Засн. 22.9 1972 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. з мэтай захавання прыроднага комплексу мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Агульная пл. 269 га. Уключае тэрыторыю, прылеглую да Смольні (113 га, каля в. Мікалаеўшчына, сюды паэт неаднаразова прыязджаў, у 1912 тут адбылася першая яго сустрэча з Я.Купалам), Альбуці (89 га, дзе Я.Колас жыў у 1890—1902 і якую ён апаэтызаваў у паэме «Новая зямля»), Ластку (47 га, дзе прайшлі дзіцячыя гады паэта — 1885—90; гл. ў арт.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), урочышча Бервянец (Дубы; 20 га, маляўнічая мясціна на беразе Нёмана, апісаная Я.Коласам у шматлікіх творах). У 1990 на тэр. заказніка адкрыты маст.-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», які пачынаецца каля мемарыяльнай сядзібы Акінчыцы, налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў Я.Коласа.
З.М.Хамароўская.
Коласаўскі заказнік. Мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа». Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛЫ ХУ́ТКАГА РАЗГО́РТВАННЯ, сілы хуткага рэагавання,
спец. падрыхтаваныя фарміраванні ў шэрагу нац. і аб’яднаных узбр. сіл, прызначаныя для экстраннага выкарыстання ў стратэг. важных рэгіёнах пры ўзнікненні там крызісных сітуацый. У ЗША створаны ў канцы 1970-х г., у Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — у пач. 1980-х г., у аб’яднаных узбр. сілах НАТО і арміях шэрагу інш. краін — у 1990-я г. Аснову аб’яднаных С.х.р. НАТО складае «Еўракорпус». у які ўваходзяць некалькі дывізій рознай нац. прыналежнасці, а таксама інш.спец. фарміраванні. У некат. дзяржавах СНД, у т. л. Расіі, Беларусі, ролю С.х.р. выконваюць паветрана-дэсантныя войскі (гл.раздз. Узброеныя сілы ў арт.Расія), мабільныя сілы і інш.спец.ўзбр. фарміраванні Для С.х.р. характэрны высокая боегатоўнасць, стратэг. і аператыўная мабільнасць, падрыхтаванасць для вядзення баявых дзеянняў у складаных фізіка-геагр. умовах. С.х.р. ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі і інш.неаднаразова выкарыстоўваліся ў правядзенні ваен. і міратворчых аперацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІ́ЛГА Івар Тэнісавіч (1892, ліфляндская губ., Латвія — люты 1938),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны царскімі ўладамі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 уваходзіў у склад Кранштацкага к-таРСДРП(б), старшыня Абл. выканаўчага к-та арміі, флоту і рабочых Фінляндыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 упаўнаважаны СНК РСФСР у Фінляндыі. У 1919—23 чл. Рэўваенсавета Рэспублікі, Зах. (май—кастр. 1920), Паўд. і Каўказскага франтоў, старшыня Савета прац. арміі паўд. ўсходу. 31.7.1920 падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. З 1923 нам. старшыні Дзяржплана СССР. У 1927 выключаны з ВКП(б) як прыхільнік трацкісцкай апазіцыі, у 1930 адноўлены. З 1930 нам.нач. Мабілізацыйнага ўпраўлення ВСНГСССР. 2.1.1935 арыштаваны, сасланы, пасля расстраляны. Рэабілітаваны ў 1987.
Літ.:
Ненароков А.П. Смилга И.Т. // Реввоенсовет Республики, 6 сент. 1918 г. — 28 авг. 1923 г.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАВІ́НСКІЯ,
шляхецкі род герба «Суліма» ў ВКЛ. Упамінаюцца з 1500. Найб. вядомыя:
Марцін (?—1594), цівун і гараднічы трокскі, маршалак гаспадарскі ў 1580—90, кашталян менскі ў 1590—92 і віцебскі з 1592. Меў сына Гераніма Максіміляна, старосту рагачоўскага. Бальцар (Бальтазар; ?—1633), брат Марціна, цівун трокскі, кашталян берасцейскі ў 1624—27 і смаленскі ў 1627—31, ваявода менскі з 1631. Неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Эразм, брат Марціна, палкоўнік каралеўскі, падкаморы ноўгарад-северскі.
