У 1546 атрымаў гар. правы. У каланіяльныя часы тут знаходзілася рэзідэнцыя правінцыяльных улад. З 1826 сталіца рэспублікі Сальвадор (у 1831—39 сталіца Цэнтр.-Амер. Саюза). Шмат разоў быў разбураны землетрасеннямі (самае буйное ў 1854, апошняе ў 1988), пажарамі і паводкамі, у т. л. ў 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЙШЫ (ад франц. seiches),
стаячыя хвалі вялікага (ад некалькіх мінут да дзесяткаў гадзін) перыяду, без пашырэння профілю хваль на паверхні замкнёных або паўзамкнёных вадаёмаў. Утвараюцца па інерцыі пасля спынення ветру, сейсмічных штуршкоў, рэзкіх змен атм. ціску або выпадзення інтэнсіўных ападкаў у розных частках вадаёма і інш. Частыя ў азёрах, калі паверхня возера нахіляецца папераменна ў розныя бакі. Нерухомая вось, вакал якой вагаецца люстэрка возера, наз. вузлавой лініяй. С. бываюць адна- і двухвузлавыя, з амплітудамі ад некалькіх міліметраў да некалькіх метраў (напр., у Жэнеўскім воз. амплітуда да 2 м з перыядам больш за 1 гадз). Назіраюцца на азёрах Беларусі: на воз. Нарач выш. хваль да 25 см, перыяды 45—51 мін, на меншых азёрах — 1—2 см, 10—15 мін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА РАЎНКІЕ́РА,
экалагічная класіфікацыя раслін, заснаваная на месцазнаходжанні пупышак узнаўлення ў адносінах да паверхні глебы і наяўнасці адпаведных прыстасаванняў для перажывання неспрыяльнай пары года (зімы або засушлівага перыяду). Прапанавана дацкім эколагам і геабатанікам К.Раўнкіерам (1905, 1907). Адпаведна С.Р. адрозніваюць 6 груп жыццёвых форм раслін: эпіфіты — расліны, якія не маюць каранёў у глебе; фанерафіты — надземныя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на парастках, размешчаных вертыкальна; хамефіты — паверхневыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны высока над зямлёй; гемікрыптафіты — расліны, што ўтвараюць дзірван, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на ўзроўні глебы ці пад яе паверхняй; крыптафіты — расліны, або іх часткі (клеткі), у якіх зімой пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); тэрафіты — аднагадовыя расліны, у якіх жыццёвы цыкл заканчваецца за адзін вегетацыйны сезон (неспрыяльную пару года перажываюць у выглядзе насення).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРНАЧО́Ў Мікола (Мікалай Мікалаевіч; 1917, в. Слабада Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 20.4.1945),
бел.паэт. Вучыўся ў Гомельскім (1937—39) і Мінскім (1939—41) пед. ін-тах. Працаваў у газ. «Звязда» (1939—40) і «Чырвоная змена» (1940—41). Загінуў на фронце. Друкаваўся з 1933. Найб. значная лірыка перыядуВял.Айч. вайны (анталагічным стаў верш-балада «У стоптаным жыце»), У вершах славіў подзвіг салдата, выказваў веру ў перамогу. Асаблівасці яго паэзіі: лірызм, рамантычная ўзнёсласць, лаканічнасць, ёмістасць вобразаў і дэталей, моцны ўплыў паэтыкі нар. песні, сюжэтная завершанасць, выразны рытм і разнастайнасць інтанацый.
Тв.:
На сурмах баравых. Мн., 1946;
Барвовая зара. Мн., 1959;
Акопны спеў. Мн., 1986.
Літ.:
Прануза П. Такі ён быў // Полымя. 1966. № 6;
Аўрамчык М. Недаспяваная песня // Маладосць. 1969. № 6.