ЖЫ́ГА (англ. jig),

1) старадаўні нар. танец кельцкага паходжання. Спачатку парны танец (у маракоў пашыраны як сольны танец жартоўнага характару). У 17—18 ст. папулярны салонны танец у краінах Зах. Еўропы. Пазней бытаваў пераважна ў народзе. Муз. памер ​6/8, ​9/8, ​12/8. Тэмп хуткі.

2) З 17 ст. муз. п’есы розных тыпаў (у асн. 3-, 6-, 9-, 12-дольныя); заключная частка сюіты. Муз. форма «Ж.» выкарыстана ў балеце «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага; у сюітах многіх бел. кампазітараў.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХАРЭ́ЎСКІ Аляксандр Сцяпанавіч (н. 6.4.1929, в. Колкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1983). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1955). З 1958 у Мінскім мед. ін-це (з 1967 заг. лабараторыі, у 1983—96 заг. кафедры). Навук. працы па распрацоўцы сінт., кардыя-, нейратропных, супрацьгіпаксічных, супрацьалергічных сродкаў, лекаў расліннага паходжання.

Літ.:

А.​С.​Захаревский: (к 60-летию со дня рождения) // Фармакология и токсикология М., 1990. Т. 53, № 1.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎСТАБІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. kaustos гаручы + бія... + літ(ы)],

гаручыя карысныя выкапні арган. паходжання. З’яўляюцца прадуктамі пераўтварэння раслінных і жывёльных рэшткаў пад дзеяннем геолага-геахім. фактараў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на 2 групы: К. вугальнага раду ахопліваюць сінгенетычныя асадкаўтварэнню пароды (торф, выкапнёвыя вуглі, гаручыя сланцы і інш.) і мінералы (бурштын); К. нафтавага і нафтоіднага радоў маюць міграцыйную прыроду (нафта, азакерыт, асфальт і інш.). На Беларусі ёсць радовішчы гэтых груп (торф, буры вугаль, сапрапель, нафта, гаручы сланец).

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЭРЫ́Т (ад лац. later цэгла),

шчыльная гліністая ці порыстая, шлакападобная камяністая горная парода чырвонага колеру, складзеная з гідраксідаў алюмінію і жалеза з прымессю мінералаў тытану. Утвараецца ва ўмовах вільготнага трапічнага і субтрапічнага клімату ў выніку выветрывання алюмасілікатных горных парод. Магутнасць Л. ад некалькіх да 50 м, узрост — ад юрскага да сучаснага. З Л. звязаны радовішчы жал. руд, нікелю, хрому, кобальту, баксітаў, золата і інш. У глебазнаўстве Л. наз. жалезістыя гарызонты інфільтрацыйнага паходжання, якія ўваходзяць у склад латэрытных глеб.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКІ́ЗСКІЯ АСТРАВЫ́ (Îles Marquises),

архіпелаг у цэнтр. ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Уладанне Францыі. Пл. 1274 км². Нас. 7,5 тыс. чал. (1988) — палінезійцы. Найб. буйныя а-вы — Нуку-Хіва і Хіва-Аа, вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, туфаў. Выш. да 1259 м. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў каля 1000 мм за год на падветраных схілах і да 2500 мм на наветраных. Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя саванны. Вырошчваюць какосавыя пальмы, бавоўнік, бананы, каву. Рыбалоўства, лоўля жэмчугу. Турызм. Адм. цэнтр — г. Таіохаэ.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛБА,

летні сорт яблыні канадскага паходжання; сеянец сорту Мекінтош ад свабоднага апылення. Раянаваны на Беларусі, акрамя Віцебскай вобласці, з 1967.

Дрэва сярэднярослае, крона шырокаавальная, сярэдняй гушчыні. Сорт сярэднезімаўстойлівы. Моцна пашкоджваецца паршой у вільготныя гады. На сеянцавых прышчэпах пладаносіць на 5—6-ы, на клонавых — на 3-і год. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), зеленавата-белыя з ярка-чырв. паласатым румянцам. Мякаць белая, сакавітая, далікатная, кісла-салодкая, з моцным прыемным пахам. Захоўваецца каля месяца.

З.​А.​Казлоўская.

Мелба.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАБІЛІ́Т (ад лац. mirabilis дзівосны), глаўберава соль,

мінерал класа сульфатаў, водны сульфат натрыю Na2[SO4]∙10H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя агрэгаты, налёты, скарынкі, зрэдку кароткапрызматычныя крышталі. Бясколерны, празрысты, зрэдку белы. Бляск шкляны. Крохкі. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 1,48 г/см³. Хемагеннага асадкавага паходжання, утвараецца з азёрных і марскіх расолаў пры т-ры ніжэй за 20—25 °C. Сыравіна для содавай, шкляной і лакафарбавай прам-сці; выкарыстоўваецца ў медыцыне. Радовішчы ў Расіі, Туркменістане, ЗША, Мексіцы, Аргенціне і інш.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРЫ́ЗМ (ад лац. natura прырода),

1) тэорыя паходжання рэлігіі з увасаблення і шанавання сіл прыроды.

2) Адна з плыняў у фіз. культуры, асн. ідэя якой — макс. набліжэнне чалавека да прыроды з мэтай аздараўлення цела і духу. Зрэдку наз. нудызмам (ад лац. nudus голы), аднак поўную аголенасць цела дапускаюць не ўсе яго прыхільнікі. Зарадзіўся ў Германіі ў пачатку 20 ст., пашырыўся ў краінах Еўропы, ЗША, Канадзе і інш. У статутах сваіх клубаў і практыцы натурысты захоўваюць прынцыпы этыкі чалавечых адносін.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ СУ́ДНАЯ ГРА́МАТА,

судовы зборнік Наўгародскай феадальнай рэспублікі 15 ст. Яе юрыд. крыніцамі былі асобныя артыкулы Рускай праўды і мясц. права больш позняга паходжання. Асобныя нормы Н.с.г. пераклікаюцца з некаторымі нормамі Пскоўскай суднай граматы і суд. парадкамі Паўн.-Усх. Русі. Н.с.г. прысвечана судаводству і суд. ладу ў Вял. Ноўгарадзе. У ёй вызначаны кампетэнцыі суда архіепіскапа, пасадніка, тысяцкага, велікакняжацкага намесніка і цівуна, названы памеры суд. пошлін, разгледжаны розныя суд. казусы. Н.с.г. стала адной з крыніц Судзебніка 1497.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕКТАМІЦЭ́ТЫ (Plectomycetiidae),

група найб. недасканалых грыбоў падкласа эўаскаміцэтаў. 3 парадкі: эўрацыяльныя, анігенавыя, мікрааскавыя. Каля 140 родаў, 250 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 родаў, 50 відаў. Большасць сапратрофы, жывуць у глебе і на розных субстратах расл. паходжання, выклікаюць цвіль на харч. прадуктах, пашкоджваюць прамысл. вырабы і матэрыялы, некат. — паразіты вышэйшых раслін, жывёл і чалавека.

Пладовыя целы — клейстатэцыі, радзей перытэцыі. Сумкі хаатычна размешчаныя, шарападобныя з 2—8 спорамі. Вызваленне аскаспор заўсёды пасіўнае. П. выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў і ферментаў.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)