Крыштоф, брат Марціна, суддзя земскі трокскі. Пакінуў сыноў Казіміра, канюшага трокскага, Караля, падкаморыя старадубскага, Збігнева, суддзю старадубскага, Максіміляна. стольніка старадубскага, Траяна, суддзю гродскага ашмянскага, Крыштофа, чашніка ашмянскага. Францішак, войскі старадубскі, суддзя гродскі пінскі, пасол на элекцыйны сойм 1679. Ігнацы (?—1787), староста слонімскі ў 1762—75, падканюшы ВКЛ з 1771. З гэтага роду паходзілі бацька і сын — Ф.І.Стравінскі, спявак, І.Ф.Стравінскі, кампазітар. Вядомы таксама роды С. гербаў «Даліва», «Гіпацэнтаўр», «Прыяцель».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМПЛІЕ́РЫ (франц. templiers ад temple храм), храмоўнікі,
ваенна-манаскі ордэн, заснаваны ў 1119 у Іерусаліме франц. рыцарамі. Назва ад месцазнаходжання першапачатковай рэзідэнцыі паблізу месца, дзе, паводле падання, знаходзіўся храм Саламона. Ордэн Т. засн. для абароны паломнікаў заваяваных крыжаносцамі краін ад мусульман. Дзякуючы ахвяраванням вернікаў, занятку гандлем і ліхвярствам, ён ператварыўся ў буйнейшага феадала і банкіра Б. Усходу і Зах. Еўропы. У 13 ст. колькасць рыцараў дасягнула 15 тыс. Папства неаднаразова выкарыстоўвала Т. у барацьбе з ерасямі і нар. паўстаннямі. Пасля правалу крыжовых паходаў Т. асталяваліся ў Еўропе, пераважна ў Францыі. Франц. кароль Філіп IV Прыгожы баяўся росту магутнасці Т., імкнуўся завалодаць багаццем ордэна, таму ў 1307 дамогся арышту Т. і ўзбудзіў супраць іх інквізіцыйны працэс. У 1310 рыцары абвінавачаны ў маніхействе і на чале з магістрам спалены на агні, а маёмасць ордэна перайшла ў каралеўскую казну. У 1312 папа Клімент V скасаваў ордэн Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́ШПА,
старажытны горад на ўсх. беразе воз. Ван, сталіца дзяржавы Урарту (9 — пач. 6 ст. да н.э.). Цытадэль Т. знаходзілася на скале, горад — каля яе падножжа на месцы сучаснага г.Ван (Турцыя). Пры цару Менуа (канец 9 ст. да н.э.) да горада праведзены канал ад горных крыніц. Арм. гісторык 5 ст.н.э. Маўсес Харэнацы апісаў скалу, канал і прывёў паданне пра будаўніцтва Вана царыцай Шамурамат (Семірамідай). У 1827 ням. археолаг Ф.Шульц даследаваў рэшткі крапасных сцен, высечаныя ў скале памяшканні (магчыма, грабніцы цароў) і скапіраваў клінапісныя надпісы. У 1916 І.А.Арбелі знайшоў у нішы на скале гары стэлу з летапісам цара Сардуры II (сярэдзіна 8 ст. да н.э.). Т. неаднаразова згадваецца ў асірыйскіх крыніцах. У 735 да н.э. асірыйцы разбурылі горад, але крэпасць узяць не змаглі. У пач. 6 ст. да н.э. цытадэль разбурылі мідыйцы, але жыццё на цытадэлі працягвалася і пры Ахеменідах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕДАСЮ́К Аляксандра Іванаўна (17.8.1904, в. Андронава Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 29.5.1995),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыла школу парт. кадраў КПЗБ у Мінску (1929), Камуніст.ун-тнац. меншасцей Захаду ў Маскве (1934). З 1926 чл.падп. Кобрынскага раённага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ. У 1929—37 сакратар ЦК КСМЗБ. За рэв. дзейнасць неаднаразова зняволена польскімі ўладамі. У 1934—35 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦККП(б)Б. Дэп.Нар. сходу Зах. Беларусі ў 1939. У Вял.Айч. вайну ў партызанах, у 1943—44 сакратар Дзівінскага падп. райкома, чл. бюро Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—57 сакратар Брэсцкага, Маладзечанскага гаркомаў КПБ, заг. аддзела ЦККПБ. Чл.ЦККП(б)Б у 1949—52. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1940—47, Вярх. Савета СССР у 1946—54.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЧЭ́РСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у г.Чачэрск. Гомельскай вобл. Пабудаваны на дзядзінцы летапіснага горада 10—13 ст. Займаў мыс карэннага берага р. Чачора (прыток Сажа). У пач. вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1534—37 у замку стаяла 150 коннікаў і 100 салдат-драбаў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 горад і замак неаднаразова асаджалі рус. войскі, у выніку чаго замкавыя ўмацаванні моцна пацярпелі і былі адноўлены толькі пасля вайны. Гіст. крыніцы за 1682 паведамляюць пра наяўнасць на замкавай гары 8 вежаў, у т. л. вежы-брамы і хваёвага двайнога астрога. Гэтыя пабудовы абкружаў абарончы роў. Паводле попісу Чачэрска за 1765, існаваў замак з яго брамай Замкавай. Да нашага часу валы Ч.з. не захаваліся. Збярогся толькі замкавы роў, які з ПдУ дугой агінае замчышча. Там, дзе раней быў мост, цяпер насыпана дамба, што злучае замчышча з горадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧ Астафій (Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына — 1587),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, мецэнат-асветнік. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Падуанскі ун-т. Падстароста берасцейскі (з 1550), пісар ВКЛ (1552—66), маршалак дворны, дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі. Падскарбі земскі (1561—66), падканцлер (1566—79), канцлер (з 1579) ВКЛ і кашталян трокскі (1569—79), віленскі (з 1579). Неаднаразова быў паслом у Маскве. Праціўнік аб’яднання ВКЛ з Каронай, адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569. Актыўны ўдзельнік аграрнай, судова-адм. і інш. рэформаў 1550—60-х г., адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Шмат зрабіў для пашырэння на Беларусі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Быў апекуном бел.-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі заснавана Нясвіжская друкарня. Гуманістычна-хрысціянскі запавет «любові да бліжняга» ён пашыраў і на сваіх падданых — чэлядзь і сялян.
Літ.:
Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біягр. нарыс). Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА,
афіцыйная папская бібліятэка ў Рыме. Засн. ў 4 ст. У 1990 у фондах 1,3 млн. адзінак, у т. л. каля 8 тыс. інкунабул і каля 100 тыс. графічных твораў мастацтва. Неаднаразова знішчалася і мяняла месцазнаходжанне (Рым, Латэран, Авіньён). Сучасны выгляд б-ка набыла ў 15 ст. пры папе Мікалаю V, які арганізаваў скрыпторый (майстэрню па перапісванні кніг) і забяспечыў доступ да бібліятэчнага збору шырокай публікі. У 16 ст. папа Сікст V перанёс б-ку ў Ватыканскі палац, дзе яна знаходзіцца і цяпер. У 1911—18 мадэрнізавана А.Рацы (будучы папа Пій XI). Абслугоўвае царк. і навук. ўстановы. У фондах б-кі адна з найбагацейшых у свеце калекцый рукапісаў (больш як 61 тыс. адзінак) і аўтографаў (Фамы Аквінскага, Ф.Петраркі, Т.Таса, М.Лютэра, Мікеланджэла, усяго каля 100 тыс.), каштоўныя прыватныя кнігазборы: шведскай каралевы Крысціны, сем’яў Борджа, Барберыні, Кіджы, Росі. Выдае каталогі спец. збораў, тыражуе фотакопіі і мікрафільмы інкунабул. Пры б-цы 3 музеі.